Ольга Ипатова – Перакат (страница 12)
— Крыху правей — і гэты снарад мяне б тут паклаў,— ціха сказаў Пінчук, паказваючы на яміну, што была бачна пасярэдзіне дуба. — А ён, бачыш, на сябе яго прыняў.
Ён быў сёння асабліва негаваркім, і Галіна, нахмурыўшы бровы, усё глядзела на яго, як бы вывучаючы ці чакаючы нечага. Штосьці нават жорсткае было ў яе вялікіх бліскучых вачах. Ён пражыў жыццё, у якім былі гады вайны, у яго гады ўмясцілася ўсё яе існаванне і яшчэ нешта — вялікае, невядомае для яе: цэлых дваццаць гадоў, на якіх ён старэйшы!
Амаль што два яе жыцці… А паглядзець — і не скажаш, каб стаміўся, каб мог так, як яна, часам праклінаць усё навокал, адчуваць гады як шэрую, прыпыленую наскрозь палявую дарогу, якая будзе вось так адзінока і аднастайна віцца, знікаючы некуды ўдалечыні… Іх раздзялялі не толькі гады. Што рабіла яна? Кахала, звяргала куміраў, хадзіла на танцавальныя вечары і ўсё хацела ад жыцця нечага незвычайнага: не то прынца, які павязе яе, нібыта Асоль, у далёкія райскія мясціны, не то героя, за якім паедзе куды заўгодна! А было ўсяго толькі — нараджэнне дзіцяці, рэўнасць, бязглуздыя скандалы і — паступова — адчуванне нейкай беспрасветнасці.
Але ж ўсё магло быць іначай, магло быць асветлена нейкім святлом, напоўнена глыбокім сэнсам — такое азарэнне было, калі бегла з букетам белых кветак да трыбуны! Сярод усіх твараў выдзеліла аднаго яго — сівыя валасы, мяккія, добрыя маладыя вочы — і доўга пасля адчувала пацалунак па галаве, на праборы, якім мама ў той дзень раздзяліла яе валасы, каб заплесці ў косы святочны белы бант. Дарога жыцця ляжала перад ёй такой вялікай, светлай, душа была так напоўнена цяплом і дабрынёй! Чаму ж пасля ўсё гэта некуды падзелася, чаму на змену прыйшло ачарсцвенне, якое яна ўсё стараецца пераадолець і не можа? Няўжо яно нарасло, прыкіпела да душы навечна?!
I раптам нешта як нахлынула на яе — убачыла шаснаццацігадовага падлетка, які паўзе, бяжыць па полі, ратуючыся ад смерці, што слепа і прагна шукае яго! Слёзы пакаціліся па твары, яна хутка торкнулася ў кішэню, шукаючы насоўку, і адвярнулася.
— Ну што ты… — ён падышоў, абняў за плечы.
— Знаеш… — яна гаварыла парывіста, з усхліпамі.— Майму сыну таксама… праз тры гады… будзе шаснаццаць.
Пінчук здзівіўся, не адразу разумеючы.
Яна плакала, а ён бачыў, што светлыя вочы Галіны не цьмянелі — наадварот, нібы нейкая заслона сыходзіла з твару, які рабіўся мяккім, даверлівым.
I тады ён раптам ясна ўбачыў і ўспомніў тую дзяўчынку, што бегла да яго праз плошчу, і яшчэ ярчэй успыхнула ў памяці — тады нядаўна прайшла навальніца, і пад небакраем толькі што паказалася буйная, рознакаляровая, абмытая дажджом вясёлка…
Перакат
Дзевяцігадовага Васю Шкуцьку канчаткова прывезлі з вобласці ў раённую бальніцу — як безнадзейнага.
Замучаны бясконцымі ўколамі, працэдурамі і даследаваннямі, Вася абыякава сядзеў у прыёмным пакоі, паклаўшы бледныя караткапалыя рукі на шэрыя штаны і ўсёй спіной абапіраючыся на белую слізкую сцяну. Непрыкметны твар яго, з носам кірпатым і кароткім, як бульбіна, з шэрым, як кудзеля, чубам, быў спакойны і адрачоны. Толькі калі ля акон спынілася «хуткая» і адтуль, коратка і жвава скочыўшы на зямлю, прайшла ў кабінет галоўурача мажная шыракатварая кабета, ён уздрыгнуў і прыўзняўся. Калі ж з-за тонкай фанернай сцяны данёсся да яго рэзкі, непрыветны голас — на твары яго слаба зачырванеліся плямкі. Жанчына наступала:
— А дзе ж мне за ім глядзець? Самі ведаеце — лён вязуць і вязуць, днямі сяджу на складзе. Не-е, хай ён у вас застаецца! Не маеце права хворага аддаваць! Што? Вы ўрачы, вы і лячыце!
Дзяжурная медсястра скоса зірнула на Васю і ўключыла радыё. Але голас з карычневага карабка быў занадта слабы ў параўнанні з голасам кабеты:
— Ды я разуме-ею! Гэта… не тое што тавар непрыгодны, а чалавек… гэта праўда! Але ж вы спярва яго вылечыце! Як гэта — не можаце? А мне чаго з ім рабіць?!
— Трэба ж, якія маці бываюць! — паківала галавой медсястра і, выцягнуўшы з кішэні цукерку, уціснула яе ў Васіну руку, і немаладыя блакітныя яе вочы пачырванелі і заслязіліся. — Ну што? Відаць, зноў табе быць у нас, хлопча. — Яна адчыніла дзверы і, не чакаючы загаду галоўурача, крыкнула ў расчыненыя дзверы:
— Іванаўна! Хлапчукоўскую бялізну сюды давайце! I ванну рыхтуйце!
Вася стаў жыць у трэцяй палаце — невялікім, на чатыры ложкі, пакоі, што размяшчаўся ў бакоўцы, насупраць перавязачнай і аперацыйнай. Раз у тыдзень, у чацвер, у аперацыйнай з раніцы рабілася тлумна: туды заклапочана заходзіў галоўурач — малады таўставаты бландзін, — за ім яшчэ кагорта ўрачоў, медсясцёр — і да самага вечара нешта рыпела, ляскатала, шыпела ў аперацыйнай, міма дзвярэй Васінай палаты праязджала белая цялежка — туды, пасля назад. Часам бывалі і няпланавыя аперацыі, і тады Вася прачынаўся ад шоргату і галасоў і да самай раніцы не спаў, слухаючы, як ціха перагаворваюцца, выходзячы, хірург і медсястра:
— Кетгуту паболей выпішыце…
— Сасуд зафантаніраваў…
Пасля, прыбраўшы пакой, выходзілі нянечкі, Іванаўна, смачна пазяхаючы, скардзілася на дзяцей:
— Паглядзелі б яны, як кроў чалавечая льецца, можа, маці болей шкадавалі б!
А калі ізноў цішэла, Вася слухаў, як рыпіць за акном сасна.
Соснаў вакол бальніцы было шмат, але яны раслі гуртам, а гэтая, каржакаватая і няўклюдная, узабралася на пагорак, што горбіўся перад палатай, і стаяла там наверсе адна. Калі паднімаўся сівер і гайдаў сосны ўнізе, ёй даставалася найболей: кожную галіну яе выгінала і выкручвала, вяршаліну дробна калаціла, і здавалася, вось-вось пераломіцца жывучы, непакорны ствол. У такія дні буйны калючы вецер, нібыта па даліне, ляцеў па рэчышчы Нёмана і, узвіваючыся ўверх з цясніны, крутымі лютаўскімі завірухамі віраваў па беразе. Пагорак захіляў бальніцу ад завеяў, і толькі ў самую непагадзь, калі неба дакраналася да вяршаліны адзінокай сасны, шаргаталі па шкле акна цяжкія змяістыя снежныя струмені. I заўсёды — ці паднімаўся над сасной ясны марозны маладзік, ці з віскатам неслася над ёй хмара — нешта не то рыпела ў ёй, не то надрыўна кашляла. Можа, гэта вінаватая была нейкая галіна — хворая, напаўссечаная, якая ніяк не хацела паміраць і ўсё чаплялася за мацярынскі ствол, а можа, сама сасна незмаўкальным сваім рыпеннем спрачалася з лёсам, як старая буркатлівая цётка, праклінаючы яго і адначасна скардзячыся яму ж… У такія ночы Васю хацелася ўстаць, пайсці да сасны і суцяшаць яе, прыціснуўшыся галавой да шурпатага карычневага ствала. Ён часцяком чуў, як хворыя суцяшалі адзін аднаго, скардзячыся на куды цяжэйшыя, чым у субяседніка, хваробы. У думках гаворачы з сасной, ён расказваў ёй, што хутка памрэ, таму што ад яго адмовіліся ўсе дактары, не ведаючы, як лячыць ягоную хваробу, што галоўурач Тамаш Кузьміч трымае яго ў палаце проста па дабраце сваёй. Пасля такіх размоў з сасной Вася, падстаўляючы насустрач востраму бліскучаму джалу шпрыца сваю худую, вялую руку, перавязанаю вышэй локця гумавым жгутам, разважліва гаварыў медсястры:
— Навошта дарма на мяне лякарствы траціце? Усё роўна яны не дапамогуць!
— Надта ты што ведаеш, смаркач! — крычала на яго медсястра Саша, напружана ловячы шпрыцам ледзь прыкметную блакітную жылачку на Васінай руцэ. — Рукой рухай, ну!
Вася звыкся з тым, што выклікаў цікаўныя пагляды ў хворых з іншых палат, што незнаёмыя жанчыны часта заглядаюць у бакоўку і прыносяць яму ласункі, шкадуючы яго, суцяшаюць і лашчаць. Па праўдзе кажучы, у бальніцы яму было лепей, чым дзе, таму што тут ён адчуваў сябе важнай персонай, а дома даводзілася хадзіць у школу, рыхтаваць урокі, спадзеючыся на спагаду настаўнікаў, таму што маці не толькі не спачувала яму, а наадварот: кляла сябе і жыццё, варта было прынесці двойку, часта пакідала Васю да позняй ночы на вуліцы.
Ён быў непатрэбным, непажаданым — бальніца ж дала яму адчуванне значнасці: хто б ні прыязджаў сюды, яго абавязкова вялі да Васінага ложка, і з прытоеным гонарам заўважаў хлапчук на тварах старых сівых прафесараў напружаную, пільную ўвагу, нібы ён даваў ім такую загадку, якую кожны з іх прагнуў і не мог адгадаць.
…Мінулі лютаўскія мяцеліцы, пасля сакавіцкая цішыня, калі пад белым пульхным снегам пачынае выспяваць таемны цуд прыроды, недаступны чалавечаму воку: ажываюць у халоднай зямлі доўгія нерухомыя карані дрэў, хутчэй пачынае рухацца жыццё ў здранцвелых целах земнаводных. У канцы сакавіка, калі на шэры, ужо будзённы снег, на дрэвы, на каржакаватую сасну лёг густы, жывы, цёплы туман, які за некалькі гадзін растварае ў сабе апошнія сляды зімы, у палату прыйшоў новы чалавек. Суседзі Васі — жоўты, не стары яшчэ Сямёнавіч, хворы на страўнік, і малады хлопец Аляксандр, што пасля аперацыі апендыцыту ляжаў з дранажнай трубкай — з абыякавасцю агледзелі новага чалавека. Худы маленькі стары ў сіняй паласатай піжаме багатырскага памеру і шэрых вельветавых галіфэ, з шырокімі сівымі бровамі і акуратнымі белымі вусамі паздароўкаўся з усімі, сеў на свабодны ложак, асцярожліва адагнуўшы байкавую коўдру. Дастаўшы аднекуль з-пад пахі тугую торбачку, пачаў выкладаць з яе на тумбачку белае далікатнае сала, фіялетавыя цыбуліны і прамаслены кус хлеба.
— Прагаладаўся, пакуль ішоў да гэтай бальніцы, — тлумачыў ён, рэжучы сала. — Раней, бывала, пяць кіламетраў нясешся — не раўнуючы як той воўк. А зараз не тое…