Ольга Ипатова – Перакат (страница 15)
Вада, мутная, цяжкая, ціха білася аб бераг, калыхала прыбярэжныя кусты. Заляскатала сарока, пачуўшы чалавечыя крокі, нейкія птушкі адгукнуліся ёй чыстымі заклапочанымі галасамі. Ластаўка нізка пранеслася над стромай, услед за ёй чародка стрыжоў вывела імклівую пятлю, ледзь не зарываючыся ў ваду, і тут жа знікла за паваротам ракі. Лес на другім беразе быў густа падсінены смугой, і жоўты пясчаны абрыў наперадзе, за які паварочвала рака, здаваўся размытым шэрым густым паветрам, ад чаго абрысы яго дрыжалі і плылі перад Васінымі вачыма — а можа, гэта кружылася ў хлопчыка галава? Бераг паступова паніжаўся, і рака, здавалася, шырэла, святлела, свабодна выходзячы на прастор і запавольваючы бег. Чуваць было, што ўперадзе перакат: там шумела і пенілася вада, праходзячы скрозь вузкія шчыліны паміж валунамі. Некалькі разоў спыняючыся, каб перадыхнуць, Вася па слыху вызначыў, што перакат павінен быць за самым абрывам. Але, агінаючы лазоўе, што блізка падыходзіла да берага, ён насцярожыўся і напружыўся: каля самай вады, насупраць перакату, стаяў матацыкл. Дзве мужчынскія постаці, сагнуўшыся, варушылі брызентавы скрутак. Галасы Іх глушыла вада, але асобныя словы можна было разабраць:
— Не парві!.. Глыбей!
Раптоўна адзін з мужчын разагнуўся, угледзеўся ў хлопчыка і супакоена працягваў работу. З брызентавага скрутка ён дастаў чорную капронавую сетку I асцярожна раскатваў яе на траве. Другі мужчына пайшоў да перакату, палкай вымяраючы глыбіню. Пругкая, імклівая плынь ірвала багор з ягоных рук, і было відно, што ён раздумвае, куды ямчэй паставіць сетку. Некалькі разоў ён азірнуўся на траву, дзе ляжаў невад. Вася пазнаў таго, хто важдаўся з капронавым сілом: гэта быў іхны сусед Іванчук. Заўважыўшы, што яго разглядаюць, Іванчук узняў галаву:
— Ну, чаго стаў, праходзь! Чаго не бачыў?
— Браканьераў…— Вася жахнуўся, пачуўшы свае ціхія словы. Тут жа ён пажадаў, каб іх не пачулі, але было позна: абодва мужчыны ўтаропіліся ў яго.
— Каго, каго? Ану, паўтары! — высокі, у шэрым світэры Іванчук ступіў да хлопчыка, сціскаючы кулакі, налітыя сілай і злосцю.
— Кінь ты, не бачыш: псіх. З бальніцы, — разважыў другі, з шастом.
— А вар'ят, дык няхай сядзіць у сваёй бальніцы! — Іванчук, як кацяня, прыўзняў Васю і паставіў яго далей, за некалькі крокаў, лёганька ткнуўшы яго ў плечы, ад чаго той тырчком паляцеў на мокрую траву. — Халера, яшчэ разважае тут!
Ён пайшоў да сеткі. Прыўзнімаючыся, Вася бачыў, як упэўнена і злосна ходзяць лапаткі пад тоўстай — самаробнай — вязкай. Праглынуўшы горкую, кляістую сліну, ён гучна сказаў у спіну Іванчуку:
— Думаеце, я вас не пазнаў? Во пайду зараз і пазваню, што вы асятроў ловіце!
Вася не ведаў, куды званіць, ды гэта было і не важна: Іванчук падскочыў, шырокі яго, мажны твар пабялеў ад нечаканасці:
— Ды ты што, ашалеў, крапіўнік? Якія асятры?! Пайшоў адсюль, а то зараз на матацыкле закачу ў бальніцу, так табе ў… уклеяць, будзеш ведаць!
— А чаго? Бяры яго зараз у каляску! — нетаропка папалохаў другі.— Не бачыш — збег з бальніцы! Чый гэта — не Анюты-прыёмшчыцы?
— Яе, здаецца. Якая маці, такі і байструк. Ну, каму сказана — прэч адгэтуль!
Вася скалануўся, пачуўшы пра маці, але супакоіўся, тут жа разважыўшы, што ніхто нікуды яго не павязе: надта мітусяцца Іванчук і яго напарнік, няма ў іх часу на нешта іншае, чым паляванне на рыбін. I было відно: тое, што трапіць у сетку, яны не выпусцяць! Але ж ідзе нераставанне! Значыць, ісці на раку з такой дробнай сеткай нельга — Вася ведаў тое з размоў таго ж дзеда Цімоха.
Ён адчуваў, як дрыжаць ногі, як дробнае трымценне падступае да вуснаў. Як навальваецца на яго прадчуванне непрытомнасці. Сонца ўсё не ўставала, хаця даўно наступіў ягоны час, а чорныя, цяжкія завіткі хмараў усё гусцелі і гусцелі пад галавой, выпаўзаючы з-за гарызонта, і гэтак жа гусцеў у галаве пах водарасцей, што ішоў ад вады.
— Я… усім раскажу. Усім! — варочаў ён непаслухмяным языком. — Браканьер вы, а не…
— Во прывязаўся на нашу галаву! — пахітаў галавой напарнік Іванчука. — Можа, далей ад'едземся, сусед? Не хапала, каб людзі пасля боўталі…
— Не, не! Каму ён раскажа? Ён здохне раней, хіба ты не бачыш?
Тонкі, ледзь чутны стукат маторкі данёсся з-за павароту. Мужчыны трывожна паднялі галовы.
— Ці не рыбнагляд? — прыслухоўваўся Іванчук. — Там малады хлопец, новы.
— Казаў табе — не будзе ў нас сёння ўдачы. Сон дрэнны бачыў, дый жонка папярэджвала…
— Сон, сон! Баба ты сам, ці што? А маторка нейкая незнаёмая. Халера на яе! Можа, і праўду ад'едземся?
Скрозь сінюю смугу, што гусцела ў вачах, Вася глядзеў, як таропка збіралі яны сетку, як, спяшаючыся, кідалі яе ў матацыкл і, закрыўшы брызентам, самі масціліся на матацыкле. Ён маўкліва прасіў іх: «Хутчэй!», таму што сілы ў яго заставалася толькі на тое, каб падысці да вады і развітацца з тым, што напэўна ў апошні раз бачылі вочы: імклівыя струмені вады, вільготныя цёмна-зялёныя валуны, каля якіх завіваліся шалёныя белыя бурунчыкі, і над усім — грознае, непрыветнае неба і цёмная заслона блізкага дажджу. Працягнуўшы рукі, ён пайшоў да вады, і — ці здалося, ці сапраўды адбылося — у бурлівай, нястомнай плыні мільганулі доўгія сілуэты дзіўных, ніколі не бачаных ім рыбін.
I тады неўтаймоўная, шалёная радасць паднялася ў ім. Нічога ўжо болей не баючыся, ён памкнуўся насустрач блізкай, жывой заслоне дажджу, усім целам убіраючы магутную, велічную сілу стыхіі, што асляпляльным раскатам разарвала насцярожаную ціш зямлі.
Ён не ўтрымаўся на нагах, упаў на цёплую мяккую глебу, паспеўшы адчуць на спіне гарачыя, вар'яцкія струмені дажджу, не ведаючы, што непрытомнасць яго пяройдзе ў глыбокі, не прадбачаны нікім з дактароў сон і што ён адчайным намаганнем перарваў страшнае, ужо абведзенае вакол яго жыцця кола, і цяпер, атторгнутага, зямля, дождж І вецер прынялі яго нанова ў свой вечны кругаварот, каб мог ён выканаць тое, для чаго прыйшоў у свет, каб мог жыць і адчуваць сябе шчаслівым на зямлі…
Дваццаць хвілін з Немезідай
Гэты дзень быў такі ж, як і папярэднія. Я ціха прыбрала ў кватэры, выцерла кнігі на паліцы, пасля паехала да краўчыхі. Трэба было б зазірнуць у бібліятэку — я даўно не бачыла навінак, але Вера прызначыла час, а яе час быў абмежаваны: добрых краўчых куды меней, чымся нас, жонак, хатніх гаспадынь. Не паспела зняць паліто — пазваніла Таццяна, таямнічым шэптам падзялілася навіной — у яе завёўся «мілы друг», ёй патрэбен рэцэпт якой-небудзь маскі.
Пакуль пагаварыла з Таццянай, сцямнела, і цяпер заставалася толькі згатаваць вячэру, перамяніць халат на сукенку, уладкавацца на капапе і чакаць Сяргея.
Я чытала новы раман Гессэ, а ў галаве круціліся яшчэ і лянівыя думкі пра дачку, якую на канікулы забрала ў Маскву маці, і пра мужа, якому паспела разы тры пазваніць на тэлестудыю і крышку пасварыцца — з-за нейкай драбязы. Спакойна цікалі два гадзіннікі, дамавік, мабыць, спаў лагодным сном у нейкім сваім гняздзе за шафай, і раптоўны званок трывожна і злавесна ўварваўся ў цішыню. Званілі з бальніцы. Малады дзявочы голас дзёрзка кінуў:
— Ваш муж прасіў пазваніць. Ён у аперацыйнай. Не хвалюйцеся!
Я ледзь паспела спытаць у яе нумар бальніцы, і яна гахнула трубкай. Тут жа я атрымала і новую вымову — ад дыспетчара таксі, які не разумеў назвы нашай вуліцы…
I толькі амаль у непрытомнасці апрануўшыся, зачыніўшы кватэру і выбегшы на двор, я здзівілася таму, што тэлефонны званок з бальніцы абрынуўся на мяне, як шматтонны вадаспад, пад які трапляе неасцярожны плывец. Прынамсі, я трымалася на нагах, з гарачкі, не болей хвіліны, а пасля знясілена асунулася на драўляную лаву, дзе вечарамі любяць сядзець пенсіянеркі з нашага пад'езда, нястомна перамываючы костачкі бліжнім.
I ўсё ж горача пякло ў грудзях, падступала да сэрца. Што гэта са мной? Няўжо я так баюся страціць Сяргея?
За Сяргеем я — нібы за каменнай сцяной. Так гавораць мне ўсе знаёмыя, так сцвярджае сам Сяргей. Нарэшце, гэта ведаю я і сама. З якога пункту гледжання ні паглядзі — мой шлюб аказаўся ўдалы. Надзіва ўдалы. Проста надзіва.
Што гэта так доўга няма таксі? Колькі там ужо прайшло? Тры хвіліны? Не можа быць! Хутчэй бы давесці ўсё да поўнай яснасці. Усё-ткі ёсць жа нейкая небяспека! Удавой я не хачу заставацца. Ні ў якім разе! Б-р-р! Сяброўкі прыводзяць да цябе лысаватых мужыкоў, якія грэбліва п'юць чай і разважаюць пра вершы Ясеніна, абмацваючы цэпкімі вачыма ўсе падрабязнасці тваёй фігуры і прыкідваючы варыянты сумы тваёй і ягонай жыллёвай плошчы. Тыя ж сяброўкі сякуць вачыма кожны твой рух, а таксама і кожны рух сваіх уласных гаспадароў — калі ты па наіўнасці або глупству адгукнешся на іхнія запрашэнні і пойдзеш святкаваць, скажам, Новы год у кампанію жанатых людзей…Не! Ні ўдавой, ні разведзенай быць я не хачу — досыць нагледзелася. Жанчыны дабіваюцца самастойнасці ўсімі сваімі сіламі. Пасля гэтыя барацьбіткі абліваюць слязьмі тваё плячо і гадзінамі вісяць на тваім тэлефоне, молячы памірыць іх са сваімі новымі Атэла, якіх яны ўрэшце кідаюць, каб шукаць чарговую чулую душу. Усе гады свайго шчаслівага сямейнага жыцця я старалася агарадзіць сябе каменнай сцяной: парады вам — калі ласка! Рэцэпты страў, касметыкі, усялякага шытва — калі ласка! Але не хачу я лезці ў вашы душы і не хачу, каб вы лезлі ў маю. Напачатку, праўда, я рабіла такое глупства: мірыла некага, ездзіла, даказвала. Адну чуллівую дамачку з кінастудыі пакідала ў сябе начаваць, суцяшала яе. Халацік свой давала ёй, сарочку начную, супчыкі варыла для яе спецыяльныя — курыныя. Ажно пакуль Светачка не пачала шукаць суцяшэння яшчэ і ў Сярожы. Не, скандалу я не чыніла: не стану ж я даваць хвіліны шчасця цёцям Гашам з лавачкі! Я акуратненька сабрала яе шмоткі — Сярожы дома, дзякуй богу, не было — і далікатна выставіла чамадан за дзверы. Светачка глядзела на мае кіпцюры і маўчала. Вейкі яе так і трапяталіся, наманікюраныя пальчыкі дрыжалі, а твар збялеў, ад чаго ён выглядаў надзіва натхнёным. Божа мой, чаму ёй так падабаўся Сяргей?