18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 30)

18

— А хто гэта — Мікола, Іван? — спыталіся неяк дзяўчаты, бо імёны аднаго і другога часта ўспаміналіся ў хаце.

— Мікола — брат яе, — кіўнула бабка Аўгіння на Веру. — А Іван…

— Не трэба, цётка! — пачырванела Вера, і дзяўчаты са здзіўленнем убачылі, як успыхпулі яе шэрыя, з чырванаватымі абадкамі стомы вочы, як прасвятлела і тут жа зноў, як шэрым попелам, зацягнулася яе аблічча.

— Іван — жаніх, — бабка гаварыла крышку шапялявячы, але погляд маленькіх быстрых вочак з жоўтымі маршчыністымі павекамі быў цвёрды і ўпэўнены. — Ды які! Першы хлопец у Рубяжэвічах! Ды і Верка была — царыца, а не дзеўка!

— Перастаньце! — павысіла голас Вера. Яна ўстала, пайшла да печы, грымнула чарпаком, набіраючы новую талерку куляшу. Аня і Галя пераглянуліся, здзіўленыя прасторай часу, якая адкрылася перад імі раптоўна. Там, у тым вымярэнні, пра якое яны ніколі і не думалі, як усе маладыя, цвёрда верачы, што свет нарадзіўся разам з імі, шэрая, стомленая, з журботным поглядам цётка Вера была, аказваецца, прыгажуняй. Галя хутка глянула на люстэрка, устаўленае ў дзверы шафы, як быццам спадзявалася ўбачыць там тое, пра што расказвала старая Аўгіння, але адвяла вочы і змоўчала. Аня, якая нешта хацела сказаць, таксама толькі глытнула паветра і борзда ўзялася за кулеш. У хаце запанавала маўчанне, якое зноў парушыла бабка Аўгіння.

— Праўду кажу, дзяўчаткі: кожная з вас хаця і пава, але вось яна была… не параўнаць нават і з вамі. Дай бог, каб вы гора не зналі! — уздыхнула яна. — Маўчу, маўчу!

Гэтае апошняе слова адносілася да Веры, якая зноў памкнулася нешта сказаць. А пасля цэлы вечар у хаце было ціха, адно гаманіў на розныя галасы тэлевізар.

Назаўтра, ідучы з Галяй да адрыны на краі вёскі, дзе збіраліся студэнты, Аня ўспомніла ўчарашняе.

— У нас, што ні крані, усюды вайна, вайна, вайна! Сорак гадоў прайшло, а ўсё помняць пра яе.

— Я і хацела б ведаць, што там было, але неяк няёмка пытацца, — Галя шчыльней захінула на грудзях плашчык. — Толькі мне здаецца, што Вера і сапраўды была прыгожай. У ёй і цяпер ёсць нешта… мяккае, ціхае.

— Таму і ў дзеўках засталася, — падхапіла Аня. — Не, я не такая. Калі б тут усяго адзін хлопец быў, той бы маім быў, пэўна.

— А Красуля ведаеш колькі малака дала! — пачала гаворку Галя, якой не хацелася гаварыць пра хлопцаў, таму што яна, па-першае, саромелася ўвогуле многа гаварыць пра іх, а па-другое, крыху пабойвалася вострага языка Ані, якая магла нешта і перавярнуць, перакруціць у размове і пасля бязлітасна выставіць гэта на агульнае абмеркаванне.

— А вунь Віцька за намі бяжыць, — весела азірнулася Аня, і яны, забыўшыся на ўсё, пачалі гаварыць пра тыя дробязныя падзеі, якімі жывуць людзі, абмяркоўваючы ўсё, што здараецца з суседзямі. Курс яшчэ толькі прывыкаў да студэнцкага жыцця, абжыываўся, студэнты пільна прыглядаліся адзін да аднаго, бо разам будуць яны пяць гадоў — цэлая вечнасць наперадзе! I яны ўспаміналі пра Веру і бабку Аўгінню толькі вечарам, вяртаючыся на кватэру, занятыя сваімі клопатамі і тым новым, што прыходзіла кожны дзень.

А дні ішлі, і то распагоджвалася, то зноў усё навокал ахутвала халодная шэрая імгла, і Вера неяк злавіла сябе на думцы, што ўпершыню яна спяшаецца дадому не таму, што там чакае галодная Красуля альбо стогне на печы, грэючы кашчавае, але ўсё яшчэ моцнае цела, старая Аўгіння. У хаце, прасторнай, заўсёды акуратна прыбранай, з белымі сурвэткамі і вышыўкамі на сценах, з вялізным дываном, некалі купленым Верай за прэмію, цяпер было неяк па-новаму цёпла, і яна сумавала, калі Аня і Галя ішлі вечарамі да сябровак ці, па суботах, бегалі на танцы ў сельскі РДК, што быў у суседняй вёсцы Межаве. У трэцюю суботу Вера, падаіўшы карову і павячэраўшы, сядзела ля тэлевізара, пакуль не скончыліся ўсе вячэрнія перадачы, а пасля, пахадзіўшы крыху па хаце і яшчэ раз працершы падлогу, села, як некалі, за вышыўку.

— Спаць бы ішла! — буркнула з печы баба Аўгіння. — Чаго вочы псаваць? Вунь усю хату тымі вышыўкамі закідала!

— Кросны з хаты выжылі, цяпер вышыўка перашкаджае? — нязлосна адклікпулася Вера.

— А каму твае кросны патрэбны? Мужыка яшчэ знайдзі, каб іх начыніць. Ідзі спаць, ідзі, без цябе прыйдуць дзеўкі!

За доўгія гады яны навучыліся ладзіць адна з адной, хаця, беручы пасля вайны адзінокую цётку да сябе, Вера не раз са страхам думала, што не, не ўжыцца ім з Аўгінняй: не адзін раз тая сварылася з раднёй, а болей за ўсіх з Верынай маці, ціхай, нязлоснай Таццянай. «Болей за ўсіх любіла сястру, таму і дурыла, — неяк прызналася яна пляменніцы. — Свае дзеткі адпрэчаць, а Таццяна пачне супакойваць, я адразу і адыходжу». Можа, якраз гэта і прыцягвала яе ў Веры, да якой яна і прыйшла, каб разам дажываць апошнія гады, бо нікога амаль не засталося ў жывых з іхняе радні. I цяпер Вера сядзела, схіліўшыся пад вышыўкай, час ад часу пазіраючы наверх, дзе драмала старая. Не, добра, што жывуць яны разам, родная душа і паспачувае, і гора дапаможа перажыць. Адно толькі — каб не памірала баба Аўгіння, не пакідала яе адну. Зусім адну…

Нітка так і мільгала ў яе руцэ. Даўно не вышывала, ох, даўно. Апошнім часам сталі горай бачыць вочы, прыбавілася нейкіх спраў, а можа, усё ад таго, што не магла яна цяпер так лятаць па хаце, як раней, упраўляцца з работай — і сваёй, па дому, і мужчынскай — рамантаваць дах, заскародзіць соткі… Тады, раней, саўгаса яшчэ не было, на працадзень — мышы не ўкусіць, але ўсё роўна шчыравала яна і дзень, і ноч, забываючы пра сябе, і ад таго ніколі пе хавала вочы, усё жыццё глядзела на людзей адкрыта, з годнасцю. Не было ў яе на сумленні нічога, за што прыйшлося б чырванець, праўда, не было і вялікіх узлётаў, так што калі аднойчы прыехаў пра яе пісаць карэспандэнт раённай газеты, не было чаго казаць Веры: гады зліваліся для яе ў суцэльную чараду, дзе адмецінамі былі святы ды невялікія здарэнні, накшталт прэміі, падарунка ці Красулінага ацёлу. Карэспандэнт паехаў расчараваны, а дарма: трэба было ўбачыць яму Веру, калі яна грэбла сена ці касіла. Тады быццам вырастала яна, постаць яе рабілася гнуткай, вёрткай, рукі мільгалі, як ластаўкі перад дажджом, і ўся яна дыхала адзіным рытмам працы.

I цяпер яна рабіла, забываючыся на ўсё, спяшаючыся, як хто гнаў яе.

Бабка Аўгіння таксама не спала. Яна варочалася, уздыхала. Пасля злезла з печы і села насупраць.

— Паедзеш у раён, таблеткі мне прывязі. Аленнія…

— Эленіум гэта, баба Аўгіння.

— Я і кажу — аленнія. Я тады моцна сплю, нічога не помню.

— Добра, прынясу. Толькі рэцэпт вазьмі ва ўчастковай, цяпер іх не даюць без паперы.

— Папрашу, дзетка. А то блага мне. Заплюшчу вочы, зноў Міцьку ўспамінаю. Не так Маню, як яго. Помню, зваліўся ён са страхі, дык я заместа таго, каб пашкадаваць, лазінай яго, лазінай. Як думаеш, помніць душа яго зло ці ёй усё роўна ўжо?

— Спіце лепей. Не думайце глупствы. Спіце, а я сама заўтра доктарку папрашу, каб рэцэпт выпісала.

Бабка Аўгіння нешта прамармытала, палезла на печ. Ляжала, гледзячы на лямпачку выцвілымі вачыма, нешта шаптала.

— Бабка, — загаварыла Вера. — Хопіць труціць сябе. Усё прайшло, прамінула. А калі што і было, перапакутавала.

— Я не сабе адпрошваю, — азвалася з печы старая. — Я ж у іх, маіх дзетак, прашу, каб зло даравалі.

— Вы што ж, думаеце, каб не праклялі, то нехта жывым бы застаўся? А маму маю хто праклінаў? А палова вёскі чаму на той свет пайшла? Вайна была, цётка. Вайна.

— Дык жа каб не пракляцце, можа, хто-небудзь бы застаўся. Хоць адно дзіця. Адно! I нашто ж я іх трымала? Думала, маладыя яшчэ, куды ім у партызаны ісці? А яно вунь як атрымалася… Каб вы, кажу, адтуль жывымі не вярнуліся, з тых партызан! I не вярнуліся…

Вера ўстала, адкінула вышыванне.

— Жыццё прайшло. Не трэба мёртвых трывожыць. Ніхто не вінаваты, што лёс такі нам выпаў. Не мы яго шукалі, а ён нас. Спіце.

Бабка ўсё круцілася на печы, як быццам ёй муляла, але змоўкла. Было толькі чутно, як нешта нібыта дрыжыць у ёй — не то плач, не то стогн. Пасля яна супакоілася, заціхла, і зноў апусцілася цішьшя. Але яна была ўжо іншай, як быццам словы старой кабеты нешта страсянулі ў прасторы і ажылі, заварушыліся амаль бясплотныя цені.

Вера села, пасля зноў захадзіла па хаце, стараючыся крочыць нячутна. Пасля роздуму яна падышла да куфра, ціха адкінула яго цяжкое, каванае вечка. У куфры ляжалі яе сукенкі, пасляваенныя, з прамымі, нягнуткімі плячамі пінжакі — бацькі і брата Міколы. У асобным белым вузельчыку мясцілася тое, што прыпасла сабе Аўгіння — на смерць, як яна казала: квяцісты андарак, кофта. Цьмяна бліснулі цвёрдыя, з пругкім гумавым вобадам тапачкі. Але яна шукала другое. Крыху пакорпаўшыся ў грудзе адзення, яна, нарэшце, выцягнула маленькі скрутачак. Сумна ўсміхаючыся, асцярожна развярнула тонкую папяросную паперу.

На руку ёй лягла етарая кофта. Але старой яна была толькі па лёгкай жаўцізне, па нежылому, як бы музейнаму выгляду. Раскінутая на ложку, яна як бы патроху ажывала. Пругкі крэмавы шоўк адліваў пад лямпачкай тонкім бляскам. Вера, усхваляваная, села побач з ложкам на крэсла.

Гэты цяжкі, прахалодны шоўк купляла на кірмашы маці, Таццяна. Вера помніла, як заходзілі яны пад павець, дзе гандлявалі шоўкам, як выбіралі прыдатную матэрыю — а вакол пахла пернікамі, зялёным прывялым лісцем сёмухі — маладой і вясёлай. Маці таксама была маладой, пругкай, і хуткай была яе паходка, і калі яна схілялася над вышываннем, у маладой яе галаве, схіленай над шытвом, была асаблівая дабрыня і ласкавасць. Вера помніла і свята, на якім маці разам з бацькам танцавала ў калгасным клубе, сарамліва ўсміхаючыся дачцэ. На ёй была гэтая кофтачка, а на рукавах і каўнерыку ішлі пунсовыя кветачкі. На грудзях палымнела півоня — якраз такая, якая расла ў гародчыку перад хатай. Бацька, таксама малады, бязвусы, туліў маці да грудзей, і півоня, здавалася, палымнела яшчэ адчайней, так, што асвятляла ўвесь той клуб, бо не было там пары прыгажэйшай, чым маці з бацькам. Так думала тады маленькая Вера, і шчасце шчымліва падступала да вачэй. Ішлі гады, думалася: вось падрасце, і будзе гэтак жа, як маці, кружыцца пад музыку, смяяцца, і такі ж будзе побач з ёю прыгажун, як бацька. А пасля кофтачку паклалі ў куфар, і Таццяна, ласкава і мудра ўсміхаючыся, накінула перад гэтым шоўк на Веру: