18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 47)

18

Глядзі ты — яна прыгожая! Сапраўдная красуня! Не параўнаць з ёю Васількоўну, дачку суседняга князя, да якой нядаўна адпраўлялі сватоў! Ён чамусьці аблізнуў перасохлыя вусны, спытаўся, каб парушыць злавесную цішыню:

— Бач якая… Клічуць цябе як, дачка чыя?

— Святаслава, княжыч. А бацьку з маці не назаву табе, не хачу бяду ліхую наклікаць на іх галовы.

— Не ліхаімец я, пашто мне караць тваіх бацькоў! А імя чаму табе далі мужчынскае, ды такое, якое баярыну прыстала, а не простай халопцы? Няўжо хрысцілі цябе ў царкве?

— Маці хрысціла, употай ад бацькі. Была яна дачкою багатага купца, а палюбіла бацьку — і пайшла за ім у лясы дрымучыя… Імя ж мужчынскае таму, што сына вельмі чакаў бацька і не хацеў ён змірыцца з тым, што дачка нарадзілася.

Яна адказвала складна, так, як быццам і сапраўды не баялася яго, і твар яе стаў інакшым — зноўку прыветлівым і простым. А пасля падхапіла лубянку, якую паставіла на асеннюю зямлю, і наважылася ісці далей.

Не ведаў ён, пра што яшчэ гаварыць, каб засталася, каб вочы яе зноў сталі светлымі і ласкавымі. Юным быў яшчэ княжыч, а яна, хаця і здавалася равесніцаю, гаварыла, як сталая з малым яшчэ хлапчанём… Конь ціха ўжо ішоў за ёю, і гэтаму таксама падзівіўся княжыч — надта прывык ён, нягледзячы на маладосць, што чырванеюць баярскія дочкі, сустракаючыся поглядам, што халопкі робяцца ніжайшымі, калі ён праходзіць міма, і конь яго быў капрызлівы, гарачы, па аднаму знаку гаспадара мог збіць магутнымі грудзьмі чалавека і, як ні ў чым не бывала, праскочыць далей па безданаможнаму целу!

— А ў лесе адна не баішся? — загаварыў ён нарэшце.

— А хіба адна я, княжа? — коратка глянула на яго дзяўчына і лёгка тарганула плечуком, на якім вісеў лук. — Маю добрага абаронцу і сябра!

— Няўжо ён так добра аберагае?

— I не толькі ён. Племя наша пайшло ад Сварожыча, і не можа з намі бяда якая здарыцца ў лесе.

— Няўжо і мядзведзь нікога не задзірае, і воўк каля вашага племені ягнём робіцца?

— Не смейся, княжыч. Мядзведзь задзірае ці воўк — гэта Сварожыч гневаецца, значыць. Аднак загаварылася я з табою — дзед мой, відаць, зачакаўся. Будзе мне ад яго!

— Пастой! — яшчэ раз закрычаў услед Рагвалод. — Дзе жыве тваё племя?

Яна адмоўна хітнула галавой і так хутка знікла ў пажоўклым бярэзніку, які рос каля сцяжынкі, што ён не паспеў спыніць яе ці заўважыць, куды накіравалася дзяўчына. Разгублены, доўга стаяў Рагвалод каля сцяжынкі, глядзеў на тое месца, дзе лёгка матлянулася па сухіх сцяблінах іван-чаю грубая кашуля Святаславы…

Дабраўся ў горад ён толькі глыбокай ноччу. Ярка асветленыя, нягледзячы на паўночны час, стаялі княжыя палаты, чэлядзь і грыдні з палаючымі смалякамі бегалі па двары: толькі што прыехаў з пагароддзя стары князь, і на двары білі начальніка атрада, што суправаджаў княжыча на паляванне і ўпусціў яго… Рагвалода сустрэлі аглушальнымі крыкамі радасці — яшчэ не вярнуліся першыя дружыннікі, што былі пасланыя ва ўсе бакі з наказам адшукаць яго. Не звяртаючы ні на каго ўвагі, малады княжыч прайшоў у свае пакоі, і там, у спальні, асцярожна зняў з яго, соннага, адзенне і чырвоныя саф'янавыя боты дзядзька-чалядзінец, і сонныя дваровыя дзеўкі пры святле лучын мылі і чысцілі прапахлы потам каптан, бярозавым дзёгцем начышчалі новыя — чорныя боты, якія паставілі ўжо на світанні пад дзверы святліцы.

Прачнуўся Рагвалод позна, і адразу ўзнікла ў ягонай памяці сустрэча ў лесе, размова з дзяўчынай, раптоўнае яе знікненне. Але адразу апякла крыўда на Святаславу і помслівы гнеў — не сказала, дзе жыве яе племя, не пакланілася на развітанне, а самае галоўнае — не захацела, відаць, болей бачыць яго і пайшла сабе гордая, незалежная, як быццам і не жыве на свеце ён, Рагвалод, наследнік княства, пасля бацькі гаспадар пад тутэйшай зямлёй і ўсім, што жыве на ёй, што расце, дыхае!

Крыкнуў чалядзінца. А калі ўбег той у святліцу, прыніжана згінаючыся ў паклоне, загадаў прывесці да сябе сына тысяцкага, самага хітрага і пранырлівага воя з усёй дружыны. Ведаў Мядзведзь таемныя сцяжынкі, па якіх прыходзілі ў горад з цёмных акружных лясоў вольныя людзі, прыносілі на продаж воск, лён, свае няхітрыя вырабы, Але не самі прадавалі іх — перакупшчыкі нажывалі на тым нямала грыўнаў, бо не асмельваліся паказвацца ў гандлёвых радах людзі, якія дзесяцігоддзямі хаваліся ад княжацкіх пабораў і хцівасці. Ведаў хітры сын тысяцкага многіх са жрацоў, што спраўлялі свае трэбы ў патаемных капішчах Перуна, Сварога, Дажбога, ведаў і тых, у чыіх сем'ях на бацькоўскую суботу ці дзяды закрываліся ручнікамі твары праваслаўных святых і вымаліся са сховішчаў драўляныя ці касцяныя паганскія богі,— але маўчаў, таму што тайнае веданне — вялікая сіла, і дае яна вострую асалоду ад думкі, што, калі спатрэбіцца, ведае ён, на што націснуць, каб зрабіўся ў ягоных руках самы цвёрды, жалезны чалавек мякчэйшым за воск…

Праз два дні ехаў Рагвалод разам з Мядзведзем у лес. Ведаў ён цяпер, што жыла Святаслава ўдваіх з дзедам: маці памерла пры родах, а бацьку яе, паляўнічага, загрызла мядзведзіца. Жыла дзяўчына ў самай глушэчы, асобна ад племені, і даводзілася дзеду яе, Няжыле, дапамагаць унучцы пры рабоце, хаця ён амаль аслепнуў і хадзіў, тыцкаючы перад сабой палачкай. Але каб адшукаць лагчыну, дзе адзінока стаяла хата і пуня, нямала давялося паблукаць па лесе нават хітраму Мядзведзю! Збянтэжаны, ён быў наважаўся вярнуцца, не паднімаючы вачэй на княжыча, але зусім нечакана ўбачылі лагчыну і рачулку побач.

Коні імгненна дамчалі іх да хацінкі, і Рагвалод таропка рвануў пахілыя, счарнелыя дзверы.

Спачатку здалося — у хаце нікога няма. Але паступова вочы прывыклі да цемры, і тады ўбачыў княжыч нізкуіо печ, складзеную з гліны і рачных камянёў, якую палілі па-чорнаму, няўклюдны драўляны тапчан, які закрывалі цяжкія аўчыны. А побач з тапчапам, на пачарнелым дубовым кругляку, сядзела яна, Святаслава, закусіўшы вусны, глядзела на няпрошаных гасцей. На ёй была тая ж кашуля, толькі на галаве цяпер быў замест абручыка вузкі палатняны ручнічок. З-пад пасконіны выглядалі вузкія ступні, па каленях яе, расстаўленых шырока, па-мужчынску, ляжалі раскідзістыя ласіныя рогі. На лаве, перад Святаславай, дымілася варам ендава [1], у якой ляжала пекалькі зрэзаных атожылкаў. Тут жа ляжалі лучковы бураўчык са скураной цецівой, жалезны цыркуль, некалькі каменных разцоў — усё, што патрэбна для рэзчыка. Насупраць печы, пад бажніцай, на стале ляжалі ўжо гатовыя вырабы: грабеньчыкі з разьбянымі спінкамі, прыгожыя касцяныя гузікі, накладкі на калчаны ці шчыты. Стаяў Дажбог, выразаны з белага буку і ўжо задымлены. Рагвалод, сустрэўшы яго сляпы погляд, здрыгануўся — такой грознай і ўпартай сілай павеяла ад шырока расстаўленых вачэй паганскага бога.

Ён уладна махнуў рукой Мядзведзю, што паказаўся на парозе, відаць, спачатку прывязаўшы коней, і той адступіў у сенцы. Чутно было, як ён пайшоў ад хаты, насвістваючы.

— Добры дзень, — парушыў тады маўчанне Рагвалод.

Яна ўстала, нялоўка адкінуўшы ўбок ласіныя рогі, нізка паклапілася яму.

— Тут кланяешся, а ў лесе не захацела? — ціха сказаў ён.

— Ты тут госць. Сядай, — кіўнула яна на стол, над якім на бажніцы стаяў вялікі стары Сварожыч.

— Няма калі. А прыехаў я за табой, — змрочна адказаў княжыч.

— За мной? — яна адступіла, зноў прысела на кругляк. Сінія вочы яе бліснулі, губы сцяліся.

— Узяць хачу ў княжы двор цябе… не пашкадуеш… апрану ў заморскія тканіны… — і ўжо смялей закончыў: — Кахаць буду, і пакрыўдзіць цябе ніхто не пасмее…

Яна маўчала, глядзела яму ў вочы, як быццам шукала нешта. Нарэшце адказала ціха, як бы раздумваючы:

— Як жонку — не возьмеш, не пасмееш. Як рабыню — не жадаю!

Не помнячы сябе, схапіўся быў княжыч за меч, але апамятаўся, крутануўся на месцы — і кінуўся да дзвярэй.

…Наступнай раніцай, ледзь сышла з неба зара-зараніца і крануў вогненны Ярыла вяршаліны магутных соснаў, у бор, дзе стаяла хацінка, наляцелі коннікі.

Цяжкія ўдары сарвалі дзверы з вяртлугаў. Мядзведзь першым кінуўся ў хату. Стары Няжыла, выставіўшы наперад рукі, хрыпла пытаўся:

— А што вам тут трэба, добрыя людзі?

Але магутны штуршок дружынніка адкінуў яго да печы. Падаючы, стары ўдарыўся сівой галавой аб вугал печы. Пасыпаліся з бажніцы драўляныя і касцяныя фігуры паганскіх багоў. Некалькі дружыннікаў рынуліся да кругляка, на якім нерухома сядзела Святаслава, якая звязала ў вузел усё самае каштоўнае, што было ў яе, каб ісці разам з дзедам яшчэ далей у гушчар — ратавацца. Не паспела: перад світаннем хадзіла ў месца запаветнае, заклінанні чытала Зары-зараніцы: «Закрый ты мяне, дзявіца, Зара-зараніца, ад сілы варожай, ад стралы паганай, ад косці, ад жалеза, ад сталі і медзі». А пасля ў ранішняй расе купалася, каб зняла раса ранішняя, некранутая, чары, што прываражылі на бяду княжыча… Не, не дапамагло, як не дапамог вялікі Сварожыч, што валяецца ў куце, расшчэплены мячом булатным…

Калі выцягвалі яе дружыннікі з хаты, убачыла, як з-пад сівой скроні дзеда Няжылы цячэ на падлогу крывавы струменьчык — убачыла, і святло згасла ў яе вачах. Нічога ўжо не чула Святаслава — ні таго, як кінулі яе ўпоперак каня, захутаную ў посцілку, ні таго, як застукалі капыты аб вузлаватыя карані старых меднастволых ялін…

I зноў ціха стала ў лссе, як быццам нічога і не было. Толькі маленькая вавёрка, якую прыручыла Святаслава, спалохана глядзела бліскучымі вочкамі на шырокае жарало хаты, дзе раней былі дзверы, на ўтаптаныя ў зямлю разьбяныя ўпрыгожанні, на Дажбога, які цьмяна і ўпарта глядзеў знізу на сцены і печ…