Ольга Ипатова – Перакат (страница 32)
Яна раптоўна асунулася на падлогу. Вера паспела падхапіць цяжкае яе, непрытомнае цела і здзівіцца: Аўгіння была худзенькай, малой, а які цяжар цягне яе да зямлі? Усклаўшы бабку на ложак, Вера прынесла вады, папырскала на скроні, на сівыя валасы, што амаль павылазілі над ілбом, расшпіліла чорную паркалёвую кофту на зморшчанай шыі. Худыя ногі старой былі абутыя ў дзіцячыя тапачкі, і Вера са шкадаваннем падумала чамусьці пра тое, што ў хаце сёння неймаверна холадна, хаця паліла яе як звычайна. Можа, ад таго холадна, што вецер перамяніўся, а дзверы ўнізе трухлявыя, прапускаюць халады, трэба адрамантаваць іх ці замяніць новымі…
Праз тры дні студэнты сабраліся ехаць. Той раніцай халодная малінавая зара вісела над дальнімі хатамі, дзьмуў рэзкі, перадзімовы вецер.
Бабка Аўгіння ўсё не ўставала, і тую працу, якую яна так-сяк рабіла ў хаце, даводзілася цяпер узвальваць на свае плечы. Таму Вера ўстала крыху раней, каб управіцца на ферме і паспець да ад'езду студэнтаў.
Каля праўлення ўжо весела гаманілі, але прымоўклі, калі да іх падышла Вера. Яна паклікала Галю, яшчэ здаля ўгледзеўшы яе ў купцы захутаных дзяўчат. Галя падышла, вінавата кусаючы вусны. Косы яе былі схаваныя пад хусцінай, і яна чамусьці выглядала больш дарослай і як бы схуднелай. Дзяўчаты перасталі гаварыць, мабыць, прыслухоўваліся да іх размовы.
— Ты… не злуйся на нас, — крыху памаўчаўшы, прамовіла Вера. — Дзяўчына ты харошая…
— Я… не злуюся, — у Галі на вочы набеглі слёзы, яна адвярнулася. Аня крадком цікавала за імі, і, злавіўшы яе пагляд, Вера нахмурылася.
— Я ж нічога не ведала. Разумееце, нічога! I ні ў чым я не вінаватая!
— Не будзем пра гэта, Галечка.
— Не, будзем! Як мне жыць цяпер… з гэтым. I нашто я толькі сюды прыязджала!
— Ну, як нашто? — Вера спрабавала пажартаваць, але словы павісалі ў паветры, і здавалася, падаюць уніз, як шроцінкі. Галя апускала голаў усё ніжэй і ніжэй, і было відно, што яна ледзь стрымліваецца, каб не заплакаць.
— Ты ведаеш, — рашылася нарэшце Вера. — Я тут табе, гэта, падарунак прынесла. На памяць. Каб ты не думала.
— Што? — няўцямна глядзела на яе дзяўчынка. — Які падарунак?
— Аня казала — табе тут хлопец падабаецца. Дык вось…
Яна таропка вынула з-за пазухі пакуначак, нягнуткімі пальцамі развярнула яго.
— Ну што вы! — адхіспулася дзяўчына. — Я не магу!
Пругкі шоўк слізка саўгануўся ў Верыных руках, і сэрца яе на імгненне сціснулася. Але толькі на імгненно.
— А чаго ж? — сказала яна цроста. — Насі. Куды я цяпер яе апрану? А пакінуць няма каму. А кофта ж не простая — півоня ў яе такая… зачараваная. Надзенеш — той, што па сэрцу, не адстане ніколі… А гэта — Ані.
Яна падала яшчэ адзін пакупачак.
— Тут цукеркі. Сама ёй аддай. А то вунь, касавурыцца. Но я ж гэта… бабка. А мне ты па сэрцу прыйшлася.
Яна павярнулася, пайшла ад праўлення. Вецер кінуўся ёй у твар, заскуголіў, шорстка ўдарыў па твары, як быццам была ў ім жорсткасць першага снегу. Яна падумала, што сёння абавязкова трэба паправіць дзверы, каб не выветрывалася цяпло. Зіма, відаць па ўсяму, будзе доўгая…
Крыштальны келіх надзеі
Збіраючы коўдры, што нізка віселі па ўсяму двару, Антон не заўважыў: з вуліцы, насмешліва бліскаючы вачыма, паклаўшы маленькія далоні з ярка пафарбаванымі пазлогцямі на вільготныя штыкеціны, глядзіць на яго Каця. Падняўшы аднаго разу голаў, ён угледзеў яе, нялоўка таргануўся, але, авалодаўшы сабой, спакойна адказаў на прывітанне і нетаропка пайшоў у дом. Каця чакала, пакуль былы муж выйдзе адтуль — па чарговы стос коўдраў, і ён унутрана сцяўся — ружовы, гладкі твар яе быў вясёлы, босклапотны, і з нейкім чаканнем глядзелі цёмна-карыя вочы. «Што ёй яшчэ трэба?» — мільганула ў ягонай галаве, і ён хутчэй пайшоў да вяровак.
— Слухай, Антошка, давай сёння сустрэнем свята ў парку? Га? — прагучала яму ў спіну. Антон хвіліну памарудзіў, пасля азірнуўся.
— Што, кавалераў не знайшлося хіба?
— Ды ну цябе! — махнула яна рукой. — Пасядзім па-людску, успомнім усё добрае.
— Добрае? — ён зняважліва прыжмурыў вочы. Але яна пазірала нявінна, і ў цёмна-карых вачах бліскалі іскрынкі.
— Канешне, добрае. Ну і што, калі разышліся? Што ж, і ўспомніць няма чаго?
— Няма.
— Антон, не разыгрывай з сябе немаведама што. Паглядзі, які дзень будзе! Сонца, жоўтыя лісты, сінява — чаго хмурыцца, чаго выдумляць праблемы? I ты хочаш пабыць са мной. Я гэта ведаю. Адным словам — у сем гадзін на нашым месцы. Згода?
I, не чакаючы, што прамармыча Антон, яна павярнулася і пайшла далей — высокая, з каштанавымі кудзерамі, што выбіваліся з-пад карычневай вязанай шапачкі, у карычневым паліто, якое зграбна абцягвала фігуру. Антон заўважыў на новых яе боціках металічныя круглякі, якімі заканчваліся наскі, і падумаў, што ёй, відаць, цяжка хадзіць на такіх высачэзных абцасах. Але ж пакрочыла лёгка, нібыта панесла яе нейкая сіла, што прабіваецца ў рухах, паставе, у паходцы…
Грукнулі дзверы. Дзед спусціўся па прыступках, цяжка цягнучы хворую нягнуткую нагу, узяў дзве апошнія коўдры, мімаходзь заўважыў:
— На маці халоднае не ўцягвай, пагрэй на батарэі.
— Добра, — азваўся Антон, нерухома стоячы на месцы.
Дзед паглядзеў скрозь штыкетнік, заўважыў Каціну постаць, але нічога не сказаў, толькі зноў, узыходзячы на ганак, хмыкнуў, міжволі закашляўся і так, сагнуўшыся, увайшоў у хату. Антон заспяшаўся следам.
У печы дагарала зыркае полымя, але водсвет яго бляднеў перад ружовым святлом, што залівала падлогу ля акна. Пахла аладкамі і яблыкамі.
— Ты сёння пакорміш яе? — каротка спытаўся дзед, ставячы на стол міску з аладкамі.— А то давай я.
— Чаго гэта раптам? Ты ўжо адпачні, хапіла з печчу клопату, — адгукнуўся Антон.
— Ага, халера, нешта там здарылася. Трэба Грышку клікаць.
— Твой Грышка ўжо не бачыць ані.
— Ну то стары ўжо. Восьмы дзесятак. Але са сваімі яшчэ ваюе, ваяка.
— То хай лепш ваюе, а для печы каго з маладзейшых знайду.
— Каго тут знойдзеш, у горадзе? Калісьці ў кожнай вёсцы быў свой майстар. Ён табе такую цягу зробіць, што печ, як машына. А цяпер…
— Ну пайшло-паехала, дзед! Ты лепей на аладкі націскай, пакуль гарачыя…
Яны вялі гэтую размову нетаропка, кожны робячы сваю справу: дзед прыбраў на загнеце, лоўка падхапіў і паставіў у печ чыгунок, паварушыў галавешкі. Антон вывез з суседняга пакоя маці, загарнуў яе ногі пледам, прымасціў каляску ля самага стала.
Маці сядзела нерухома, у блакітных выцвілых яе вачах быў спакой і няўцямнасць, жаўтлявы твар над карычневым халатам нагадваў восеньскую завялую кветку, што закранулі ўжо раннія маразы.
— Сёння аладкі, Стэфа, сма-ачныя, з грэцкай мукі! — загаварыў ад печы дзед.
Яна павяла вачамі, пасля спыніла іх на сыне.
— Давай, мама, есці,— сказаў ён спакойна і, памачыўшы аладку ў смятане, асцярожна паднёс да яе нерухомых, амаль белых, вуснаў. Белы пульхны кот ціха падышоў да стала, паважна сеў, не зводзячы вачэй з аладкі.
— А псік! — замахнуўся на яго дзед.
— Нашто гоніш? — не адводзячы вачэй ад маці, прагаварыў Антон. — I яму ж хочацца.
— Яму ўсяго хочацца, вось жа псяюха!
Яны казалі адзін аднаму ўсё, але не самае галоўнае, што турбавала абаіх: што маці, відаць, зноў пагоршала, бо другі дзень глядзіць вакол пустымі вачыма, толькі вяла жуе аладку, відаць, машынальна. Восем гадоў, з таго часу, як маладую, рухавую Стэфу лочакана зваліў з ног параліч, або, як казалі ўрачы, ілсульт, яны ўдвух — бацька хворай і яе сын — вялі ўпартую барацьбу супраць смерці, адваёўваючы ў яе гэтае кволае, слабенькае жыццё, што загаралася няпэўным агеньчыкам, але часцей як тлела недзе пасярэдзіне паміж дзвюма рыскамі, якія акрэсліваюць кожнае зямное існаванне. Усё радзей жанчына пазнавала акружаючыя прадметы, усё слабейшым і непаслухмяным рабілася яе некалі моцпае, гнуткае цела, але мужчыны ўпарта не здаваліся перад бядой. Сын навучыўся рабіць нават унутрывенныя ўколы, ставіць катэтар, лоўка, як спрактыкаваная санітарка, абмываць хворую ў ванне, адначасна трымаючы яе за плечы. Дзед, хаця моцна даваліся ў знак старыя, яшчэ з грамадзянскай, раны, цэлы дзень завіхаўся па гаспадарцы і, жартуючы, часам гаварыў унуку:
— У мяне з богам дамова. Не памру і не злягу, пакуль Стэфе патрэбен буду!
I цяпер ён спрытна слаў ложак, акуратна, як у арміі, запраўляточы коўдру.
Праз адчыненую фортку патыхала маладым, здаровым марозцам, яблыневай гнільцой — сёлета шмат нападала яблыкаў, не было часу іх падбіраць. Было чутно гудзенне тралейбусаў і зрэдку — вострае, рэзкае скрыгатанне трамваяў. Ціхая іх вулачка ўтыкалася ў вялікую гарадскую магістраль, але яе ўсё не зносілі, як было колькі разоў абяцана, і, нібыта ў вёсцы, з раніцы над хатамі калыхаліся стаўбуны белага дыму, звінелі вёдры ля водаправоднай калонкі, гучна гакалі сякеры.
У хаце — вялікай, прасторнай, якую дзед стаўляў адразу пасля вайны — крыху дзіўнавата выглядаў мяккі румынскі гарнітур, цёмная шыкоўная сценка з пазалочанымі завіткамі, крэслы і канапа, якімі былі застаўлены два пакоі, асабліва калі заходзіш у іх з кухні, дзе мясцілася белая вясковая печ, у кутку тоўпіліся няхітрыя прылады вясковага жыцця і на паліцах стаялі вышараваныя да бляску чыгуны. Дзед цэлымі днямі нешта рабіў, шараваў, майстраваў. Антон жа, прыходзячы са змены, браўся яму памагаць, хаця і бурчаў на старога, якога ніяк не могуць прыцішыць немалыя ўжо гады… Восем гадоў назад дзед быў цішэйшым, ён скардзіўся на пячонку, хандрыў, патроху выпіваў з равеснікам сваім дзедам Грышкам. Пасля няшчасця з дачкой у ім як развярнулася нейкая новая спружына, і ён, запрэгшыся нанова ў штодзённыя хатнія клопаты, хадзіў заклапочаны, але бадзёры і, не сціхаючы, церабіў Антона: давай, вязі, рабі.