18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 36)

18

— Хто гэта, дачушка? — спыталася я, калі мы дамаўляліся, куды трэба аднесці запіску. Яна неяк збянтэжана паціснула плячыма, ускінула галаву, закідваючы назад касу (была ў яе такая прывычка), і нічога не адказала. Толькі пазней, калі я адносіла яшчэ адну такую пісульку, неахвотна прызналася:

— Гэта мая падпольная клічка. Мне, праўда, здаецца, што гэта занадта прыгожа, а, мама?

— Наадварот. Табе падыходзіць.

— Ты думаеш? — Яна пачырванела і ціхутка прыціснулася да мяне. — Гэта мне хлопцы далі такую клічку.

— О, каб усё гэта хутчэй скончылася! — вырвалася ў мяне. — Люся, давай я вазьму на сябе і гэтую работу. Я моцная, вытрымаю.

— А я што?

— А ты… Навошта табе гэта? Ты маладая, табе пра жыццё думаць трэба.

Яна паківала галавою.

— Мама, ты зараз ілжэш сама сабе. Ты так не думаеш. Не можаш так думаць.

— Магу. Таму што я маці. Кожны раз, калі ты выходзіш з дому, калачуся, і ты гэта ведаеш.

— Я таксама хачу, каб з намі, з табой нічога не здарылася. Але хіба стала б я цябе адгаворваць? Тады, значыць, усё, пра што вы з бацькам казалі, усё гэта — няпраўда. А гэтага не можа быць. Я веру вам, чуеш, веру!

…Мой муж часам абвінавачвае сябе за тое, што, відаць, замнога расказваў нам пра сваё жыццё. А ў ім было многае: грамадзянская вайна, баі, неверагодныя эпізоды, у якіх зліваліся смешнае і трагічнае, героіка і страх. Помніцца, гаварыў ён пра дзяўчынку, якая выскачыла наперад, калі застыглі нашыя перад белай конніцай, выскачыла, закрычала, стала, не баючыся смерці, страляць з кулямёта… I тады ўскочылі хлопцы, апамяталіся — і бой выйгралі… Я яшчэ смяялася:

— Гэта ты, можа, з «Чапаева» ўзяў…

— Не, не з «Чапаева»! — раззлаваўся муж. — Такіх дзяўчатак шмат было. I, ведаеш, скажу табе: калі дзяўчынка трапляла ў мужчынскае акружэнне, старалася сябе пераўзысці, страх дзявочы пераадолець. Ды так старалася, што яшчэ хлопцы перад ёю пасавалі. Калі атака. А так — былі яны звычайныя, і плакалі, бывала, пасля бою…

Люся слухала гэтыя апавяданні, гэтыя гаворкі. I ці ж магла я падумаць, што і яна будзе паднімаць у атаку хлопцаў, не баючыся смерці, не слухаючы папрокаў і папярэджанняў!

А можа, і маё жыццё наводзіла яе на роздум? Можа, мы і самі не заўважалі, чым і як жывілася душа нашай дзяўчынкі?

Я вырасла ў Кранштаце, дзе кожны камень нібыта расказвае пра рэвалюцыю, і мне давялося разам з усімі перажыць тое адчуванне гіганцкага перавароту, агромністай ломкі ўсяго прывычнага ў жыцці, якое сёння мы перадаём не ўнукам, а нават праўнукам. I з мужам мы пазнаёміліся ў Крашнтаце, дзе ён служыў да рэвалюцыі і пасля яе. I брат мой таксама марак, які сорак гадоў праслужыў на флоце і памёр у Ленінградзе. Можа, гэта не так важна на першы погляд, але ж дачка вырасла ў хаце, дзе савецкую ўладу не проста прымалі — але і стваралі, гэтую новую для пасёлка і акружаючых уладу, якую тут, у былой Заходняй Беларусі, да 1939 года ведалі па чутках, а перад вайной ледзь-ледзь паспелі крыху глытнуць яе водару, яе чароўнага адчування роўнасці ўсіх і кожнага, маладой яе прагі праўды і справядлівасці.

Калі я ўслед за мужам прыехала сюды жыць і мы раптоўна, неспадзявана аказаліся як бы адарванымі ад Савецкай Расіі, я думала, што ніколі не змагу тут ужыцца. Марыла, што пры першай жа магчымасці з'еду адсюль. Тут яшчэ па старой прывычцы называлі адзін аднаго «пан», «пані», хаця пані былі ў бедных шарачковых кашулях і спадніцах — андараках. Тут гучала мова, у якой напачатку мне падаваліся знаёмымі толькі асобныя словы, і тут прывыклі гаспадарыць — моцна і з разлікам. Трэба было вучыцца ўпраўляцца з каровай, жаць і палоць, і вэндзіць кумпякі, і хаваць сваю беднасць, як бяду.

Недалёка ад нас быў касцёл, і я бачыла ў святы альбо ў нядзелю, як, падышоўшы да прыкасцельнай плошчы, сяляне мылі ногі каля вадакачкі, а пасля беражліва абуваліся ў боты ці ў пантофлі, якія прыносілі з сабой у торбачцы за плячыма. А жанчыны вымалі аднекуль з шырокіх спадніц святочныя хусты, якія таксама беражна здымалі пасля службы ў ціхім патаемным месцы. Ды пешкам ішлі толькі самыя бедныя, і я радавалася, што мы з мужам бязбожнікі, таму што не прыходзілася чырванець пад здзеклівымі позіркамі тых, хто выходзіў са сваіх моцных, спраўных вазкоў, хто адчуваў сябе гаспадарамі жыцця, упэўнены, што тут, на «крэсах усходніх», будзе заўсёды так, як зараз, што цяперашні парадак — непарушны. Але мы, галота, як нас называлі, кіраваліся ў думках на ўсход — не, не павінна так быць усё жыццё!

Але ішлі гады. Падрастала Люся, і адзінай нашай радасцю было тое, што яе называлі ў школе «пярэлка», і я ўжо прывыкла да гэтых слоў і ведала, што «пярэлка» — гэта значыць «жамчужына». Я прывыкла і да іншага. Да новага свайго дома. Да людзей. Падрасталі маладыя сасонкі за хатай, і Люся гадзінамі любіла сядзець у хвойніку, пра нешта думаючы, засяроджана рыхтуючыся да ўрокаў ці проста корпаючыся ў кнігах. Заўсёды, калі ў хаце не гучаў яе голас, я ведала, што дачка ў сасняку. Малодшая, Арыядна, таксама ўслед за Люсяй, смешна перавальваючыся на тоўстых ножках, любіла бавіцца сярод зялёных калючых дрэўцаў, якія ўвесну пахлі так смаліста, так радасна, што з новай сілай хацелася жыць, гадаваць дзяцей, верыць у будучае… Я ж была тады зусім яшчэ маладая, мне хацелася будучага, і я спадзявалася, што будзе яно светлым і радасным…

…Цяпер там сасновы бор, у шурпатыя, ужо немаладыя ствалы соснаў дзе-нідзе ўрэзаліся глыбокія шрамы, жывіцай заплылі варонкі, якія пакідалі выбухі. Тут таксама ішлі баі, гарэлі лясы, і муж, Павел Іосіфавіч, хадзіў у такія дні засяроджаны, хмуры.

— Вось скончыцца вайна, і колькі ж гэта сіл спатрэбіцца, каб зноў аднавіць, як было! — аднойчы загаварыў ён ледзь не са слязьмі. (Да вайны ён працаваў начальнікам будаўнічага ўчастка непадалёку, работы было шмат, але ён любіў яе, любіў лес, і таму работа была яму, што называецца, у ахвоту.)

— Лес шкадуеш. А людзей колькі гіне вакол! — папікнула яго.

— Дрэвы — яны як людзі, толькі гаварыць не ўмеюць! — як закрычаў ён у адказ. — Я і людзей шкадую, толькі лес таксама. Яго шкадаваць няма каму!

— Ці ты па службе яго шкадуеш? Дык цяпер ні службы няма, ні ўлады. Сам сабе гаспадар.

Я паспрабавала пажартаваць, толькі жартаў на гэты конт ніякіх ён не прызнаваў. Адвярнуўся, замоўк, але запомніў размову, не раз папікаў мяне ёю ў апошнія гады. Дый нельга было жартаваць з ім пра лес. У Люсі таксама яўна выяўлялася гэтая, як спадчынная, рыса. Нічога і нікога не баялася ў лесе, як быццам ён сапраўды мог абараніць у цяжкую хвіліну. Вучыцца пайшла ў сельскагаспадарчы інстытут, ды толькі хутка пачалася вайна, і ёй давялося з'ехаць з Вільні, дзе быў той інстытут, амаль не спадзеючыся прабіцца да сваіх. Тры гады вайны чамусьці павярнулі яе ў другі бок — стала марыць, што пойдзе працаваць настаўніцай. Я маўчала. Думалася — хай толькі застанецца жывой, хай толькі застанецца — а там будзе бачна, што ёй па душы! Пасля расказаў мне хлопец, які партызаніў у суседнім атрадзе, што не раз гаварыла яму дачка:

— Скончыцца вайна — будзеш дырэктарам (Мікола скончыў да вайны курс настаўніцкай семінарыі ў Навагрудку), а я пайду да цябе завучам. Дзяцей хачу бачыць вакол сябе — многа, многа дзяцей!

Можа, гаварыла ў ёй спрадвечная цяга да мацярынства, можа, сапраўды пасталела і прачнулася прызванне? Прызванне, якому не суджана было спраўдзіцца.

I ўсё-ткі… Усё-ткі Люся вучыць. Кожны год у школе пачынаецца ўрокам мужнасці. На гэтым уроку Мікола, які стаў дырэктарам школы так, як і прадказвала яму Люся, расказвае пра маю дачку, пра яе апошні бой. I музей арганізаваў у школе. Туды аддала я пасля ванны яе сарочку — з таго льну, што ткала, што бяліла перад вайной…

…Прайшло світанне, даводзіцца ўставаць. I я ўстаю, і жыву, таму што жыццё заўсёды бярэ сваё, і пішу лісты — ці дачцэ, Арыядне, якая з мужам жыве ў Ленінградзе, ці родным — іх засталося зусім няшмат. Адыходзяць гады, адыходзяць людзі, жывой застаецца, бадай, толькі памяць. На нашым доме яе знак — пяцікутная чырвоная зорачка, якая сведчыць, што тут жыве сям'я загінуўшага воіна. Наша дачка была ж таксама воінам…

Да нас часта прыходзяць дзеці, і мы радуемся ім, таму што абое любім дзяцей, радуемся іх чысціні, іх пакуль што неўсвядомленай гармоніі з навакольным светам. На маіх вачах выраслі многія з пасялкоўцаў, і бачыцца са шкадаваннем, як, падрастаючы, дзеці паступова зашываюцца ў сваё шкарлупінне, як засвойваюць ад нас, дарослых, не самае лепшае — адкідаюць якраз тое, што перапакутавана, перадумана бяссоннымі начамі мацярок. Бачыла пазаўчора, як адзін з хлапчукоў, які жыў на суседняй вуліцы, Толік, здаецца, груба крычаў на жанчыну ў магазіне. А я ж помню, якія былі ў яго вачаняты, калі ішоў у першы клас, і, тоўпячыся вакол, гэтак жа глядзелі яго аднакласнікі — на нас, на настаўнікаў, на жыццё! Ён напомніў мне майго сына, і я доўга глядзела на яго, любуючыся; хацелася абняць стрыжаную галоўку, гладзіць яе і так хацелася, каб ён, вырастаючы, нёс у навакольны свет дабрыню! З другога боку, лаянка ў магазіне — яна можа быць выпадковай, можа, яму самому пасля было сорамна і гэта болей не паўторыцца. Як жа мы падчас не шкадуем адзін другога, як мучым з-за дробязі, з-за нейкага слова! Нядаўна хадзіла ў бальніцу, каб наведаць знаёмую — тая памірала адна, у пакутах, у адчаі, таму што дачка баіцца і як бы грэбуе сваёй маці і не прыходзіць у бальніцу, адно пасылае туды перадачы.