18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 37)

18

— Хай бы хоць здалёку паглядзела на яе! — казала мне хворая. — Няхай бы вось прыйшла, вунь там у куце села. Я ж вырасціла яе, ты ведаеш, як я апошні кавалак ёй аддавала! Унукам маім, дзецям, забараніла сюды прыходзіць, дык яны ўпотай да акна падбягуць, але ж баяцца заходзіць!

Я пайшла да дачкі, таму што нельга, каб чалавек ішоў з жыцця ў адчаі, каб думаў, што ўсё, чым жыў, дыхаў, у што верыў, аказалася дарэмным, не закранула нічыёй душы, не абудзіла ніводнага сэрца!

Дзіўна: Люся і сёння як быццам нечаму вучыць мяне, раіць, гаворыць. Яе жыццё, такое немагчыма кароткае, усяго дваццаць з нечым, было прыгожым, яно — усё на ўзлёце, на вышыні, на адным дыханні, без фальшу, якім часам абрастаем мы, што жывём, так, як абрастаюць у лесе, з паўночнага боку, шэрым мохам дрэвы. Яна пражыла сваё жыццё сумленна, а гэта даецца не многім…

Адзін з тых, хто быў з ёю ў атрадзе, расказваў, як упершыню разам з начальнікам разведкі даваў Люсі заданне. Хаця спачатку задання не даваў, проста раіўся з ёю, сакратаром падпольнай камсамольскай арганізацыі, хто з іх, хлопцаў і дзяўчат, можа пайсці на разведку ў Вераскава, дзе размясціўся варожы гарнізон.

— Чаму «нехта» пойдзе? Канечне, лепей за ўсё ісці мне, — адказала тады Люся.

— Ты занадта прыкметная, — не ўтрымаўся ён.

— Нічога! — падхапіў камандзір разведкі.— Яна ж рыхтавалася ў артысткі, хай цяпер паказвае, на што здольная.

— А мне сапраўды будзе лягчэй, чым каму, — не прымаючы іх жартаў, адказала Люся. — Я ж там не раз бывала. I на аглядах самадзейнасці, і ўвогуле.

— Любоў Яравую іграла! — зноў не вытрымаў адзін з хлопцаў — відаць, сам Мікола Грабёнкін. Быў ён адчайным, рызыкоўным хлопцам, любіў у людзях тую ж смеласць і рызыку, а таму і парэкамендаваў камандзіру разведкі сустрэцца з Люсяй, каб вырашыць усе пытанні. Але яна прыняла заданне як заданне сабе асабіста, нібыта гэта павінна было нешта вырашыць у яе жыцці, і настойвала, пакуль не дабілася свайго. Камандзір разведкі гаварыў цяпер мякка, падрабязна ўсё тлумачыў, а калі Люся пайшла, з захапленнем сказаў:

— Ну і дзяўчаты ў вас, Мікола! Нават не верыцца: у вас жа савецкай улады амаль не было, адкуль магло ўсё гэта ўзяцца? Бач ты яе, сама рвецца ў разведку, і не проста ад рызыкі. Тут іншае, брат, я адчуваю…

Пасля камандзір — мы ўжо звалі яго проста Міхаілам — усё гэта пераказваў і мне. А я расказвала яму, што тут, на гэтай зямлі, было магутнае асяроддзе людзей, што сядзелі ў турмах, што павялі за сабой тысячы людзей, патрабуючы вызвалення, а савецкая ўлада, нябачная, была побач, за кардонам, і мы бачылі ў ёй і надзею, і нешта большае — казку, якая вось-вось здзейсніцца. Я расказвала ім ужо аб с в а ё й зямлі, і яны слухалі зацікаўлена. А я разумела, адкуль у тутэйшых насцярожанасць да чужога: за трыццаць гадоў улада мянялася неаднойчы, таму і тлумачыла, што не варта думаць, быццам гэта і ёсць сутнасць мясцовых людзей. Не, пераконвала я хлопцаў, вы ўбачыце не раз, на што здольныя людзі навокал, што гэта за зямля, дзе воляй лёсу вам суджана пражыць ваенныя гады. Я не гаварыла таго, што было за словамі: а было нейкае шчымлівае прадчуванне, што, відаць, многім з іх суджана застацца ў гэтай зямлі, па якой так лёгка і ўпэўнена ходзяць яны, белазубыя прыгожыя хлопцы-партызаны. Так яно і здарылася…

Міхаіл, весялун-сібірак, пад паглядамі якога млела не адна дзяўчына, асабліва калі на якой вочарынцы танцаваў свой каронны нумар — сербіянку, загінуў у Вераскаве. Расказвалі пасля, што ён адбіваўся так адчайна, што, калі немцы хацелі зняць з яго, мёртвага, скуранку, нейкі іх афіцэр не дазволіў, маўляў, няхай пахаваюць рускага смельчака ў тым, у чым ён апрануты. Тады яшчэ яны дэманстравалі сваім салдатам храбрасць нашых хлопцаў, відаць, каб паказаць, чаго вартыя перамогі над такімі, але ішлі месяцы, і пасля, у канцы вайны, здзекі чыніліся ўжо і з мёртвых — можа, якраз таму, што былі ашуканыя ўсе іх падзеі і заставалася толькі злосць і нянавісць да нас, няскораных.

Загінуў тут і другі. Міхаіл, камандзір атрада, былы курсант палкавой школы адной з часцей Чырвонай Арміі. Ён быў сур'ёзным, задумлівым, выглядаў старэйшым за свае дваццаць чатыры гады. I ўжо Люся расказвала неяк, што, калі яны аднойчы вярталіся ў атрад пасля бою, ён, дапамагаючы ёй выбрацца з мокрага снегу, раптам сказаў нечакана:

— Выжывеш, станеш настаўніцай — не забывайся: на дзяцей-сірот, Люся, ты многім можаш сагрэць жыццё.

— Чаму менавіта сірот, што табе прыйшло ў галаву? — запыталася яна здзіўлена.

— Таму што я сам дзетдомавец. Бацькоў сваіх нават не ведаю. А як дзецям патрэбна добрае слова, цеплыня чалавечая! — Ён падумаў, памаўчаў, а пасля, атрасаючы з кучаравых валасоў снег, дадаў: — Усім яна, цеплыня, патрэбная. А мы жывем у суровы час, мала яе навокал, адно толькі смерць ды кроў. А як хацелася б жыць па-добраму…

А праз тыдзень загінуў — загінуў у адным баі з Люсяй.

Разам з імі, у тым баі, загінуў і яшчэ адзін хлопец. Вясёлы, русы Віктар, аднекуль з-пад Кіева, быў тым адзіным чалавекам, з якім хацелася дачцэ маёй звязаць сваё жыццё. Можа — кажу «можа», бо і сама пэўна нічога не ведаю. Аб прыгожым сваім, крыху наіўным сяброўстве з ім мая Люся амаль не гаварыла, толькі неяк, у хвіліну шчырасці, ціха прызналася:

— Мама, мне здаецца, што гэта і ёсць мой суджаны. Але ж цяпор вайна, хіба можна думаць аб нечым іншым?

Я прамаўчала, хаця, пэўна, трэба было сказаць нешта ласкавае. Як жа скажаш тое ласкавае, калі першая, эгаістычна мацярынская, думка была: «А калі што здарыцца з ім, як жа Люся? Не, хай сапраўды пачакаюць!»

А чакаць ім ужо не было калі. Смерць ішла за імі, цікавала, выбірала, таму што яна любіць выбіраць лепшае, самае дарагое для нас… I, паміраючы ў партызанскім шпіталі, Віктар увесь час пытаўся ў медсястры, ці жывая Люся, забываючы, што пытаўся аб гэтым хвіліну назад:

— Скажыце, скажыце праўду!

Медсястра паўтарала, што яна жывая. Адкуль магла яна ведаць праўду? Віктар страціў прытомнасць у той момант, калі нахіліўся пад параненай Люсяй, а куля ўдарыла яго ў шыю, і ён упаў у мокры снег, а пасля поўз па полі, ужо без памяці, нібыта стараючыся дагнаць каня, які спалохана гойсаў па полі з санкамі, дзе ляжала яна, таксама, відаць, яшчэ жывая. Яе ўжо вывозілі з поля бою і вывезлі, але баец, што трымаў у руках лейцы, упаў мёртвы, і Віктар, спрабуючы прабіцца да яе, параненай, кінуўся ў поле, забыўшыся на вогненны шал, што бушаваў навокал…

— Люся — жывая? — пытаўся ён, і медсястра, хаваючы слёзы, адказвала, час ад часу адыходзячы да другіх параненых:

— Жывая, Віктар, жывая. Яе вынеслі…

Усіх іх бачу перад сабой, гэтых хлопцаў. Розныя, яны былі ў нечым вельмі падобныя, можа, тым, што ляжала на іх тварах суровая пячатка адказнасці. Маладыя, яны ўзвалілі на сябе цяжкую ношку — адказваць за жыццё іншых — і, канечне, павінны былі адчуваць сябе старэйшымі. Але ж якія на самай справе былі яны маладыя!

— Осіпавіч, дайце сваёй дачцэ добрага наганяю! — казаў мужу камандзір атрада, сустракаючыся з намі.— Лезе наперад, у самае пекла. Што ёй, жыць не хочацца?

Не, ёй хацелася жыцьі I іншым таксама. Помніцца, як Віктар, бянтэжачыся і гледзячы ўбок, папрасіў аднойчы, каб пашыла яму кашулю з белага парашутнага шоўку.

— Што, прыгожым хочаш быць? — узяла я белы мяккі кавалак. Хацелася пажартаваць, што для будучага зяця пастараюся, але глянула на яго твар і змоўчала. А ён адказаў толькі:

— Хачу.

Канечне, ён хацеў быць прыгожым, жаданым! Хацеў, таму што быў такі малады, таму што кахаў. Я пашыла яму кашулю — мяккі шоўк нібы абвіваў яго плечы, надаваў твару нейкае асаблівае святло. У ёй пайшоў ён у свой апошні бой, у ёй яго пахавалі…

Я не была на тых хаўтурах у Налібоцкай пушчы. Тут, пад самай Любчай, хавалі іншых — двух Міхаілаў. У аднаго твар быў гнеўным, суровым, нібыта ён яшчэ камандаваў, кіраваў боем. У другога — спакойным, адрачоным, бледным, а зверху падаў і падаў снег, і я з жахам глядзела, як падаюць і падаюць уніз сняжынкі, не таючы на твары, а нібыта камянеючы… Мы ведалі, што нашы адступілі, што Люсі няма ні сярод жывых, ні сярод мёртвых. Апошняе, што бачылі партызаны, — неслася ў снежным кругавароце падвода, у каня былі ашалелыя, невідушчыя вочы.

Фельчар тады змоўчаў, што рана ў Люсі была смяртэльная. А я думала пра тое, што калі б яна трапіла ў рукі ворагам, мая дачка, то… Далей баялася думаць, далей сэрца сціскалася нейкай цяжкай сутаргай, я адганяла ад сябе тыя думкі, глядзела на твары хлопцаў і зноўку бачыла іх — кожнага, твар за тварам! — жывымі, вясёлымі, такімі, якімі былі яны ў кароткім сваім жыцці, што сутыкнула ўсіх нас, парадніла, каб пасля разлучыць так бязлітасна і груба…

Той сакавік быў доўгім, суровым, халодным, вясна ніяк не наступала, і Люся, крадком прыходзячы дадому, гладзіла бярозу, што расла ля ганка, і ўсё прыгаворвала:

— Замерзла, мая мілая, стамілася ад холаду. Нічога, хутка вясна прыйдзе і лета, мы яго дачакаемся, праўда?

Як быццам упрошвала кагосьці — дачакацца, дажыць…

Бяроза і зараз жыве на тым старым месцы, дзе была хата, толькі белая аксамітавая кара яе стала жоўтай і зморшчанай ды галіны нахіліліся да самай зямлі, як у вярбы, нібыта і яна ўвабрала ў сябе ўсё гора, што бачыла вакол сябе, — а гора было агромністым, яно, здаецца, крычала на ўвесь свет…