Ольга Ипатова – Перакат (страница 35)
Люся была ўжо далёка, паміж двума канваірамі, але той, выхапіўшы з-пад мяне футра і абрус, закрычаў ім нешта, замахаў рукамі… Нелюдзь, ён лаяўся і потым, калі падышоў да нас, усё паўтараў: «Хочуць, сволачы, каб мы тут парадак навялі, а самі што робяць!» — і, у апошні раз таргануўшы Люсю за плячо, крыкнуў, каб яна тут жа сабрала ўсе свае анучы і, калі ёй так пашанцавала, хай едзе ў гэтую самую… вялікую Германію, хаця ён асабіста расстраляў бы яе на месцы без усялякага шкадавання, таму што толькі так можна ваяваць з бандытамі!
Я ўсё яшчэ не паднімалася з каленяў і толькі няўцямна глядзела на яго, тупа стараючыся зразумець: нашто яму яе жыццё, яе кроў? Няўжо не шкада дзяўчынку, якая па ўзросту амаль што дачка яму? У яго быў прыгожы яшчэ, сыты твар, чорныя бровы, што зрасліся на пераноссі, а пальцы чамусьці акрываўленыя — можа, параніўся аб нешта, і вочы мае не маглі адарвацца ад гэтых пальцаў. Ён заўважыў мой пагляд, нахмурыўся і, апошні раз вылаяўшыся, пайшоў за хату, а Люся падскочыла да мяне і, паднімаючы з каленяў, закрычала, як быццам не яе толькі што вялі расстрэльваць, як быццам не ёй трэба было б зараз маўчаць, хавацца ад ліхіх вачэй:
— Ды ці варты яны таго, мама! Ды яны і падэшвы тваёй не варты!
— Ты лягчэй! — пагрозліва закрычаў на яе другі паліцай. Ён быў яшчэ малады, таму не навучыўся, відаць, у поўнай меры драпежніцтву, саромеўся, мабыць, сабачай сваёй пасады. Але і яго закранулі яе словы. — А то зараз назад вернем! Вунь, яма чакае!
Яміна, магіла, сапраўды яшчэ чакала — вярталіся мужчыны з рыдлёўкамі, на якіх вільготна жаўцела гліна. У мужчын былі павязкі на рукавах і нядобрыя вочы. Тады адразу прайшло здранцвенне. Я хутка сабрала ўсе раскіданыя па зямлі рэчы, сунула Люсі ў рукі сувой і пацягнула яе далей ад праклятага месца. Яна пакорліва ішла.
— Ты, матка, не забудзь сабраць сваю прыгажуню! — крыкнуў мне ўслед той жа паліцай. — У Германіі яе апранаць і абуваць не будуць! Там сваім не хапае!
Ён нешта злосна засіпеў услед, але мы не азіраліся, і я не выпускала даччыной рукі. Няхай сабе і ў Германію, але ж галоўнае — яе пакінулі жывою, не расстралялі!
— У Германію не паеду, — спынілася раптам Люся.
— Што ты тут крычыш! Дадому пойдзем. Дачушка ж ты мая!
Я не вытрымала, прастагнала гэтыя словы. Здавалася — яшчэ імгненне, і я заплачу, заб’юся аб зямлю. Тады Люся, як схамянуўшыся, схапіла мяне за плячо, паглядзела ў вочы і хутка пайшла дамоў. I толькі там, сеўшы на крэсла і скінуўшы тапачкі, сказала жорстка:
— Можа, табе забаліць ад гэтага, мама. Але прашу — ніколі не рабі так, як сёння.
— А што я такога зрабіла? Упала на калені перад немцам? Калі ў цябе ў самой будзе дзіця, ты зразумееш, што самае галоўнае.
— Я і цяпер разумею. Але ўсё роўна не хачу, зразумей ты мяне, не хачу, каб жыццё мне дарылі гэтыя… гэтыя гады!
— Жыццё, Люсечка, адно, яго берагчы трэба. Не дарыць, а забраць яго могуць.
— Пастараюся, каб не забралі.
Я зразумела, пра што яна гаворыць. Але было так многа перагаворана, так набалела, што не трэба было ніякіх слоў. Мы абедзве былі сувязнымі, але яна ніяк не хацела зразумець, чаму я стараюся ўзяць на сябе яе даручэнне. «Мама, я ж маладзейшая, таму лаўчэйшая, — казала мне неаднойчы. — Цябе ж схопяць хутчэй». А тое, што ў мяне вопыт, што ёсць асцярожнасць — разумная асцярожнасць! — што я, нарэшце, маці, якой самой лягчэй зрабіць тое, з-за чаго дачка можа пайсці на смерць, гэтага яна разумець не хацела. I я паднялася. Што гаварыць? Трэба збіраць яе ў чужы, далёкі край…
— Вярнуся — выкраіш мне з гэтага сувойчыка кашулю. А я вышыю, — блакітныя вочы заіскрыліся, пажвавелі.
Я толькі кіўнула ў адказ. Адчувала, што ўсё мацней і настойлівей да горла падступае даўкі камяк. Для чаго вырывала яе з варожых рук, для чаго прыпадала да зямлі ў смяртэльнай знямозе, калі трэба тут жа, зараз, развітвацца з ёю, пасылаць на чужыну? Ці ўбачымся? Ці вытрымае яна, ці даедзе хаця да той Германіі з такім характарам?
…Канечне, яна не паехала пакорлівай рабыняй карміць нямецкіх свіней і чысціць нямецкія канюшні. Канечне, яна вырваласл з палону. Убачыўшы яе праз некалькі тыдняў, з шрамамі на твары, што яшчэ не зажылі, усю абарваную, босую, я зразумела, што ўвесь час чакала гэтага. Чакала, што яна вернецца, верыла ў тое. I — баялася верыць…
Ужо тады я ведала, што лёс любіць пасмяяцца з нас, што ён шпурляе маланкі ў самае недакранальнае, самае безабароннае… і я старалася пераканаць сябе і яго, лёс, што з Люсяй нічога не здарыцца, што яна замоўленая і ад кулі, і ад снарада. А яна яшчэ супакойвала:
— Мамачка, я ж удачлівая. Ты ж сама бачыш — на расстрэл павялі, а я жывой засталася! Двойчы адно і тое не бывае. Я цяпер да ста гадоў дажыву!
Аднойчы я не вытрымала, расплакалася:
— Ці з тваёй адчайнасцю так гаварыць? Нашто ж ты, дачушка, нібыта са смерцю гуляеш у хованкі? А ці падумала ты пра мяне, пра бацьку?!
Яна села перада мною, зазірнула ў вочы, прылашчылася:
— А ці ведаеш, мамка, што кажуць індусы? Што дзіця — госць у хаце. Маюць на ўвазе, што ў яго будзе сваё жыццё, што будзе некалі належаць яно толькі сабе самому! Па-мойму, гэта правільна! Ну, супакойся, дарагая, мілая мамачка…
Я і хацела б супакоіцца, але рука яе ляжала на маёй, рука маленькая, цёплая, пальцы доўгія, тонкія, але такія яшчэ дзіцячыя, такія безабаронныя…
— Ці ж такімі рукамі трымаць вінтоўку, Люся! Ты ж дзіця яшчэ, дзіця горкае!
Пасля яшчэ шмат разоў заўважалася, што словы бездапаможныя. Душа, здаецца, разрываецца на часткі, а з вуснаў злятаюць самыя звычайныя, самыя банальныя словы. Ці спынілі калі сына альбо дачку гэтыя словы, што, здаецца, крывёй бацькоўскай напісаныя: «Ты ж яшчэ зусім дзіця!» Наадварот, яны як бы сцёбаюць па самалюбстве, клічуць даказваць адваротнае. Нават трохгадовае дзіця ўжо гаворыць: «Я сам!» А ў васемнаццаць… Ды не толькі ж свае, але і чужыя дарогі выбіраюць яны, вассмнаццацігадовыя, не толькі сваё, але і чужое жыццё падчас кладуць на вагі: быць ці не…
…Так, аб чым гэта я? Аб Люсінай сарочцы, якая ляжыць цяпер у школьным музеі, пад шклом. Папера, на якой яна ляжыць, з часам выгарае, а сарочка гэтая, дзе кожны шывок зроблены з думкай пра яе, тая сарочка, у якой Люся пайшла ў свой апошні бой, не пацьмянела з часам, у яе ўсё той жа тонкі шаўкавісты бляск, які бывае толькі ў добрага льну, тая ж белата. Рэчы сапраўды больш даўгавечныя, чым людзі, я ніколі не магла з тым змірыцца. Адзінае, што пакідае памяць, — фатаграфія. Яна амаль не лжэ, не патрабуе догляду, як патрабуе яго любая рэч.
Фотакартак у нас некалькі. Але хіба можа самая лепшая фотакартка перадаць усмешку, інтанацыю, той усплеск юнацтва і прыгажосці, якімі дзеці адорваюць бацькоў, нібы вяртаючы ім уласную маладосць і лёгкасць, калі няма яшчэ ні страт, ні шкадавання, ні цяжару гадоў? Я нарадзіла Люсю ў дзевятнаццаць, а ў, свае трыццаць сем выглядала, як казалі ўсе знаёмыя, не маці, а старэйшай сястрой. Можа, якраз таму мы былі такія блізкія з ёю душэўна, так лёгка было нам разумець адна адну?!
Нават тады, падчас самай першай нашай сваркі, калі я, вяртаючыся з заданнем з атрада, раніцай, у тумане, што да самых купін ахутаў лес, неспадзявана наткнулася на яе, што сядзела каля ядлоўцавага куста? Спачатку я адскочыла, таму што спалохалася, каб мяне не пазналі, а ў наступнае імгненне сэрца як заледзянела: пазнала шэры вязаны касцюмчык і яе галаву — бялявыя косы, хусцінка па плячах.
— Гэта ты?
Яна таксама была ўскочыла, але тут жа ізноў прысела.
— Я, мамачка.
— Што ты тут робіш?
Пытацца было дарэмна, таму што я адразу ж зразумела, што магла яна тут рабіць — тут, у лесе, на досвітку, адна. Але ж так прынята — усё ўвасабляць у словы, нібыта надаючы ўсяму, што адбываецца, замацаванасць. Я як бы выкрывала Люсю, а яна і не думала адпірацца, толькі здзіўлена ўзняла бровы і зноў усміхнулася:
— Тое, што і ты, мама.
Забыўшыся, што ад грудзей да самых сцёгнаў абвязаная лістоўкамі і шпагатам, я паспрабавала прысесці, але пахіснулася і ледзь не паляцела на дол. Дачка паспела падтрымаць, але я сярдзіта вырвала руку:
— Я чалавек дарослы. А вось хто цябе ўцягпуў ва ўсё гэта? Хто? Заўтра ж пагавару з камандзірам! Што ім, мала сувязных? Адной на нашу сям'ю мала?
Яна ўздыхнула, прысела каля ядлоўцавага куста зноў і працягнула да яго руку.
— Ты толькі паглядзі, мамачка, — дрэвы амаль голыя, а тут і ягады, і зеляніна. А ягады якія смачныя! Прыгожы ў нас лес, праўда?
— Ты мне зубы не загаворвай! — я патрабавала ад яе адказу, як быццам гэта нешта магло вырашыць, як быццам я магла ў ліхі гэты час, калі, здаецца, сама зямля гарэла пад нагамі і людзей раздзяляла чорная мяжа смерці, уратаваць, прыкрыць сабою, не пусціць нікуды вялікае сваё дзіця, схаваць ад прагных рук, ад чужых паглядаў, ад здрады! Ды калі б я і паспрабавала, яна, як птушка, якую не ўтрымаеш ні ў якой клетцы, расхістала б самыя моцныя пруты, вырвалася б і паляцела ўвысь, таму што яна была з тых, хто калісьці, відаць, нараджаўся птушкай — вялікай, гордай, прыгожай птушкай, ад якой ува ўсіх іншых нараджэннях цяга да вышыні, чыстага паветра, святла!
А можа, гэта ўсё мне толькі здаецца. Але ж нездарма падпольная клічка, якую далі дачцэ, была якраз птушыная: «Ластаўка». Калі, упершыню паддаўшыся на ўгаворы, хворая, дазволіла мне аднесці па нейкім адрасе запіску, дзе прызначаўся камсамольскі падпольны сход, запіска была падпісана менавіта так: «Ластаўка».