Ольга Ипатова – Перакат (страница 50)
Гаспадар, надзіва гасцям, пакорліва падняўся і паслухмяна пайшоў да дзвярэй.
— Чаго ён баіцца чыжа гэтага? — гучна запытаўся адзін з грыдняў у Чарэні. Той спалохана замахаў на яго рукамі:
— Цішэй ты!
Чырвоны яго твар з памутнелымі ад брагі вачыма крыху пабляднеў. Усяслаў здзівіўся.
— Што з табой? — строга запытаўся ў Чарэні, які нават адышоўся далей ад дзяўчыны, нібы баючыся, што яна незнарок закране яго падолам доўгай сукенкі.
— Ды яна, — касавурачыся на гаспадыню, нібы чакаючы ад яе падтрымкі, паказаў на дзяўчыну, — мела бацьку валхва, і той перад смерцю ўсё ёй перадаў. Ды яшчэ як перадаў!
— Брат Няжылы валхваваў?
— Не, не брат… Сястра Няжылы парадзіла яе вось, — ён паказаў на Расанку, — ад валхва і памерла, пры родах яшчэ. Тады той забраў дачку — і ў лес. А пасля ўжо, як памёр, прасіў, каб забраў Няжыла яе да сябе. Не хацеў, бач, каб і яна валхвавала. Баяўся за яе.
— Правільна баяўся. Не паганскаю верай моцны Полацак, таму яшчэ бацька мой, Брачыслаў, загадаў, каб знішчалі паўсёдна капішчы Перуновыя! — ссунуў бровы Усяслаў.
— А сам ты, княжа, ці не ад свяшчэннага змея народжаны? — ціха спыталася ад печы Расанка, і ястраб, што драмаў на яе плячы, устрапянуўся, адкрыў круглыя бліскучыя вочы.
— Казкі гэта! — стукнуў на стале Усяслаў.— Казкі! Не можа ад змея раджаць жанчына! I бацька мой Брачыслаў караў усякага, хто асмельваўся казаць гэта!
— Як жа не можа? — па-ранейшаму ціха загаварыла Расанка. — А цар Іскандэр Двурогі? Сама прызнавалася маці яго Алімпія, і зпаменні ёй былі перад нараджэннем. Тое ж і тваёй маці было. Будзеш і ты праслаўлены, і імя тваё перажыве летапісы… Бацька мне гэта казаў, і ты вёдаеш яго — Крыве-Крывейта! — ціха гаварыла яна, але глыбокае перакананне было ў голасе, і гэткай жа перакапапасцю дыхала ўся яе кволая постаць. А апошнія словы ўдарылі яго, як молатам. Упершыню сумеўся Усяслаў. Зусім нядаўна бачыў ён сон — сон пра тое, што было калісьці, і ў сне ўспаміналася ўсё так ярка, выразна, нібыта зноў быў ён маленькім хлапчанём, якога вядзе за руку высокая, статная жанчына з залатым абручом вакол пукатага лба, з залатымі наручамі і ў сукенцы, затканай сярэбранымі нітамі. Ён ведае, што гэта — маці. Вакол магутныя дубы, і рэчка віецца побач — яна далей зліваецца з другою ракой, вялікай і імклівай. Толькі тая, вялікая, — цёмная, магутная, а гэтая светлая і празрыстая да самага дна, і светлыя водбліскі ад сонца, што іграе ў рацэ, кладуцца на вялізны каменны храм Перуна. Ён ведае гэты храм, ён помніць яго — і чырвоныя глыбы, навекі ўрослыя ў сцяну, і зубрыныя рогі над уваходам. Рогі быкоў, зуброў, аленяў вісяць і над ахвярнікам, на першай прыступцы перад якім гарыць агонь. Агонь, як растлумачыў ім суровы, з пасечаным тварам галоўны жрэц, гарыць і на вяршыні ахвярніка, толькі там ён ніколі не згасае, а тут, унізе, гарыць на той прыступцы, якая пазначана знакам, у які ўваходзіць на сённяшні дзень Ярыла. Ён помніць і гэтыя знакі на прыступках — на адной намаляваны танканогі алень, на другой — рак, і дзева, і чалавек, які ліе ваду з агромністага гляка… I ў круглай вежы з чырвонай цэглы зноў сядзіць той самы жрэц, што назірае за Ярылам: — з самага ранку да позняе начы, калі садзіцца Ярыла ў сваю нябесную ладдзю. А пасля галоўны жрэц бярэ Усяслава за руку — о, якая халодная, якая магутная рука ў вешчбіта! — I вядзе ўніз па каменных прыступках. Недзе з цемры вынырае яшчэ адзін жрэц, ён падае Усяславу смаляны корч, і яны ўсе трое, трымаючы запаленыя карчы, спускаюцца ў падзямелле! Помніцца, як страшна было яму, але ён ідзе паслухмяна і там, у падзямеллі, бачыць вялізную змяю, што абвілася вакол каменнага слупа. Гэта — свяшчэнны Змей. Ён шыпіць, высоўваючы доўгі тонкі язык, і Усяслаў, як тады, уздрыгвае, але нават не спрабуе вырваць сваю руку з магутнай халоднай далоні жраца… Крыве-Крывейта клікалі яго…
О, як даўно гэта было! Няма цяпер храма Перуна, няма старога жраца. Толькі ў апоншія гады свайго жыцця асмеліўся Брачыслаў зруйнаваць храм, і то пасля выгаднага саюзу з Кіевам, калі надта ўзмацнела яго ўлада і сіла. Усё жыццё марыў ён зрабіць гэта, каб навекі згінула выдумка пра тое, што жонка яго, прыгажуня Звеніслава, нарадзіла сына ад змея, ад валхвавання, а яшчэ — каб уладаром зямлі Полацкай быў толькі ён — адзіны. Кажуць, стагнала зямля, калі руйнавалі храм — спачатку развялі пад чырвонымі вежамі вогнішча, а пасля лілі на распаленыя глыбы ледзяную, крынічную ваду. Крыве-Крывейту не забілі — недзе бясследна згінуў ён. I вось, аказваецца, не прапала яго семя, узрасло гэтай шчуплай дзеўчынай з глыбокім грудным голасам, і дзе ўзрасло — у хаце памытчыка Няжылы!
— Чаму я не ведаў дасюль гэтага? — сурова запытаўся ён у гаспадара, які, калоцячыся ад страху, стаяў у дзвярах — у чыстай белай кашулі, з тварам, на якім былі бачныя толькі выцвілыя, цяпер чорныя ад жаху вочы.
— Адзіная пляменніца мая, — мармытаў Няжыла, — адзіная! А ты б забіў яе, княжа, як загадалі забіць Крыве-Крывейту. А гэта грэх, грэх вялікі! Не простая яна дзяўчына. Жыццё і смерць прадказвае, жывое ратуе. Нядаўна вылечыла ад смерці майстра Радзіма, а шклавару Абсею прадракла тры тыдні мучэнняў вялікіх, перш чым памрэ ён. I што ж — усё спраўдзілася! Крыкам крычаў ён, не паспявала жонка паіць макавым адварам, каб трохі лягчэй было!
— То, можа, і мне скажаш, ці доўга жыць буду? — пільна ўглядаючыся ў Расанку, спытаў Усяслаў.
Яна кіўнула Няжыле, на хаду перадала яму заснуўшага ястраба. Той схапіў конус-пялёнку дрыжачымі рукамі, захадзіў па хаце. Грыдні, з якіх даўно саскочыў хмель, амаль не дыхаючы, глядзелі на ўсё, што адбывалася ў хаце.
Дзяўчына падышла да Усяслава, узяла яго за руку, быццам слухаючы, як магутна ідзе па жылах кроў-руда, як стукае сэрца. Доўга ўглядалася ў вочы. Ведаў Усяслаў, што погляд яго прымушае людзей баязлівых затрымцець, як у ліхаманцы, а смелых — уздрыгнуць, апусціць вочы, але тут адчуў ён у чорных, крыху пашыраных зрэнках Расанкі сілу, што была непадуладная яму.
— Праўдусказаў бацька: жыць табе і жыць! — крыху сумна сказала яна.
— А табе? — ужо весела запытаўся Усяслаў.
— Мне? — яна задумалася. — Мне нядоўга адпушчана. Твайго жыцця на шэсць маіх хопіць…
Сустрэліся іх погляды зноў — і першым апусціў вочы Усяслаў. Ніколі гэтага не бывала раней. Ці таму, што праўду адчуў у яе словах, ці таму, што стаміўся на паляванні. Відаць, сапраўды стаміўся…
— Паехалі! — загадаў ён грыдням. — А ты рыхтуйся да вяселля!
Гаспадар дагодліва сагнуўся ля дзвярэй. Баяўся ён Усяслава, надта баяўся. Тросся сёння і за дачку і за пляменніцу. Але, хвала багам, усё, здаецца, абышлося. А вяселле… Ну што ж, Чарэня не самы горшы жаніх. Спадзяваўся хітры Няжыла на баярскага ці, на крайні выпадак, на купецкага сына, але і княжацкі сакольнічы — не апошняя спіца ў калясніцы…
Грыдні мігам падхапіліся з-за стала.
— А ты куды? — спыпіў Усяслаў Расанку, якая, накінуўшы на сябе цёмны суконны плашч, таксама заспяшалася да дзвярэй.
— Спазнілася я з-за вас сёння, бачыш, вунь Чагір пахаладнела, раса выпала!
— Варажбой пойдзеш займацца? А ведаеш, што за гэта можа быць?
— Епіскап на плошчы праклён прачытае? — Яна ледзьве ўсміхнулася. — Што мне тыя праклёны, калі са мною зоркі гавораць?
— Самі зоркі? — насмешліва сказаў Усяслаў.— Ці не многа бярэш на сябе, дачка Крыве-Крывейты? Можа, табе мужа добрага пашукаць, каб забылася ты на глупствы, каб добрых дзяцей раджала? Колькі гадоў табе?
— Калі вялікі голад быў, сонца спаліла рунь — ці памятаеш расказы, якія знаменні былі?
— Калі неба расчынілася і воін на чырвоным кані ва ўсе бакі быў відзён?
— Дапраўды так. Вось у той год нарадзілася я.
— Тады, значыць, табе… Шаснаццаць — і не маеш мужа?!
Бліснулі белыя, як часначынкі, зубы. Твар Расанкі з упалымі шчокамі пакруглеў, шэрыя вочы заіскрыліся:
— Сокал мне не суджаны, а певень нашто? Вось такі! — яна кіўнула на Чарэню. Той уздрыгнуў, але нічога не сказаў. Затое азвалася Маліна. Выступіла, нібы закрываючы яго сваім целам.
— Певень-певень, але яго і наўе [10] баіцца!
— Твая праўда! — ласкава зірнула на яе Расанка. — Даруй, што жаніха пакрыўдзіла. Затое слухай вось што: што сёння возьмеш — да скону тваё будзе. Глядзі толькі ў расе ногі не вымачы, бачыш, ветах які яркі!
Ад гэтых слоў нават бясстрашная Маліна адступіла назад, а гаспадыня спалохана схапіла яе за руку, нібыта баялася, што сапраўды пойдзе дачка пад ветах, памочыць ногі ў расе і шчасце сваё тым загубіць. Але тая вырвалася, падышла да Чарэні, ласкава ўсміхпулася яму:
— Не бойся Расанкі. Яна добрая. Два гады жыву ў адной хаце, а зла яшчэ ад яе не бачыла.
— I не ўбачыш. Пайду я хутка ад вас, не стану перашкаджаць. — Расана шчыльней загарнулася ў плашч. — Дзякуй, княжа, за тое, што не стаў мяне судзіць-вязаць, як усюды цяпер валхвоў судзяць. Казала яму, — кіўнула яна на Няжылу, — каб не баяўся цябе, не будзеш ты на яго гневацца, што сірату прывеціў. Не паверыў, відаць, дзядзька: да апошняй хвіліны тросся…
— За цябе ж тросся, — прамармытаў Няжыла, задам адступаючы да дзвярэй, каб даць дарогу князю і яго грыдням.
Цёмна было ўжо на дварэ, і толькі буйныя зоркі высыпалі пад Дзвіною. Грыдні запалілі лучыны, але Усяслаў загадаў ім патушыць агонь. Коні мерна хрумсталі аўсом, цярпліва чакалі гаспадароў. Драмалі вуліцы, толькі ў рэдкіх хатах там-сям мільгалі слабыя водбліскі святла ды ў княжацкіх харомах свяціліся вокны грыдніцы і святліц — там чакалі гаспадара. Драўляныя цэрквы цямнелі тонкімі абрысамі шатаў, узвышаючыся над горадам, вокны епіскапскага палаца былі расчынены, адзінока гарэла свяча — відаць, епіскап рыхтаваўся да заўтрашняй казані.