Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 32)
Але дакумента ў яе ў руках ужо не было. Я паспеў узяць яго ў свае рукі. Вы скажаце, што я мог бы памяняць тактыку і працягваць барацьбу, але вы не былі сведкамі нашай размовы і ў адрозненне ад мяне не бачылі, што яна вырабляла, і не чулі, што гаварыла. Я здаўся. Узяў з кішэні запісную кніжку, вырваў з яе старонку і пачаў пісаць.
— Я не супраць яшчэ адной порцыі, — заявіла Клара.
— Хвіліначку, — прамармытаў я, працягваючы пісаць наступнае:
«Ніра Вулфу:
Гэтым пацвярджаю, што Арчы Гудвін зрабіў усё магчымае, каб угаварыць мяне падпісаць напісанае вамі сведчанне, і растлумачыў мне мэту гэтай паперы, а я сказала, чаму вымушана адмовіцца паставіць свой подпіс».
— Вось, — сказаў я, перадаючы ёй тое, што напісаў. — Такім чынам вы не падпішаце дакумента, а ўсяго толькі засведчыце, што адмаўляецеся падпісваць гэтую паперу. Я вымушаны мець такое сведчанне, бо містэр Вулф ведае, як мяне вабяць прыгожыя дзяўчаты, асабліва такія элегантныя, як вы, і калі я прынясу яму гэтую паперу без подпісу, ён падумае, што я нават не рабіў спробы. Ён нават можа звольніць мяне. Проста напішыце ўнізе ваша прозвішча.
Клара зноў прачытала тое, што было напісана на лістку, і ўзяла ручку. Яна ўсміхнулася, зірнуўшы на мяне сваімі бліскучымі вачыма.
— Вы не жартуеце? — сказала яна без былой непрыязні. — Я ведаю, калі мной цікавіцца мужчына. Вы думаеце, што я халодная і хітрая.
— Вось як, — адгукнуўся я крыху з горыччу, але не вельмі горка. — Ва ўсякім разе, справа не ў тым, зацікавіўся я вамі ці не, а ў тым, што падумае Вулф. Гэта значна дапаможа. Вельмі вам абавязаны. — Я ўзяў з яе рук паперу і падзьмуў на яе, каб хутчэй высахла чарніла.
— Я ведаю, калі мной цікавіцца мужчына, — зноў сказала Клара.
Болей ад яе мне нічога не было патрэбна, але я, можна сказаць, паабяцаў яшчэ адну порцыю віскі, таму зноў паклікаў афіцыянта.
На заходнюю частку Трыццаць шостай вуліцы я вярнуўся толькі пасля шасці гадзін. Вулф ужо нанёс візіт у аранжарэю і цяпер сядзеў у кабінеце. Я хуткім крокам зайшоў у пакой і паклаў перад ім на стол паперу без подпісу.
— Ну і што? — прабурчаў ён.
Я сеў і дакладна паведаміў Вулфу, як усё адбывалася да таго моманту, калі яна прапанавала ўзяць дакумент дадому і паказаць бацьку.
— На жаль, — заўважыў я, — некаторыя яе выдатныя якасці засталіся непрыкметнымі ў натоўпе ў той вечар. Я гавару гэта не для таго, каб апраўдацца, проста адзначаю факт. Для ўсіх аперацый, што адбываюцца ў звілінах яе мозгу, хапіла б арэхавай шкарлупіны. Ведаючы вашыя адносіны да бяздоказных заяў і жадаючы запэўніць у праўдзівасці менавіта гэтай заявы, я прынёс з сабой доказ. Вось папера, якую яна ўсё-такі падпісала.
Я ўручыў яму лісток, вырваны з блакнота. Вулф зірнуў на паперу і падміргнуў мне.
— Яна гэта падпісала?
— Так, сэр. У маёй прысутнасці.
— Сапраўды. Добра. Задавальняюча.
Я безуважным кіўком галавы пацвердзіў, што ўспрымаю выказаную падзяку. Маё самалюбства застаецца некранутым, калі ён вось так буркае: «Задавальняюча».
— Смелы шырокі почырк, — заўважыў Вулф. — Яна пісала вашай ручкай?
— Так, сэр.
— Пакажы яе, калі ласка.
Я ўстаў і падаў яму ручку разам з некалькімі аркушамі паперы, і спыніўся каля стала, зацікаўлена назіраючы, як Вулф зноў і зноў пісаў «Клара Джэймс», параўноўваючы кожную спробу з прынесеным мной узорам. Адначасова ў перапынках перад наступнай спробай ён гаварыў:
— Малаверагодна, што нехта некалі ўбачыць гэта, апрача нашых кліентаў… Так лепш… Ёсць яшчэ час патэлефанаваць усім ім да вячэры — спачатку місіс Міён і містэру Ўэплеру — потым іншым… Скажыце ім, што я прыйшоў да высновы наконт іску місіс Міён да містэра Джэймса… Спытайцеся, ці змогуць яны прыйсці сёння ў дзевяць гадзін вечара — калі гэта немагчыма, то, можа, заўтра ў адзінаццаць… Потым звяжыцеся з містэрам Крэймерам… Скажыце яму, што, відаць, варта ўзяць з сабой свайго чалавека…
Вулф расправіў надрукаванае сведчанне на рэгістрацыйным журнале, падрабіў унізе подпіс Клары Джэймс і параўнаў са здабытым мною арыгіналам.
— Недасканала, як на спецыяліста, — прамармытаў ён, — але спецыяліст ніколі яго не ўбачыць. Што ж датычыцца нашых кліентаў, то нават калі яны ведаюць яе почырк, гэта пройдзе найлепшым чынам.
Спатрэбілася добрая гадзіна, каб дамовіцца па тэлефоне аб сустрэчы ў той вечар, але ўрэшце мне ўдалося выканаць даручэнне. Я так і не змог злавіць Джыфарда Джэймса, але яго дачка згадзілася знайсці яго і прывесці з сабой. Астатніх я адшукаў сам.
Адзіныя, хто спрабаваў пярэчыць, былі кліенты, асабліва Пегі Міён. Яна ўпарта адмаўлялася прысутнічаць на сустрэчы, якая павінна была адбыцца пад маркай абмеркавання яе іску да Джыфарда Джэймса, і я мусіў звярнуцца за падтрымкай да Ўэплера. Фрэда і Пегі запрасілі прыйсці раней за іншых, каб перагаварыць асобна і потым вырашыць — заставацца ім ці не. Яна згадзілася з такой прапановай.
Яны прыйшлі своечасова, да вячэрняй кавы. Пегі, відаць, пачысціла зубы, паспала і прыняла ванну, ну, і што відавочна, — пераапранулася, але, нягледзячы на ўсё гэта, выгляд у яе быў далёка не бліскучы. Яна была ўся насцярожаная, стомленая, замкнёная і скептычная. З яе вуснаў не вырваўся паток слоў наконт таго, што яна шкадуе, чаму ў свой час за кіламетр не абышла Ніра Вулфа, але, відаць, ёй карцела гэта сказаць.
У мяне склалася думка, што настрой Фрэда Ўэплера быў такі самы, але ён імкнуўся быць галантным і добразычлівым. Справа ў тым, што на першым візіце да Вулфа настаяла Пегі і цяпер Фрэду не хацелася, каб яна думала, што ў выніку атрымалася хутчэй горш, чым лепш.
Яны не ажывіліся нават тады, калі Вулф паказаў сведчанне, падпісанае прозвішчам Клары Джэймс. Яны чыталі яго разам, яна — седзячы ў чырвоным скураным крэсле, ён — прысеўшы побач на падлакотнік.
Прачытаўшы, яны адначасова зірнулі на Вулфа.
— Ну, дык і што? — спытаў Фрэд.
— Шаноўны пан, — сказаў Вулф, адсунуўшы кубак са сподкам. — Шаноўная пані. Чаму вы прыйшлі да мяне? Таму, што тая акалічнасць, што рэвальвера не было на падлозе, калі вы абое зайшлі ў студыю, упэўніла вас у тым, што Міён не скончыў самагубствам, а яго забілі. Калі гэта акалічнасць дазволіла б вам паверыць, што гэта было самазабойства, вы б ужо пажаніліся і я не быў бы вам патрэбны. Выдатна. Цяпер абставіны, як высветлілася, сведчаць менавіта аб гэтым. Чаго яшчэ вы хочаце? Вы хацелі вызваліць свае думкі ад падазронасці. Я іх вызваліў.
Фрэд моцна сцяў скрыўленыя вусны.
— Я гэтаму не веру, — пахмурна сказала Пегі.
— Вы не верыце гэтаму сведчанню? — Вулф узяў дакумент і паклаў у шуфляду стала, такі ўчынак прыемна здзівіў мяне як разумная перасцярога, бо набліжалася дзевятая гадзіна.
— Вы лічыце, што міс Джэймс падпісала б такі вось дакумент, калі б гэта не была праўда? Навошта тады…
— Я маю на ўвазе не гэта, — перапыніла яго Пегі. — А тое, што я не веру, каб мой муж скончыў самагубствам, незалежна ад таго, дзе знаходзіўся рэвальвер. Я занадта добра яго ведала. Ён бы ніколі не налажыў на сябе рукі — ніколі. — Пегі ўзняла галаву і глянула на свайго спадарожніка. — Ці не так, Фрэд?
— Гэтаму цяжка паверыць, — неахвотна пагадзіўся Фрэд.
— Вось як! — з'едліва заўважыў Вулф. — Тады заданне, якое вы мне даручылі, не адпавядае вашаму ранейшаму апісанню. Зрэшты, вы павінны пагадзіцца наконт таго, што я задаволіў вашу просьбу высветліць пра рэвальвер; тут ужо вам ніяк не выкруціцца. Такім чынам, даручэнне выканана, але цяпер вы хочаце яшчэ нешта. Вы хочаце, каб было раскрыта забойства, што азначае, у выпадку неабходнасці, і арышт забойцы. Вы хочаце…
— Я маю на ўвазе, — настойвала ў поўным адчаі Пегі, — што не веру, каб ён мог скончыць самагубствам, і нішто не прымусіць мяне паверыць у гэта. Цяпер я разумею, што я сапраўды…
У гэты момант пачуўся званок, і я пайшоў адчыняць дзверы.
Так нашы кліенты засталіся на сустрэчу. Усяго на ёй прысутнічала дзесяць запрошаных: шасцёра тых, хто быў тут у панядзелак вечарам, двое кліентаў, інспектар Крэймер і мой стары знаёмы і праціўнік сяржант Перлі Стэбінс. Незвычайнасць сустрэчы была ў тым, што толькі самая абмежаваная з усіх прысутных — Клара Джэймс разумела, у чым справа, праўда, калі не прагаварылася бацьку, у чым я сумняваўся. Яна мела перавагу над астатнімі дзякуючы намёку, які пачула ад мяне ў бары «Чэрчыль».
У Адэлі Бослі, доктара Лойда, Руперта Гроўва, суддзі Арнольда і Джыфарда Джэймса, да таго як яны зайшлі ў кабінет і пазнаёміліся з інспектарам Крэймерам і сяржантам Стэбінсам, не было падстаў лічыць, што на сустрэчы магло быць штосьці іншае, апрача пытання аб іску да Джэймса. Адзін Бог ведаў, што яны падумалі: дастаткова было зірнуць на іх твары, каб упэўніцца, што менавіта яны нічога не ведаюць.
Што датычыцца Крэймера і Стэбінса, то ў іх быў дастатковы вопыт супрацоўніцтва з Ніра Вулфам: каб разумець, што ёсць амаль усе падставы быць упэўненым — пер'е пасыплецца, толькі вось з каго, як і калі?
Што ж датычыцца Фрэда і Пегі, то нават пасля прыходу прадстаўнікоў праваахоўных органаў яны, відаць, лічылі, што Вулф збіраецца канчаткова зацвердзіць версію аб самазабойстве Міёна, азнаёміўшы прысутных з сведчаннем Клары і паведаміўшы аб тым, што Фрэд расказаў нам, як рэвальвер перанёсся з бюста на падлогу — відаць, таму ў іх на тварах быў выраз адчаю і зацкаванасці. Гэты раз яны адчувалі сябе нібыта ў пастцы.