Ольга Ипатова – Перакат (страница 48)
А для Святаславы несканчона пацягнуліся дні і тыдні. Церам, у якім жыла яна цяпер, стаяў паводшыбе, ля канюшні, дзе трымалі лепшых княжацкіх коней. Бліжэй за ўсіх стаяла доўгая прыбудова, дзе жылі дваровыя дзеўкі, халопы, ключніцы. Сюды ніколі не зазіралі лішнія людзі, і гэта было маленькім суцяшэннем для яе. Не магла яна забыць старэчых грэблівых вачэй старога князя, які нічога не сказаў сыну, — праз год вяселле з Васількоўнай, а пакуль хай сабе цешыцца! Халопка, якая была прыстаўлена да яе, называла Святаславу прыгажуняй, але і ў яе вачах чытала тая часам, разам з зайздрасцю, нейкую пагарду… Быў цяпер на княжацкай наложніцы залаты налобнік, з якога на скроні падалі падвескі-лунніцы, што ззялі на сонцы барвовымі эмалевымі крупінкамі. Каралі з жоўтых заморскіх камянёў абвівалі яе шыю, залатыя браслеты-змейкі ззялі таксама на тонкіх загарэлых руках. У бронзавым дыску бачыла яна свой адбітак — чужым і нянаскім здаваўся ён самой Святаславе…
Княжыч, здавалася, не мог жыць без яе. Штовечар прыходзіў ён у церам, прыносіў падарунак, і многа іх сабралася ўжо ў дубовай скрыні з сярэбранымі насечкамі: кавалак парчы, што ззяў тонкімі залатымі ўзорамі, туфелькі з саф'яну, карункі, што плятуць у заморскіх краінах з нітаў, якія вырабляюць чарвякі,— шоўкам называлі яго купцы. А зусім нядаўна яшчэ адно з дзівосаў прыпёс княжыч — сарочку, якая, аказваецца, была зроблена ў Нябеснай імііерыі жаўтатварымі людзьмі з вузкімі вачыма — з нітаў, якія тчэ павук… Вохкалі дзеўкі-прыслужніцы, а Святаслава глядзела на падарунак, і толькі слабой, змучанай усмешкі дабіўся ад яе княжыч! Не вытрымаў ён, грубымі словамі няславіў няўдзячную, ды ад крыку яго, ад слоў толькі бляднела Святаслава; але не казала ні слова ў адказ, і ён выскачыў, чырвоны ад злосці.
Але назаўтра зноўку прыйшоў — ціхі, пакорлівы, падарунак прынёс яшчэ багацейшы, як быццам хацеў тым падарункам загладзіць свае ўчарашнія словы. Але і без таго дароўвала яна — што заставалася?
I ад усяго гэтага яшчэ гарчэй рабілася на душы палонніцы. Цэлымі днямі нерухома сядзела яна ля акна, але толькі краёчак далёкага лесу быў відзён між княжымі пабудовамі. Цэлымі начамі, калі не бываў у святліцы княжыч, бясшумна хадзіла яна па святліцы, падлога якой была засцелена звярынымі шкурамі. Бывала, што падала яна ў страшнай журбе на падлогу, абдымала мядзведжую поўсць, што слаба пахла лесам, смалой, нечым звярыным… Яна глядзела на свае рукі, якія сталі белымі і мяккімі, нібыта ніколі не ведалі чорнай, да знямогі, работы, не нацягвалі цецівы, не здымалі скуру з забітага звера, не трымалі свярдзёлак. I паступова прыходзіла адчуванне, што самае галоўнае, тое, ад чаго не можа супакоіцца душа, гэта яно — работа разьбяркі… Прыходзілі ў сне ўпартыя, грозныя вочы Дажбога, запальвалі душу ўспаміны пра ўзоры, што выводзіла некалі на дрэве ці косці, шукаючы ў самім дрэве абрысы то лесавіка, што вартуе лясныя гушчары, то змяі-чараўніцы, то Зары. Не было чаго зараз шукаць, не было з ёю свярдзёлка і нажа, адно паспела толькі зрабіць Святаслава, калі ад'язджаў на тры дні Рагвалод —. упрыгожыць прыхаматлівай вяззю ягоны паляўнічы рог, якім там, у гушчары, клікаў ён у той дзень сваіх грыдняў. I тое, калі вярнуўся княжыч, загадаў ён, каб секлі лазінамі дзеўку-чалядніцу, якая прыносла каханцы княжацкай нож. Раўнаваў ён да ўсяго, што магло б заняць сэрца Святаславы, хацеў, каб аднаму яму належалі ўсе, самыя патаемныя яе думкі!
Цяпер з яшчэ большым імпэтам сачылі слугі за кожным яе крокам, за кожнай зменай у твары — надзіва прыгожым стаў ён у апошнія месяцы, і вочы пабольшалі як быццам…
Ніхто не ведаў, аб чым думае Святаслава. Але прыйшло да яе вялікае рашэнне, і з таго часу змянілася яна — павесялела, нават песні пачала спяваць. Супакоіўся Рагвалод, падумаў з палёгкай — асвойталася…
Але аднойчы на світанні ён прачнуўся адзін. Расплюшчыў вочы, хуценька памацаў рукой каля сябе — нікога! Усхапіўся так, што затрэсліся сцены. Басанож бег па двары да стайні.
— Дагнаць яе! — зароў грыдням, што мігам ускочылі на коней і памчаліся за ім. — Дагнаць подлую!
А калі шалёным наметам пранесліся коні праз горад, перагнаў яго Мядзведзь. На кані перад ім, цесна прыціснуўшыся да магутнай фігуры дружынніка, які шчыльна ахінуў яго плашчом, ляжаў карычневы ганчак з вузкай разумнай мордай.
— Не спяшайся, княжа! — крыкнуў Мядзведзь праз шум ветру. — Зараз Сокал павядзе нас!
Ён ткнуў у нос ганчаку кашулю Святаславы — і калі толькі паспеў яе прыхапіць? Пасля спусціў яго з каня.
— Шукай, Сокал, — сказаў ён сабаку. — Шукай яе. Ну!
Сокал, нізка апусціўшы галаву, пабег у кусты. Следам, ломячы іўняк, пабеглі дружыннікі.
След, вузенькі, як шнурочак, яны ўбачылі адразу, калі выскачылі на луг. Ішоў ён праз луг да Дзвіны, па беразе. I тады зразумеў княжыч, куды накіравалася бяглянка. Там, за жальнікам, за бярозавым гаем, ёсць сяльцо. Жыве там нехта з родзічаў Святаславы, пра гэта прагаварылася яна неяк у хвіліну адкрытасці. Збегла! Ад яго ласкі, ад блізкасці, ад падарункаў, якія ён прыносіў штодзень!
Знайсці, засекчы лазінамі да смерці, распяць на варотах!
Дзікае, помслівае пачуццё, як тады, калі ўпершыню адмовіла яму, гнала яго наперад. Ён не адчуваў стомы, адно свістаў у вушах вецер. Далёка ззаду засталіся грыдні і знясілены Сокал.
Ён здалёк убачыў белую яе постаць. Ішла таропка, але не азіраючыся, каб не губляць дарэмна часу. Але раптам, як адчуўшы яго далёкі позірк, а можа, пачуўшы конскі тупат, Святаслава азірнулася.
Кінулася бегчы ўздоўж берага, але тупат насцігаў яе ўсё бліжэй і бліжэй. Далёкае гаўканне сабак пачулася ад гаю, крыкі грыдняў, што імчаліся за княжычам.
Яна спынілася, стала тварам да яго. I ўжо мог разгледзець Рагвалод збялелы твар, бачыў, як хістаецца пад абрывам тонкая постаць у белым.
Ён сцебануў каня, і ў той жа момант, страшна ўскрыкнуўшы, Святаслава зрабіла да абрыву адзін крок, другі — і раптам кіпулася ўніз, у бездань, што сінела ўнізе, пенілася імклівьімі, шалёнымі струменямі цяжкай вады!
Распластанае ў палёце цела з заломленымі ў адчаі рукамі мільганула ў паветры, пасля пачуўся моцны плёскат… Даляцеў да абрыву княжыч, але ўбачыў толькі, як пацягнула вада маладое, моцнае цела. Мільганулі рукі яе, пасля твар… а пасля стала так ціха, што адчуў Рагвалод, як штуршкамі б'ецца яму ў галаву кроў і ціха, але няспынна шуміць рака. I быццам ніколі не было на свеце Святаславы, яе чуйнага сэрца і рук, што сумавалі па рабоце!
…Васількоўна, калі стала жонкай Рагвалода, крадком зняла са сцяны паляўнічы рог, упрыгожаны рукамі суперпіцы, увесь час баязліва гледзячы на дзверы, нібыта баялася, што вось-вось прыйдзе муж, хаця ведала, што няма яго — днямі прападае Рагвалод на паляванні, рэдка заходзіць да яе ў святліцу. З дурной бабскай зацятасцю выняла яна прынесеную грыднем сякеру, і з усяе сілы ўдарыла па рогу…
Мінулі гады, стагоддзі.
Раўнадушная зямля прыняла ў сябе і князя, і Рагвалода, і патомкаў іх. Нікога не засталося з роду Рагвалодава…
Але затое застаўся Дажбог — вечны, ненарушны, як чалавечая памяць.
Стаіць ён у музеі і глядзіць навокал таямнічым, усёпранікальным позіркам. Многае помніць ён, і асабліва тую, якая дала яму жыццё. Маўчыць Дажбог, але гаворыць сама ягоная прысутнасць. Гаворыць пра тых, хто хадзіў раней па зямлі, па якой ходзім мы, пра тых, чыя кроў цяпер пульсуе ў нашых жылах — успамінам і напамінкам…
Расанка
Шарак, падняты ганчакамі, панёсся па полі, высока ўскідваючы ногі, перамахваючы купіны. Ястраб-цецеравятнік кінуўся на яго зверху, але заяц імкліва перавярнуўся, шкрабануў лапамі, так што птушка, ратуючыся ад вострых кіпцюроў, узвілася, нібы падкінутая магутнай хваляй. Маленькі шэры камячок з новай сілай кінуўся да лесу. Але, калі чэліг зноў павіснуў пад ім, шарак не паспеў перавярнуцца. Імгненне — і пачуўся заечы крык, цягучы і тонкі, як у перапалоханага дзіцяці.
— Усё, — з палёгкай уздыхнуў сакольнік. Ён перавёў пагляд на князя Усяслава: напружанне амаль сутаргава сцяла яго малады твар, высокі лоб быў сабраны ў зморшчыны, вочы, не адрываючыся, глядзелі ўдалечыню. Пасля ён махнуў сакольніку, але той і сам заспяшаўся: чэліг натужна махаў крыламі, а заяц, ужо напалову знясілены, яшчэ тузаўся. Сакольнік з цяжасцю вызваліў яго з вострых кіпцюроў раз'ятранай птушкі, кінуў у лазовую клетку. Ястраб, адарваны ад здабычы, незадаволена кружыўся над імі, але, паваблены Усяславам, неахвотна паляцеў да князевай рукі і сеў на аксамітавую, шытую сухім золатам пальчатку.
Ціхі, лагодны восеньскі дзень плыў над прасторамі. Полаччыны. Няяркае ўжо сонца мякка залаціла выжараную за лета пожню, кроны каржакаватых бяроз, што дзе-нідзе стаялі ў полі. Цёплы вятрыска амаль неадчувальна кранаўся ўспацелых ад дзікай гонкі твараў.
Паляўнічых было няшмат: князь Усяслаў, сакольнік Чарэня з памочнікам ды чатыры грыдні, кожны з якіх меў прывязаны да сядла вялікі берасцяны кораб з дзіркамі, дзе сядзеў сокал альбо ястраб. Паляванне было малое — князь не вельмі любіў пыхлівыя выезды, дзе было шмат людзей, ганчакоў, коней, і ўсё гэта крычала, гаўкала, іржала, так што паляўнічыя птушкі пасля палявання трымцелі і адмаўляліся ад ежы. Аднойчы нават здарылася бяда: адзін з ястрабаў, прывязаны ў спешцы заблізка да лепшага дзікамыта [2] зжэр таго, так што раніцай ад птушкі, за якую было аддадзена намытчыку [3] столькі кун, што за іх можна было купіць хату ды некалькі кароў, засталіся толькі косці ды пер'е. За гэта сакольніка Чарэню білі лазінамі, але на пасадзе сваёй пакінулі — з усіх сакольнікаў ён найбольш падабаўся кпязю, бо характару быў буйнога і нястрыманага, але з птушкамі працаваў адменна.