18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 5)

18

У каморы было пуста, толькі на адзінокім ложку, на шэрай пацёртай коўдры, цямнела невялічкая яміна, ды на распяцці, што вісела над ложкам, вісела, скручаттая, белая анучка. Алена пазнала яе у белую тую пялёнку яна штодзённа закручвала Васілька, а ноччу мыла яе, бо ў яе было ўсяго дзве пялёнкі, і раніцай гладзіла качалкай. Васілька не было. Яна хутка выйшла ў двор. Але там было пустэльна, як быццам толькі што дайшла да сцен то шумлівая, то сцішапая людская хваля, якая ўжо гаманіла недзе побач. Тады Алена заспяшалася да старожкі.

Сястра Антоля была там. Бледны, спалоханы яе твар яшчэ болей здранцвеў, калі яна ўбачыла Алену.

— Дзе Васілёк? — задыхнуўшыся, яна глядзела, як сястра Антоля павольна, з жахам, адступала прэч, як, дакрануўшыся спіной да сцяпы, яна сцялася, неяк дзіўна ўліпаючы ў белую тынкоўку.

— Васілёк! — ужо дзіка закрычала Алена. Яна ўварвалася ў старожку і, не думаючы, не цямячы ўжо нічога, учапілася ў белы накрухмалены нагруднік брамніцы.

— Н-не ведаю… — ледзь прагаварыла тая, зусім палатнеючы ад страху, мышыныя вочкі яе бегалі, яна нізка апускала галаву. Але, сціснутая за горла чэпкімі Аленінымі рукамі, загаварыла, вочы яе выпучыліся, яна задыхалася:

— Не вінаватая я… Не вінаватая, Езусам клянуся… Я гаварыла ёй… Яна прымусіла… Семя бальшавіцкае не павінна жыць… Госпад нас пакінуў, таму што мы не ваявалі, а прымалі дотык сатанінскі…

«Яна…» Алена зразумела гэта адразу тым звярыным, пахлынуўшым на яе, замест розуму і развагі, інстынктам, які сёння замяніў ёй свядомасць, як зразумела і тое, што Васілька няма. Свет паваліўся на яе — агромністы, чорны, як ноч, смяротны холад ахутаў душу.

— Дзе яна? — прахрыпела яна.

— Паехала… — таксама хрынучы, адказала брамніца. — Усе паехалі… I ігумення, і ксёндз… Чырвоныя ж ідуць… З Усходу…

…Хвалі перакідваліся за сцяну, аглушалі ціхі манастырскі двор. Недзе побач тупацелі сотні ног. Нейчы голас закрычаў «ура!», крык падхапілі. Скрозь расчыненую браму было відно, як ішлі танкі, за імі — загарэлыя хлопцы ў чырвонаармейскіх гімнасцёрках. Падалі восеньскія астры, півоні. Маладыя твары ўсміхаліся. Нейкая дзяўчына ў вышытай кофтачцы перабегла дарогу, абхапіла тонкімі рукамі шыю салдата. Вакол спачувальна засмяяліся. Чутно было, як непадалёк, недзе каля моста, усё яшчэ ішоў бой. Са званіцы касцёла, што быў пры кляштары, грымнуў стрэл, за ім другі. Маладзенькі салдат у сярэдзіне калоны вохнуў, скурчыўся, схапіўшыся за жывот. З-пад пальцаў яго паплыла ўніз кроў.

Алена павольна падняла галаву. Салдат, у канфедэратцы, у расшпіленым мундзіры, схіліўшыся над парэнчамі званіцы, зноў цэліўся ўніз. Вецер трапаў ягоныя валасы. Знізу грымнуў стрэл. Салдат зверху нялоўка павярнуўся, на імгненне павіс на поручнях, пасля цяжка рухнуў на адпаліраваныя пліты двара. Да брамы кінуліся чырвонаармейцы, кулі засвісталі каля іх — на звоніцы яшчэ нехта хаваўся. Адзін з чырвонаармейцаў упаў, другі, адбегшы ў старожку, падняў вінтоўку. Глуха гахнула, белым воблачкам паднялася ўверсе штукатурка.

Алена раўнадушна глядзела навокал. Пасля позірк яе, скамянелы і быццам сонны, спыніўся на вінтоўцы, што была ў руках чырвонаармейца. Ён, зорка гледзячы ўверх, старанна цэліўся. Яна бачыла стрыжаную патыліцу, мокрую ад поту кашулю, што пабялела на лапатках, чорны ствол вінтоўкі, што намацваў там, уверсе, нечае жыццё. Яна не адвяла ад чорнай рулі позірку і тады, калі, некалькі хвілін углядаючыся ў замоўклую званіцу, чырвонаармеец заўважыў яе і, з палёгкаю ўсміхнуўшыся, падміргнуў зеленаватым вокам, на які падаў пышны бялявы чуб:

— Укокал паразіта, га?

Яна, не зразумеўшы, маўчала. Чырвонаармеец, ускінуўшы вінтоўку на плячо, запытаўся:

— Нешта ты не падобная па манашку. Ты адсюль? Алена адмоўна паківала галавою — цяжкай, непаслухмянай.

— А чаго тут сядзіш?

— Сына майго тут забілі,— глуха прагаварыла Алена, ірвануўшы з галавы хустку. — Вось тут якраз. Са званіцы скінулі. Бачыш, пляма вунь?

Яна гаварыла, не верачы ў тое, што вымаўлялі вусны. Усё, нават словы, што выціскала яна з сябе, было ненатуральнае, як быццам гаварыла і рухалася за яе нейкая іншая сіла, нехта вымаўляў тыя словы і рабіў тыя рухі.

— Сына? — недаўменна агледзеў яе чырвонаармеец. — Маладая ты нібыта.

Яна сціснула вусны, паглядзела яму прама ў вочы. Ён апусціў галаву, падумаў.

— А ідзём з намі, калі ў цябе тут нікога няма. А з гэтымі,— ён кіўнуў на кляштар, — мы пасля разбяромся. Сваіх паклічу, калі што. Ну?

Сястра Антоля спалохана цікавала са старожкі. На двары было пуста, нібыта ніколі не ступала тут чалавечая нага. Па белай штукатурцы званіцы зверху павольна сцякаў струменьчык крыві.

Алена ўстала.

— А страляць навучыш? — запыталася яна раптам.

— Чаго, чаго? — не зразумеў ён.

— З вінтоўкі страляць. Во з такой.

Яна працягнула руку, чырвонаармеец крыху павагаўся, даў ёй вінтоўку. Няўмела трымаючы яе і крыху пабойваючыся, Алена зрабіла крок наперад.

— Крыху абвыкнеш — будзеш страляць як снайпер! — адабральна кіўнуў баец. — А то лепей за повара пойдзеш. У нас якраз аднаго забіла, на дурніцу неяк. Ды не бойся! Пагавару з камандзірам, як ты пацярпеўшая ад гэтых гадаў. У крыўду не дамо болей!

…У маі наступнага года да невялікага сельскага касцёла, з узорыстымі вітражамі, тонкімі гатычнымі вежамі, збудаванымі з шэрага каменю з ружовымі пражылкамі, і раскошнай, хаця крыху аляпістай ляпнінай унутры, пад'ехала фурманка. Два чалавекі сядзелі ў ёй — раённы ўпаўнаважаны НКВД і жанчына ў цёмнай шарсцяной спадніцы, у шэрай вязанай кофце. На маладых скуластых яе шчоках не было ні крывінкі, вялікія зеленаватыя вочы блішчалі. Яна скочыла з фурманкі лёгкім, пругкім рухам, кінула лейцы спадарожніку.

— Пасядзіце тут.

— Глядзі, Алена! Лепей пойдзем удваіх. Сама ведаеш… — пачаў быў упаўнаважаны — малады хмурны хлопец з густымі бровамі, што сыходзіліся ў адну лінію, у цёмным пінжаку і кашулі, што была зашпілена на ўсе гузікі да самага горла.

— А вы не турбуйцеся, Барысавіч. Я ж — загавораная! — нядобра ўсміхнуўшыся, Алена пайшла да касцёла па мяккай маладой траве, цвёрда, але пругка ставячы ногі ў карычневых паўбоціках. Яна спакойна прайшла ў цемру касцёла, на імгненне прыжмурылася, але тут жа зоркія яе вочы агледзелі калоны з пазалочанымі завіткамі і ўзорамі, прытворы і прастору перад алтаром, што ішла ў падкупальную вышыню, і спынілася каля далёкай калоны, дзе, схіліўшыся перад постаццю Езуса, высокая стройная жанчына ў цёмным збірала агаркі ад свечак. Толькі што, відаць, скончылася служба, у невялікім памяшканні было задушліва, пахла ладанам, воскам і чалавечым потам. Пачуўшы крокі, нязвыкла ўпэўненыя тут, звонкія, яна падняла галаву, пасля рэзка выпрасталася, трымаючы ў руках жоўценькія, падталыя свечачкі.

— Што, думала, не знойдзем цябе?

Жанчына не адказала. Яна толькі азірнулася назад, але Алена апярэдзіла яе.

— Зараз не ўцячэш. Ідзі!

Жанчына нялоўка, з намаганнем, каўтанула сліну. Яна была па-ранейшаму прывабнаю, толькі пад вачыма залеглі сінія ценпі ды крыху апусціліся куткі тонкіх вуснаў, і каля іх прарэзаліся тоненькія, але дужа прыкметныя маршчынкі.

— Ну, што стаіш?

Высока, на хорах, музыкант, відаць, спрабуючы інструмент, націсііуў на педаль, і працяжны, адзінокі гук прымусіў уздрыгнуць абедзвюх жанчын.

Феліцыя Прыбыловіч яшчэ пастаяла. Рука яе расціснулася, два камякі сутаргава змятага воску пляспуліся па каменную падлогу. Яна хутка павярнулася, пакрочыла да выхаду.

Свежы яркі пясок на сцежачцы быў крыху вільготны, жоўты, клёны каля касцёла толькі распусцілі свае востранькія лісты, праз кволую зеляніну былі бачныя карычневыя галіны. Барысавіч стаяў каля фурманкі, з трывогай гледзячы на дзверы касцёла. Убачыўшы жанчын, ён адвярнуўся і стаў узбіваць ляжалую салому, нацягваючы на яе каляровую посцілку. Алена падвяла сваю палонную да фурманкі.

— Сядай, — паказала на сярэдзіну.

Тая павагалася. Барысавіч памкнуўся да яе, як быццам збіраючыся памагчы, яна пагардліва апякла яго позіркам, лоўка падскочыла, пасля перакінула ногі, акуратна абярнуўшы іх доўгай сукняй. Мужчына крактануў, павольна ўзлез на воз следам і прамармытаў сам сабе:

— Ну і. мамзелька!

Пасля, крыху пакрыўджаны яе пагардлівым позіркам, заўважыў:

— Гляджу, не вельмі баіцёся? А дарма. За такія штукі не пагладзяць па галоўцы, — ён кіўнуў на Алену. — Дый вам і дзіцяці мала. Чулі, як вы тут супраць улады стараецеся…

Феліцыя Прыбыловіч павольна прагаварыла, прама, не міргаючы, гледзячы перад сабой:

— Вы чалавечы суд будзеце нада мной тварыць. А я божы суд рабіла…

Сказаўшы гэта, яна выпрасталася ў фурманцы і паволыіа склала рукі на грудзях. Твар яе паружавеў, ён зноў быў такім, як калісьці — уладным, пагардлівым, і нават прыгажосць на момант вярнулася да яго — тая сытая, холеная прыгажосць, якая і адна ўжо давала адчуванне абранасці і няпростасці гэтай жанчыны.

Алена не адрывала ад яе позірку, не заўважаючы, што конь, стаміўшыся стаяць, паціху пайшоў наперад.

— Ну што, трэба рухацца! — нічога не адказаўшы, прагаварыў упаўнаважаны. — Давай я сяду наперад, а то банды тут к ночы пагульваюць.

Ён пацягнуўся да лейцаў, але Алена спыніла яго.

— Божы суд, значыць? — вымавіла яна. — Божы, кажаш? Уставай!

— Ты куды? — застыла рука ўпаўнаважанага. Але тая тузанула Феліцыю, прымусіўшы яе сысці з фурманкі.