18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 7)

18

Неўзабаве ён запісаўся ў групу па каратэ, якую вёў франтаваты трэнер-самавучка, і менавіта там прайшоў першыя ўрокі невядомай для недасведчаных этыкі, якая гаварыла, што калі ты моцны, то пляваць на ўсіх астатніх, і гэтак жа пляваць, калі ты добра апрануты. Якая прыстойная дзяўчына пойдзе з няўклюдам, у якога штаны як макароніны, і белы шалік вытыркаецца з пінжака, і няма ніводнай шмоткі. з ішпаскай наклейкай — як гаварылі вакол, «фірмовай»? I хаця, праходзячы па вуліцы з групай сваіх каратыстаў, Васіль адчуваў нялоўкасць ад таго, што гавораць пра акружаючых гэтыя добра апранутыя, сытыя, дагледжаныя юнакі, тым не менш на душы было і іншае — задавальненне ад таго, што яго прымаюць як роўнага, шчымлівая радасць ад таго, што і ты дасягнуў нечага — чаго, Васіль не змог бы сабе адказаць, але ён добра ўсведамляў, што дасягнуў. I самым галоўным з усяго дасягнутага было знаёмства, а пасля і цеснае сяброўства з Верачкай.

Верачка была якраз такая, якую малююць на этыкетках, паказваюць у часопісах модаў: тонкая худая постаць, на якой «шыкоўна» ляжала ўсялякая рэч, будзь гэта пават нешта падобнае да мяшка, у якім носяць бульбу, толькі мяшка новага і ўпрыгожанага вышыўкай. Доўгія русыя валасы ў яе былі заўсёды распушчаныя па плячах і падалі маляўнічымі пасмамі на вочы і выраз кофтачкі. Былі ў яе таксама светлыя, крыху здзіўленыя круглыя бровы і вялікія наіўныя вочы, да якіх вельмі пасавалі таўставатыя вусны вялікага вішнёвага рота. Вочы і рот — гэта было самае адметнае ў Верачкі, хаця за наіўнасцю блакітных вачэй хаваўся і другі выраз — цвярозы, жорсткі, ад якога нішто не магло ўтаіцца — ні цана сукенкі ці. спадніцы, ні крой, які імітаваў фірму, але фірмовым не быў, ні спроба падрабіцца пад тое, дарагое, недаступнае, ува што была апранутая сама Верачка.

Калі Васіль убачыў яе першы раз на дыскатэцы, дзе яна лёгка і грацыёзна тупала маленькімі зграбнымі ножкамі і нешта спявала, хутка варушачы гэтымі сваімі пульхнымі вуснамі, яго нібыта працяла. Ён дачакаўся, пакуль ад яе адыдзе партнёр, і запрасіў дзяўчыну на танец. Верачка зірнула на яго — і Васіль раптам убачыў сябе яе вачамі: звычайны хлопец, якіх тысячы, мільёны, апрануты так сабе — з магазіна гатовага адзення, у пінжак і штаны, і кашуля тая ж, што і на ўсіх. А вось яна — незвычайная. «Ох і прыгажуня!» — думаў ён. Васіль не ведаў: заваблівасць Верачкі не мела нічога агульнага з той чалавечай непаўторнасцю, якая толькі і робіць прыгожым любы твар. Яна якраз была з тых дзяўчат, чые ўсмешкі і вочы глядзелі з рэкламных праспектаў пра зубную пасту і шампунь, з часопісаў мод, безліч разоў паўтараючы адна адну. Адкуль было яму ведаць, што якраз пазнавальнасць, прыналежнасць яе да нечага яркага, заваблівага і павялі яго сэрца насустрач Верачцы! Такой дзяўчынай можна было пахваліцца ў тым коле, чыёй думкай ён так даражыў. Але, калі б пехта сказаў Васілю, што менавіта гэта і адурманіла яму голаў, ён, хутчэй за ўсё, раззлаваўся б на таго чалавека, пакрыўдзіўся б да самай глыбіні душы. Яму помнілася толькі, што там, у зале, у святле, што косымі палосамі матлялася па паркетнай падлозе, выхопліваючы разгарачаныя маладыя твары, у грукаце аглушальнай музыкі, у атмасферы бяздумнай весялосці ён таксама стаў дураслівым, лёгкім, як малады шчанюк, і хмель нечаканай свабоды ўдарыў у галаву, робячы ўсё вакол ружова-радасным, таямнічым і вабным. Таму, калі Верачка, усміхнуўшыся, падала яму руку і разам увайшла ў гэтае мігценне, грукат і ўладны рытм, які адразу ж завіхурыў, павёў за сабой, ён адчуў: вось яно, тое, сапраўднае!

З таго часу I закруціла яго, панесла маладая, уладная хваля, і не заставалася часу ні на што іншае. Ён прывозіў фотакарткі Верачкі — яы разам у Брэсце, ля мемарыяла, яны побач у Прыбалтыцы. У выхадныя ён амаль заўсёды некуды ездзіў, трэба было многа грошай, і катастрафічна не хапала зарплаты, не хапала таго, што ўпотай аддавала яму маці, адрываючы ад сябе і Цімкі. У старэйшага Антося было ўжо двое дзяцей, і маці ён не дапамагаў. Васіль неяк папрасіў пазычыць у брата грошы — той адмовіў. Антось апошнім часам моцна касіўся на яго, Васіля, — не падабалася яму Верачка, як ён казаў, «мадама». Маці ж толькі моўчкі пазірала на аголеную, прыгожую, ганарлівую дзяўчыну і баязліва пыталася:

— Ну а бацькі ж яе — як яны цябе прымаюць?

— Нічога… — няпэўна адказваў Васіль, хаваючы, што Вераччына маці амаль не вітаецца з ім, а бацька абыякава кідае: «Здароў, малады чалавек!» — і моўчкі ідзе ў свой кабінет.

— Яны ж вялікія людзі…— казала маці, а Антось, калі чуў такую размову, крычаў:

— Падумаеш, дырэктар завода! А што наш Васіль, зломак? Што ён, горшы за іх?

— Не горшы, але ж…

— А яна лабарантка! — крычаў Антось. — Тэхнікум скончыла — дык што, цаца вялікая?

Васіль маўчаў. Ён не мог сказаць сваім, якім вялікім, незвычайным шчасцем былі для яго сустрэчы з Верачкай, якім дзівам здавалася, што яна, такая прывабная, шыкоўная, недаступная для ўсіх іншых, прыходзіць на спатканні, кахае яго… Калі ж яна нарэшце згадзілася на шлюб, ён колькі начэй не мог заснуць: усхопліваўся сярод ночы і, гледзячы на сіпяватае, няяснае мроіва за акном, даводзіў сабе, што гэта наяве — яна будзе ягонай жонкай!

Цімка ж, у адрозненне ад Антося, уважліва разглядаў фотакарткі, захоплена слухаў, як Васіль апісвае падарожжы, Верыччыны манеры, дыскатэку, куды яны ходзяць кожную суботу. Былі яны некалькі разоў і ў рэстаране, і калі Васіль назваў лічбу, якую заплаціў за адну толькі вячэру, маці вохнула, ашаломлена паківала галавой.

— А ці праўда, Васіль, — спытаўся неяк Цімка, — твая Верачка падобная да Каці?

— Каці? Якой Каці? — зняважліва запытаўся Васіль. Адно тое, што Верачку можна было да некага прыраўноўваць, здалося яму абразай.

— А і праўда, — згадзілася маці, углядаючыся ў фотакарткі,— Акурат наша Каця, ну тая, з універмага.

— Што школу летась закончыла? — успомніў Васіль. — А-а-а… Ну, тожа параўналі! Верачка… гэта…

— Можа, яна і не такая прыгожая, але ж падобная, — адстойвала сваё маці, кіруючыся, відаць, няясым жаданнем даказаць, што і тут, у пасёлку, ёсць не горшыя дзяўчаты. Ды Васіль не захацеў і слухаць таго, абарваў размову, перавёўшы яе на іншае.

Цяпер ён успамінаў: некалькі разоў быццам чуў ад маці, што Цімка надта ўлягае за Кацяй, але неяк не звяртаў на тое ўвагі, хаця нядобрае пачуццё да той дзяўчыны засталося. Затое аднойчы на танцпляцоўцы, калі Каця пайшла танцаваць з яго, Васілёвым, аднакласнікам Іванам, ён успомніў тую гаворку і пасмяяўся:

— Ну, Іван, ты выбраў сабе дзеўку!

— А што? — натапырыўся той.

— Ды паглядзі — ногі ў яе як палкі — тонкія! А губы? Як у негрыцянкі. Толькі дарма піжоніцца.

— Што з таго? — запярэчыў Іван, але размову слухалі другія хлопцы, і яму стала, відаць, брыдка, бо Кацю ён у той дзень болей не запрашаў. Васіль быў здаволены, гледзячы, як разгублена стаіць дзяўчына ля паркана — ягоная Верачка не стаяла б і хвіліны!

…А ноч усё цікавала за Васілём, і нешта пагрозліва-жудаснае падыходзіла да сэрца, калі ён думаў пра Цімку. Палосы святла выхоплівалі з цемры то стажок ля дарогі, то поле амаль спелай пшаніцы, то, аднойчы, зайца, які на імгненне застыў, аслеплены, а пасля шалёна сігануў некуды ўбок. Варушачы валасы, у машыну ляцела прахалоднае, напоўненае шчодрым ліпеньскім водарам паветра.

Ён яскрава ўспомніў той вечар на тапцпляцоўцы і дзяўчыну ў сінім кароткім плашчыку, якая па-сірочы стаяла ля вільготных дошак агароджы, раз-пораз кідаючы кароткія погляды ў бок хлопцаў. Успомніў і тое, як азіраўся на яе Іван — азіраўся, але болей, здаецца, так і не падышоў. Шалёная злосць паднімалася ў ім: яна, гэтая дзяўчына, вінаватая ў смерці Цімкі, і дарма ёй гэта не пройдзе! Што гэта быў за выбух, які асляпіў, абясколерыў для брата ўсё навокал, ператварыў дзень у ноч?! I ці варта была таго тая Каця! Ён у думках усё вяртаўся да яе, але не мог гляпуць на яе вачамі Цімкі, разгледзець у ёй пешта такое, што было даражэй жыцця. А калі б Верачка яго кінула, ці змог бы ён зрабіць такое? Ён гнаў гэтыя думкі — яны, як серная кіслата, раз'ядалі нешта дарагое. Якое ўсё ж страшнае, непаўторнае глупства зрабіў малодшы брат! I чаму, чаму яго, Васіля, не было побач? А можа, Цімку проста хацелася мець сваю Верачку — такую ж, як у старэйшага брата, і Каця, што падалася падобнай да яе, стала яму такой дарагой менавіта таму?!

Ён пераконваў сябе, што не вінаваты, што ёсць у яго права на ўласнае жыццё, але думкі тыя не прыносілі палёгкі. I з гэтым грузам невыноснай віны ён зайшоў у хату, убачыў маці, што не кінулася, як звычайна, насустрач, але, хістаючыся, устала і стаяла, пакуль ён сам не падышоў да яе, і тады ўпала яму на плячо і затрэслася ў рыданнях.

У хаце нічога як быццам не змянілася. Але і абрус на стале, і канапа, і посцілка на сцяне як быццам неслі на сабе адбітак разгубленасці, бяды, быццам з самой хаты вырвалі кавалак яе самой.

— Дзе ён? — запытаўся Васіль.

— У моргу, — ціха прашаптала маці, і зноў плечы яе затрымцелі.— Заўтра аддадуць. Рэжуць яго там…

Зноў як працяла Васіля — працяла болем і жахам перад безданню, куды пайшоў брат. Ён абняў маці за плечы, нібыта абараняючыся яе цяплом і тым родным, што яднала іх, ад холаду і пустэчы, на імгненне адчуў сябе маленькім хлопчыкам, якому самымі надзейнымі здаваліся мацярынскія рукі. Падышоў Антось і абняў іх, а цемра глядзела ў вокны, і толькі вялікі будзільнік на стале цікаў і цікаў, адлічваючы час…