Ольга Ипатова – Перакат (страница 33)
Заслаўшы ложак, дзед прысеў да стала і, як аб чым староннім, запытаўся:
— Чаго яна прыходзіла?
— Так, — неахвотна адказаў Антон. Ён ужо ведаў, што, нягледзячы на непрыязны голас дзеда, уласную крыўду і ўсё, што адбылося некалі паміж ім і Кацяё, ён прыйдзе на іх старое месца ў недалёкі парк. Парк гэты хутчэй нагадваў лес, сцежкі, што віліся паміж высокімі, але чэзлымі таполямі, былі з бакоў густа зарослыя травой, пракладзеныя як папала, высокі бур'ян шалясцеў паміж дрэвамі, і густа пахла маладой крапівой у майскія дні, калі шэрыя кроны таполяў расцвіталі зялёнымі карункамі маленькіх ліпкіх лісточкаў.
Яны самі садзілі гэты парк — тады на яго месцы была пустэча, хмыз густа рос над балотцамі, у якіх летам гудзела бозліч камар'я, мошак. Неяк вясной сюды прыйшло мноства машын, балотцы былі закіданы пяском і торфам, і школьнікі з бліжніх школ садзілі маладыя тапалёчкі ў загадзя прыгатаваныя некім лункі. Яны тады былі васьмікласнікамі, і якраз там Каця, неяк ноўпрыкметку падышоўшы да яго, калі ён выбіраў з купкі саджанцаў танклявае дрэўца, праспявала крышку насмешліва, але з выклікам:
— Будзеш сюды да мяне на спатканні прыходзіць…
— Яшчэ чаго! — буркнуў ён зняважліва, але чырвань так і пыхнула па твары. — Смаркачка ты яшчэ, каб пра гэта думаць!
— Будзеш! — ужо грамчэй заявіла Каця, і карычневыя яе вочы звузіліся і заблішчалі, як у раззлаванай кошкі, а хлопец сумеўся, пакруціў галавой і, падхапіўшы свой саджанец, хутчэй павалок яго да прыгатаванай лункі.
Каця была тады ў палітэчку, дзве латкі — амаль што непрыкметныя — былі пастаўлены Антонавай маці, на нагах у яе былі матчыны, амаль новенькія боцікі, а на галаве, ледзь насунутая на густыя каштанавыя валасы, чырванела шапачка — яе звязала Каця вечарамі зноў жа пад наглядам Антонавай маці, калі прыходзіла да іх рыхтаваць урокі.
Прыходзіла яна часта — Каця жыла з айчымам і маці, у сям'і выпівалі, часта сварыліся і нават біліся. Тады дзяўчынка ўцякала з дому і прыбягала да Антонавай маці і дзеда — жылі яны непадалёку. Бывала, што па Кацю прыходзіла маці — ускудлачаная, яна плакала ў кухні п'янымі слязьмі і скардзілася на сваё жыццё, а дачка, стаіўшыся, як звярок, цікавала за ёю быстрымі, злымі вочкамі і чмыхала ў самых трагічных мясцінах матчыных скаргаў. Тады тая перапыпяла гаворку і спрабавала злавіць дачку і, калі ёй гэта ўдавалася, цягала тую за густыя каштанлвыя кудзеры і лаялася, а Антонава маці бараніла дзяўчынку…
Усё гэта ўспамінаў Антон, калі надвячоркам ішоў у парк, да густога бярозавага гаёчку наводшыбе, там, дзе глуха цямлела агароджа вайсковай часці і, амаль непрыкметныя з дарогі, стаялі тры пні — іх чамусьці не выкарчавалі пры расчыстцы, калі засаджвалі тут новыя дрэўцы. Месца тое даўно прыгледзела Каця і, тайком прынёсшы некалькі бярэзінак, высадзіла іх навокал. На паўнеба гарэла ласкавая ружовая зара, і дзіўны мяккі водсвет клаўся на пажоўклыя, амаль без лістоў бярозкі, на высокую бурую траву, на вільготныя пні, што трохі адблісквалі ў жаўтаватым святле, як рыбіны, што плывуць у светлай вадзе вялікай ракі… Антон агледзеўся. У парку амаль нікога не было, тут бывала людна толькі ў выхадныя дні, а звычайна блукалі закаханыя пары ды шамацелі па кустах выпівохі. Сёння ж і зусім было пустэльна, ад таго самотна. Ён выняў два лісты цыраты, паслаў на пнях. На вялікім, які ўзвышаўся над другімі, як стол, паслаў газету, паставіў бутэльку шампанскага і дзве пластмасавыя чаркі. Усё гэта — і белыя непразрыстыя чаркі, і лёгкія відэльцы, якія займаюць мала месца, і дзве талеркі з фольгі, у якіх звычайна трымаюць заліўное, — засталося ад тых часоў, калі яны з Кацяй бесклапотна ездзілі на электрычцы на прыроду, хаця на іхняй вуліцы той прыроды было — хоць захлыніся, вандравалі ў выхад-ныя па аселіцах горада ці з'язджалі ў якое запаветнае месца. У вобласці такіх гарадкоў і раённых цэнтраў з гістарычнымі мясцінамі было нямала. Тады, пасля дзесяцігодкі, калі Каця паступіла ў гандлёвы тэхнікум, а ён пайшоў на завод, яны рашылі пачакаць з год, а пасля жаніцца.
— Паглядзім, якая складзецца сітуацыя, — разважала Каця. — Трэба будзе, відаць, цябе ў нас прапісваць, а гэтая, — Каця заўсёды называла так маці,— можа не даць згоды. А калі пайду да цябе, яны ў мяне маю законную частку адцягаюць.
— Што ў нас, няма дзе жыць? — спрабаваў давесці Антон. — Пераязджай, хай яны жывуць сабе як хочуць.
— Ты што? — жахалася Каця. — Каб я ім аддала за так сабе дом? Я ж бачу, што робіцца: ён ужо і яе выжывае. Не, пачакаем. Пагляджу.
Але нечакана памёр айчым — дужы звераваты мужык, ад якога ў пісагах хадзіла не толькі Каціна маці, але, бывала, і сама Каця. I толькі тады яны падалі заяву ў загс…
Ён паціху раскладваў на газеце хлеб, рэзаў сала, і ўспаміны аб тых гадах, калі яны, як маладзёны, жылі сабе ўдваіх, яму ж здавалася — увогуле ўдваіх на цэлым свеце — разгладжвалі раннія, але жорсткія маршчыны ля вуснаў, ён усміхаўся, як быццам плыў у цёплым, густым тумане. Усё — нават белы непрыгожы кубачак — выклікала ў ім радасць. А раптам нешта зменіцца? Можа, Каця зразумее, як блага без яе, як не хапае Антону яе смеху, жывых. іскрынак у вачах? Кубак у руках Антона засвяціўся, як крыштальны. Крыштальны келіх надзеі. Чароўны келіх прымірэння, які яны паднімуць сёння… Антон не заўваяшў, як падышла Каця, яе голас прагучаў нечакана і разам з тым як водгук таго голасу і тых успамінаў, якія замружылі яму вочы.
— Бедненькі, ты тут замучыўся!
Яна імгненна распакавала сваю сінюю, з белымі літарамі сумку, ссунула сала і хлеб убок, разлажыла баначку кетавай ікры, ужо адкрытую недзе, масла і печань траскі, пірог з карыцай.
— Багата жывеш, — заўважыў Антон.
— Не краду ж. А ты не шкадуй — сёння ж свята.
— Я не шкадую, але нашто лішняе?
— Усё такі ж… Мужык! — яна не то панікнула, не то пажартавала.
— На мужыку зямля трымаецца, — ён таксама адказаў не то жартам, не то ўсур'ёз.
Ішла дзіўная размова, пры якой словы былі ўжо не проста словамі. Яны ўдваіх як бы выпрабоўвалі адзін аднаго, як бы баяліся сказаць тое, што хвалявала па-сапраўднаму, што балела кожнаму з іх, бо якраз гэтаму, што балела, не было тут месца. I, можа, таму яны гаварылі, як чужыя, як выпадковыя людзі, што крадком сабраліся, каб урваць нешта сваё, патаемнае, саромнае. Таму паступова, не заўважыўшы таго, яны перайшлі на паўшэпт.
— Ну ты што? — Каця лоўка раскруціла цынкавую сетку, што аблытвала корак, не даючы яму выстраліць. — Пачнём!
Гахпула, корак вылецеў высока, упаў у кустах. Жаўтаватую пенлівую вадкасць яна хуценька разліла ў пластмасавыя кубачкі, таропка глынула. Антон таксама заспяшаўся — шампанскае пенілася, ірвалася з кубка і таму таксама здавалася несапраўдным, гэткім жа, якімі былі сённяшнія сустрэча і радасць, што, нягледзячы ні на што, трымалася ў ім зараз. Праўда, была яна, тая радасць, як атручаная… Але шампанскае нечакана ўдарыла ў галаву, затуманіла вочы, і ён успомніў, што з самай раніцы, апроч аладак, нічога не еў, а жыў толькі будучым спатканнем.
— Давай яшчэ! — зноў Каця паліла ў кубачкі, і зноў ён пакорліва выпіў шампанскага.
Ружовае ласкавае святло знікла, дрэвы вакол згубілі свае чоткія абрысы, мацней запахла вільгаццю і прэлым лісцем. Чорны сенбернар, няўклюдна, як медзведзяня, цяжка прывалюхаў да пня, абнюхваючы іх. Калі Каця віскнула, ён уздрыгнуў, пасля ветліва замахаў хвастом. Следам паказаўся гаспадар, ён строга паклікаў сабаку, і той памкнуўся ад гасціны, ды тут Каця закрычала:
— Не сварыцеся на яго, давайце лепей вып'емце з намі!
Гаспадар спыніўся, пасля наблізіўся да іх.
— Вам тут весела, — сказаў ён з некаторай зайздрасцю. — А мае ўсе паехалі, дык я адзін з Дзікам.
— I праўда, выпіце з намі,— запрасіў яго і Антон. Ён ведаў гэтую Каціну звычку — каля яе заўсёды было шумна і весела, яна ўмела абыходзіцца з людзьмі, камандаваць, кіраваць любой кампаніяй, як вопытны дырыжор — аркестрам. Вось і цяпер — яна імгненна наліла з бутэлькі гаспадару сабакі (сенбернар, павільваючы хвастом, мясціўся ўжо ля Каціных ног), ухвальна забіла ў ладкі, калі мужчына, высока задзіраючы галаву, асцярожна выпіў шампанскага. Быў ён яшчэ не стары, валюхасты, з поглядам стомленым і спакойным.
— Вясёлая ў вас жонка, — сказаў ён Антону. — Гэта і добра. Пакуль маладыя — весяліцеся, радуйцеся жыццю. Кароткае яно, халера.
— Кароткае? — здзівілася Кацн. — Ой, а мне, наадварот, здаецца: дні цягнуцца-цягнуцца, месяцы ажно паўзуць…
— Гэта пакуль, — усміхнуўся госць. — Пакуль паўзуць. Пасля пачнуць набіраць хуткасць, а пасля заскачуць, як шалёныя, не паспяваеш іх ні палічыць, ні ўхапіць! Ну, мне час ісці, не буду вам перашкаджаць.
Ён падзякаваў, паклікаў за сабой Дзіка. Той неахвотна пабег, азіраючыся на Кацю.
— Бачыш, нават сабакі мяне любяць!
Нейкі папрок прагучаў у яе голасе, але Антон змоўчаў, таму што папрок адносіўся да таго, аб чым гаварыць яны не маглі. I ўсё-ткі Каця пераступіла тую забарону:
— А чаму ты… ты мяне не любіш?!
— Не трэба, — прамармытаў ён, памкнуўшыся ўстаць. Але яна сама паднялася, заступіла дарогу, кінула рукі на плечы, наблізіла твар:
— Паедзем адсюль, Антон, міленькі! Паедзем! Абмяняю сваю палову, у любы горад паеду, абы з табой!
Было цёмна, і твар яе бледным паўкругам уставаў над чарнатою паліто — твар, які ён столькі разоў накрываў пацалункамі, дзе ведаў, здаецца, кожную клетачку… Ад яе патыхала нейкімі духамі,— у іх адчувалася горыч раздаўденых хрызантэм, — Каціным цяплом, гэткім жа знаёмым, як кожны яе рух, кожная інтанацыя ў звонкім, шчабятлівым голасе! Ён з сілай адвёў яе рукі, прагаварыў хрыпла: