Ольга Ипатова – Перакат (страница 10)
Вяртаючыся дадому, ён цяпер часам думаў нязвыклае: што ёсць прыгажосць, чаму прымаюць яе так неаднолькава, чаму ўвогуле жыве яна нейкім сваім, невядомым, патаемным для простых людзей жыццём?
Неяк, не заўважыўшы яго, сказаў хтосьці з мужчын пра Ванду, што яна нагадвае лісіцу: гнуткасцго цела, зманлівасцю гаворкі і паводзін. Пінчук усміхпуўся. Менавіта гэта больш за ўсё і падабалася яму ў жошцы — вішаватая, яна як бы зачароўвала яго наноў: церлася аб шчаку, мурлыкала, дагаджала ў кожнай дробязі. Можа, таму патаемна і не любіў ён жанчын дзелавых, рэзкіх, жорсткіх, нечым падобных да мужчын, якія і руку працягвалі гэтак, як мужчыны, і моцна паціскалі руку, гэтак жа, як мужыкі. Такіх жанчын у школе пасля вайны было шмат. Разлютаваныя адзінотай і цяжкасцямі, яны часта сварыліся, і ён, дырэктар, стамляўся ад неабходнасці іх мірыць. Таму ён заўсёды імкнуўся дадому, дзе было ціха і ўтульна, кожная рэч дыхала гаспадарлівасцю і клопатам. Багата карункавых покрываў; падчас абеду ці вячэры на стале былі бялюткія пакрухмаленыя сурвэткі. Нядзелю ж святкавалі з самаварам і пірагом. Тады такі быт называлі мяшчанскім, сурвэткі высмейвалі, але Пінчук цвёрда трымаўся звыклага, адно толькі рэдка запрашаў да сябе калег са школы. Тым больш што працавалі там амаль адны жанчыны.
З гадамі яны мяняліся: праз некалькі гадоў з'явіліся настаўніцы з трывалымі універсітэцкімі ведамі ў вузенькіх кароткіх спаднічках, з узбітымі валасамі, якія ліха гулялі з вучнямі ў настольны тэніс і паціху курылі ў туалетах. У настаўніцкую пастаянна званілі маладыя хлапечыя галасы, настаўніцы ў размовах сыпалі незнаёмымі імёнамі Джойса, Кафкі, Сэлінджэра, а на педсаветах спрачаліся не толькі з калегамі, а нават і з прадстаўнікамі гарана, бянтэжачы бывалых чыноўнікаў спасылкамі на вялікіх.
Неяк Пінчуку пазванілі нават з аддзела міліцыі — дружыннікі затрымалі на танцавальнай пляцоўцы маладую пару, што танцавала яшчэ невядомы ў гарадку твіст. Маёр, з'едліва націскаючы на слова «педагогі», прасіў прыняць належныя меры, пагражаючы напісаць пра дрэнную работу з моладдзю. З маёрам дырэктар быў добра знаёмы, і той, канешне, нікуды не стаў бы пісаць, але Пінчук усё ж пагаварыў з маладымі калегамі, не спадзеючыся на гэтую гаворку. Дый гэтае пакаленне настаўніц надта ж хутка абзавялося спадарожнікамі жыцця, паспакайнела. Праўда, некаторыя пары хутка і распаліся — відаць, у гарадку ўсё ж не хапала мужчын, — але ранейшыя скідвальніцы ўсё роўна былі занятыя хатнімі і сямейнымі клопатамі. Цяпер яны болей званілі ў суседнія школы, сварыліся па тэлефоне на ўласных дзяцей, а ім на змену, але ўжо не пакаленнем, а неяк цішэй, па адной, сталі прыходзіць іншыя дзяўчаты — спакойныя, ураўнаважаныя, багата, нават раскошна, апранутыя, а ў тэлофонных размовах замільгалі зноў нячутныя раней словы: «штроксы», «джынсы», «Марлбара»… Гэтыя дзяўчаты не спяшаліся замуж, яны ўпэўнена праводзілі ўрокі, не спрачаліся з начальствам, і не было ў іхніх вачах неспакойнага тамлення і агня папярэдніц…
…Цяпер, калі надаралася Ісці па той вуліцы, Пінчук збянтэжана, быццам яго ў нечым абвінавачвалі, ківаў галавой Галіне, якая заўсёды бачыла яго набліжэнне, і заўсёды знаходзіла час, каб усміхнуцца яму, сказаць нешта пра надвор'е. Пастаянныя яе кліенты, відаць, таксама заўважылі, што ёсць паміж гэтымі двума нейкая, хай і тонкая, нітачка, таму што аднойчы той жа хлопец у каляровай кашулі — здавалася, ён і не здымаў яе ніколі — крыкттуў яму здаля:
— Ты б ёй спатканне назначыў, ці што!
Хтосьці засмяяўся, хтосьці зацікаўлена паглядзеў на прадаўшчыцу, а яна залілася гарачай чырванню і нават не адказала хлопцу, затое Пінчук раптоўна падумаў, што ён, той хлопец, усё ж нечым сімпатычны., I — нібы апякла думка: а што, калі папраўдзе прызначыць спатканне? Але як падысці, што сказаць? Лёгка пажартаваць, прызначыць спатканне як бы мімаходзь? Ён забыўся, як лёгка гэта было калісьці, і пакута, разам з сорамам і шкадаваннем нечага, напоўніла ягонае сэрца.
I ўсё ж праз некалькі дзён, прыкінуўшы, калі яна заканчвае работу, ён падышоў да яе. Жанчына, скінуўшы халат, складвала яго ў сумку. Яна нічога не спыталася, толькі, ускінуўшы вочы, моўчкі ўсміхнулася поглядам і лёгка пайшла па вуліцы, крыху спяшаючыся, каб не адставаць ад ягонай размашыстай хады.
— Стаміліся? — спытаўся ён нарэшце.
— Ды ўжо ж. Гэтая работка — не радасць, — адгукнулася яна.
Цёмная жакетка, з-пад каўняра якой выбіваўся какетлівы краёчак хусткі, рабіла яе постаць стройнай, амаль дзявочай. На ёй была вузкая шэрая спадніца, ногі, як заўсёды, абутыя ў прыгожыя пантофлікі, але сёння раптам Пінчук заўважыў, што збоку, каля вялікага пальца, на пантофліку была акуратная латка.
— Навошта ж вы пайшлі сюды? — спытаўся ён зноў і тут жа пашкадаваў аб гэтым, бо пытанне прагучала неяк нялоўка, нязграбна. — Я ж гэта… проста хацеў сказаць, што вы, мабыць, маглі адшукаць і іншую работу.
— Не такую, як прадаўшчыца? — засмяялася яна. — Гэтую работу, між іншым, не кожнаму давераць.
— Чаму? — зноў пытанне прагучала наіўна і няўклюдна, ён зразумеў гэта па яе твары.
— Таму што тут кантролю амаль ніякага, а пены шмат, — крыху іранічна загаварыла Галіна. — А з пены нават замак можна пабудаваць. Што, не верыце? Ну, не замак, дык катэдж, з гаражом, з фінскай лазняй…
— Вы… вы таксама ашукваеце людзей? — чамусьці шэптам сказаў Пінчук. Кроў кінулася яму ў твар. Галіна пазірала на яго насмешліва.
— Божа, гэтыя педагогі! — ціха засмяялася яна. — Слова якое тут жа… не пашкадавалі!
— Я проста спытаўся, — амаль прашаптаў Пінчук, ужо шкадуючы, што пайшоў за ёю. I жанчына, нібы адчуўшы ягоны настрой, прагаварыла больш мякка:
— Шкадуеце, што загаварылі пра гэта?
— Не, чаму ж! — пачаў ён апраўдвацца, але яна перабіла яго.
— Можаце паверыць, мая фотакартка на Дошцы гонару вісіць. Не першы год. I на кожнае свята — падзякі. Мне, Іван Пятровіч, толькі гэта і засталося — ва ўдарніцах хадзіць. — Горыч прагучала ў яе словах, і ён прымоўк, а пасля спахапіўся:
— Адкуль вы ведаеце мяне — і па бацьку нават?
— Я вас даўно ведаю. Так даўно, што ого!
— А я… — ён спыніўся, больш пільна ўгледзеўся ў яе, — я вас пе прыпамінаю.
— Ды як было запомніць, нас шмат было, — сказала яна, і ён задумаўся: можа, яна вучылася ў іх школе? Не, гэтага не магло быць — сваіх выпускнікоў ён ведаў амаль усіх, абавязкова ўспомнілася б хаця якая рыса.
— Не старайцеся, не ўспомніце, — прагаварыла жанчына крышку як бы разачаравана. — А я якраз вам свой букет уручала — белыя вялікія такія гваздзікі. Мы з мамай іх на рынку выбіралі, каб самыя лепшыя былі. Мама вельмі клапацілася, каб у мяне было прыгажэйшае, лепшае…
I дадала ўжо са смехам:
— А вы мяне за тое ў галаву пацалавалі.
— Калі гэта было?
— Даўно… — сум, як цень, пабег на яе твар. — Часам здаецца, што зусім у другім жыцці. У Дзень Перамогі.
— А ўсё ж? — ён дапытваўся, як быццам пільна трэба было аднавіць усе падрабязнасці іх даўняй сустрэчы, калі яна, відаць, была яшчэ школьніцай.
— Я тады ў сёмы клас хадзіла, — працягвала Галіна. — Упершыню даверылі кветкі ўручыць ветэрану. Я ж раней троечніцай была, а тут вырвалася амаль у выдатніцы.
Ён спрабаваў успомніць, пра які Дзень Перамогі яна гаворыць. Ды іх было ўжо не так і мала, тых святаў. Дзесяцігоддзі напластоўваліся адно на адно, жыццё пайшло з паскарэннем. Праўда, у тыя дзесяць — пятнаццаць гадоў назад, пра якія яна гаворыць, ён дужа здзіўляў усіх сваім занадта маладым для ветэрана выглядам. Пінчук прывык да здзіўлення: не кожнаму будзеш расказваць, што на вайну пайшоў шаснаццацігадовым, быў разведчыкам, а пасля камандзірам разведкі ў партызанскім атрадзе. I хаця двойчы паранены, узнагароджаны ордэнам, не кожнаму пакажаш блізны на целе. Дый узнагароды свае доўгія гады ўвогуле не насіў — не тое каб саромеўся, але неяк не прынята гэта было ў тыя гады. Занадта многа было тады хлопцаў, якім грудзі трэба было пашыраць, каб змясціць усе ўзнагароды. З гадамі франтавікоў заставалася ўсё меней, і апошнія гады, усё болей і болей прыкметна, стала назірацца нейкае як бы аднаўленне мінулага, цікавасць да яго. Нібыта нешта скранулася ў самім часе ці пачынаўся нейкі новы віток спіралі — але ўзнагароды вымаліся з запаветных шкатулак, новая плынь мемуарнай літаратуры прабівалася на старонкі выданняў, ажывала тое, што, здавалася, крэпка засела ў тым, даўно мінулым, але незабыўным часе маладосці…
I цяпер, гледзячы на яе ружовы, з дробненькімі маршчынкамі твар, ён адчуваў, якія немагчымыя напластаванні часу аддзяляюць іх адно ад другога.
Калі яна падбягала да яго сямікласніцай, Уладзік хадзіў у чацвёрты-пяты клас, а яны з Вандай толькі пачалі жыць у дастатку, хай сабе і невялікім. Каб была яна жывою, ён бы, каненше, не пакутаваў ад адзіноты, а пачуваў бы сябе яшчэ маладым, поўным сіл, жаданым…
Яна спынілася, зазірнула яму ў вочы і зноў усміхнулася, як тады, калі насоўкай выцірала пляму. Усміхнулася так, нібы ведала сілу сваёй усмешкі, сваёй жаноцкай абаяльнасці. I зноў яму стала нечакана добра і лёгка на душы.
— Вы ж і зараз яшчэ малады, Іван Пятровіч, — вымавіла яна пераканаўча. — Праўда, дальбог, малады…
Яны і не заўважылі, што сонца амаль схавалася за невялікімі шэрымі хмаркамі, і толькі калі пырснулі на цёплы пыл, на цяжкія сонныя вішні за агароджамі першыя кроплі дажджу, абодва пачалі разгублена азірацца па баках, быццам не ведаючы, што ж цяпер рабіць.