реклама
Бургер менюБургер меню

Рекс Стаут – Амерыканскае дэтэктыўнае апавяданне (страница 31)

18

— Паслухайце, гэта абсалютнае глупства, скажыце толькі, хто вам такое нагаварыў, бо гэта абсалютная лухта…

— Хвілінку, — перапыніў я яе хутчэй позіркам, чым словамі. Яна бліснула вачыма і змоўкла. — Пачынаць трэба не з гэтага, бо інакш у нас нічога не атрымаецца. — Я ўзяў з кішэні аркуш паперы і разгарнуў перад ёю. Гэта была акуратна надрукаваная копія дакумента, які дыктаваў мне Вулф. — Хутчэй і прасцей вам будзе спачатку прачытаць вось гэта, бо толькі так даведаецеся, у чым справа.

Я не даў ёй у рукі паперы. Чытач можа разам з Кларай прачытаць яе змест. Дакумент быў пазначаны тым жа днём.

«Я, Клара Джэймс, гэтым сведчу, што ў аўторак, 19 красавіка, я зайшла ў жылы дом No.620 на Іст-Энд авеню горада Нью-Йорка ў ці прыблізна 6.15 вечара, паднялася на ліфце на трынаццаты паверх. Я пазваніла ў студыю Альберта Міёна. Да дзвярэй студыі ніхто не падышоў, і ніякіх гукаў адтуль не пачулася.

Дзверы не былі зачынены наглуха. Яны не былі прачынены, але і на засаўку ці ключ яны таксама былі не замкнёныя. Пазваніўшы яшчэ раз і не пачуўшы адказу, я адчыніла дзверы і зайшла ў студыю.

Альберт Міён ляжаў на падлозе каля піяніна. Ён быў мёртвы. У верхняй частцы галавы была дзірка. Безумоўна, ён быў мёртвы. У мяне закруцілася галава, і я мусіла сесці на падлогу і апусціць галаву, каб не страціць прытомнасці. Я не дакранулася да трупа. На падлозе, непадалёк ад містэра Міёна, ляжаў рэвальвер; я ўзяла яго ў рукі.

Здаецца, я праседзела на падлозе каля пяці хвілін, але, можа, крыху болей ці меней. Калі паднялася на ногі і пайшла да дзвярэй, зразумела, што ўсё яшчэ трымаю ў руцэ рэвальвер. Я паклала яго на падстаўку бюста Каруза. Пасля я сцяміла, што мне не трэба было гэтага рабіць, але ў той час я была настолькі ўражаная і збянтэжаная, што не разумела, што раблю.

Я выйшла са студыі, зачыніла за сабой дзверы, пайшла па агульнай лесвіцы ўніз на дванаццаты паверх і пазваніла ў кватэру Міёнаў. Я збіралася расказаць пра ўсё місіс Міён, але калі тая з'явілася на парозе, я не здолела выціснуць з сябе ніводнага слова пра здарэнне. Я не змагла сказаць ёй, што яе муж ляжыць там, у студыі, мёртвы.

Пасля я шкадавала аб гэтым, але цяпер не бачу прычыны, каб шкадаваць ці прасіць прабачэння, — я проста не магла выціснуць з сябе ніводнага слова. Я сказала, што хачу бачыць яе мужа і што званіла ў студыю, але ніхто не адазваўся. Потым я выклікала ліфт, выйшла на вуліцу і пайшла дадому.

Не здолеўшы расказаць пра здарэнне місіс Міён, я нікому іншаму аб гэтым не паведаміла. Я б расказала пра гэта бацьку, але яго не было дома. Я вырашыла дачакацца яго прыходу і паведаміць пра тое, што здарылася, але раней патэлефанаваў знаёмы і сказаў, што Міён скончыў самагубствам, таму я вырашыла нікому не гаварыць, нават бацьку, што была ў студыі, а сказаць, што званіла і стукала ў дзверы, але не пачула адказу. Я думала, што гэта не мае асаблівага значэння, але мне растлумачылі, што гэта важна, таму я дакладна паведамляю, як гэта ўсё здарылася».

Калі Клара скончыла чытаць, падышоў афіцыянт з пітвом, і яна прыціснула паперу да грудзей, нібыта хавала карты, гуляючы ў покер. Трымаючы дакумент левай рукой, правай узяла шклянку і прагна глынула віскі. Каб падтрымаць кампанію, я таксама адпіў са сваёй шклянкі.

— Адна хлусня, — сказала яна з абурэннем.

— Ну, вядома, — сказаў я. — У мяне добры слых, таму гаварыце цішэй. Містэр Вулф шчыра хоча даць вам шанц, і, ва ўсякім разе, прыйшлося б пазмагацца, каб прымусіць вас падпісаць дакумент, калі б у ім была напісана ўся праўда. Нам даволі добра вядома, што дзверы студыі былі замкнёныя і вы адамкнулі іх ключом. А таксама тое — не, паслухайце, адну хвіліну, — што вы наўмысна ўзялі рэвальвер з падлогі і паклалі на бюст, бо падумалі, што місіс Міён забіла яго і паклала рэвальвер на падлогу, каб усё было падобна на самазабойства, і вы вырашылі парушыць яе план. Вы не маглі…

— Дзе вы былі ў той час? — спытала Клара з пагардай. — Хаваліся за канапай?

— Глупства. Калі ў вас не было ключа, чаму вы скасавалі свае планы наконт кактэйлю, каб сустрэцца са мной, пачуўшы пра тое, што я паведаміў вам па тэлефоне? Што ж датычыцца рэвальвера, калі б вы нават цэлы год над гэтым думалі, нічога больш дурнейшага не прыдумалі. Хто б паверыў, што нехта стрэліў у яго, імітуючы самазабойства, а потым аказаўся настолькі дурным, што паклаў рэвальвер на бюст? Трэба быць занадта абмежаваным, каб паверыць, — я кажу гэта шчыра, але вы вось паверылі.

Клара была вельмі занятая сваімі думкамі, каб абурыцца тым, што яе назвалі абмежаванай. Яна спахмурнела, ад чаго белы гладкі лоб зморшчыўся, а ў вачах знік бляск.

— Ва ўсякім разе, — запярэчыла яна, — тое, што тут напісана, не толькі хлусня, усё гэта проста немагчыма. Рэвальвер знайшлі на падлозе каля трупа, таму гэта не можа быць праўдай!

— Так, — ухмыльнуўся я ў адказ. — Тое, што напісана ў паперы, відаць, вас шакіравала. Калі вы асабіста паклалі рэвальвер на бюст, як тады магло здарыцца, што яго знайшлі на падлозе? Відавочна, нехта паклаў яго назад. Думаю, вы вырашылі, што гэта таксама зрабіла місіс Міён, і, відаць, вам цяжка было трымаць язык за зубамі, але вы мусілі маўчаць. Цяпер сітуацыя крыху іншая. Містэр Вулф ведае, хто паклаў рэвальвер на падлогу, і мае адпаведныя доказы. Больш таго, ён ведае, што Міёна забілі, і таксама можа гэта даказаць. Адзінае, што яго стрымлівае, дык гэта ўсяго толькі адна дэталь: неабходнасць вызначыць, як рэвальвер трапіў з падлогі на бюст. — Я дастаў з кішэні аўтаручку. — Падпішыце паперу, я засведчу подпіс, і з вамі ўсё будзе ў парадку.

— Вы маеце на ўвазе падпісаць вось гэта? — пагардліва ўсклікнула Клара. — Я не настолькі дурная.

Я выбраў момант, калі ў наш бок зірнуў афіцыянт, загадаў падліць віскі і потым за кампанію асушыў сваю шклянку.

Я сустрэўся з пільным позіркам Клары, які адпавядаў яе пахмурнаму настрою.

— Паслухай, Сінявочка, — звярнуўся я да яе памяркоўна. — Я не засоўваю табе пад пазногці іголак. Я не паўтараю, што мы можам даказаць, што ты заходзіла ў студыю — бо ў цябе быў ключ ці дзверы былі незамкнёныя, гэта не істотна, — і перанесла рэвальвер. Мы ведаем, што гэта зрабіла ты, таму што ніхто іншы не мог, а ты была ў студыі менавіта ў той час, але мушу прызнацца, што мы не можам гэтага даказаць. Тым не меней я прапаную адно выдатнае пагадненне. Толькі паслухай, — я наставіў у яе бок канец ручкі. — Гэта заява нам патрэбна только на той выпадак, калі асоба, якая паклала рэвальвер назад на падлогу, акажацца настолькі дурной, што прагаворыцца, а гэта вельмі неймаверна. Ён толькі…

— Вы сказалі ён? — спытала Клара.

— Усё роўна — ён ці яна. Як кажа містэр Вулф, мова сцерпіць любы займеннік. Ён толькі б нарабіў сабе клопату. Калі ж ён не прагаворыцца, а ён такі змоўчыць, тваё паказанне не будзе скарыстана зусім, але трэба мець яго ў сейфе на той выпадак, калі ён усё ж такі прабалбочацца. Да таго ж, маючы гэта сведчанне, мы не будзем лічыць сябе абавязанымі інфармаваць паліцыю, што ў цябе ёсць ключ да дзвярэй студыі. Ключы нас не цікавілі б. І яшчэ адна рэч, ты зберажэш для бацькі добры пачак грошай. Калі ты падпішаш гэта сведчанне, мы зможам высветліць справу аб забойстве Міёна, і ў выпадку поспеху я гарантую, што ў місіс Міён не будзе ніякага жадання прад'яўляць іск твайму бацьку. Яна будзе занадта занятая адной справай. Так што не марудзь і падпісвай, — дадаў я, прапаноўваючы Клары ручку.

Яна адмоўна, але не вельмі энергічна пакруціла галавой, бо мозг зноў уключыўся ў работу. Поўнасцю ўсведамляючы, што яе здольнасці мысліць былі далёка не спартыўнага ўзроўню, я цярпліва чакаў. Потым прынеслі новыя порцыі віскі, і спатрэбіўся перапынак, бо не варта было спадзявацца, каб Клара думала і піла адначасова. Але ўрэшце яна неяк здолела засяродзіцца на акрэсленым мною пытанні.

— Значыцца, вы ведаеце, — заявіла Клара з задавальненнем.

— Мы ведаем дастаткова многа, — сказаў я змрочна.

— Вы ведаеце, што яго забіла яна. Вы ведаеце, што яна паклала рэвальвер назад на падлогу. Я таксама гэта ведала, я ведала, што гэта яна. І цяпер вы можаце гэта даказаць? Калі я падпішу паперу, вы зможаце гэта даказаць.

Вядома, я мог бы схітраваць, але падумаў — якога чорта!

— Вядома, мы зможам, — запэўніў я Клару. — З гэтым сведчаннем мы зможам працягваць следства. Яно — якраз тое звяно ў ланцугу, якога не хапае. Вось ручка.

Клара ўзяла шклянку, апаражніла яе, паставіла на стол, і галаву даю адсеч, калі яна не збіралася зноў адмоўна, але на гэты раз энергічна пакруціць галавой.

— Не, — сказала яна рашуча. — Я не падпішу. — Яна выцягнула ў мой бок руку, трымаючы ў ёй дакумент. — Я прызнаюся, што ўсё гэта праўда, і калі вы перадасце справу ў суд і яна скажа, што паклала рэвальвер на падлогу, я пад прысягай засведчу, што я паклала рэвальвер на бюст, але падпісваць я нічога не буду, бо аднойчы я падпісала штосьці ў сувязі з нейкім здарэннем, і бацька прымусіў мяне паабяцаць, што я ніколі не падпішу ніводнай паперы, не паказаўшы яе перш яму. Я магла б узяць гэтую паперу, паказаць яму і падпісаць, а вы б прыйшлі за ёй увечары ці заўтра. — Сказаўшы гэта, яна спахмурнела. — Толькі вось яму б стала вядома, што ў мяне быў ключ, але я змагла б усё растлумачыць.