Ольга Ипатова – Перакат (страница 29)
Бялецкая стаіць пасярод грымёркі, яна, здаецца, зараз узляціць у грудзе сваіх карункаў і белага капрону. Я гавару, што яна была проста цудоўнай, цалую яе, і яна радуецца, перапытвае, у нечым сумняваецца… Уваходзіць Пачвара, перабівае яе пытанне:
— Перастань, Люда, сама ведаеш, усё цудоўна. Будзь толькі крыху прасцей.
— А я? — тут жа пытаецца ён у мяне.
— Усе добра, толькі хадзі цяжэй, ты ж не танцор! — гавару яму, але тут таксама перабівае Прынцэса:
— А я, як хаджу я?
Яна на сцэне ўжо пяць гадоў, старэйшая за мяне, але адчуваецца, што сэрца яе цяпер перапоўнена ўдзячнасцю. Новая роля даказала, што яна ў поўнай форме, што ёй па плячы такія рамантычныя ролі, і хай не наступаюць на пяткі больш маладзенькія! Ці захаваецца яе цеплыня да мяне пасля? Можа, пройдзе час, і нейкі крок развядзе нас і зробіць ворагамі? У мастацтве няма нічога замацаванага, кожны спектакль — выпрабаванне…
А дзе ж Прынц? Нечакана для сябе адчуваю, што міжвольна шукала яго, перш за ўсё — яго. Але нельга мне ўрывацца да яго, як закаханай дзяўчынцы. I таму, стараючыся схаваць шчаслівую ўсмешку, іду шукаць Прынца. Але ў ягоным пакоі дзяўчаты, статысткі і танцаўшчыцы, адтуль чуюцца галасы рабочых сцэны — ён жа самы кампанейскі, адкрыты хлопец з усіх навічкоў, і таму стараюся быць незаўважанай. Але галасы чуюцца вельмі дакладна:
— Чаго табе турбавацца, чудзік! У яе спектаклях табе забяспечана галоўнае месца!
— Вось іменна, — падхоплівае нехта.
— Ды перастаньце вы! — у Віктара, майго Прынца, голас вялы, усмешлівы, як быццам ён адпіраецца для прыліку. I, падахвочаныя яго напаўадабральнай інтанацыяй, галасы падхопліваюць:
— Як быццам не бачна, што Багуміла цябе аж стрыжэ вачамі!
— Не губляйся, брат, яна дзеўка прабіўная, што захоча, тое і зробіць, бач, як дырэктар і галоўны з ёю гавораць!
— Таму што талковая, — кідаюцца абараняць мяне дзяўчаты.
Мне даўно трэба было б адысці ад дзвярэй, і я прымуша. сябе ісці, але ногі не слухаюцца, як быццам без таго, што скажа Віктар, адысціся адсюль мне немагчыма. Ён павінен паставіць нейкую кропку, нельга ж, каб вось так, языкамі, нібы залізвалася нешта вельмі дарагое для мяне і, я думаю, для яго таксама!
— Віця, ты папрасі яе, хай дазволіць мне паказацца ў «Феі», — гучыць ласкавы галасок, які я пазнаю — Каця Слаўкова, дублёрка.
— Табе ж яна не адмовіць, — падхоплівае нехта з хлопцаў.
Віктар гаворыць у адказ усяго чатыры словы, але яны — як аплявуха па твары, як крапіва, якая абпальвае, калі прабіраешся па лузе, як нечаканая падножка, калі бяжыш, падскокваючы, па вуліцы:
— Што точна, дык точна!
Можа, вінаватыя не самі словы, вінаватая толькі інтанацыя — зухаватая, самаўпэўненая, лянотная? Калі так, то я буду цяпер ведаць, што забіваць могуць не толькі словы, але — і інтанацыя…
Вахцёр каля ўваходу паглядзеў на мяне са здзіўленнем. У лёгкай сукеначцы — на холад? Вераснёўскі вечар прыняў мяне ў абдымкі, я ўляцела ў яго, як камета. На цёмным, ужо вільготным асфальце ляжыць цяжкое жоўтае лісце клёнаў, вяршаліны шумяць пакорліва і ціха, нібыта скардзячыся камусьці ў вышыні, поўны раўнадушны месяц прабіваецца скрозь галіны, кладзецца на руку светлым лістком серабра… Сукенка на спіне прамакае ад вільготнай таполі, ля якой я стала, нібы стараючыся выстаяць… Мае першыя страты! Першыя… Колькі іх яшчэ будзе на маім шляху? А спектакль нават яшчэ не скончыўся!
«Я табе казала, дачка, ідзі лепей у тэхнікум! — сказала б мама цяпер. — Вунь Аня маладзейшая, а ў яе хата якая! А Валодзька? Таксама маладзейшы, а ўжо «Масквіч» купіў, дзеўку якую выбраў. Тут табе адна калгатня!»
Чую твой голас, мама, і таму не скажу табе анічога. Проста, можа, прыціснуся да тваёй рукі, заплюшчу вочы, Я сама выбрала сабе дарогу і гатовая прыняць усё, што выпадзе на мой лёс. Прыняць, і змагацца, і пераадольваць боль у сэрцы, і страчваць!
Далёкія зоркі ледзьве бачны на туманным гарадскім небе. Ім, каб яны маглі чуць мяне, было б смешна: столькі абяцанняў, столькі клятваў ім даводзіцца чуць скрозь далёкі шэпт вечнасці! Але ўсё роўна кідаю вам выклік — я, маленькая, слабая пясчынка, таму што адбываецца і адбудзецца — маё ўласнае жыццё, адзінае і непаўторнае.
Дык хай адбываецца ўсё, што наканавана!
— Вагуміла Антонаўна! Вас клічуць. Антракт канчаецца!
Кліч здаецца далёкім, але ў рэшце рэшт насцігае мяне. Уваходжу ў тэатр, іду за памочніцай. Насустрач стратам. Насустрач маёй першай прэм'еры…
Зачараваная півоня
Трэці дзень ішлі дажджы, і дзяўчаткі, што кватаравалі ў Веры, прыходзілі запэцканыя вязкай карычневай глінай, з чырвонымі замерзлымі рукамі, якімі яны цэлы дзень корпаліся ў зямлі, выбіраючы бульбу. Веры дзяўчаткі падабаліся, асабліва адна са студэнтак, Галя — ціхая, нясмелая дзяўчына з доўгімі русымі косамі, у пушыстым світэры шчыльнай хатняй вязкі, які ладненька ляжаў на яе худзенькіх плячах. Другая, Аня, была байчэйшая, прыходзячы, рагатала, расказвала пра ўсё, што адбывалася на полі, прытым з гумарам, умеючы ўбачыць смешнае ці недарэчнае. Бабка Аўгіння палюбіла болей Аню — тая, павячэраўшы, сядала бліжэй да яе, з цікавасцю гледзячы, як белыя касмылі поўсці ператвараюцца ў тонкую, зграбную нітку. Вера, хаця жыла ў хаце ўдзвюх з цёткай, якую звыкла клікала бабуляй, трымала карову і авечак, робячы, як сама казала, сабе клопат. У вёсцы кароў ужо трымалі нямногія, бо ў саўгасе была ферма, а для ўласнай каровы даставаць і рыхтаваць сена было складана. Але Вера не ўяўляла сабе жыцця без сваёй Красулі, без яе ціхага мыкання на досвітку, без ласкавых дотыкаў шурпатым языком, нетаропкасці, з якою ішла карова ў хлеў, не чакаючы, пакуль яе туды загоняць. Вера ўвогуле любіла ўсё жывое — заядла, самаахвярна, як быццам усё жывое, што тыцкалася, мітусілася, корпалася каля хаты, мацней звязвала яе з жыццём, лягчэйшай рабіла адзіноту. Галя некалькі разоў прасілася разам з ёю ў хлеў, каб падаіць Красулю, і карова, на вялікае здзіўленне, падпусціла дзяўчыну да сябе і цярпліва стаяла ўвесь час, чакаючы, пакуль тонкія Галіны пальцы не вызваляць яе ад цяжкага, што напаўняла ўсё яе вялікае вымя, малака.
— Глянь, слухаецца цябе, дзеўка! — здзівілася Вера, і худы, пасечаны маршчынамі твар яе засвяціўся ўсмешкай. — Гарадская, а даіць адкуль умееш?
— У цёткі карова ёсць, вось і навучылася, — Галя ласкава пагладзіла карову, падняла вядро.
— А дзе ж твая цётка? — працягвала роспыт Вера. Ёй было прыемна гаварыць з дзяўчынай, і яна не спяшалася ў хату.
— На Алтаі, цёця Вера.
— Гля-я, ажно на Алтаі! А ці там таксама кароў трымаюць?
— Чаму ж не? Там лета яшчэ больш гарачае, чым у нас, — Галя апусціла вядро, Красуля падышла да яе, ласкава тыцнулася пысай у спадніцу.
— Няўжо? — Вера дзівілася гэтаму, як цуду. — А дзе ж бацька з маткай?
Галя апусціла вочы, нагнулася, зняла з вядра доўгую саломінку.
— Маці няма, памерла ў мінулым годзе. А бацька… Вера падышла да дзяўчыны, перахапіла вядро.
— Ты, калі цяжка, не кажы. Я ж не вымагаю, дзе, што… Проста цікава.
— Ды не, вам я скажу! Ён… ён за бойку ў турме сядзіць. Калі мама памерла, яго і пасадзілі.
— У турме! — Вера са спачуваннем глядзела на Галю. Пэўна ж, не за так туды садзяць. Што ж ён нарабіў, гэты невядомы Галін бацька?
— Ды нічога асаблівага не зрабіў. Проста пасля смерці мамы стаў такі… ледзь што не так, раздражняецца. А пасля сябры не тое сказалі, вось ён і распачаў усё гэта. I міліцыі не паслухаўся…
— Мая ж ты дзяўчынка! — Вера хацела пагладзіць Галю па галаве, але пасаромелася. Дый рукі не прывыклі да таго — гладзіць кагосьці па галаве. Дзяцей сваіх не было, а чужыя, у сябровак, даўно выраслі. Дый яшчэ пабаялася Вера, што рукі яе шурпатыя, яшчэ зробіць дзяўчыне балюча… Але з таго дня яна заўсёды старалася то пакласці Галі лінші блінок на сняданне, то ўзбіць падушку ёй на ноч, калі дзяўчаты клаліся спаць на шырокім ложку, што днём быў застаўлены вялікімі пуховымі падушкамі. Вера ганарылася сваім ложкам. Спраўляла ўсё да яго так, як маці некалі, рыхтуючы ёй пасаг: коўдра была пуховая, падбітая малінавым атласам, падушкі таксама. Для іх ірвала пекалі пер'е не спяшаючыся, павольна, каб не трапілася дзе колкае, так, як выбіраюць ці вышываюць для вяселля. А як справіла ўсё, раптам расхацелася ёй чамусьці спаць на тым ложку, і клалася звычайпа з бабкай на печ, а ложак стаяў пышны, акуратны, але нейкі халодны. I цяпер Веры было прыемна, што студэнткі, кладучыся спаць, абавязкова скажуць пра ложак ці пярыны нешта прыемнае, што ныраюць у яго з асалодай, а раніцай, калі яна сама пачне перасцілаць ложак, у ім будзе захоўвацца духмянае, жывое цяпло, ад якога нават капронавыя покрывы на падушках, здаецца, згубілі сваю былую, нежылую пыхлівасць. Ну што ж, і рэчам, відаць, патрэбны захапленне, цеплыня, пяшчота, нават яны, рэчы, без таго старэюць, зношваюцца альбо робяцца нялюдскімі, як пазбаўленыя цеплыні людзі…
— Мы ў вас, цёця Вера, жывём, як у раі! — смяялася Аня. — Дзяўчаткі нам зайздросцяць, кажуць, што ў вас лепшая хата ў вёсцы.
— Ну, ужо і лепшая! — з задавальненнем адказвала Вера. — Вось у Цеплюкоў хата дык хата — як шклянка, звонкая ды вялікая!
— Дык тут справа не ў тым, вялікая ці не! — адгукнулася Аня. — Тут усё ў тым, ці добра жывецца ў ёй!
— Дык не дзіва! — уступала ў гутарку бабка Аўгіння. — Такую работніцу, як наша Вера, яшчэ пашукаць. Хата блішчыць, як вылізаная. Эх, быў бы тут мужык, Мікола ці Іван!