Ольга Ипатова – Перакат (страница 31)
— Табе ў пасаг пойдзе, мая дачушка. А я ўжо састарэлася.
…А перад самай вайной у хату да іх зазірнула Алена. Цяжка абапіраючыся на кіёк, яна прысела ў куце, адабральна зірнула на Веру.
— Прыгожая ў цябе дзеўка, Таццяна.
— Прыгожая — дык што з таго? Даў бы ёй госпад шчасця! — адгукнулася маці.
— Шчасця? Яно таксама рознае. А. ты якога хочаш — у багацці жыць ці каханай быць? — Алена глыбока зазірнула ў Верыны вочы, і тая, пыхнуўшы, як кветка, хутка апусціла іх.
— Значыць, каханай хочаш быць, — заўсміхалася Алена, і чорныя вялікія вочы яе на момант памаладзелі.— Што ж, дапамагу табе.
— Рыгораўна, не суроч мне дзеўку! — спалохана загаварыла Верына маці.— Яна ж яшчэ толькі ўбіраецца ў дзеўкі, бач, дзіця амаль!
Алена гнеўна ўскінула галаву:
— Ты бачыла калі ад мяне злое? Ці хто другі?
— Не бачыла, цётка Алена! — схамянулася Таццяна. — Даруй. Але…
Вера сядзела на лаве, трымаючы ў руках матчыну кофту. Яна толькі што дастала яе з куфра, прымерала, прыкінула, якой будзе ў ёй у суботу на вечарынцы, як будзе глядзець на яе Іван… Алена ўзяла ў рукі пругкі шоўк, памацала півоню. Пальцы яе былі танклявыя, дзіўна пажоўклыя, але гнуткія, маладыя.
— Я табе гэтую півоню загавару. Каго захочаш — будзе тваім.
— Ды што ёй пра хлопцаў яшчэ думаць! — зноў не ўтрымалася Таццяна, але Алена зіркнула на яе сваімі чорнымі, блізка пасаджанымі вачыма, і тая замоўкла, як папярхнулася. Тады ў хаце зашалясцелі ціхія, але ўпэўненыя словы. Старадаўняй сілай павявала ад іх, і маці з дачкой стаіліся, слухалі, але не маглі разабраць усяго, што шапталі сухія жвавыя вусны.
— Трымай! — аддала Алена кофтачку Веры і загаварыла да яе, як свідруючы сваімі вострымі зрэнкамі: — Не слухай маці. Спяшайся! Вам усім спяшацца трэба. I мне таксама…
Яна павярнулася і, не развітаўшыся, пайшла да
дзвярэй.
Вера і Таццяна абгаварылі тыя дзіўныя словы і амаль адразу забыліся на іх. Надзеўшы матчыну кофту, Вера ў суботу пайшла на вечарынку.
Тую вечарынку яна будзе помніць заўсёды. Ярка гарэлі і ўздрыгвалі ад тупату керасінавыя лямпы. Гарманіст іграў з настроем, з прытупам, час ад часу галёкаў, пазіраючы на пары, што круціліся па хаце. Танцавалі кадрыль, польку, «Лявоніху», весялосць патроху ахоплівала ўсіх, так што нават старыя, якія прыйшлі паназіраць за маладымі, не вытрымлівалі і час ад часу выходзілі ў круг, каб тупнуць і выкінуць якое каленца. Хата была перапоўненая моладдзю, хлопцаў было болей, чым дзяўчат, і таму ніводная дзяўчына не сядзела.
Вера танцавала з Іванам, які амаль не выпускаў яе рукі са сваёй. Рука была цёплая, шырокая, яна трымала Верыну руку моцна, але беражліва. Блакітныя вочы Івана былі асабліва светлыя на загарэлым твары з нечаканымі ямачкамі на шчоках, вусны ўсміхаліся нястрымна і шчасліва, і, мусіць, такая ж неўсвядомленая ўсмешка шчасця была і на яе твары. Пасля яны выйшлі на двор. Маладыя бярозы ледзь чутна шалясцелі, і вечаровая зара ніяк не сыходзіла з пацямтіелага неба, ружовай вузкай палоскай яна ціха гарэла за прысадамі, ад чаго навокал было светла, як пры поўні. Ляталі хрушчы, і каля прызбаў пачаў прабівацца мяккі, пушысты палын. Ноч стаяла цёплая, пахкая, толькі з недалёкага лесу павявала халаднаватай вільгаццю. Яны ішлі на дарозе, Вера зняла пантофлі, каб адпачылі натруджаныя ногі, I пясок лёгенька казытаў падэшвы. Каля грэблі яны спыпіліся, загледзеўшыся на рэчачку, якая павольна струменіла скрозь валуны, што шчыльна перагарадзілі ёй шлях. Тады Іван разняў пальцы, моўчкі ўзяў яе за плечы і няўмела пацалаваў. Яе апякло варам, было сорамна і светла, таму не ведала, ці ўцякаць, ці сказаць што, ці маўчаць, і стаяла, не зводзячы з яго вачэй, а Іван шчасліва засмяяўся і пацалаваў яе яшчэ і яшчэ…
А праз тыдзень пачалася вайна, і ў першы ж дзень, калі немцы прыйшлі ў вёску, яны забілі Алену — за тое, што супраціўлялася і не хацела пакідаць родную хату, дзе меліся сяліцца салдаты. Пасля былі дні і ночы чорныя, як бязрадасная асенняя ноч, напоўненыя страхам і недаўменнем. Пасля аб'явіліся партызаны, і з імі разам аднойчы пайшоў з хаты старэйшы брат Мікола. А ў сорак трэцім прыйшла да іх і тая страшная ноч, калі па даносу суседа, Змітра Асташонка, немцы нячутна абкружылі тры хаты, дзе ў тую ноч спалі партызаны, і расстралялі ўсіх, хто там быў. Адна з тых хат была Аўгінніна, і начавала ў ёй сястра яе, Таццяна. Таццяна і засланіла Аўгінню ад кулі, бо кінулася да дванаццацігадовага Міцькі і не дайшла, павалілася на непрытомную Аўгінню. Незадоўга да гэтага ў хаце была сварка, і на Міцьку з Маняй, як камень, упала мацярынскае пракляцце. Вядома, кляла Аўгіння не са злом, а з роспаччу, баялася за дзяцей, якія былі сувязнымі ў атрадзе, але калі на вачах яе расстралялі абодвух, а яна, выпадкова, засталася жывой, нешта як зрушылася ў кабеты і ніколі ўжо не ўстала на месца… «Божа, — думала зараз Вера, — лёгкую смерць таксама, аказваецца, трэба прасіць у лёсу і, як літасці, можна прасіць і забыцця, якое таксама даецца не кожнаму». Яна глядзела на пунсовую півоню, і ўсмешка порхала на вуснах, нібыта забывала Вера ці не жадала пра тое помніць, што шчасце яе было кароткім.
Яна яшчэ пасядзела так, а потым прыбрала куфар, пераклала некаторыя сукенкі, загарнула ў празрыстую паперу кофтачку, лягла. А калі вярнуліся дзяўчаты, яна ўжо спала, і бачылася ёй у сне, што яны з Іванам стаяць на беразе ракі, якая бурліць з-пад валуноў, і ружовыя водбліскі падаюць на луг і поле — водбліскі зары, што аніяк не хоча адыходзіць у цемру, саступаючы месца будучаму дню. I ёй зноў было і сорамна, і добра ад Іванавай усмешкі, ад дотыку гарачых вуснаў, ад водару язміну, што плыў і плыў над полем…
Раніцай яна, як звычайна, пайшла на ферму. Дзяўчаты не ўставалі — малады, здаровы сон апанаваў іх, і бабка Аўгіння, лежачы на печы, шкадавала будзіць іх на работу. Дый сама яна адчувала сябе нядобра — учарашняе хваляванне забрала сілы, яна ляжала не варушачыся. I толькі калі ў хату, пастукаўшы, зайшоў стараста курса, разам уздрыгнулі: бабка Аўгіння спалохана, дзяўчаты — завішчаўшы ад нечаканасці, ныраючы пад малінавую коўдру.
— Ну, Пятрова і Асташонак, вы даеце! — загаварыў стараста, кучаравы нетаропкі Антон. — Усе вас чакаюць, думалі — можа, захварэлі.
— Не, мы здаровыя! — азвалася з-пад коўдры Аня. — Ты выйдзі, праз хвіліну ўстанем.
Антон выйшаў, дзяўчаты імгненна ўскочылі, ліхаманкава замітусіліся па хаце. Бабка Аўгіння села, звесіўшы ногі ўніз.
— Гэта ж хто з вас Асташонкава? — загаварыла яна глуха.
— Я, бабуля! — хуценька заплятаючы касу, азвалася Галя. — А што?
— А бацьку твайго як звалі?
— Сцяпан.
— Сцяпан? А маці часам не Улляна?
— А вы іх ведаеце, бабуля? — бесклапотна здзівілася Галя, а Аня мімаходзь зіркнула на старую і застыгла, гледзячы на твар, але пасля войкнула і кінулася апранаць куртку.
— А дзядзька і цётка твае, значыцца, на Алтаі? — Усё пыталася Аўгіння, і голыя жоўтыя яе ногі смешна боўталіся па белай тынкоўцы, як быццам яна ішла па дарозе.
— Ды я ж казала, бабуля, на Алтаі! — Галя спяшалася. Яна ўжо дапляла касу і цяпер, намазаўшы маслам два кавалкі хлеба, торкала іх у поліэтыленавы мяшэчак. — Я спяшаюся, вы ўжо не сварыцеся, што мы такі вэрхал узнялі.
I дзяўчаты амаль пабеглі з хаты, гучна гахнуўшы дзвярыма і не азіраючыся на старую, якая аслупянела сядзела на печы, гледзячы ім услед.
У абед на ферму зазірпуў брыгадзір.
— Ты чаго гэта, маладзіца, дзяўчат з кватэры гоніш? — запытаўся ён у Веры. — Пачакала б ужо. Колькі дзён засталося.
— Якіх дзяўчат? — не адразу сцяміла Вера.
— Якіх? Студэнтак сваіх. Чым яны ўжо табе так дапяклі?
— Ды не… гэта няпраўда, я ж не ганю… — загаварыла Вера, і кроў кінулася ёй у твар. — Хто вам сказаў?
— Хто? Стараста, — брыгадзір глядзеў на Веру здзіўлена. — Мусіць, то бабка твая ваду каламуціць! — нарэшце як здагадаўся ён. — Ну і шкодная старая, ніяк ёй не дагадзіць!
Вера кінула прыграбаць гной, заспяшалася дадому. Яшчэ з парога заўважыла: шафа адчынена, рэчы кватарантак — курткі, сукенкі — зніклі з вешалак.
— Ты што ж гэта, бабка? — накінулася яна на старую. — Ты чаго мяне сарамаціш? Што табе дзяўчаты зрабілі?
Аўгіння сядзела ля стала, паклаўшы на калені вялікія для яе худзенькай постаці рукі.
— Я тую, другую, не гнала. Толькі Асташонкаву,
— Якую Асташонкаву?
— Гальку.
— За што?
— Ты што, не ведаеш? — бабка Аўгіння сядзела прама, толькі вялікія яе рукі трымцелі дробнай, несціханай дрыготкай. — Кажу табе — Асташонкава яна! Дачка маладога таго, Віцькі. Ну, брата Змітрака. А яна, Галька, пляменніца яму, значыцца!
Вера стаяла аглушаная. Яна ўспомніла: Змітрок, старэйшы, паехаў, адбыўшы пакаранне, кудысьці далёка, а Віцьку тады было гадоў дзесяць, ён паехаў у горад і таксама як згінуў, ніколі пасля не прыязджаў у Рубяжэвічы. Галя — ягоная дачка?
— Дык жа яна, нябось, нічога не ведае, — вырвалася ў Веры.
— Ведае — не ведае, а семя асташонкаўскае ў сваёй хаце не сцярплю!
Вера, як была, у ботах, прайшла да стала, таксама села. Позірк яе ўпёрся ў бабчыны зрэнкі, і яна, першай, апусціла вочы.
— Чатыры дні ім тут засталося.
— Не-е, дачушка мая, і чатыры гадзіны не сцярплю! Сама б лепей з хаты пайшла. Ты, можа, і не помніш усяго, маладая была, а я… Не ты Міцьку халоднага на руках трымала, не па табе Маньчына і Таццяніна кроў лілася…