18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 14)

18

Пасля сняданку ў бакоўцы бывала ціха і пустэльна: усе, хто мог рухацца, ішлі на двор бальніцы, пад сосны, дзе ў пясок былі ўкапаны шырокія драўляныя лавы, пафарбаваныя ў вясёлы чырвоны колер. Тыя, хто адчуваў сябе лепей, уцякалі і далей да самага абрыву, дзе загаралі амаль пад самай чыгуннай агароджай, падстаўляючы яркаму сонцу паблажэлыя за зіму твары. У прэсны пах бальніцы ўрываўся цяпер жывы, капрызны водар першых вясновых кветак і вільготная вохнасць маладых рачных водарасцей. Саша цяпер прыходзіла на работу шчаслівая і няўважлівая, яе ўколы былі асабліва балючымі.

Палка цяпер была з ім пастаянна, яна ляжала пад коўдрай, і доўгі касцісты асяцёр, з дробнымі цвёрдымі шчыткамі на галаве і пад хрыбтом, пачарнеў, зальсніўся і ад гэтага нібыта стаў бліжэйшы, раднейшы. Вася шкадаваў яго: як ні трэба было асцерагацца людзей, але прырода загадвала яму па тры месяцы адыходзіць са свайго бяскрайняга мора ў вузкія абмялелыя рэкі, дзе так лёгка было злавіць вялізную рыбіну. Была ў гэтым тая ж несправядлівасць, якую так востра адчуў хлопчык у белую туманную ноч, і таму магутная рыбіна, самая старажытная на Зямлі, здавалася яму яшчэ больш кволай і безабароннай, чым ён сам, а з гэтага вынікала, што ён, Вася, таксама можа нешта здзейсніць у жыцці — напрыклад… напрыклад, стаць абаронцам рыбіны. Можа, якраз у гэтым і быў той таямнічы абавязак перад жыццём, пра які гаварыў дзед Цімох і які толькі адзін і здольны ўратаваць чалавека?

— Дзед Цімох, а дзе яны нераставаць любяць? — Вася цяпер сам саромеўся сваіх бясконцых пытанняў і таму не хацеў надта надакучаць старому.

— А тут жа, непадалёку ад нас. Ну, скажам, кіламетры тры ўніз. Там такі перакат каменны, валуны, а далей таплякі; калі асятры заходзяць да нас часта там нерастуюць. Там жа плынь хуткая і вада чыстая.

— А як яны супраць цячэння плывуць столькі кіламетраў?

— А ты паглядзі, які ў іх плаўнік — з дзвюх лопасцей! У акулы якраз такі. А на грудзях і на пузе плаўнікі — акурат рулі. Куды хоча, туды і паверне ўмомант. Во як!

…Кожны дзень да Васі заходзіла цётка Васіліса. Яна таксама была ў бальніцы пастаяннай жыхаркай. Калі ж выпісвалася, то праз два-тры тыдні яе прывозілі ізноў. Хвароба яе была зусім невядомая, няясная, якую сама яна, аднак, лёгка і проста называла «тугой».

— Смешныя дактары, Васілёк, — гаварыла яна ласкава. — Якія ж лекі могуць тугу адолець? Я за што ні вазьмуся, усё з рук валіцца. Пажыла — і хопіць.

Ціхім, цёплым святлом гарэлі яе цёмныя вочы, худыя шчокі моршчыліся ва ўсмешцы.

— Ад чаго ў вас туга, цётка Васіліса?

— А па мужу я свайму сумую, Васілёк. Ён трактарыстам рабіў, на старой міне падарваўся. А якое мне жыццё без яго? Нават дзіцяці ад яго не засталося…

— Дзед Цімох, — спытаў неяк Вася, — а Васіліса — яна свой абавязак выканала? Можа яна памерці?

— Відаць, можа, Васюта. Яна сама гэта ведае. Можа, ой прырода назначыла любіць таго чалавека, а яго няма, вось і холадна ёй цяпер на свеце. Ну і не трэба яе трымаць. Людзі жывымі па свеце хадзіць павінны, а ў яе душа згасла…

Вясна ішла па зямлі, і ў маленькай раённай бальніцы да ачмурэння пахла чаромхай, з якою дарэмна змагаўся ўвесь персанал на чале з Тамашом Кузьмічом. Радасна блішчалі памытыя, насцеж расчыненыя вокны, па вечарах пад вокнамі жаночых палат шапацелі галасы і смех, у якія, нібыта нож у масла, часам падаў рэзкі голас дзяжурнай медсястры. Зачыняліся вокны — злосна, рашуча, медсястра доўга ўвінчвала засаўкі, рыпела шпінгалетамі — але хмельнае, паганскае дыханне вясны адчувалася ва ўсім: нават у аперацыйнай, у стэрыльнай шклянцы да самага чацвярга стаялі цёмна-зялёныя сцябліны ландышаў з пругкімі бела-фарфоравымі кубалкамі кветак і, выгнаныя, назаўтра ж з'яўляліся наноў. А пад канец дня дзед Цімох прынёс неяк першыя смарчкі — цёмна-карычневыя, моцныя, у светла-жоўтых пясчынках — і ўрачыста паднёс іх Сашы. Яна, саромеючыся, спярша адмаўлялася, пасля беражна ссыпала іх у белы поліэтыленавы пакет:

— У мяне якраз вечарам госці будуць…

Яе вочы ззялі, вусны дзёрзка чырванелі на доўгім твары, і Вася разумеў, каго яна чакае: учора зноў прыходзіў Аляксандр і, ляніва зазірнуўшы ў палату, доўга стаяў пад вокнамі Сашынага паста. Ён быў у чорным пінжаку і чорным скураным картузе, з якога тырчаў ландыш, і на твары было тое невыноснае задавальненне сабою і жыццём, якога Вася не разумеў, але ўсёй істотай адчуваў, як нешта, што адкідае ўбок усё слабое і кволае накшталт яго, Васі, нават не задумваецца над тым, каго адкідае. Таму, пачуўшы пра гасцей, Вася зняважліва ўсміхнуўся, назіраючы, як дзед Цімох мітусіцца, дапамагаючы Сашы ўладкаваць грыбы.

— Ну што, дачушка, прыдаўся табе стары Цімох? — сіпавата, але з задаволеным смяшком гаварыў дзед, і Вася, сутаргава прыціснуўшы да сябе палку, перабіў яго:

— А калі нераст у асятроў пачынаецца?

Стары не адразу зразумеў пытанне, а пасля прамармытаў адрачона:

— Ды, можа, сёння-заўтра і пачнецца. Глянь, цяплынь якая, на дождж верне. — I, не адрываючыся ад дзвярэй, за якімі ўжо схавалася Саша, праскрыпеў задзірыста: — Паўсотні гадкоў скінуць бы, даў бы я перцу Аляксандру!

Задаволены, размяклы твар старога дзіўна ўзбурыў хлопчыка. Твар яго раптам перакасіўся, як ад прыступу болю.

— Што з табой, Васюта? — перапалохаўся дзед, устаў, закульгаў да хлопчыка, але Вася, нібыта абараняючыся, выставіў рукі наперад:

— Стары, а скачага, як казёл! Ну, скачы, скачы перад ёй! А яна злосная. I Аляксандр яе такі ж. Ведаеш, якія ў яе ўколы балючыя?!

Дзед Цімох адышоў, прысеў на чысты ложак. Старэчая чырвань цяжка прабівалася на шчокі, і па шэрым твары асабліва выразнымі глядзеліся шырокія сівыя бровы і белыя пракураныя вусы.

— Ты мяне не сарамаць, малец. Прыгожая дзеўка — гэта што падарунак. На яе зірпуць — і то радасць. Тамака, — ён паказаў уніз, — нічога пе пакажуць. А тут, хаця ўжо на божую пасцель палез, глядзець можна. Во як.

Злосць адступіла ад Васевага сэрца: хлопчык успомніў, што сёння раніцай дзед Цімох кашляў асабліва доўга і натужна, пасля пайшоў з палаты. Падумалася і пра тое, што да дзеда, як і да яго, Васі, таксама мала хто прыходзіць: сыны ўсе ў далёкіх гарадах, сваякі занятыя сваімі справамі. Пакутліва адвярнуўшыся да сцяны, ён адразу ж адчуў, як муляе палка пад бокам, а калі папраўляў коўдру, заўважыў на назе дробныя чырвоныя рысачкі ад асятрыных бакоў.

Усю ноч парыла, і было цяжка дыхаць. У цемры грузна саштурхваліся пад бальніцай хмары і буркатліва разыходзіліся, нібыта ім не хапала нейкай дробязі, каб узарвацца гневам і абрушыцца на маўклівую, насцярожаную зямлю. Ні дзед, пі хлончык не спалі. Ляжалі, слухалі, як жалобна, быццам просячы «піць-піць», рыпела прыціхлая сасна. Пасля да бальніцы пад'ехала «хуткая», заклапочана зашмыгалі па калідоры сёстры і нянечкі, цвёрда і рэзка ступаючы, прайшоў Тамаш Кузьміч, і ў аперацыйнай то лілася вада, то звякала жалеза, а потым, перакрыўшы гаману, загрымеў голас галоўурача: «Пінцэт, чорт бы вас узяў!» — і. зноў усё сціхла, а пасля панура зарыпела цялежка, і Наташа, аперацыйная сястра, выходзячы, скардзілася некаму:

— Нясе іх пад машыны, а нас у раёне грызуць, што смяротнасць высокая! З-пад БелАЗА не ўваскрэсне, дарма мучымся!

«Нехта памірае…» — ледзянеючы, здагадаўся Вася, а дзед Цімох закашляўся, і ў цемры жудасна і неяк безнадзейна гучала бясконцае: «Кха! Кха! Ху! Кгх!»

Упартая іскрынка ў Васіных грудзях усё разгаралася, і таму ён ляжаў, баючыся заснуць, як быццам ведаў, што час перад дасвеццем асабліва бязлітасны да тых, у кім ледзь тлее жыццё, хто, як Вася, заглядаў у бяздонную, страшэнную бездань і цяпер, растраціўшы рэшткі надзеі, бязвольна аддаецца ночы. Хлопчык не хацеў уступаць: ён спадзяваўся хаця і не на многае — усяго толькі ўбачыць, хаця б раз пабачыць балтыйскага асятра, — але гэта нямногае сагравала яго, давала нейкую надзею, як быццам бы само з'яўленне ў Васіным жыцці загадкавай рыбіны павінна было неяк паўплываць на яго, дапамагчы ці што іншае… I ён напружана чакаў раніцы. Даўно заснуў дзед Цімох, у акно пацягнула перадсвітальным ветрыкам, а хмары нізка і цвёрда ляглі на гарызонт, нібыта імкнуліся спінамі прышчаміць сонца, што хутка мелася выйсці. Тады Вася ўстаў і, нацягнуўшы на ногі маршчыністыя бальнічныя тапачкі, хуценька ўлез у сінюю паласатую піжаму і чырвоныя лінялыя штаны.

На гэты раз ён нічога не баяўся, нібыта таемнае знаццё само выводзіла яго прэч ад панурых зялёных сцен бальніцы. Наперад ведаючы, што медсястра будзе спаць за сваім белым сталом, паклаўшы галаву на скрыжаваныя рукі і напаўадкрыўшы пульхны рот, ён смела прайшоў паўз пост, не асцерагаючыся, звякнуў засаўкай. Вартаўнік таксама спіць, размораны цяплом і разведзеным у мензурцы спіртам.

Цвёрдая пясчаная сцяжынка была вільготнай ад расы, мокра блішчалі чугунныя пруты агароджы. Агароджа была высокай, Вася спыніўся быў перад ёй, але, прыкінуўшы, паспрабаваў уціснуцца паміж прутамі, і слабае, худое яго цела хутка апынулася на волі. Воля — гэта быў Нёман, што ляніва і пахмурна нёс цёмна-зялёную масу вады, пясчаны абрыў з кусточкамі чабору і іван-чаю, шэрая паласа галькі, што цягнулася ажно да чорна-шызых хмар, паміж якімі слаба паблісквала чырвань. Там, наперадзе, у якіх-небудзь трох кіламетрах, быў перакат, за якімі любілі нераставаць асятры. Так расказваў дзед Цімох, і Вася з рыпеннем папоўз на сваіх лінялых штанах уніз па пяску — спачатку павольна, пасля ўсё хутчэй. Сіла цяжару ледзь не ўвагнала яго ў раку, але ён здолеў утрымацца, жыватом прапахаўшы вузкую паласу жвіру. Аддыхаўшыся, ён устаў і, перасмыкнуўшыся ад холаду, пайшоў уперад.