18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 13)

18

— Но тое! — кусліва адгукнуўся Сямёнавіч, нервова падтыкаючы пад сябе коўдру. — Але ж трымаюць ногі! Чаго ў бальніцу пёрся?

— Ногі — яны, канешне, трымаюць… Але ў грудзях, халера на яго, аскабалак нямецкі застаўся. Як пачну кашляць — кроў свішча.

— Аперацыю, значыць, будуць рабіць, — уступіў у размову Аляксандр.

— Не-е, аперацыю не дам, а няхай падлечаць крыху, каб кроў не йшла. Куды — аперацыю! Сем дзесяткаў хутка, дацягну і без нажа. Ну, чаго вылупіўся, малец? — звярнуў ён позірк на Васю. — На табе сала, пакаштуй з лучынай. Га?

— Не-а, — адказаў Вася. — Я не хачу.

— Чаго там — не хачу! Есці трэба, а то быдта з крыжа зняты. Свіціцца ўвесь. Бяры, ну!

— Яму ўжо, кажуць, нішто не паможа, не старайся, — бліснуў з-над коўдры мутнымі зрэнкамі Сямонавіч. — Куды-ы!

— Маладзейшы ты за мяне, а ўсё роўна стары хрэн! Мальцу ў галаву абы-што ўбіваеш.

— Як гэта — абы-што? — пакрыўдзіўся Сямёнавіч, адкідаючы коўдру з галавы. — Ён і сам тое ведае. А ты тут не смярдзеў бы цыбуляй, а то і так дыхаць няма чым.

— Гэта чалавек смярдзіць, а цыбуля — яна лечыць. Ажно ад сямі хвароб. Чуў?

— Дома і лячыў бы свае хваробы! Бачыш яго — хрэнам называе!

— Хрэн ты і ёсць, а болей ніхто. А што тычыць маёй хваробы, то цыбуля — яна сем лечыць, а ў мяне восьмая… Во як!

Уначы Вася плакаў. Не ад слоў Сямёнавіча — ён прывык да такіх размоў,— а проста за вокнамі тварылася нешта дзіўнае, што закранула яго слабую, даўно здранцвелую істоту. Густы белы туман шчыльна абляпіў сасну, і яна ўжо не скардзілася, не стагнала, а слаба і задаволена ўздыхала, а далёка ўнізе, дзе ляцела вада, гулка стукаюцца адна аб адну лянівыя льдзіны і час ад часу вухкае ўніз пясок з падмытага вадой берага. Нешта тварылася за акном, і хлопчык адчуваў сябе забытым усім светам, не патрэбным нікому: ні Аляксандру, які бесклапотна хроп побач, ні маці, якая за ўвесь час прыйшла ў бальніцу аднойчы і ненадоўга, ні, нарэшце, сасне, якая відавочна задаволеная нечым, незразумелым і недаступным для яго, Васі Шкуцькі, і ўжо не натрэбна ёй слабае яго суцяшэнне… Кулаком затыкаючы рот, каб ніхто не пачуў ягоныя ўсхліпванні, ён адчуваў, як слёзы раз'ядаюць вусны, што патрэскаліся раніцай, і аблізваў іх, але язык таксама быў шурпаты, цяжкі, сухі — і таму хацелася выпаўзці на двор і, стоячы, як шчанюк, на чацвярэньках, хлябтаць цяжкія буйныя кроплі, якія сыпаліся са знямоглага вільготнага куста, што рос пад акном… Але ён баяўся разбудзіць каго-небудзь у палаце, баяўся строгай медсястры Сашы, якая сёння дзяжурыла па бальніцы, і таму ўсё цягнуў і цягнуў на галаву прапахлае лекамі покрыва і падціскаў пад сябе сіняватыя ногі з худымі жоўтымі пяткамі. Роўная вадкая: цемра стаяла ў палаце, ад батарэі ішла цеплыня, і Васю здавалася, што памерці — гэта і значыць вось так ляжаць, задыхаючыся ад духаты і цемры, баючыся паварушыцца і ўсхліпнуць, побач з чужымі, раўнадушнымі да цябе людзьмі!.. Стамляючыся ад плачу, ён высоўваў галаву з-пад покрыва і кожны раз пераконваўся, што ранак яшчэ не наступіў: гэтак жа роўна хроп Аляксандр, гэтак жа курчыўся ў сне Сямёнавіч. Новы, дзед Цімох, і ў сне натужна кашляў, вохкаў і, прачынаючыся, доўга піў ваду, а пасля зноў засыпаў. У грудзях яго ўвесь час нешта булькацела, ірвалася, ад гэтага жах яшчэ мацней апаноўваў Васю, і, перачакаўшы, пакуль дзед не засне, ён зноў выглядаў з-пад падушкі, як чуйны і напалоханы звярок, усё чакаючы дасвецця і слухаючы ноч.

Рапіцай ён неяк адразу саслабеў. Ляжаў, чужымі вачыма гледзячы на Сашу, якая дзелавіта шукала свабоднага месца на ягоных руках, даўно сколатых шпрыцамі, на суседзяў, што бразгацелі шклянкамі, на Тамаша Кузьміча, які заклапочана ссунуў бровы ў час ранішняга абходу, калі медсястра падала яму графік тэмператур.

На дварэ быў усё той цвёрды белы туман, ад чаго ў палаце гарэла лямпачка, і па-ранейшаму цмокалі кроплі з гнуткага лазовага куста, але Вася адрачона заплюшчваў вочы, не жадаючы чуць што-небудзь у гэтым магутным, бязлітасна цудоўным свеце, які выкінуў яго, як не патрэбную яму, хворую часцінку, як выкідала чэрствыя кавалкі хлеба Васіна маці. Дзед Цімох заклапочана тупаў каля хлопчыка, аб нечым пытаўся; з жаночай палаты нясмела заглядала цётка Васіліса — маладая яшчэ жанчына са светлым, ласкавым паглядам — ён не адгукаўся, не глядзеў на цукеркі, што ляжалі на тумбачцы. Сварыўся Сямёнавіч, патрабуючы асаблівае, імпартнае, лякарства, лашчыўся да Сашы вясёлы Аляксандр, хрумсцеў цыбулінай дзед Цімох — усё гэта здавалася Васю аддзеленым ад яго, несапраўдным: і ад таго нецікавым.

Пад вечар дзед Цімох прыцягнуў аднекуль відьготную сукаватую палку. Слабы пах сасновай смалы паплыў па пакойчыку, дасягнуў белага як палатно Васінага твару — і хлопчык прыўзняў цяжкія павекі і пацямнелымі, нетутэйшымі вачыма некаторы час назіраў за тым, як дзед, паставіўшы палку паміж ног, асцярожна рэжа пешта сваім бліскучым ножыкам. Зайшла ў палату Саша, пачала сварыцца, пасля, разгледзеўшы дзедаву работу, падабрэла і толькі наказала не надта паказваць кіёк у час абходаў ды не сыпаць на падлогу стружкі.

— Глядзі, чаго я табе зрабіў,— працягнуў на наступную раніцу дзед Цімох свой кіёк. — А, Васіль? Глядзі, цэлы заапарк. Цацку табе. А то, гляджу, зусім ты з намі засумаваў, малец.

На карычнева-мядзянай кары былі ўмела выразаны звяры і птушкі, а збоку, ніжэй, — яхідны профіль Сямёнавіча ў выглядзе ворана. Сямёнавіч быў настолькі падобны, што Вася слаба ўсміхнуўся, і дзед Цімох узрадавана зарагатаў, паказваючы свае старыя, сточаныя зубы:

— Ты толькі не паказвай яму, — ён кіўнуў на пусты ложак Сямёнавіча. — А то згрызе чалавек тую палку, як сухую кілбасу. I шкада яго. Чалавек усё-ткі!

— А гэта што? — праз сілу паказаў Вася на доўгую, дзіўную касцістую рыбіну, што размясціў дзед уздоўж палкі.— Хто гэта?

— Ага, разгледзеў! Заўважыў, значыць, што не падобная яна да іншых. Гэта, Васюта, самая старая рыбіна па Зямлі — асётра. Асяцёр балтыйскі. Ён часам да трох метраў даганяе, а вагой — да дванаццаці пудоў. Во як!

— Дзе ж ты яго ўгледзеў, дзед, асятра? — з'едліва загаварыў Аляксандр. — Я нешта не бачыў ніводнага…

— Адкуль табе бачыць? Яны толькі летам да нас заходзяць, і то ненадоўга, у Нёман альбо ў прытокі. А ў апошнія гады я таксама іх нешта не бачыў. Нішчаць іх людзі…

— Няўжо ў Нёман заходзяць? Чаго?

— Так ужо ім прырода загадала: нераставаць толькі ў прэснай вадзе. А ікра ў яго надта смачная!

— Ніколі я не бачыў асятроў,— разважліва загаварыў Аляксандр. — Ану, дай паглядзець, дзед!

— Гэта мая палка! — бяскроўнымі пальцамі ўчапіўся за палку Вася. — Мая! Я сам… буду глядзець.

— Ну, раз гаворыць «мая» — значыць, не памрэ пакуль, — скурчыўшыся, калюча засмяяўся Аляксандр. Яго бойкія вочы зацьмянелі.— Эх, даў бы я табе зараз, ды ўстаць не магу!

— Што вы ўсё: «памрэ — не памрэ!», — дзед Цімох абцёр свае вусы, і Вася ўпершыню заўважыў, што яны не зусім белыя, а пракураныя і ад таго нібыта пазялёненыя. — Чаго яму паміраць? Ён яшчэ сваю пазыку не аддаў, не аддзячыў, значыцца, жыццю за тое, што яго на свет выправілі!

— Якая аддзяка, дзед? — пасмяяўся Аляксандр. — Смерць, яна ўсіх малоціць, не разбірае, аддае хто якія запазычанасці ці не. Скажам, мяне. Запраста магло кокнуць — а хіба мне на той свет так не церпіцца?

— Вось цябе жыццё і папярэдзіла, каб ведаў, што да чаго. Каб думаў — а як даўгі аддаваць будзеш? Як далей жыць?

— Скажаш… Што табе жыццё — гэта служба, ці што?

— Служба? Гэта ты добра сказаў, сынок. Калі ты ёсць на сваім месцы, карысць прыносіш — цябе на службе трымаюць. А не — дык ідзі на пенсію!

— А я… Што я павінен адрабляць? — ціха запытаўся Вася. — Чым, дзед Цімох?

— Адкуль я ведаю, малец? Я адно скажу: жыццё — яно кожнаму заданне дае. Як ні станавіся дубака — мусіш думаць: для чаго на свет прыйшоў?

— Ну, а Сямёнавіч нашто прыйшоў? — пасміхаўся Аляксандр.

— Сямёнавіч? Ну, пэўна, як воўк — каб людзі не адвучыліся бегаць. Чуў, нябось: зайцы і тыя без воўка бегаць не хочуць. Лянуюцца, хай на іх немач!

— Гэта хто воўк? — высунуўся з-за дзвярэй Сямёнавіч. — Ізноў, стары, брэшаш?

— Чаго мне брахаць? Можа, скажаш, і праўда не воўк? Нашто жонку мучыш? Кожны раз як прыйдзе — раве ад цябе. А кумпяк пашто кад коўдраю ясі? Усё роўна ні я, ні Аляксандр во… ні Васюта… кавалка ў цябе не возьмуць. Хоць папросіш — не возьмем.

— Папрашу, чакай! Вас многа тут. А чалавек — ён не для іншых, а для сябе жыве. Для сябе, зразумела?

У палаце запанавала маўчанне.

— Дзед Цімох, а дзед Цімох! — паклікаў Вася.

— Ну, чаго табе, хлопча?

— Ці праўду вы кажаце: пакуль не выканае чалавек свой абавязак — не памрэ?

Сямёнавіч адкрыў быў рот, але паглядзеў на дзеда — і змоўчаў.

— Нягож! — з перакананнем вымавіў дзед Цімох. — Ніколі не памрэ. Праўда, Аляксандра?

Аляксандр перавёў позірк з дзеда на Васю — і апусціў вочы.

— Само сабой. — I, з натугай паварушыўшыся, дадаў, заплюшчваючы вочы: — Каб жа ведаць, што там за абавязак!

…Упартая, злосная іскрынка жыцця ніяк не хацела згаснуць у худых, касцістых грудзях Васі Шкуцькі; нейкая таямнічая, не зразумелая для акаляючых сіла раздзьмувала яе.

З таго дня, як дзед Цімох падарыў хлопчыку палку з выразаным на мядзянай кары асятром, прайшло нямала часу. Закусціліся, закучаравіліся светла-зялёным цёмныя лакіраваныя сасновыя яліны, з крутых бакоў пагорка вылезлі і распушыліся чабор і сон-трава, а вярба пад вокнамі раскудзелілася жоўтымі каташкамі, над якімі шчыравалі пчолы і чмялі. Аляксандр даўно выпісаўся з бальніцы, але часта зазіраў у акно да Сашы, калі яна дзяжурыла, і Вася не-не дый чуў ягоны бесклапотна-нахабнаваты рогат і шчабятлівы голас медсястры, якія несліся ў бакоўку. Сямёнавіч пасля аперацыі трапіў у іншую палату, I ў чацвёртай засталіся дзед Цімох і Вася. Дзед яшчэ болей схуднеў, піжамы віселі на ім, як на пудзіле, але заставаўся, як звычайна, гаваркім і цікаўным і ўсё выразаў на яловых і бярозавых кругляках вясёлых звяркоў і дарыў іх кожнаму, хто пажадае.