Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 35)
Ён, можна сказаць, на руках данёс міс Люсі, якая выкруціла ногу, да гатэля, потым у нумар, дзе перадаў пад мітуслівую апеку Веры і Элен.
Пакуль Марыа клапатліва завіхаўся вакол міс Люсі, Элен схапіла сумачку і спытала шэптам:
— Колькі, Люсі?
Але гэты раз міс Люсі выказала сваю волю:
— Не, грошы абразяць.
А Марыа, які, відаць, усё зразумеў, сказаў:
— Gracias, Senora[28].
Вымавіўшы некалькі слоў, з якіх міс Люсі зразумела толькі «madre»[29], узяў левую руку міс Люсі — тую, на якой быў новы пярсцёнак з сапфірам, пацалаваў яе і, усміхаючыся, з паклонам развітаўся.
Такім вось чынам Марыа ўвайшоў у іх жыццё. А ўвайшоўшы, ён, што было відавочна, меркаваў там застацца. Назаўтра раніцай ён прыйшоў у гатэль спытацца пра міс Люсі, і тая ўпершыню разгледзела яго як след. Марыа не быў прыгажуном у поўным сэнсе гэтага слова. Вочы з доўгімі вейкамі былі крыху заблізка адно ад аднаго. Вусікі над пухлымі вуснамі — занадта доўгія. Постаць хоць і танклявая, але дужая, акрамя таго, у ім было нешта такое, што выклікала адначасова прыхільнасць і давер.
Марыа, як ён растлумачыў, быў студэнтам і ў час вакацый спрабаваў зарабіць крыху грошай. Ён хацеў пабыць у сеньёр гідам і, так як міс Люсі не магла хадзіць, прапанаваў наняць машыну і самому сесці за руль. Ганарар, які папрасіў Марыа, быў надзіва малы, і ён упарта адмаўляўся пагадзіцца на большую суму.
На другі дзень ён наняў машыну за нізкую цану, якая больш чым задаволіла ашчадную міс Элен, і з гэтага дня пачаў вазіць жанчын па цікавых мясцінах, аказваючы ім такія клопат і ўвагу, быццам яны былі ягоныя тры «madre».
Штодзённыя прыходы Марыа, які заўсёды быў апрануты ў бездакорна чыстае адзенне, кожны раз выклікалі пачуццё радасці ў міс Люсі і, па праўдзе кажучы, ва ўсіх астатніх. У яго заўсёды было мноства планаў, як правесці час. Аднойчы ён правёз іх вакол падножжа гары Папакатэпетль, і некалькі гадзін яны маглі захапляцца, відаць, адной з самых прыгожых і таямнічых гор у свеце. І на нейкі момант, калі так здарылася, што яны засталіся ўдваіх з Марыа, любуючыся асляпляльнай белізной велічнай вяршыні гары, міс Люсі адчула, як Марыа ўзяў яе руку ў сваю цвёрдую карычневую далонь і асцярожна яе паціснуў.
Відаць, так ён хацеў даць ёй зразумець, што, нягледзячы на моўныя складанасці, яны назіраюць вялікую славутасць Мексікі і ён рады, што яны назіраюць яе разам. Ад поціску вялікі сапфір балюча ўеўся ў палец, але міс Люсі адчула недзе ўнутры яшчэ адно пачуццё, іншае чым боль.
Пасля наведвання Папакатэпетля міс Люсі вырашыла, што час ехаць з Таска і пасяліцца ў Мехіка. Яна даручыла Элен адмовіцца ад паслуг Марыа — заплаціць яму дадатковую сотню песа і ветліва, але цвёрда даць яму зразумець, што ў яго паслугах няма больш патрэбы. Але Элен магла з такім жа поспехам зрабіць спробу развеяць у дым гару Папакатэпетль або дамагчыся, каб яна перанеслася ў мора. Марыа проста рассмяяўся ў адказ, адмахнуўся ад прапанаваных грошай і звярнуўся непасрэдна да міс Люсі.
— У Мехіка шмат дрэнных мексіканцаў. — Марыа працягнуў у яе бок свае моцныя рукі колеру залацістага мёду. Ён будзе іх апекаваць. Не, для яго не маюць ніякага значэння грошы сеньёры Элен (дзве другія жанчыны былі для яго заўсёды сеньёрамі, і толькі міс Люсі была сеньярытай). Важна тое, што ён павінен ім усё паказаць. Тут Марыа ўскінуў свае моцныя рукі, нібыта ахінаючы сонца, неба, горы, усю Мексіку. А чорныя вочы з занадта густымі вейкамі абдымалі таксама і міс Люсі.
І тая, дзейнічаючы насуперак глыбока ўкаранелага інстынкту, саступіла. Марыа паехаў з імі ў Мехіка.
Пайшоў другі тыдзень іх знаходжання ў Мехіка, калі яны вырашылі паехаць да піраміды Тэатыўакан. Як заўсёды, міс Люсі села побач з Марыа, спераду. Кіраваў машынай ён выдатна, і міс Люсі падабаўся яго профіль, калі ён уважліва сачыў за дарогай, яго мармытанне ў знак задаволенасці альбо незадаволенасці чымсьці. Менш ёй падабалася, калі Марыа паварочваўся да яе, праводзячы, нібы лашчачы, вачыма яе твар, апускаючы іх да грудзей.
Яго позіркі бянтэжылі міс Люсі, і аднойчы нешта прымусіла яе сказаць, смеючыся, па-ангельску:
— Марыа, такіх, як ты, мы называем у Амерыцы flirt. Уяўляю, якім поспехам ты карыстаешся ў дзяўчат тут, у Мехіка.
Нейкі момант, здавалася, ён не мог зразумець яе заўвагі. Потым пачаў смяяцца.
— Дзяўчаты — muchachas. Para me, no[30]. — Марыа сунуў руку ў нагрудную кішэню і выцягнуў адтуль маленькую пашматаную фотакартку. — Mi michacha. Мая дзяўчына. Mi unica michacha... Una sola[31].
Міс Люсі ўзяла фотакартку. Гэта быў здымак жанчыны, старэйшай за яе, з сівымі валасамі і вялікімі сумнымі вачыма. На твары — маршчыны — сляды трывог і хвароб.
— Твая маці? — ціха спытала міс Люсі. — Раскажы мне пра яе.
Марыа залапатаў са старанным вымаўленнем на гішпанскай мове, на якой ён, звычайна, гаварыў з дамамі, — гэта быў таропкі маналог, які міс Люсі разумела толькі часткова. Яна высветліла, што маці Марыа вельмі бедная, што гэта жанчына прысвяціла сваё жыццё выхаванню сірот у маленькай вёсачцы ў Герэрас і была святой на зямлі. Відавочна, для Марыа маці была амаль што ідалам — такая гарачая любоў да маці ўласціва многім мексіканскім юнакам.
Слухаючы ўсхваляваную гаворку Марыа, міс Люсі прыйшла да рашэння. Неяк да канца адпачынку яна даведаецца ў Марыа адрас маці, напіша ёй пісьмо і перашле грошы для таго, каб Марыа змог закончыць каледж. Маці, безумоўна, прыме іх, нават калі яе сын акажацца занадта гордым, каб саступіць угаворам.
— Гэта і ёсць тая піраміда? — Думкі міс Люсі перабіў расчараваны голас Элен. — Ну, яна не ідзе ні ў якое параўнанне з эгіпецкімі пірамідамі!
Што ж датычыцца міс Люсі, дык яе ўразілі піраміды Сонца і Месяца. І калі яна ўглядалася ў іх суровую старажытную веліч, адчувала тое самае дзіўнае пачуццё ўзнёсласці, якое ахапіла яе той раніцай, калі яна ўкленчыла і перажагналася ў царкве ў Таска.
— Я не збіраюся лезці ўгору па гэтых прыступках, якія вось-вось рассыплюцца, — капрызна забурчэла Элен. — Я занадта старая, ды і вельмі горача.
І Вера, якой ніколі не было вельмі горача, таксама аказалася задужа старой. Яна стала ля падножжа піраміды з накінутым на плечы паліто, з адвечнай цыгарэтай у падобнай на лапку руцэ.
— А ты, Люсі, давай — ты ў нас маладая і энергічная.
Люсі пайшла ўверх па прыступках.
З дапамогай Марыа яна дабралася да самага верху піраміды Сонца і нават не задыхалася, узышоўшы на вяршыню, — настолькі моцнай была містычная ўзнёсласць, што апанавала яе.
Яны сядзелі толькі ўдваіх, блізка адно ад аднаго, на вяршыні — інтэлігентная жанчына за пяцьдзесят, якая закончыла Брынморскі каледж, і гэты амаль што непісьменны юнак з саманавай хаціны ў глыбіні Герэрас. Яна глядзела на квадратную планіроўку ўнізе: старажытнае селішча з храмам Кетцалькоатл Пярнатых Змей, якія пазіраюць на Шлях нябожчыкаў, што вядзе ад храма да піраміды Месяца.
Марыа пачаў апавядаць ёй пра ахвярныя рытуалы ў час свята Токсталь, якія штогод праводзіліся ў тыя старажытныя часы.
Ён гаварыў, а міс Люсі, заплюшчыўшы вочы, уяўляла сабе сцэну: прыціхлы натоўп, які сабраўся на вялікай плошчы ўнізе, жрацы, кожны на сваім адпаведным месцы на прыступках піраміды, юнак у бялюткім адзенні — зразумела, Марыа.
І таму што ў гэтай мроі ахвярай павінен быць Марыа, ахвярай марнасці жыцця і прыгажосці, міс Люсі зрабілася яго па-чалавечы вельмі шкада, і інстынктыўна яе рука — рука, з якой яна так і не змагла зняць пярсцёнка з танным сапфірам, пацягнулася ў бок Марыа, і адразу ж яе ахапілі гарачыя карычневыя пальцы.
Міс Люсі амаль не заўважыла, як яе абнялі рукі Марыа, а галава з цёмнымі валасамі лягла ёй на грудзі. І толькі калі яна адчула пах, які нагадваў падагрэты карычневы цукар — пах яго скуры, і пах кветкавай мазі, якой ён памадзіў валасы, раптам прачнулася ўсё філадэльфійскае, што было ў міс Люсі. Яна хуценька ўскочыла на ногі, атрасаючы ў нябыт стагоддзі і вяртаючыся да гэтага рэальнага жыцця, у якім дзве яе прыяцелькі чакаюць іх ля падножжа піраміды, — а да нізу трэба прайсці яшчэ столькі прыступак.
Збіраючыся ехаць у гатэль, міс Люсі вырашыла, што яны з Верай сядуць на задняе сядзенне, таму спераду села Элен і пачала спрачацца з надзьмутым Марыа.
Калі пад'ехалі да пансіёна, міс Люсі сказала як адрэзала:
— Марыа, заўтра нядзеля. Табе лепш адпачыць.
Той запярэчыў. Калі Люсі паўтарыла: «Не, заўтра, не, Марыа», — юнак скорчыў міну незадаволенага дзіцяці. Потым выраз яго твару змяніўся, і чорныя вочы з выклікам зазірнулі ў вочы міс Люсі.
Ідучы ў свой пакой, міс Люсі адчула, як калоціцца яе сэрца. Інтымнасць позірку Марыа раскрыла тое, пра што яна дагэтуль нават не асмельвалася думаць. Цяпер яна дастаткова ў гэтым упэўнілася.
Атрымлівалася, што па нейкай прычыне, якую міс Люсі не разумела і якую яе нявытанчаны розум не мог ніколі ўявіць, — Марыа жадаў яе.
Ён жадаў яе фізічна.
Вечарам, перад тым як легчы спаць, міс Люсі зрабіла тое, чаго ніколі не рабіла ў жыцці. Пастаяла некалькі хвілін у сваёй простай баваўнянай начной кашулі перад высокім венецыянскім люстэркам, якое вісела ў яе шыкоўным нумары, ацэньваючы сябе як жанчыну.
Яна не ўбачыла нічога новага альбо незвычайнага, што адпавядала б незвычайным пераменам, якія адбываліся ў душы. Яе твар не быў прыгожы. Ні ў юнацтве, ні цяпер, калі ён належаў жанчыне, якая неадваротна рабілася пажылой. Валасы міс Люсі былі амаль сівыя, але яшчэ не зусім белыя, мяккія і густыя — яны даволі прыгожа ўзвышаліся над ілбом. Вакол вачэй, ясных і па-свойму прывабных — маршчыны і цені, уласцівыя яе ўзросту. Пругкія грудзі выразна вылучаліся пад кашуляй, але ў фігуры не было нічога незвычайнага. Карацей кажучы, ні ў яе твары, ні ў постаці не было нічога знешне прывабнага. І тым не менш яе жадалі. Яна ведала гэта. Невядома чаму прыгожы мексіканскі юнак знаходзіў яе спакушальнай. Міс Люсі была ўпэўнена ў гэтым.