реклама
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 52)

18

Кідаў не раз аб ёй употай Усяслаў жэрабя — ці жывая, ці ўбачацца яны? Але падалі на яе імя толькі чорныя дошчачкі, а светлыя, васковыя, не трапляліся ні разу…

Прайшлі гады. I, седзячы ў порубе ў Кіеве, пачуў Усяслаў ад сваіх людзей, што нядаўна ў Перуновым капішчы на Валоўяй гары, што была за два дні шляху ад Полацака, прынесла сябе ў вялікую ахвяру Перуну дачка Крыве-Крывейты, валхва і чараўніка, якога баяўся калісьці сам Брачыслаў. Даўно не было на Полаччыне чалавечай ахвяры, але насоўвалася на яе цёмная хмара — палавецкае войска, і, жадаючы адвесці бяду ад роднай зямлі, згадзілася валхвіца, каб пралілася кроў яе на ахвярнік Перуну, каб паслаў ён грамовыя стрэлы на паганых полаўцаў, вярнуў княству Усяслава, якога захапілі ашуканствам Яраславічы. Цалавалі яны крыж, што не прычыняць страту Усяславу, але слабым аказаліся іх багі — так нібыта сказала перад смерцю Расанка.

I, седзячы ў цёмным порубе, адзінае акенца якога было заткнута кузлачком кудзелі, адчуў Усяслаў, як нешта гарачае падкаціла яму пад грудзі, а пасля цяжка і салёна зашчыпала ў вачах…

А яшчэ праз гады, калі быў ён цяжка паранены, прынёс яму лекар піць травяны адвар. I знаёмым-знаёмым пахам павеяла на Усяслава.

— Што гэта за трава? — спытаўся ён слабым голасам.

— Расанка, княжа, — адказаў яму лекар. — Іначай яшчэ завуць людзі — зверабой. Так загадаў зваць яе епіскап,

Піў Усяслаў гаркаваты настой, які вяртаў сілы. Думаў пра лёс свой і справы свае. Пра зямлю, якую любіў моцна і да якой вярнуўся, пакінуўшы славуты і вялікі кіеўскі стол.

I пра Расанку думаў, пра траву, якая захавала яе імя.

Часам заглядаў і ён у будучае, але не ведаў, што моцным акажацца загад царквы — не ўпамінаць імя валхвіцы, што траву, якую завуць расанкай, стануць пасля зваць святаяннікам зверабоем.

Але ў самых далёкіх кутках Полаччыны захаваецца і гэтая назва — расанка…

Набег

Вечарамі, праходзячы ля борцяў, заўважаў Алёшка, што пчолы працуюць не як заўсёды, дружна лятуць да ліпы і назад; над калодаю шмат абібокаў адчайна гудуць, нібы сварацца. Ён усміхнуўся: нагадалі яму растрывожаныя пчолы полацкае веча, калі быў на ім апошні раз. Крычаў пачырванелы ад гневу тысяцкі — не далі столькі, як патрэбна, вояў Кажэвенная і Абутковая вуліцы, а купцы, што з мячамі, стаялі тут жа, гаманілі між сабою, што збіраецца іх да портаў раздзець князь Усяслаў, бо каменная Сафія патрабуе ўсё повыя сарокі [18] сабалёў і вавёрак, новыя обалы жалеза і купы, купы [19]… Дзякуй вялікаму Стрыбогу, усё гэта цяпер далёка — і тысяцкі, і цівуны. Жывецца яму тут ненамнога лягчэй, чым калісьці ў селішчы ля Полацака, ды затое вальготна, свабодна. Ніхто не стаіць над табой з бізуном — няхай так будзе заўсёды!

А пчолы бесталкова таўкліся ля калоды, нібыта залез да іх пчаладзёр — з тых, што абіраюць чужыя борці. Гэта мог быць толькі аблог [20], і таму вечарам, памыўшыся на ноч, Алёшка паказаў сямейным, сыну ды нявестцы, каб заўтра нікуды не ішлі з хаты — ні па ягады, ні на загатоўку борцяў, а нацягалі раненька з крыніцы колькі кадушак вады ды добра вымыліся самі.

Ледзь толькі ўзнялося над лагчынаю чырвонае Ярыла, ля хаты заварушыліся — пабегла за кароваю ў лес малая ўнучка, ляскаючы пугай па зараселых кустах і весела скачучы ля зялёнага, нявыспелага жыта, што, заціснутае лесам, квола, але дружна пачало каласіцца. Як заціснутая магутнымі дубамі і ялінамі, стаяла ў лагчыне і хата, ля якой ціха звінела і булькатала лясная рэчачка, што пачыналася непадалёку адсюль. У ёй шмат вёснаў назад упершыню вымачыў Алёшка зерне і рабіў так тры ранішнія зары — і што ж? На лапіку зямлі, тады зусім малым, толькі што выпаленым, такое вымахала жыта, што і дасюль помніць Алёшка смак першай лусты хлеба. У крыніцы ж мылася Дасада, нявестка. Перад тым як абвёў іх з сынам жрэц вакол свяшчэннага дуба, замову ён сказаў старадаўнюю: «мыю я чырвоную дзеўку з загорнага студзянца ключавою вадою, сціраю я з чырвонай дзеўкі ўсе ўзарокі з прызарокамі» — і колькі жывуць разам — не нагледзішся на маладых. Вось і цяпер — толькі падоена карова, а сын з нявесткаю ўжо ідуць ад крыпіцы, узяліся за рукі, і валасы ў абодвух не прасохлі яшчэ — у Дасады — цёмна-русыя, у Івашкі — мяккія і светлыя.

— Годзе, годзе мілавацца, — буркатліва загаварыў Алёшка, адной рукой гладзячы белую бараду, другой моцна трымаючы венік. — Ты бяры клякотку [21] Дасадушка, а ты, сыне, ля борцяў бярозкі паўтыкай…

Сам ён падхапіў прынесеную Івашкам кадку з вадою і таропка пайшоў да борцяў, дзе насіліся ў паветры непакорныя пчолы, што хацелі адысціся ад сваёй пчалінай сям'і і цяпер выманьвалі з борці матак.

Першая матка выпаўзла, калі Івашка тыцнуў у зямлю апошнюю бярозку. Алёшка борзда злавіў яе яшчэ на лятку, загнаў у матачнік. Другую матку злавіць ён не паспеў — тая ўжо разам з роем пасела на адно з пастаўленых сынам дрэўцаў. I адразу загуў рой, збіраючыся ў дарогу. Тым часам Дасада з усяе сілы біла ў клякотку, і Алёшка праворна трасянуў на рой мокрым венікам, і той, аглушаны, як перад навальніцай, абкружыў з усіх бакоў матку і клубком павіс на галінцы. Алёшка перадаў сыну драўляную клетку-матачніцу — пчолы трывожна гулі над імі — і, асцярожненька выцягнуўшы дрэўца з мяккай зямлі, панёс рой у раёўню [22]. Ссыпаўшы туды клубок, ён абвязаў раёўню лясёнкай і панёс яе ў хату, каб вечарам адшукаць у ім матку і перанесці ў новую борць. Але паляванне за пчоламі не закончылася: пад трэцяй борцю зноў закружыўся рой, і Дасада зноў закруціла сваю клякотку — шум аглушаў пчол.

Ніхто з іх не пачуў тупату коней, што нечакана паказаліся з лесу. Атрад воінаў з баявымі сякерамі, у наглуха зашпіленых чырвоных ахабенях [23] абкружыў Алёшку і маладых.

— Чые вы? — строга спытаўся галоўны — з усмешлівымі вачамі на загарэлым твары — дружыннік.

«Чые вы? — гэтага пытання баяўся Алёшка ўсе нялёгкія, але вольныя гады, што пражыў ён у адзінокай лясной лагчыне, як зацёртай між балотаў, збегшы аднойчы з селішча, дзе хацеў быў цівун забраць з сабою маладуго жонку Алёшкі. Тут ён зрабіў сабе хату, дзе нарадзіўся Івашка, тут год за годам выпальваў ляда і сеяў жыта, не мерачы нікому долі, тут збіраў мёд і рабіў свечы, што раз у год вазіў на продаж — і таксама не аддаючы нікому свайго, заробленага… і вось не абараніў Стрыбог — дайшлі да яго князевы слугі!

— Бірку [24] пакажы нам сваю! — яшчэ стражэй загадаў дружыннік. Здагадаўся, што нездарма так спалохаліся гэтыя людзі — не тацяў жа ўбачылі перад сабою, а князевых слуг!

Алёшка ўпаў на калені. За ім, блытаючыся ў доўгай кашулі, бухнулася Дасада. Івашка з-пад доўгіх саламяных валасоў глядзеў воўкам.

— Казаў табе, Пуцята, — вольныя гэта і даніну не плоцяць! — задаволена вышчарыўся чорны, зарослы барадою ледзь не да вачэй, дружыннік, звяртаючыся да сотніка. Той заклапочана пачасаў патыліцу:

— То што будзем рабіць?

— Што тут думаць? — загарачыўся чарнявы. — За імі столькі наляцела, што яны даўно обелі — рабы княжыя. Хапайма!

— Стой! — перапыніў яго Пуцята. — Возьмем аднаго — якраз у дружыну падыдзе. — Ён тыцнуў пальцам у Івашку. — Ну, хочаш воем быць? Меч табе дадзім, стрэлы ёсць у цябе. Чужыя землі ўбачыш, крыві чужой твой меч нап'ецца. Ну?!

Івашка, зверавата бліскаючы вачыма, адмоўна паківаў галавой. Любіў ён сваю хату ля рэчкі, роўнае гудзенне пчол у ціхі чэрвеньскі дзень, любіў драўляным нарогам узрываць цёплую зямлю, бачыць перад сабой Дасаду, што вядзе каня за аброць, і валасы яе, па плячах распушчаныя, якімі гуляе вецярок, любіў гладзіць заскарузлымі далонямі.

— Не забірайце Івашку, мужа майго! — загаласіла яна.

— Які ён табе муж? — здзекліва загаварыў дружыннік. — У царкве вянчалі вас?

— Не… — прашаптала жанчына. — Але жрэц…

— Не? Значыць, проста жывеш у блудзе…

— У блудзе? Няхай вас Пярун грамовымі стрэламі заб'е! — слёзы высахлі ў Алёшкавай нявесткі.— Не аддам вам Івашку!

Стары бортнік разгублена глядзеў знізу на коннікаў. Івашка, які нерухома стаяў каля васкабойкі, калупаючы яе пальцам, раптоўна выпраміўся і кінуўся ў лес.

Праз некалькі скачкоў ён схаваўся б між дрэў, хаця і кінуліся паўздагон дружыннікі, каб не чарнявы: вокамгненна ён выхапіў з калчана стралу, крутануў плячом, так што лук з-за спіны апынуўся ў руках, і, амаль не цэлячыся, спусціў цеціву.

Звон стралы зліўся з крыкам Дасады. Івашка на хаду як спатыкнуўся і з усяго маху расцягнуўся на зямлі. Зараз жа да яго кінуліся дружыннікі.

— Не памрэ, — задаволепа ўсміхнуўся стралок. — Ведаем, куды цэліць. Пакульгае крыху — і цішэйшым стане… — Ён войкнуў — пчала, што кружылася пад ім, раптоўна ўджаліла яго ў нос. Адмахваючыся рукой, ён адступіўся.

Страла прабіла нагу амаль наскрозь, але косці не закранула, і Івашка, падкульгваточы, пацягпуўся за канём, да якога яго прывязалі.

— Каня дай, калі не хочаш, каб ён да Полацака так цягнуўся, — лагодна сказаў старому Пуцята. Той павёў вачыма на Дасаду — яна кінулася ў лес, толькі ўзвіхрылася кашуля, — а сам пайшоў у хату і, вярнуўшыся з кавалкамі старых сотаў, пачаў выціскаць мёд на сынаву рану, а пасля моцна перавязаў яму нагу лутошкай [25]. Дружыннікі тым часам грузілі ў мяхі воск, свечы, кадушку мёду прывязвалі да каня Пуцяты, іншыя шныпарылі каля хаты, відаць, яшчэ шукаючы спажывы. Чарнявы лаяўся, расціраючы пачырванелы і распухлы нос.