18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 38)

18

Помню яе, бярозу, маленькім зялёным парасткам, што праклюнуўся ля ганка ў той першы год, які я сустракала разам з мужам тут, на Прынямонні, толькі вучылася гаспадарыць, вучылася жыць. Адкуль я ведала, што чакае мяне тут, якую меру радасці і страт зазнаю ў будучым, але, калі б і ведала, хіба магло гэта пешта змяніць? I ўсё ж я радавалася жыццю, і яно было добрым да мяне. У верасні трыццаць дзевятага, пасля вызвалення, мяне прынялі на работу ў пракуратуру. Ішлі справы аб нападзе па актывістаў, аб звярыных расправах з маладымі спецыялістамі. Было неспакойна. Чакала мужа з трывогай, клалася спаць не іначай як з пісталетам пад падушкай. Але жыццё бурліла, у ім былі выклік і барацьба — тое, што дае адчуванне паўпаты ўласнага існавання. I — трагізму.

Помніцца ноч, агромністая чырвоная поўня, што застыгла пад хатай, стагі ў далёкім лузе, што былі падобныя да шлемаў, насунутых на самыя вочы старадаўніх рыцараў. Да нас зайшлі маладыя міліцыянеры, каб папіць вады. Яны прыехалі на фурманцы, дзе ляжаў мёртвы настаўнік, якога забілі ў час сходу, з цемры, абрэзам, амаль ва ўпор. Яны расказвалі нам падрабязнасці, прагна п’ючы ваду. Я заўважыла, што рукаў у аднаго разарваны і шышкі дзядоўніку чэпка ўпіліся ў скуру, але нічога не сказала, каб не бянтэжыць хлопца. Люся слухала іх моўчкі, пасля выйшла з хаты, нахілілася над целам, прыўзняла брызент. Я стаяла наводдаль. Маўчала. Міліцыянеры выйшлі з хаты, падзякавалі, пасля паселі навокал, амаль побач з забітым. Твары іх былі стомленымі і строгімі. Люся ўсё стаяла, глядзела на забітага, пасля асцярожна прыкрыла яго. Фурманка кранулася з месца, але вочы аднаго з хлопцаў доўга не адрываліся ад постаці маёй дзяўчынкі — задуменныя і журботныя вочы чалавека, які сутыкаецца з жорсткасцю і бядой.

— Сволачы! Знайшлі на кім вымяшчаць нянавісць — на настаўніку! — сказала я.

— Настаўнік, мама, гэта самы першы агітатар. Ён вучыць добраму, справядліваму. Калі ён стане баяцца, гэта ўжо не настаўнік.

Люся тады якраз падала заяву з просьбай прыняць яе ў камсамол, хадзіла ўзбуджаная, імклівая. I таму наступныя мае словы прыняла з ноткай пратэсту.

— Я думаю, што, калі ты пойдзеш вучыцца на настаўніцу, табе не трэба будзе баяцца абрэзаў.

— Спакойна жыць ніколі не буду! — у голасе яе прагучала страснасць. — А барацьбы хопіць заўсёды. Сцвярджаць новае — заўсёды барацьба.

— Тады ідзі ў актрысы, бо там заўсёды сцвярджаюць нешта новае, як ты гаворыш. Навошта сапраўды табе быць настаўніцай?

Я хітрыла. У тыя гады настаўнічаць было проста небяспечна, і невядома было, калі ўсё гэта скончыцца. Я ўсёй душой хацела, каб яна пайшла некуды, дзе не будзе абрэзаў, варожых вачэй з-за суседняй хаты, з-за дрэва. Але дзе знойдзеш ціхае месца? Мы ўсе былі навідавоку, любы спецыяліст быў для бандытаў небяспечным чалавекам, «агітатарам». А вось тэатральны мог бы даць маёй дачцэ магчымасць паехаць у сталіцу, далей ад стрэлаў уначы, ад крыві, якая ўсё яшчэ лілася.

— Але ж ты ведаеш, мама, — я ніколі не буду актрысай.

…Яна заўсёды гаварыла так — крыху катэгарычна, цвёрда, нібыта абдумвала ўсё адзін раз і назаўсёды. Дзіўным было ў ёй спалучэнне мяккасці і дабрыні, настойлівасці і жорсткасці. Маладая дзяўчына, яна здзіўляла нас з бацькам сваім характарам, які ляпіўся пакрысе, непрыкметна, але вось выявіўся і паказаў сябе такім цвёрдым і пастаянным, як у чалавека, які многа перажыў. Але хіба ведаем мы, якія думкі вырашаюць для сябе маладыя, чым жывяць яны сваю душу? Усе нашы знаёмыя, а яшчэ раней — настаўнікі, верылі, што ў яе вялікі талент. Можа, гэта былі проста здольнасці, ды, як заведзена ў невялікіх гарадках і пасёлках, усе верылі ў тое, што менавіта тут нараджаюцца будучыя славутасці. А спявала яна і на самай справе цудоўна. Голас нізкі, чысты, і гітара ў яе руках таксама, здавалася, спявала сама, без намаганняў… Яна і граць навучылася неяк непрыкметна, і непрыкметна ўнесла ў наш дом музыку і песні, так што яны паступова сталі таксама неабходнасцю, як і яе весялосць, упартасць, яе маленькія прыхамаці. Але ж музыка, якраз музыка, першы раз і ўратавала яе ад смерці. Гэта было тады, калі яе павялі на расстрэл. Канечне, не было б нашых просьбаў, падарункаў і іншага, можа, і гэта б не падзейнічала. Але ўсё разам і адвяло ад яе кулю. Першы раз…

У нас тады быў на кватэры ўрач нямецкага батальёна. Ён любіў слухаць, як спявае Люся, не раз прасіў яе аб гэтым. I чамусьці любіў размаўляць, толькі я старалася, каб размоў такіх было як мага меней. Таму што аднойчы, заміраючы ад страху, чула адну такую размову. Урач быў карэнным масквічом, яго захапілі пры адступленні і прымусілі працаваць, і ён, відаць, саромеўся гэтага, таму што адстойваў свае пазіцыі неяк неахвотна, як бы з намаганнем. Ён казаў, што жыццё — жорсткае, часам яно ломіць хрыбты без дазволу і папярэджання, што ён і на гэтай пасадзе сваёй стараецца быць гуманным, каб не вывозіць моладзі больш, чым ёсць у тым патрэба (батальён займаўся вывазам моладзі ў Германію), што ў яго няма іншага выйсця і яшчэ многае, што гавораць людзі, у якіх хаця крыху засталося сумлення і толькі самалюбства не дазваляе стаць на калені і расплакацца, як ім, відавочна, хочацца гэта зрабіць…

— Няўжо вы хацелі б, каб немцы прайшліся па Маскве, каб іх боты тапталі Красную плошчу? — пыталася Люся.

— Пры чым тут гэта? Хачу — не хачу. Не ад мяне ўсё залежыць.

— Калі кожны так стане гаварыць, то не будзе каму Радзіму абараняць.

— Прыгожыя словы! Калі чалавек памірае, яму ўсё роўна, што і дзе. Галоўнае — жыць! Жыццё — апраўданне ўсяму!

— Жыццё? Не. Ёсць нешта даражэйшае. Я не магу вас пераканаць, але я в е д а ю, што гэта так.

— Ведаеце! Што вы ўвогуле ведаеце? Вы яшчэ дзяўчынка. А я скажу вось што: вам, з вашым талентам, з прыгажосцю, трэба было б ціхутка перачакаць усю мітульгу, а пасля… пасля вы зможаце прыносіць радасць, быць каханай, урэшце — быць славутай! Прырода не надта раскідваецца, яна скупа адмярае прыгажосць і талент, дык трэба ўсведамляць сябе яе ўлюбёнкай!

— Ужо тое, што вы кажаце, сведчыць: вы верыце ў нашу перамогу, нашу! Я і так думаю, што вы не можаце верыць у іх, вы не можаце!

— Я не ведаю, хто пераможа. Сутыкнуліся дзве агромністыя, нябачаныя ў гісторыі сілы. Я — проста маленькая пясчынка. Ці мне меркаваць пра гэта! Але я хачу выжыць, хачу пасля вайны слухаць музыку, бачыць карціны старых майстроў, любавацца прыгажосцю.

— I вам няважна, якія колеры ў вашай прыгажосці, які знак вісіць пад галавой? Не веру. I прытым вы ж бачыце, што вашаму фону… як там яго? — вашаму камандзіру няма справы да нас, абарыгенаў, яны нас і за людзей не лічаць. Думаеце, яны дазволяць вам глядзець на карціны старых майстроў? Яны проста вывезуць іх адгэтуль, у свой рэйх. I вы думаеце, што я стала б спяваць… для іх?

Ён маўчаў. Пасля сказаў, не падымаючы вачэй (я цікавала з кухні, сэрца маё білася часта-часта, а рукі былі ледзянымі):

— Калі вас заб'юць… калі прападзе ваш голас… Не! Я зраблю ўсё. Я вас выратую, маленькая вы, упартая ганарліўка. Можа, нехта і скажа мне дзякуй за вас, хаця б пасля маёй смерці ўспомніць добрым словам!

А праз некалькі дзён па яе прыйшлі паліцаі. Нехта падказаў, а можа, прыкмецілі самі, што нездарма каля Люсі столькі моладзі. Тады пачыналіся першыя выбухі на чыгунцы, знаходзілі забітых немцаў і паліцаяў і былі першыя забітыя, часта расстраляныя па адным толькі падазрэнні. I тады я ў адчаі кінулася да ўрача, а ён прасіў вышэйшае начальства. Менавіта па яго хадайніцтве з хаты выйшаў той нямецкі генерал з грэбліва падціснутымі вуснамі, ён кінуў пасля некалькі слоў, якія вярнулі Люсю, што ішла ўжо да выкапанай магілы. А калі яе адправілі ў Германію, мой кватарант, відаць, хутка здагадаўся аб усім, бо вочы яго былі вострымі, як у рысі, нездарма яго, ціхага, знешне спакойнага, пабойваліся ў батальёне. Я гаварыла, што ад дачкі няма ніводнай весткі, што яна, відаць, на нейкім полі ў Нямеччыне гаруе па родных мясцінах, а ён глядзеў на мяне спагадліва і крыху насмешліва… Неяк, перад самым адыходам батальёна з пасёлка, ён задумліва працягнуў мне хустачку, якая вісела на вяроўцы ў кухні.

— У вас што, дзве такія?

— Ды не, — вырвалася ў мяне, а сэрца так і схаладнела. Гэта ж Люсіна хусцінка, яе аддала яна, калі я прынесла ёй у лес новае, чыстае адзенне, а старое забрала дахаты! I як ён угледзеў!

— Здаецца ж, ваша дачка паехала ў гэтай хустачцы.

— Вам здалося, пан доктар.

Мы глядзелі адно аднаму ў вочы. Гэта былі страшныя для мяне хвіліны!

— Можа, і я памыляюся, — прамовіў ён ціха. — Можа быць… Вось скончыцца вайна — прыеду сюды яшчэ. У адпачынак. Прымеце мяне?

— Прыязджайце, пан доктар.

— Пан доктар, пан доктар… Хутка ж вы навучыліся так гаварыць! Я, праўда, таксама навучыўся. Але мяне вы павінны прыняць, паважаная пані, таму што я заўсёды здагадваўся пра тое, што і вы таксама звязаны з гэтымі… як іх… ляснымі бандытамі. Але ж нікому і нідзе я гэтага не сказаў. Мы ж людзі…

Ён не чакаў майго адказу. Ды і што я магла сказаць? Узяў, пагладзіў хусцінку — лёгка, кончыкамі пальцаў.

— Перадайце прывітанне вашай дачцэ. Калі б не яна… Я пра многае пастараўся б забыцца. А так… Вы не ўяўляеце, як важна не забывацца. Хаця і надта ж хочацца гэтага, таму што, забываючы, лягчэй жывеш. Вы разумееце, што я кажу? Можа, і не. Ну, гэта і няважна. Галоўнае, каб Люся засталася жыць. Такія, як яна, павінны жыць! I ўрэшце, скончыцца ж некалі вайна…