Ольга Ипатова – Перакат (страница 9)
Затое цяпер, ідучы да школы і вяртаючыся дадому, ён запавольваў крокі, калі бачыў прадаўшчыцу, каля якой заўсёды тоўпіліся мужчыны. Адны таропка апаражнялі бакал за бакалам, другія ляніва смакталі піва, седзячы ў цяньку на бярвеннях.
Пінчук не любіў піва, ніколі не піў яго, але апошнім часам надта заваблівым стала здавацца яму гэтае лянівае мужчынскае безрабоцце. Мабыць, добра было вось так сядзець у цяньку, трымаючы вільготны келіх з цёмна-карычневаю вадкасцю. Няяркае сонца, што прабівалася скрозь сосны, запальвала на граненых баках келіха іскрынкі, прымушала свяціцца само піва. I аднойчы ён рашыўся: падышоў да бочкі, выстаяў невялікую чаргу і, працягнуўшы дробязь, атрымаў свой бакал. Ён глытнуў тут жа, каля бочкі, нібы саромеючыся вакольных, але нехта прымусіў яго пацясніцца: «Месца табе не хапае, ці што?» — і ён таропка папрасіў прабачэння, адышоў да агароджы, дзе ўладкаваліся мужчыны. Ніхто з іх не звяртаў асаблівай увагі на Пінчука — яны гаманілі пра міжнародную палітыку. Пасля размовы пайшлі пра апошні футболыты матч, нечаканы пройгрыш сталічнага «Дынама». Усчалася невялікая спрэчка. Пінчук, прыслухоўваючыся да гамонкі, адзінока стаяў убаку.
Прадаўшчыца, як заўсёды лоўка мяняючы бакалы і адгукаючыся на рэплікі мужчын, паглядала на Піпчука з лёгкай усмешкай, і ён разгубіўся — стаў таропка, глыток за глытком, піць прахалоднае піва, не адчуваючы смаку, а калі задыхнуўся і перавёў дыханне, убачыў — піва пралілося на светлыя штапы, вільготная палоска сцякала ўніз, па калене.
— Давайце я вытру, — сказала прадаўшчыца і, дастаўшы з кішэні насоўку, памкнулася да Пінчука.
— Не, дзякуй, я сам! — паспрабаваў ён адмовіцца, але яна лоўка, як усё, што рабіла, пахілілася да яго і, змачыўшы насоўку ў вадзе, стала хутка церці пляму.
— Высахне, пе заўважыце! — сказала яна, выпрамляючыся, і Пінчук убачыў на крышку выцягнутым угору носе кропелькі поту.
Мужчыны сачылі за імі, перастаўшы гаварыць пра палітыку, і Пінчуку здалося, што яны крыху зайздросцяць яму.
— За мной, Галечка, нябось, не стала б так завіхацца? — крыкнуў кучаравы хлопец у каляровай кашулі.
— Хай каля цябе жонка завіхаецца! — адказала яна весела, бліскаючы вачамі і лёгка сядаючы на гладкае сваё, пашарпанае ўжо крэсла.
Але Пінчук убачыў, што яна амаль непрыкметна правяла рукой па твары, як бы сціраючы з яго заклапочаную маршчынку паміж бровамі, і падумаў, што ёй, відаць, цяжка вось гэтак, дзень за днём, стаяць тут, на сонцы, адказваючы на жарцікі мужчын, а магчыма, і заляцанні.
Ен з непрыязнасцю паглядзеў на хлопца ў каляровай кашулі, адзначыў для сябе, да чаго непрыемны, нейкі сыты, увесь у вуграх ягоны твар. I на траве разваліўся так, як дома на канапе, і вочы нібыта зацягнуты тлустай плёнкай самазадаволенасці.
— А пра ягоную жонку чамусьці не ўспамінаеш? — азваліся збоку.
— А ў яго жонкі няма, — Галіна адказала гэта, не паварочваючы галавы, па-ранейшаму лоўка падстаўляючы пад карычневы струмень бліскучыя бакалы.
— З чаго вы ўзялі, што ў мяне няма жонкі? — запытаўся Пінчук, адчуўшы нечаканае раздражненне і разгубленасць.
Цяпер усе глядзелі на яго, ён адчуваў на сабе цікаўныя позіркі, як дотыкі, таму закарцела пайсці хутчэй адсюль, але пакінуць размову ён не мог.
— Ды ўжо ж адчуваю, — коратка адказала Галіна. Дадала, ледзь усміхнуўшыся: — Па вачах відно!
I, сціснуўшы ружовыя, ледзь падфарбаваныя вусны, адвярнулася, твар яе стаў халодным і непрыступным.
Патаптаўшыся, нібы чакаючы, што яна зноў паглядзіць на яго, Пінчук няёмка павярнуўся, пайшоў, пасля азірнуўся, каб хаця кіўнуць ёй галавой, развітацца, ці што… Але жанчына стаяла да яго спіпой. Ён паскорыў крокі, пабрыў па пяску, пасля, выбраўшыся па асфальт, зноў азірнуўся… На сэрцы зрабілася моташна ад думкі, што зараз прыйдзе ў няўтульную кватэру, якая некалі так радавала іх з Вандай і была напоўнена цяплом і згодай, а цяпер была нейкай прымоўклай, нібыта пакінула яе ранейшае цяпло — сям'і і жытла…
Не, ніколі но думалася раней Пінчуку, што ён можа застацца на белым свеце адзін, без Ванды, без яе раўнівай увагі, без кахання, што сагравала ў самыя цяжкія гады, калі яны, маладыя настаўнікі, жылі на прыватнай і ўласная жыллёвая плошча ўяўлялася, як мара, амаль нязбыўная. Тады яны з вялікімі цяжкасцямі «абарахляліся», як казаў Пінчук: збіралі грошы на мэблевы гарнітур, на шубу для Ванды і касцюм для яго, і кожная новая рэч прыносіла радасць, нібы падцвярджаючы, што яны пераадольваюць прыступку за прыступкай нейкай нябачанай, але адчувальнай лесвіцы.
Ванда любіла прыгожа апранацца, амаль усё шыла сабе сама. Праўда, нечаканыя яе жаданні часам істотна вырывалі з наладжанага бюджэту істотныя сумы. Але з цягам часу набывалі рэчы ўжо без намагання. У апошнія гады Ванда нават пачала крыху транжырыць грошы, у яе шыфаньеры мільгалі каўняры, шалікі, запахла ад адзення французскімі духамі. Але ён не сварыўся: помніў тыя цяжкія гады, калі Ванда майстравала сабе кофтачкі з ягоных старых кашуль, перакройвала, пераліцоўвала паліто, з апошніх сіл цягнучы Пінчука, прымушаючы яго вучыцца, спярша ў інстытуце, пасля на курсах удасканалення настаўнікаў. Калі ён стаў дырэктарам школы, настояла збіраць на машыну, а налета яны паехалі ў сталіцу і патрацілі процьму грошай, то шыкуючы ў рэстаране, то наведваючы старых знаёмых. Цяпер ён успамінаў, што справа была не ў рэстаранах, а ў адчуванні маладосці і заможнасці, такім новым для іх, а яшчэ — у нечаканым адчуванні свабоды, таму што Уладзік паступіў у інстытут, з'ехаў у сталіцу, і яны ўпершыню зразумелі, што жыццё — гэта не спрадвечная гонка, што ёсць магчымасць спыніцца і як бы агледзецца. Тое, што раней рабілася па нейкай неабходнасці, каб не адставаць ад іншых — тэатры, карцінныя галерэі, музей, — цяпер прыносіла задавальненне. Ці то галава, вызваленая ад надакучлівай будзённасці, радасна ўбірала ўсё новае, ці справа была ў абуджанай нечаканай, але магутнай, празе абнаўлення, але з таго часу Пінчукі рэгулярна ездзілі ці ў сталіцу, ці ў суседнюю Прыбалтыку, ці на поўдзень, кожны раз вяртаючыся перапоўненымі ўражаннямі — так соты напаўняюцца маладым майскім мёдам, імкліва, паспешліва, нібы пчолы, стомленыя зімой, ніяк не нарадуюцца працы і вольнасці…
Ванда памерла нечакана: яшчэ раніцай праводзіла яго — вясёлая, як заўсёды, прыгожа апранутая, а праз дзве гадзіны ў школу прыбегла суседка, і ён, схапіўшы першую свабодную машыну, прымчаўся і ўбачыў жонку другой. Яна ляжала на канапе, бледная, з сінізнай, нікога не пазнаючы. «Інсульт», — коратка канстатавала ўрач, і ён не зразумеў, што значыць гэтае слова — не зразумеў да самага канца.
Ванда, такая імклівая, маладая, неўтаймаваная, памірала ад хваробы, якая раней наступала толькі ў пажылым узросце!
Чаго не вытрымаў нейкі кволы сасудзік: нейкай былой ягонай няўдачы, што прымусіла яе перажываць не адну ноч, ці, можа, недаяданне часоў вайны?
А можа, гэта адгукнулася раніца, пра якую неяк яму расказвала ўначы: у час вайны раніцай прыбегла да сяброўкі. Але ў хаце начавалі партызаны, і немцы, даведаўшыся аб тым, выгналі ўсіх, хто быў у ёй. Ванда прыспела к расстрэлу, яна яшчэ бачыла, як каля сцяны стаяла сяброўка, маленькі брацік трымаўся за спадніцу. Стаялі маці і бацька, і яшчэ невядомыя людзі. Выстралы пачалі касіць іх якраз у тую хвіліну, калі Ванда выходзіла з-за пуні. Кінуўшыся ў пуню, яна бачыла ўсё скрозь вузкую шчыліну ў сцяне і да самай цемры так і не змагла выйсці адтуль, хаця немцы паехалі. «Трўсілася», — казала пра гэта маці Ванды…
Яму заўсёды раней здавалася, калі ўжо прыходзілі такія думкі, што першым пойдзе ён: занадта многа перажыў, бачыў тое, што нават не магло прысніцца Вандзе, хаця розніца паміж імі была ўсяго шэсць гадоў. Ды так выйшла, што Ванда, выходзіць, адчувала ўсё навакольнае іначай, сэрца яе сціскалася больш пакутліва, адчувала болей… «Саракагадовыя цяпер паміраюць часцей, яны ж і ў санаторыях цяпер ледзь не большасць», — гаварыла ўрачыха, нібыта спрабуючы пераканаць яго, суцешыць тым, што смерць Ванды — не выключэнне, дзікунства, не катастрофа!
Ён неяк адразу пасталеў, заціх, нібыта ўжо не хацеў ці не мог хаця зрэдку адчуваць і перажываць вострае пачуццё вернутай маладосці, позняе, горкае і разам з тым жаданае.
Знешне ён амаль не змяніўся — высакаваты, худы, з прыкметнай сівізной, з нетаропкасцю слова і справы, і толькі вопытны, уважлівы позірк мог заўважыць у яго засяроджанасці нейкую разгубленасць, як быццам ён прыслухоўваўся да нечага — нечага, што пастаянна адыходзіла, выслізвала з рук…
I гэта сапраўды было так. Тым, што адыходзіла — з болем, з пакутай — было іх сумеснае жыццё з Вандай. Ён жахаўся: нават воблік, голас, смех яе апошніх гадоў губляліся, выслізвалі з ягонага жыцця, нібыта ўсё, чым была для яго жонка, знікала ўвогуле, правальвалася ў агромністую, страшную бездань, адкуль дыхала на яго холадам, адкуль ніхто I ніколі не вяртаецца — ён разумеў гэта з новай празорлівасцю, дзівячыся, што раней проста не думаў пра гэта. I разам з тым ярка ажывала мінулае, як быццам Ванда хацела бачыцца яму толькі маладой, лёгкай, жаданай. Не той спадарожніцай жыцця, з якой яны, быццам запрэжаныя ў воз, пераадольвалі жыццёвыя перавалы, а той, што, аднойчы ўварваўшыся ў жыццё, паклікала некуды вечнай, зваблівай жаночай прыцягальнасцю…