Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 36)
Міс Люсі была сур'ёзная жанчына і ведала, што маладыя мужчыны часта падлізваюцца да багатых і старэйшых за сябе жанчын, спадзеючыся ў выніку выманіць у іх грошы. Але Марыа, ужо не кажучы пра тое, што адмаўляўся ад усялякіх фінансавых прапаноў, нават не ведаў, што міс Люсі была намнога багацейшая за сваіх спадарожніц. Толькі адвакат у Філадэльфіі альбо хто з сямейных яе старажытнага квакерскага роду мог ведаць, наколькі багатая міс Люсі была на самай справе. Не, калі Марыа хацеў грошай, ён бы засяродзіў увагу на Элен, якая трымала ў руках усе фінансы і ні на хвіліну не давала магчымасці здагадацца, што грошы, якімі яна распараджаецца, належаць міс Люсі.
Нічога ў міс Люсі, непрыкметнай, апранутай у чорнае міс Люсі, не сведчыла пра багацце. Праўда, у заручальным пярсцёнку, які яна насіла як памяць аб маці, быў даволі каштоўны дыямент. Але толькі вопытны ювелір мог заўважыць гэта. Што ж датычыцца пярсцёнка з белым бліскучым сапфірам, дык ён не заслугоўваў таго, каб на яго траціць час альбо энергію, і міс Люсі з радасцю аддала б яго Марыа ў знак удзячнасці, калі б змагла зняць яго з пальца.
Не, у Мехіка былі тысячы іншых жанчын з куды больш відавочнымі прыкметамі багацця. Багатыя, прыгожыя, і любая з іх, відаць, з радасцю і гонарам згадзілася б, каб яе суправаджаў Марыа і — так, міс Люсі ўспрымала гэта адназначна — аказваў іншыя паслугі.
І ўсё ж... Раптам міс Люсі спалохалася адсутнасці логікі ва ўсім гэтым. У ёй абудзіўся дзявочы інстынкт, які папярэдзіў — небяспека.
І так як міс Люсі была жанчына сур'ёзная, яна падумала, што трэба прыняць нейкае канчатковае рашэнне. Лежачы ціха пад прасцінамі, яна прыйшла да вялікай высновы.
Міс Люсі і Вера стаялі на аўтобуснай станцыі. Абедзве захуталіся ў паліто, быццам было халоднае надвор'е. Вядома, Вера заўсёды мерзла. Але сёння холад адчувала і міс Люсі, нягледзячы на цёплую шчодрую цеплыню, якую пасылала вясновае сонца. Яе вочы — і нос — пачырванелі.
Яны чакалі Элен, якую пакінулі ў гатэлі, каб давесці справу з Марыа да канца. Аўтобус на Пацкуара адыходзіў праз дваццаць хвілін.
Нарэшце Элен з'явілася. Таксама з пачырванелым носам.
— Як ты магла такое зрабіць, Люсі? — накінулася Элен на Люсі. — Гэта жорстка. — Яна ткнула ў руку Люсі дзве банкноты па сто песа. — Я падумала, што ён мяне ўдарыць, калі дала яму вось гэта, — абурана працягвала Элен. — А прачытаўшы твой ліст, ён расплакаўся, як дзіця.
Міс Люсі прамаўчала. На працягу ўсяго вельмі стамляючага падарожжа да Пацкуара рэдка ўступала ў гаворку.
Жанчыны, утраіх, заседзеліся пасля вячэры за сталом на верандзе, з якой адкрываўся краявід на спакойную роўнядзь возера Пацкуара. Элен, якая была ў той вечар узбуджана-гаваркая, абмяркоўвала планы на наступны дзень. Міс Люсі, здавалася, не звяртала на гэтую балбатню ніякай увагі. Яе вочы ўзіраліся ў шэра-зялёную ваду возера, на купкі выспачак і нахабных лысагаловых грыфаў, якія прагна скублі, адбіраючы адзін у аднаго, рэшткі падлы на беразе возера.
Хутка яна ўстала, сказаўшы: «Халадае. Пайду, відаць, да сябе ў пакой. Дабранач».
З нумара міс Люсі і з балкончыка пры ім адкрываўся іншы краявід. Унізе, скрозь цемру, што рабілася ўсё больш густой, было відаць, як рыбакі прывязвалі да берага свае лодкі, ціха перагаворваючыся або напяваючы асіплымі галасамі мексіканскія песні.
Міс Люсі сядзела і назірала за іх работай. Яна думала пра Марыа, ахопленая глыбокім, блізкім да болю, сумам. Міс Люсі думала пра яго ўвесь час пасля ад'езду з Мехіка і цяпер жахнулася ад думкі пра тую жорсткасць, з якой яна адмовілася ад яго паслуг і зрабіла гэта да таго ж праз Элен. Яна павінна была сама пагаварыць з ім. Міс Люсі вельмі не хацелася, каб Марыа падумаў, што... Думкі не давалі ёй спакою. Яна абышлася з Марыа кепска, пакрыўдзіла яго...
У нейкі момант свайго летуценнага роздуму яна раптам усвядоміла, што ўнізе, сярод рыбакоў, рухаецца апранутая ў белае постаць чалавека. Позірк міс Люсі спыніўся на гэтым чалавеку, і ў яе душы ўсё перавярнулася. Міс Люсі напружана нахілілася наперад і пачала ўглядацца ў цемру. Так, так, у тых лёгкіх, грацыёзных рухах было нешта знаёмае — гэта мініяцюрная, але грацыёзная фігура...
Але ж гэта не мог быць Марыа! Яна пакінула яго там, за сотні міль ад Мехіка, акрамя таго, Элен было спецыяльна загадана не гаварыць Марыа, куды яны ад'язджаюць.
Постаць у белым рухалася ад берага возера да акна яе пакоя. Прайшла праз паласу святла з адчыненых дзвярэй. Цяпер ужо сумненняў не было.
Гэта быў Марыа.
Міс Люсі, нахіліўшыся, глядзела ўніз з балкона. Яе сэрца калацілася, як звар'яцелая птушка. Унізе быў Марыа, усяго за якіх-небудзь пяць метраў ад яе.
— О, міс Люсі, я знайшоў вас, — загаварыў ён паволі, вельмі старанна па-гішпанску — так ён заўсёды звяртаўся менавіта да яе. — Я ведаў, што знайду вас.
— Але, Марыа, як?..
— У аўтобуснай кампаніі паведамілі, што вы паехалі сюды. Вось я і прыехаў, чакаў вас.
Міс Люсі ўбачыла, як бліснулі ва ўсмешцы яго зубы.
— Міс Люсі, чаму вы паехалі, не сказаўшы adios?
Міс Люсі не адказала.
— Але вось я зноў тут, каб апекавацца вамі. І заўтра мы — вы і я — пойдзем на возера. Да таго як устануць іншыя дамы. Толькі вы і я. Будзе свяціць месяц, а потым узыдзе сонца.
— Так...
— Я прыйду ў пяць гадзін раніцы. У мяне будзе лодка. Яшчэ не паспеюць прачнуцца птушкі, як я буду вас чакаць.
— Так, так...
— Добрай ночы.
Міс Люсі вярнулася ў пакой. Дрыжачымі рукамі распранулася і нырнула ў пасцель.
Яна па-ранейшаму калацілася, калі сярод ночы, так ёй здалося, ціхі свіст пад акном паведаміў, што Марыа ўжо прыйшоў па яе.
Міс Люсі хутка апранулася, прыгладзіла мяккія сівыя валасы, накінула на плечы паліто і шпарка пакрочыла ўніз па лесвіцы. У гатэлі было вельмі ціха. Ніхто не бачыў, як яна прайшла праз пусты вестыбюль, ніхто не заўважыў, як яна пайшла ўніз па схіле берага, дзе каля лодкі яе чакаў Марыа.
Ён узяў яе руку і паднёс да вуснаў. Потым асцярожна павёў міс Люсі да лодкі.
Міс Люсі не супраціўлялася. Ёй здавалася, што сам лёс вядзе яе да непазбежнага.
Марыа казаў праўду. Свяціў месяц — поўны і лімонна-белы, пасылаючы таямнічае святло цёмнай вадзе.
Міс Люсі лягла ў лодку, пасцяліўшы на дно паліто. Было холадна, але яна, здавалася, не заўважала гэтага. Міс Люсі назірала за Марыа, які, стоячы ў поўны рост і спрытна манеўрыруючы сярод іншых суднаў, выводзіў лодку ў глыб возера. Ён закасаў штаны вышэй каленяў, і ногі ў месячным святле выглядалі моцнымі і чамусьці грубымі. Марыа спяваў.
Міс Люсі раней не ўсведамляла, які ў Марыа прыгожы голас. Песня была прыгожая і невыказна сумная. Вочы Марыа лашчылі яе, яго позірк вандраваў паміж тварам і рукамі, што нерухома спачывалі на каленях. Танны сапфір зіхацеў у месячным святле.
Міс Люсі не заўважала ні часу, ні месцаў, якія ціха мінала лодка па дарозе да патаемнага сэрца возера з яго незлічонымі выспачкамі. Яна не заўважыла, як на досвітку пачалі гаснуць зоркі і бялець месяц. Яна адчувала толькі глыбокі, поўны спакой, нібыта гэты лагодны, амаль непрыкметны рух будзе працягвацца бясконца. Міс Люсі схамянулася ад голаса Марыа.
— Слухайце — птушкі.
Міс Люсі чула галасы птушак на выспачках, што купіліся вакол яе, але бачыла толькі грыфаў, якія нячутна кружылі ў небе.
Марыа перастаў веславаць і ўзяў пакунак. У ім былі tortas[32], масла і казіны сыр.
Прыхапіў ён і бутэльку чырвонага мексіканскага віна.
Намазаўшы масла на torta вялікім складаным нажом, ён падаў яе міс Люсі. Тая раптам зразумела, што вельмі хоча есці. Яна з воўчым апетытам накінулася на ежу, запіваючы салодкім мексіканскім віном проста з бутэлькі. Віно ўдарыла ў галаву, і міс Люсі адчула сябе шчаслівай і бесклапотнай дзяўчынкай. Яе смяшыла ўсё, што гаварыў Марыа, і той таксама смяяўся, лашчачы яе вачыма.
І так вось яны снедалі, нібыта маладыя ў час мядовага месяца, а за гэты час сонца заліло возера чырванню, на многія мілі вакол не было ні душы, адзіныя сведкі — бачныя грыфы-драпежнікі і нябачныя птушкі-певуны.
Калі даелі апошнюю torta і асушылі да дна бутэльку, Марыа зноў узяўся за вясло і скіраваў лодку да цэнтра возера, маўкліва вяслуючы ўсё далей наперад.
Як толькі міс Люсі ўбачыла выспу, яна адразу зразумела, што менавіта яе і выбраў Марыа. Гэта выспа больш ізаляваная, больш аддаленая, чым іншыя, да таго ж па краях парослая чаротам.
Марыа асцярожна правёў лодку праз чарот, які аказаўся настолькі высокім, што яны апынуліся ізаляванымі ў сваім, зусім асобным свеце.
Калі яны даплылі да берага выспы, Марыа ўзяў міс Люсі за руку і лагодна прымусіў яе ўстаць адным толькі словам: «Пайшлі».
Тая паслухмяна, як дзіця, пайшла следам. Марыа знайшоў сухое месца і паслаў ёй паліто. Потым, калі міс Люсі магла бачыць твар Марыа, нахілены да яе твару, чорныя вочы, пасаджаныя крыху заблізка адно ад аднаго, магла адчуваць цёплае дыханне, што злятала з яго вуснаў.
Міс Люсі заплюшчыла вочы, ведаючы, што настаў момант, да якога ўсё ішло, пачынаючы з таго дня ў царкве Санта-Прыска, калі яна ўпершыню сустрэлася з Марыа. Яна адчувала рукі Марыа, якія лашчаць яе валасы, твар пяшчотна, вельмі пяшчотна. Міс Люсі адчула, як Марыа ўзяў яе руку, дакрануўся да пярсцёнка з сапфірам.
У той момант, калі Марыа дакрануўся да пярсцёнка яна ўсё зразумела. Яна адчула гэта праз яго пальцы нястрымнае, усёпаглынальнае жаданне. Увесь ход падзей, які здаваўся такім складаным, аказаўся надзіва простым.