реклама
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 51)

18

Прама над галавой Усяслава няярка гарэла Кол-зорка — да яе прымацаваны зоркі, што перамяшчаюцца па небе, толькі яна адна ніколі не сыходзіць са свайго месца. Шалясцела ўнізе рака, мякка штурхаючыся ў берагі. «Добры руен [11] стаіць сёлета! — думаў Усяслаў, мерна гайдаючыся ў сядле. — Добры ўраджай — значыць, купцоў многа наедзе ў Полацак. I мёду сёлета шмат, колькі ж гэта бяркоўцаў можна прадаць у Візантыю? Купцы — гэта вагавае [12], урокі [13], гэта тавары і, галоўнае, — напаўненне казне. А багатая казна — значыць, ужо хутка можна будзе прыступіць да справы, аб якой марыў яшчэ Брачыслаў — будаваць каменную Сафію тут, у Полацаку. Нездарма ж ён званы зняў з Ноўгарадскай Сафіі, нездарма паходы наладжваў — мацаваў княства».

Але праз усе гэтыя думкі міжволі не-не ды і прабіваўся вобраз Расанкі — худыя плечы пад паланянай кашуляй, просты жалезны абручык на галаве, раздзеленай праборам. А болей за ўсё бачыліся яе вочы — шэрыя, з густымі кароткімі вейкамі. Такі погляд бывае толькі ў тых, хто сапраўды ўмее глядзець на зоркі, гаварыць з дрэвамі, з зямлёй. Ёсць такія людзі, Усяслаў ведаў гэта: яны знаходзяць пад зямлёй ваду, загаворваюць кроў-руду, лечаць хваробы. I сам ён у свае дваццаць з нечым многае знаў і ўмеў з тайных ведаў — вучыла некалі маці, а таксама нянька Ратміра, а болей — як усплывала нешта з яго самога, прымушала рабіць так ці гэтак — поглядам прыгнуць каня да зямлі, адкрыць гора ці радасць у чалавечай душы, як бы ні хаваў таго чалавек, і суцешыць словам. А яшчэ ўмеў ён адчуваць жывую душу ў раслінах, і ведалі людзі ў Полацаку, што ёсць на Усяслававым дварэ дзве бярозы, да якіх ён часта падыходзіць, гаворыць з імі. Раслі тыя бярозы дужымі, далёка перагналі сваіх равесніц, і бачылі грыдні ці, можа, здавалася ім, што, як толькі падыходзіць да іх князь, гнуцца бярозы долу і шэпчуць яму нешта ў адказ…

«Чаму не запрасіў яе ў княжы двор? — думаў ён цяпер. — Лекарка яна, значыць, прыдасца ў паходах, а там, у паходах, у бітвах, шмат чырвонай крыві пральецца, патрэбны будуць войску і зёлкі, і замовы». Быў у княжым двары заморскі лекар, прывезены з Візантыі, многа кунаў плаціў яму Усяслаў, і многае ведаў вучоны лекар. Але адмаўляўся ён хоць што-небудзь са сваіх ведаў перадаваць тутэйшым, таіў свае кнігі ў сундуку і ніколі не пакідаў у пакоі ключы, як быццам баяўся, што нехта прачытае ў тых кнігах вучоныя рэцэпты і выжыве з багатага двара варвараў яго, грэка Калімаха.

Але аднойчы пабачыў Усяслаў, што пісаў вучоны грэк у свой папірус мясцовыя рэцэпты — як здымае ліхаманку квашанае цеста, як лечыць загнаенне мяккі зялёны мох, якога так многа ў тутэйшых лясах. Пабачыў і пашкадаваў — чаму не паслаў у Візантыю, у царгародскую акадэмію, кемлівага хлопца-палачаніна? I, пашкадаваўшы, зрабіў гэта. Але ці хутка вернецца Азарка, ці вернецца ён увогуле? Чуў ад купцоў, якія прыязджалі з Цар-горада, быццам зусім асвойтаўся Азарка з мясцовымі норавамі, марыць папасці ў двор да самога васілеўса і начыста адмаўляе ўсё сваё, роднае…

…Прайшло некалькі тыдняў, і паднялі ноччу князя: абрабавалі нейкія прышлыя людзі купцоў на Гоцкім двары. Моцнай і высокай была агароджа на двары готаў, днём і ноччу каравулілі ўнутры ўзброеныя кнехты, і калі хто з кнехтаў каравуліў дрэнна, то плаціў ён купцам да пятнаццаці куп, апроч таго, бегалі штопоч у двары вялізныя калматыя сабакі — кожны ледзь не з цяля ростам, маглі яны разарваць любога, хто паквапіцца на багацце купцоў. Аднак і сабакі ляжалі атручаныя, і кнехты з баявымі сваімі сякерамі ляжалі парубленыя, а прышлыя людзі, што назваліся сёння па прыездзе купцамі ноўгарадскімі, пагрузілі парабаванае ў лодкі, што былі прывязаны да вымалу [14], і паплылі супраць ночы ў бок, процілеглы таму, якім навінны былі ад'язджаць ноўгарадчане… Рваў на сабе валасы тысяцкі, што не праверыў граматы прыезджых, адклаў на заўтрашні дзень, таму што захварэў яго сын адзіны… Паслаў Усяслаў ладдзі воінскія за разбойнікамі, толькі ці дагоняць іх, невядома, а з казны трэба куны плаціць готам, каб няславу загладзіць.

Толькі пад раніцу вызваліўся ён. Едучы дадому, спыніўся каля Палоты — вымыцца халоднай вадою, каб прагнаць стому. Роснай травой пайшоў напрасткі да ракі, здымаючы каптан і меч, з якім не разлучаўся. А калі падышоў да Палоты, убачыў у скупым перадсвітальным змроку блізка ля сябе жаночую постаць. Ці чараўніца гэта, ці беражніца [15] ці віслена [16], што сп'яну заблудзілася?

— Гэй, хто там? — крыкнуў нягучна.

Грыдні імгненна кінуліся туды, па хаду вымаючы мячы, быццам магла адзінокая жанчына зрабіць што ліхое князю. I тады пачуўся голас, ад якога здрыганулася ў ім сэрца:

— Гэта я, Расанка, гаспадзін! Скажы грыдням, каб не краналі мяне.

— Назад! — крыкнуў ён, і грыдні, як ганчакі, паслухмяна адступілі пазад.

— Што ты тут робіш? — сурова запытаўся ён, калі дзяўчына падышла бліжэй. — Ведаеш сама, што валхваваннем і чараўніцтвам забаронена займацца. I я не выратую, калі ўзбурыцца епіскап, дый не хачу з ім сварыцца — пакуль, хаця і кіеўскі ён прыхвасцень. Ды што табе казаць пра гэта!

— Чаму ж, я разумею, — сказала яна працяжна. — Я разумею, але не валхваваннем займаюся. Траву вось нясу хворым.

Яна паказала вязку жаўтаватых кветак. Моцныя, упартыя іх сцябліны былі звязаны лутохай — ліповай карой.

— Бачыш, якая. А лячыць трэба да ўсходу Ярылы, іначай сілу сваю згубіць.

— Што ж гэта за трава? — Усяслаў нагнуўся, спрабуючы разгледзець яе.

— Кроў спыняе, печань супакойвае і крывавыя паносы сцішае. Многае яна можа, — адказала Расанка. Яна нахілілася, паправіла лычак [17]. — Замерзла. Ногі мокрыя.

— Здалёку ішла?

— Здалёку.

— А адкуль?

Яна змоўчала.

— Баішся, што капішча тваё епіскапу выдам?

— Баюся, княжа, — проста сказала Расанка.

— А хворы хоць хто?

— Сын тысяцкага, Івор.

— Тысяцкі цябе запрашае?! — не паверыў Усяслаў.— Лекару майму не давярае, а да цябе звяртаецца?

— Не сварыся на яго, княжа. Ведаў ён бацьку майго і, хаця хрысціўся ў царкве, Перуну ахвяры прыносіць, як і раней.

— Цяжка тут епіскапу, — чамусьці ўздыхнуў Усяслаў.— I мне цяжка…

— Епіскап тут чужы, а ты свой. Людзі табе давяраюць. Чакаюць ад цябе, што лягчэй жыць ім стане.

— Хіба мала раблю для княства Полацкага?

— Мала, княжа, мала. Палюддзе не зменшыў ты, а павялічыў…

— Калі ў казне грошай не будзе, кожны, хто захоча, княства заваюе. Яраславічы даўно на Полацак глядзяць прагнымі вачыма, наўгародцы таксама толькі і чакаюць, калі за паходы Брачыслававы могуць з намі сквітацца.

— Той, хто пад лазінай цівуна з ранку да вечара працуе, каго купцы імянітыя палююць ды на кірмашы ў хазарскую сталіцу вывозяць за рабоў, таму трэба надрывацца яшчэ болей, і канца гэтаму няма…

— Твая праўда, але для таго, каб разбой купцоў перапыніць, каб яны дзяўчат нашых на рынкі да балгар і арабаў не вывозілі, трэба веча браць жалезнай рукой. А каб руку адзець у жалеза, і грошы, і ўлада патрэбныя.

— I жалезнае сэрца, — ціха дадала Расанка.

— I жалезнае сэрца! — з выклікам сказаў Усяслаў.

Яны замаўчалі. Але стаялі побач, як нерухомыя, быццам чакалі нечага.

…Адчуваў ён, што не так ідзе гаворка, якую чакаў, сам таго не ўсведамляючы. Лягчэй было яму на ўсім скаку, цеціву нацягваючы, страляць у імклівага звера, мечам рубіць торкаў падчас бою, чым гаварыць з гэтаю дзяўчынай. А тым часам зусім пасвятлела, і мільёнамі іскрынак засвяцілася на лузе раса. Чырвонае, вялізнае, плаўна ўставала пад небакраем сонца.

— Прыгожа ў нас, — смутак загучаў у голасе Расанкі.— Як прыгожа! Ніколі, здаецца, не магла наглядзецца на вакольнае. Травы якія! Усе розныя — і кветкі, і лісты.

— I ты ўсе іх ведаеш?

— Не, не ўсе. Многія нават не бачыла. А чула ад бацькі пра Перуноў цвет, ці разрыў-траву. Кажуць — калі прыкласці яе да зачыненых дзвярэй ці замка — тут жа разляцяцца яны на часткі. А кінуць у кузню — і не зможа ніводзін каваль працаваць, бо не слухаецца яго жалеза. Цікава было б паглядзець на гэта!

Яе твар стаў зусім дзіцячым, шэрыя вочы заіскрыліся смехам.

А сонца тым часам усё паднімалася, і тады яна як схамянулася, войкнула:

— Усё, не паспела! Прыйдзецца вечарам траву даваць. Як бы горай за дзень Івору не стала.

— Мая віна, таму зараз жа пашлю свайго грэка да тысяцкага.

— Толькі не кажы, што мяне бачыў!

— Не скажу. Не буду яго палохаць. Хай думае, што нічога не ведае князь.

I яна, як быццам чакала гэтыя словы, павярнулася і пайшла назад, да вербаў, што нізка схіліліся над Палотай.

— Ці прыйдзеш у княжацкі палац? — услед за ёй запытаўся Усяслаў.

— Можа, і прыйду. Не ведаю сама пакуль што… Яна знікла за вербамі, як быццам і не стаяла тут, не гаварыла з ім. Грыдні ціха хаваліся за недалёкімі бярозамі, чакалі, калі пакліча іх князь. А ён усё не клікаў, усё глядзеў услед Расанцы…

Не ведаў ён, што бачыць яе апошні раз. Паехаў у пагароддзе, а вярнуўся і пачуў, што загадаў епіскап гнаць з Полацака валхвоў і валхвіц, але спачатку білі іх лазінамі перад драўлянай Сафіяй і трымалі з ранку да ранку на плошчы, каб кожны мог падысці і плюнуць у твар, калі захоча. Але не знайшлося такіх, толькі п'яны ад брагі баярын Зюзя хацеў перацягнуць кнутом дачку Крыве-Крывейты, ды тут жа аднялася ў яго рука…

I пайшлі валхвы ў цёмныя лясы, што абкружалі непраходнай сцяной Полацак. I недзе там знікла, як згінула, Расанка…