Ольга Ипатова – Перакат (страница 28)
Здаецца ж, усё перагаворана. Нашто ў соты раз пачынаць размову, якая не дасць вынікаў? Яна не хоча прымірыцца з тым, што сама страціла свой шанс.
— Мы гаварылі аб гэтым.
— Але чаму, Міла? Да наступнага спектакля — тыдзень. Я дакажу табе!
— Не, ужо не дакажаш.
Валянціна была, бадай што, самай таленавітай на курсе. Ёй цяжка прывыкнуць да таго, што талент — гэта не ўсё. Патрэбна работа.
— Я цябе ўключыла ў спектакль. Паставіла першай выканаўцай, Бялецкую — другой. Чаму яна выцесніла цябе, а не наадварот?
Яна мыкнулася, але змоўчала. А я працягваю, ужо не шкадуючы ні яе, ні сябе:
— Таму што яна працавала як апантаная. Брала ўрокі харэаграфіі. Апроч таго, у свае дваццаць восем штодзень бегае кросы, трымае фігуру, а ты…
— У мяне дзіця, ты ж ведаеш!
Каму, як не мне, гэта і ведаць?! Хто купляў пялюшкі, бегаў у раддом з бясконцымі пакупкамі і ўрачыста выносіў з прыёмнага пакоя Белку, каб уручыць шчасліваму бацьку? Але ніхто з тых, хто будзе глядзець спектакль, не захоча ведаць, што ў актрысы дома — маленькае дзіця, затое ўсе будуць бачыць, што яна скаваная, няўклюдная, запінаецца і забывае словы. Ніхто не будзе пытацца — чаму? Валянціна не справілася з роллю. I тое, што Прынцэсу будзе прадстаўляць не яна, а Бялецкая — справядліва. Але чаму я стаю перад ёю і жадаю сабе праваліцца куды-небудзь — хаця б пават у пекла? Валька, якая карміла мяне, хворую, з лыжачкі і дзялілася апошнім! Яе вялікія блакітныя вочы наліваюцца слязьмі, і яна робіцца прыгожай. Мне хочацца забыцца на тое, што яна вечна ўцякала з рэпетыцый, што фігура яе стала амаль бясформеннай, што ўсе мае спробы займацца з ёю асобна яна проста тапіла ў мяккасці, нейкай бабскай гуллівасці («Пасядзім, успомпім студэнцтва, а я назаймаюся пасля, сама!»). Але ж як забудзешся? Як дасі ёй іграць ролю, якую не прыме ніводзін мастацкі савет? Рэжысёр — ён не бог. Над ім столькі яшчэ ўсякіх бажкоў! Дый сама б сабе я не дазволіла выпусціць яе на сцэну. Чатыры месяцы падрыхтоўкі паказалі мне яскрава: на сцэну ёй увогуле цяпер нельга.
Але ж што ёй рабіць? Чым займацца? Хатняй гаспадаркай? Гатаваць стравы свайму Мікалаю? Вазіцца з пялюшкамі? Валянціна жахаецца гэтага. Жахаецца — і не працуе, нібы спадзяецца, што усё прыйдзе само сабой. Не прыйдзе, дарагая, не прыйдзе! I я казала табе гэта дзесяткі разоў.
Дый штосьці ўсё ж не даходзілі мае прамовы, відаць, спадзявалася, што ў апошнюю хвіліну возьме верх сяброўства, што будзе яна іграць Прынцэсу, нікуды, маўляў, не дзенецца рэжысёр! I думка такая робіць мяне каменнай.
— А ты верыш, што будзь я на тваім месцы, то ўсё роўна займалася б як проклятая?
— То ты!
— А ты чым горшая?
За гады, праведзеныя сярод тэатралаў, не раз даводзілася бачыць геніяў, што спіліся, так і не здзейсніўшыся. Нешта заўсёды перашкаджала: то не было кватэры, то грошай, то дрэнная жонка, то вось, як цяпер, дзіця…
Стоп! — абрываю сваю злосць. Можа, сапраўды я занадта жорсткая? Але што рабіць у такім становішчы, што? Валянціна пастаянна спадзявалася, што за мной яна — як за каменнай сцяной, што я — вечны рухавік яе таленту. Усё! Скончыўся вечны рухавік!
— Ты можаш атрымаць другую ролю. Пазней, як здам гэты спектакль.
— Другую! Гэта толькі абяцанка! Не, ты павінна пакінуць мне Прынцэсу! Хаця б падменай Бялецкай!
Бяру яе за руку — бязвольную мяккую руку, цягну па калідоры. Валянціна міргае цёмнымі вейкамі, маўчыць.
— Што ты сёння рабіла?
— Я? — яна прыпамінае. — Ну, устала. Белку карміла. Прыбірала. Чытала са старых лекцый.
Мы спыняемся каля ўборнай, дзе Бялецкая, ужо ў сукенцы Прынцэсы, не ў поўную сілу, але працягвае свае бясконцыя па. Яна круціцца па пакойчыку, уваяжліва, халаднавата вывучаючы сябе ў люстры. Вось падцягнула складку, задумалася. Пасля ўстала на пуанты, балюча зморшчылася, але перамагла сябе, какетліва ўсміхнулася і закружылася зноўку.
— Так вось павінна была б рабіць і ты. З анучай, з каструляй. З чым заўгодна, але каб пасля не падаць з пуантаў, не забываць словы ролі. Калі зразумееш гэта — прыходзь.
Яна вырывае руку і, скажаючы грымасай прыгожы твар, віскліва шэпча:
— Ты таму… таму ўзяла Бялецкую, што ў яе муж заслужаны артыст. А я… я ніхто! Толькі таму! I не прыкрывайся салодкімі словамі! Я заўсёды ведала, што ты, калі трэба, і па трупах пойдзеш, абы зрабіць сабе кар'еру!
Яна ўжо крычыць. З суседніх пакояў выглядваюць артысты. Валянціна плача, закрываючы твар рукамі. Я хацела абняць яе, але яна тарганулася з усіх сіл, крыкнула:
— Пакінь мяне ў спакоі! Чуеш!
Штосьці нібыта абрываецца ўва мне — павольна, але балюча, так, што мне хочацца закрычаць ад болю. Але тут выскоквае Пачвара і, беручы Валянціну, нешта шэпча ёй. I гэта міжволі нагадвае мне сцэну, дзе маленькая Мышка бегае ў капелюшы Велікана і ніяк не можа выскачыць адтуль. Я тады тлумачыла стан Мышкі:
— Яна ў паніцы, і ўвесь свет звузіўся для яе, ён набыў памеры капелюша. Шмат намаганняў трэба зрабіць Мышцы, пакуль яна зразумее, што ёсць па-за капелюўом вялікі, прасторны свет…
Наіўная дзіцячая казка з глыбокім падтэкстам! Божа мой, мы маем справу з казкамі, але ці ведаем мы, што сучасная навука ў казках знаходзіць тлумачэнне касмічных з'яў, што залатое яйка, знесенае шэрай курачкай — Сонца, народжанае космасам, каб сагрэць чалавечую душу? Цемрай старадаўніх патаемных ведаў дыхае казка — такая няпростая, такая даступная для ўсіх…
Валянціну павялі прэч. Азіраюся, гавару знарок сухавата, быццам нічога не здарылася:
— Спектакль праз дваццаць хвілін. Усе гатовыя?
I ўсе ківаюць галовамі, разыходзяцца па грыміровачных пакоях. Што яны думаюць самі сабе, чым будуць абменьвацца пасля? Папракнуць мяне могуць толькі за тое, што я сапраўды цягнула Валянціну, як, відаць, некалі цягнулі лодку па валоках. А лодка яшчэ і ўпіралася…
Крычу апраўданні: у нас у тэатры шмат актрыс, якім я павінна была б прапанаваць гэтую ролю ў першую чаргу — ім, а не ўчарашняй вынускніцы! Але калі апраўдваюся — значыць, у нечым адчуваю сябе вінаватай!
Яшчэ і спектакля не было, але вось адарвалася ад сэрца нешта, страта чаго будзе адгукацца і адгукацца… Было такое: каб будучы звон гучаў лепей, у плаўку пырскалі чалавечую кроў…
— Багуміла Антонаўна, вас да дырэктара.
…Дырэктар падцягнуты, сухаваты і надта дзелавіты. Ён цудоўна ведае, што ўсё ў парадку, але тым не мепш усчынае сапраўдны допыт: «Дэкарацыі не пашкоджаны? Акцёры гатовы? Пачвара, — тут ён папраўляецца, — артыст Фармовіч — без лішняй весялосці? Як касцюмы?» I гэтак далей, да бясконцасці. Яму нібыта хочацца лішні раз падстрахавацца, за ўсё, што б цяпер ні здарылася, адказваю я адна, ён жа ўсё прадугледзеў, праверыў… Нават тую абставіну, што артыст Фармовіч можа нават і каўтануць перад спектаклем якую чарку. Ужо двойчы з'яўлялася чарка, але Фармовічу пакуль усё даруецца, таму што ходзіць упарты слых, што ў яго там, «наверсе», нехта ёсць, а дырэктар наш ой як не любіць псаваць адносіны з любым начальствам. Вось калі б я ўзяла на сябе гэтага Фармовіча, тут бы ён падтрымаў мяне ад душы… Але Фармовіч, на шчасце, цвярозы, як сляза. Ён надта хацеў атрымаць гэтую ролю і шчыра ўдзячны мне за тое, што не паслухалася нікога і не дала яму вось ужо трэці месяц быць у прастоі. Ён добры хлопец, Фармовіч, але любіць часам выпіць, а калі хоць крыху вып'е, рэжа ўсім праўду ў вочы. Вось у чым сакрэт яго непераможнасці: зачапі — ён такое пра цябе выкладзе ўсяму свету! I я дакладна ведаю — няма ў яго нікога «наверсе», але ўсё роўна наш асцярожны дырэктар маўкліва чакае, ці не «з'есць» Фармовіча хто з рэжысёраў. Ну, гэтым людаедам буду не я! I, дарэчы, мне час: да спектакля засталося пяць хвілін! А трэба яшчэ пасадзіць маму: без мяне яна не сядзе нізавошта. Побач з ёю ў ложы я пасадзіла плойму нашых інстытуцкіх, яны хоць і былі на здачы, але захацелі паглядзець, як пройдзе прэм'ера. Перш чым пакінуць ложу, паспяваю перакінуцца з імі апошнімі навінамі: хто, дзе, каго…
Вялікае імгненне настае: гучыць музыка, паўзе ўбок заслона, на казачны ярка-зялёны лужок выходзяць Прынцэса і Прынц. Іх дыялог спачатку гучыць скавана, асабліва хвалюецца Прынц, але пасля, асмялеўшы, ён пачынае «разыгрывацца». Да чаго ён прыгожы — валасы ляжаць пушыстымі бялявымі пасмамі, вочы наіўныя і даверлівыя, як і належыць Прынцу, якога пакуль што не пазналі. Ён прыгожы сам па сабе, і Прынцэса, якая не ведае, хто ён такі, паддаецца яго абаяльнасці.
Я ўсміхаюся ў цемнаце. Кожнае слова такое знаёмае, колькі разоў мы перабіралі іх, словы, шукаючы той, адзіны сэнс, які зробіць слова цаглінкай, прыдатнай для будынка, які ўзводжу пастаноўкай! Зараз, калі спектакль набірае сілу, кожная, хаця трошкі фальшывая нота, б'е мяне, як шрацінка. Ах, вось тут нялоўка павярнулася Пачвара, тут больш какетліва, чым трэба, гаворыць Прынцэса, але дзеці ўжо сядзяць зачараваныя, а іх давер закалыхвае і мяне. Неўпрыкметку стараюся разглядзець зверху твары нашых «міністэрскіх» — яны, здаецца, таксама забыліся, хто яны і што. Можа, зноўку нехта з іх адчуў сябе хлапчуком, можа, нехта ўспомніў, як калісьці марыў аб прыгодах, аб Прынцэсе, якую абавязкова выратуе… Усе мы родам з дзяцінства, сапраўды гэта так, але хай бы дарослыя людзі часцей успаміналі пра гэта!
Першая дзея заканчваецца, я выходжу з ложы, пераходжу вузенькай лесвіцай, каб трапіць да акцёраў. Унізе яшчэ чуваць апладысменты, пачынаецца антракт, але па тварах памочнікаў і рабочых сцэны бачна, што ўсё ідзе як мае быць, што спектакль — будзе! Як жа не пайсці да акцёраў, не падзяліцца з імі радасцю?