Ольга Ипатова – Перакат (страница 54)
Ёсць у мяне мая работа, і шмат напісаў за сваё жыццё касцельных гімнаў, харалаў, мес. Іх іграюць у касцёлах, яны, запісаныя на паперу, пералятаюць межы каралеўства.
Але ёсць яшчэ тыя, пра якія не ведае ніхто. Запісаныя яны ў тоненькі сшытак, які хаваю кожны раз, калі выходжу з дому. Іх складаю ўпотай, на старэнькай фісгармоніі, якую паставіў у цесным пакойчыку. А хто прачытае іх, хто прайграе — не ведаю. Няма вакол нікога, каму мог бы даверыць іх, бо харалы гэтыя пра зямлю маю, пра мае Азяроды, пра народ, забіты і забыты богам, народ, які не мае нават свайго імя…
Толькі мой Мацэліус слухае яе.
Саромеюся я гэтай музыкі свае і гапаруся ёю. Хаваю ад усіх — і гатовы аддаць першаму, у кім яна адгукнецца маім болем; удзячны за ўсе яго міласці, майму духоўнаму настаўніку — і ненавіджу яго часам да звону ў скронях.
I так жыву, раздвойваюся на часткі. Іграю тое, за што атрымліваго почасці і славу, а пасля службы спяшаюся хутчэй на ўскраіну Вільні. Спапяляючая, шалёная радасць авалодвае сэрцам, калі саджуся за свой інструмент, калі пакойчык мой напаўняецца гукамі забытых песняў… вечнымі гукамі песняў маёй маці…