Ольга Ипатова – Перакат (страница 11)
Галіна рашуча пацягнула яго за руку.
— Хадземце туды! — Яна паказала на цяжкую драўляную браму з масіўным навесам. — Хутчэй, зараз хлыне!
Яны памкнуліся да брамы. Дождж таксама нібыта кінуўся за імі, спрабуючы нагнаць адзінокіх на гэтай напаўвясковай вуліцы мужчыну і жанчыну.
Пінчук, хаця і падумаў спачатку, якой жа абаронай можа быць ім гэтая брама, аднак цяпер, стоячы пад навесам, пераканаўся, што кроплі амаль не дастаюць іх. У глыбіні двара тым часам заліўся звонкім, крыху пакрыўджаным брэхам невялікі сабака.
— Што ім тут ахоўваць, ды яшчэ з сабакам? — здзівілася Галіна.
Яна паспрабавала ласкава загаварыць з сабакам, але цюлька, улавіўшы, мабыць, ненатуральнасць ласкавага яе голасу, заліўся яшчэ больш адчайным віскатам, так што з суседняга дома выйшла старая і, нягледзячы на дождж, спрабавала разгледзець, на каго брэша сабака.
— Як што ахоўваць? Вунь агарод які, а вунь і гараж! — прыжмурыўшыся, Пінчук азіраў глухую агароджу, абцягнутую зверху дротам. — У вайну, бывала, пакуль дастукаешся ў такую хату!
Яны стаялі, шчыльна прыціскаючыся да драўлянай брамы. Дождж, малады, па-летняму хуткі, змываў з сонных дрэў ускраіннай вуліцы мяккі пыл, барабаніў па дахах, пеністымі струменьчыкамі ўжо бег па вуліцы.
Запахла вільготнай зямлёй. Сабака змоўк, толькі час ад часу глуха і непрымірыма бурчаў з будана. Першыя промні сонца выпырснулі з-за шэрых хмар, і вокны суседняй хаты заблішчалі, абмытыя кароткімі, пругкімі струменьчыкамі. Тоўстыя сакаўныя касачы стаялі, выцягнуўшы вострыя трохгранныя лісты, па якіх іскрыліся кроплі вады.
Пінчук стаяў, адчуваючы, як раптоўна рассунуліся межы акружаючага. Свет паўставаў перад ім такім маладым, яркім і напоўненым, у ім было так многа цяпла і азоранасці, што ў яго раптоўна сціснулася сэрца, як у адзінокага вандроўніка, што нечакана зазірнуў у чужую хату падчас вяселля ці ўрачыстасці.
Няўжо на самай справе прайшло ўсё, што наканавана, няўжо ён толькі госць на гэтым вечным балю жыцця? А можа быць, можа быць… ён не дагаварыў, баючыся сагнаць, як птушку, надзею… не, толькі прывід надзеі на тое, што свет не замкнецца вакол яго нябачным колам адзіноты і бязлітаснасці? Чаму ж тады побач яна, гэтая маладая жанчына, — ледзьве прыкметная ўсмешка дрыжыць на пульхных вуснах, тонкія бровы здзіўлена прыўзнятыя, быццам і яна ўпершыню бачыць наўкол сябе такую прыгажосць і дзівіцца на яе. I гэтае здзіўленне ўпрыгожвае яе яшчэ болей, яшчэ болей маладою выглядае яна цяпер, пасля дажджу, нібыта і ен змыў з яе нешта маладымі сваімі струменьчыкамі. Удзячнасць да яе за тое, што яна нібыта наноў падарыла яму даўно забытае, нібыта астыглае адчуванне прыгажосці навакольнага, ахапіла Пінчука з раптоўнай сілай, і ён усё не кранаўся з месца, як бы баючыся, што яно знікне, растворыцца ў гэтым шчодрым летнім дні, як здань…
Час, які здаваўся застыглым і знямелым, зрушыўся, і імкліва, нібыта наганяючы адзін аднаго, паляцелі дні. Цяпер было дзіўна, няўжо ён мог раніцамі не адкрываць вачэй, цягнуць момант прабуджэння, не жадаючы вяртаць сябе ўсяму, што абкружала. Цяпер ён ускокваў хутка, яшчэ на дасвецці, і найчасцей ішоў на базар шукаць кветкі для Галіны — вільготныя, цяжкія півоні, высокія ганарлівыя калы, палымяныя, з пругкімі пялёсткамі цюльпаны. Між ім і Галінай усё яшчэ нічога не было акрэслена, а між тым бачыць яе штодзень станавілася такой жа неабходнасцю, як кожную раніцу прабірацца між прылаўкамі, запоўненымі ўсімі фарбамі беларускага лета — ад ружовых да цёмна-барвовых, выбіраць і адчуваць, як адкрыццё, жывую, трапяткую сілу кожнай кветкі…
Першага верасня Галіна ўпершыню сама прынесла яму кветкі, бы па нейкаму маўкліваму ўгавору. I, закончыўшы работу, яны паехалі за горад і доўга блукалі па бярэзніку, што пачынаў абсыпацца. Абодва маўчалі. Ён думаў пра тое, што абавязкова павязе яе хутка, дзесятага верасня, на самае дарагое яму месца, і гэта павінна нарэшце нешта вырашыць, як быццам без той паездкі вырашыць усё, што цяпер звязвала іх, было немагчыма.
Дзесятага верасня была нядзеля, і, прачнуўшыся, Пінчук доўга ляжаў, гледзячы, як набірае сілу бледнае світанне, слухаючы, як ірвуць паветра звышгукавыя самалёты. Кожны год у гэты дзень ён быў там, на месцы далёкага бою, сядзеў каля гаю доўга, так доўга, што кожны раз рабіў намаганне, каб адарвацца, каб знайсці сілы паехаць назад, бо іначай ён урасце ў зямлю навечна, як ураслі магутныя дубы, у целах якіх гудуць і ныюць даўнія асколкі.
Сёння Галіна паедзе разам. Ён адчуваў — яна павінна ехаць. Чаму — не пытаўся ў сябе, толькі ведаў — усё сапраўды можа рашыцца толькі там.
…Яны ехалі палову дня. Цёмна-шэрая стужка шашы размотвала і размотвала перад імі сваю вузкую прастору, блакітная смуга вісела над пералескамі, прыціхлымі і задуменнымі, якія нібыта рыхтаваліся да чагосьці таямнічага, важнага. На палях пачалася ўборка бульбы, і пах цёплай разварочанай зямлі ўрываўся ў кабіну, перамешваючыся з гаркавым дымам, што паволі плыў з далёкіх палёу, дзе палілі бацвінне. Зямля святкавала вызваленне ад цяжкай працы, і залацістымі шапкамі стаялі на апусцелай пожні стагі.
Пінчуку ўспаміналася, як хлапчуком бегаў ён па калючай пожні, прымінаючы тоўстыя сцябліны загрубелымі за лета нагамі, адчуваючы прахалоду зямлі і яе ціхую ласкавасць. I тут жа ўбачылася, як пасля, праз некалькі гадоў, ён поўз па ёй жа — толькі цвёрдай, здзічэлай, незааранай, заклінаючы яе расступіцца, абараніць ад кулі і асколка, да смяротнага жаху не хочучы навек застацца тут, на полі, сярод дубоў, пад вечным небам, такім няласкавым і халодным.
Тады яму было шаснаццаць гадоў, ён быў самым маладым у атрадзе і паспеў наглядзецца на смерці, але ніколі яна, Смерць, не падпаўзала да яго так блізка, не прымушала сціскацца кожнай жылкай і нервам, як там, на той зямлі, каля дубоў. Ён нікому не змог бы расказаць, перадаць той шалёнай прагі да жыцця, што ахапіла яго, калі поўз ці бег кароткімі перабежкамі, страляючы, калоцячыся ад нянавісці да тых, хто хацеў затушыць гарачы, пранізлівы агонь жыцця, хто хацеў, каб пырснула па бляклай асенняй зямлі яго кроў, адбіраючы ў чорную бездань усё, што было ў ім адзінага, непаўторнага… Але яму было суджана сустрэць Ванду, пражыць з ёю жыццё, вырасціць сына і зноў сустрэць жанчыну, якая нарадзілася пасля таго, як ён поўз каля дубоў, змагаючыся за жыццё. Яму яшчэ суджана было вучыць, вырошчваць пакаленні школьнікаў, бачыць, як уваходзяць яны ў магутную плынь Часу, то борсаючыся, то падпарадкоўваючы яго сабе. Ён доўга перажываў, калі той ці іншы вучань не выконваў свайго назначэння, ці то запіваючы, ці губляючы волю і ўпраўленне сабой. I, як ніколі, з пранізлівай яснасцю ён бачыў зараз, што Галіна як быццам таксама выпала з гэтай плыні і цяпер бездапаможная, разгубленая і як бы аглушаная. Ён ведаў: муж пакінуў яе, жыве яна з сынам адна — цяжка і неўладкавана. Але ён адчуваў таксама, што паміж імі, нягледзячы на сустрэчы, жыве нейкая насцярожанасць, што Галіна нібыта таксама і чакае, і баіцца размовы.
Вельмі хацелася ўбачыць яе такой, якой яна была ў той дзень: лёгкая, наіўная, з белымі гваздзікамі, што прыціскала да грудзей. Але, і разглядаючы фотакарткі дзяцінства, не мог выклікаць у памяці той вобраз — уставалі другія, зусім іншыя хлапчукі і дзяўчаты, і чамусьці гэта злавала яго, як быццам пільна трэба было ўзнавіць і неяк сутыкнуць тыя пласты часу, што звялі іх так даўно, так неадчувальна, так неспадзявана…
Яна сядзела побач, напружана гледзячы ўдаль, думаючы пра нешта сваё. Так і ехалі моўчкі. Каля пясчанага насыпу, дзе пачыналіся каржакаватыя, з мядзянымі стваламі сосны, ён павярнуў направа, на лясную, у выбоінах дарогу. Машына пайшла больш павольна, павеяла з бакоў водарам зацененай, засыпанай хвояй зямлі. Але дарогу няяркае асенняе сонца паспела высушыць, і дробны белы пясочак закурыўся пад коламі, калі яны, буксуючы, адольвалі апошнія кіламетры.
Тут быў пералесак, і, нібыта адцяняючы яго, каля кустоў летам, відаць, раслі буйныя сцябліны іван-чаю. Зараз, восенню, пышныя чырванаватыя суквецці высахлі, на сцяблінах тырчалі белыя, як застыглая пена, султаны, і ад таго пералесак здаўся Пінчуку стомленым і як бы пасівелым. Але лістота на дубах, нягледзячы па жаўцізну, была яшчэ моцнай, вяршаліны пераможна залаціліся ў яркім святле, і дзе-нідзе чырванелі кусты глогу. Дарогу перагарадзіла сасна, вырваная з коранем — відаць, пасля нядаўняй навальніцы, і Пінчук, выходзячы з машыны, уздыхнуў глыбока, з натугай.
— Тут, відаць, бываюць нячаста? — спыталася Галіна, разам з ім згінаючыся, каб адцягнуць убок доўгі тонкі ствол. Яны ўзяліся за яго разам і гэтак жа разам, не згаворваючыся, паднялі цяжкаватую, набраклую вільгаццю вяршаліну, як быццам аб'ядноўваў іх нейкі агульны рытм.
Пасля яны зноў ехалі і спыніліся нарэшце на ўскраіне лесу, каля самага старога, прысадзістага дуба. З паўночнага боку ён быў калісьці цяжка паранены, пакрывіўся і рос цяпер крыху схіляючыся на поўдзень, горбячыся, як чалавек, стомлены пастаяннымі болямі. Нехта летам расклаў пад ім вогнішча, і па целе яго папаўзлі ўверх чорныя падпаліны. I ўсё роўна ён быў прыгожы — крона яго парыла ўверсе прасторна і незалежна, магутныя галіны раскінуліся над зямлёй, як абдымаючы ўсё навокал.