18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 27)

18

Я гляджу на маму. У яе на мезенцы шрам — ад сярпа, якім паласапула па руцэ, калі пачула мой плач і, спяшаючыся, дажынала паласу… На правай скроні, схаваная сівой пасмай, няроўная палоска — гэта калі яна брала ваду з калодзежа, а Валодзька падбег з крыкам, што бацька, як перадалі на тэлефоне, загінуў недзе на лесараспрацоўках… Відаць, усё ж моцна любіла яна нашага шалапутнага сінявокага бацьку, калі не ўстаяла на нагах, знепрытомнела, ударыўшыся скроняй аб вільготны бетонны выступ калодзежа!

…Мама злавіла мой позірк, заспяшалася:

— Ідзі, ідзі сабе, дачушка! Тут я сама ўсё зраблю. Ліза мне паможа.

Лізавета, відаць, пасябравала з мамай, таму што яна, папраўляючы пышны абясколераны начос на галаве, прыветліва мне кіўнула, і я прачытала ў яе позірку «Вось ужо не думала, што ў цябе, такой недарэкі, гэткая маці!» Чым жа мама яе ўзяла? Можа, тым, што Лізавета — таксама з вёскі і закранулася нешта ў ёй самае-самае, глыбіннае, дарагое… Сапраўды, паш горад-феномен шліфуе па-сапраўднаму толькі, відаць, у другім пакаленні… Імклівае засяленне яго ў пасляваенныя гады стварыла своеасаблівага гараджаніна, які ў суботу альбо нядзелю, сабраўшыся сем'ямі, спявае вясковыя песні — ажно на ўвесь мікрараён, а на вяселле запрашае падчас не гуллівы эстрадны ансамблік, а невядома адкуль узяты аркестрык з басэтляй, скрыпкай і бубнам.

Таму ў суботу на шашы амаль не ўбачыш машын, якія едуць у горад — усе едуць «дадому», з горада. Так і кажуць: «Паехалі дадому», хаця дом даўно ўжо тут, у горадзе. Вось і я часта кажу сабе: «Паеду дамоў», хаця добра ведаю, што дамоў вяртання няма, я ўжо даўно, шэсць гадоў, гараджанка. Шэсць гадоў — гэта чвэртка майго жыцця, прычым самая мэтанакіраваная, свядомая. А жаданне, якое мною кіравала, спраўдзілася — я стала гараджанкай. О, як упарта я «выбівалася» ў гэтыя гараджанкі! Першы раз не паступіла ў інстытут — пайшла на будоўлю рознарабочай. А ў дадатак запісалася ў гурток бальнага танца пры аўтазаводзе, у секцыю кройкі і шытва ды яшчэ — у музычную студыю. Тры класы музычнай школы я скончыла яшчэ ў нашай вёсцы — тады толькі што яе адкрылі ўвогуле, набіралі ўсіх, у каго быў больш-менш слых. Я пайшла першай, бо марыла быць ні кім іншым, як актрысай. Тады я гаварыла «артысткай», і, хаця мае аднакласнікі падсмейваліся, кажучы, што для партнёра мне трэба будзе шукаць нешта накшталт Эйфелевай башні, я цвёрда ведала: «Памру, але буду на сцэне!» Канешне, дурасцю было лезці яшчэ ў гурток кройкі і шытва, лепей бы трапіць у які драматычны калектыў, але мне тады сніліся па начах каралева Гертруда і лэдзі Макбет, якая, як-ніяк, таксама была амаль каралевай, і я раздумвала над тым, што, калі перш-наперш не навучуся хадзіць так, як у Козінцава ходзіць Эльза Радзіне, то ў лепшым выпадку мне давядзецца іграць славутае «Есці пададзена, мадам». А гэтага мне не хацелася. Начамі я ставіла сабе на галаву вузел, у які запіхвала адзенне, і хадзіла па калідоры з гэтай ношай на галаве, чуйна слухаючы, ці не зарыпіць дзе маснічка. Вузел падаў з галавы ўсё радзей, але аднойчы, закалыханая поспехам, я стала яшчэ і шаптаць маналог Афеліі, і Надзя-тынкоўшчыца, якая нячутна лезла ў інтэрнат праз акно, «застукала» мяне на месцы. Тады мара перастала быць таямніцай, брыгадзір стаў часцей пакрыкваць на мяне, тут жа ўслых шкадуючы, што нічога добрага з мяне не атрымаецца, з гэтай «артысткі пагарэлага тэатра», а хлопцы, адразу засумаваўшы, дружна звярнулі ўвагу на іншых дзяўчат.

Але шытво і кройка пасля не раз дапамагалі, калі прыходзілася дацягваць да стыпендыі. Дзяўчатам заўсёды патрэбны ўборы, і, хаця я высакародна адмаўлялася ад платы, тым не менш галадаць мне ніколі не даводзілася. Краўчыха і парыкмахерка, манікюршчыца ды гандлярка — такія прафесіі, якім даступна ўсё, што іншым смяротным недаступна, хаця б, скажам, білеты на гастролі маскоўскіх тэатраў, ужо не кажучы пра патрэбы менш духоўныя. I ўсё ж я рвалася да ежы духоўнай.

Дзівам было, што мяне ўвогуле прынялі ў інстытут. Калі параўноўваць тое, што ведалі многія мае гараджане-аднакурснікі і засвоіла са школьнай праграмы я, то на мой кошт адносіцца калі ўжо і не круглы нуль, то нешта накшталт гэтага. Вакол завязваліся гутаркі, спрэчкі, называліся імёны, але я маўчала, сціскаючы зубы, не звяртаючы ўвагу на насмешлівыя позіркі і ўсмешкі. Праўда, гэтак было на першым і другім курсах, а на чацвёртым сціскаць сківіцы даводзілася ўжо іншым — тым маім дзяўчаткам, якія, скокнуўшы ў тэатральны, лічылі, што галоўны абавязак іх перад жыццём выкананы. Гадзіны, якія яны трацілі на нікчэмныя спрэчкі і жвачку, якую жуюць ва ўсіх зборышчах так званых «слівак грамадства», я праседжвала ў бібліятэцы, ездзіла ў Маскву амаль на ўсе новыя спектаклі любімых тэатраў і, хаця пасля адрабляла ўсе гэтыя паездкі, не шкадавала ні аб чым. Дый лёс быў літасцівы да мяне. Праўда, праўда! Іначай я не сустрэла б яго, Маланіна.

Так, яго — вядомага ў мінулым рэжысёра, а цяпер прафесара. Ды не, зараз ужо і не прафесара, і не рэжысёра… Я еду на могілкі заўсёды адна, каб нічыё слова ці жэст не перашкодзілі пабыць з ім, зноў убачыць яго, Уладзіміра Нічыпаравіча, успомніць, як углядаўся ён у няўмелую, смешную, але, відаць, даволі нахабнаватую абітурыентку. Я была нахабнай ад боязі, ішла напралом, як ідзе спалоханае цяля, не заўважаючы ні калючак, ні цвёрдых галін… Што ён разгледзеў ува мне, калі я чытала вершы? Рызыкуючы выклікаць незадавальненне прыёмнай камісіі, усё пытаўся: як уяўляю сабе тую ці іншую сцэну спектакля, як ацэньваю дэкарацыі ў апошняй пастаноўцы нашага акадэмічнага? Дзякуй богу, я глядзела ўсе спектаклі, якія ішлі ў тэатрах горада, і, можа, якраз гэта паказала яму, што ёсць ува мне нейкая ўтрапёнасць, што не проста хачу паказаць сябе на сцэне — у некаторых гэта было проста на твары напісана — самалюбаванне, як у павы якой. Хаця і тое праўда — я ж таксама паказвала сябе, умудрыўшыся паказацца перад камісіяй у доўгім цыганістым адзенні, з чырвонымі таннымі каралямі вакол шыі, з аголенымі рукамі і распушчанымі валасамі. О, тады мне здавалася, што я выглядаю ледзь не гераіняй нейкай п'есы, тым болей, я рыхтавалася чытаць трагічныя маналогі аб каханні — а як жа іх было чытаць у міні-спадніцы? Але Маланін нешта ж убачыў скрозь гэтае смешнае, канешне ж, недарэчнае аблічча, нездарма ён так доўга мучыў мяне і камісію, углядаючыся, як бы стараючыся нешта ўбачыць… а пасля нечакана прапанаваў пайсці да яго на рэжысуру.

Пра рэжысуру я неяк зусім не думала. Можа, таму, што, паланіўшыся цудоўнай ілюзіяй жыцця, якую падарыў нам неяк абласны тэатр, зазірнуўшы падчас гастроляў у вялікую суседнюю вёску, я думала толькі пра тых, каго ўбачыла на сцэне. Не тое каб зусім не ведала, што такое рэжысёр, але неяк не звязвала яго з чарадзействам, якое пераўтварае свет, якім мне ўяўляўся спектакль. Але калі Маланін суха паведаміў, што наўрад ці прайду на акцёрскі факультэт, я перастала сумнявацца. Ды і хіба ведала я тады, што рэжысёр — гэта стваральнік, што ягоным рукам паслухмяныя вобразы — усе новыя вобразы бясконцых персанажаў, якімі суцяшае сябе чалавецтва вось ужо тысячагоддзі? I ад яго залежыць, што ўбачыш ты ў спектаклі? Што гэта ён чытае і перакладае твой крык, тваё патрабаванне жыццю?!

Мае акцёры чакаюць мяне. Гэта — сапраўды мае акцёры. З многімі я вучылася разам, і як няпроста было прымусіць іх успрымаць сябе як настаўніка. Як творцу! Але надзіва гэта ўдалося. Можа, ідзе такое ад мамы, якая таксама невядома як, але ўмудраецца заўсёды і ўсюды падпарадкаваць сабе абставіны. А імкненне да справы бескарыснай, ілюзорнай, з яе погляду, — гэта чыё? Можа, бацькава? Маме многае ў маёй рабоце не зразумела, яна жыве ў цвёрдым, рэальным свеце, але ж любіла яна бацьку — яна, такая цвярозая, такая рэальная! Значыць, свету мы патрэбныя, значыць, ён сапраўды чагосьці шукае, хай нават насуперак свайму жаданню! А пакуль такое будзе ў чалавечай душы — няхай жывуць Арлекіна, дзівакі, што аддаюць на тое, каб распаліць агонь ілюзіі, гарэнне душы!

— Мілка, цябе можна?

Азіраюся — і нібыта спатыкаюся на лёдзе. Валянціна! Навошта ёй было прыходзіць? У хаце б ёй сядзець, каля тэлевізара, каб не думаць пра сённяшняе, каб не з'ядала горыч ад таго, што свой шанс у гэтым тэатры яна страціла — шанс, дадзены мною, падораны ёй дзеля нашага сяброўства…

— Я не затрымаю…

Голас Валянціны дрыжыць, на твары такі боль, што глядзець на яго немагчыма. Валька, з якой мы пяць гадоў жылі ў адным пакоі, дзелячы ўсе радасці і цяжкасці студэнцкага жыцця, просіць, каб я з ёй пагаварыла! Скажы нам хтосьці, што наступіць такая хвіліна, — ды мы засмяяліся б, зарагаталі, як вар'яткі! Ужо напачатку было вырашана, што будзем прасіцца ў адзін тэатр, куды б ні прапанавалі, але ў адзін. Разам будзем працаваць — не да сёмага — да сто сёмага поту! Каб сказаць сваё слова ў мастацтве, каб выказаць тое, на што толькі ты здатны і нават на што не здатны… Што ж, свае абяцанні я выканала. Настояла, каб узялі яе ў гэты тэатр — сталічны, хаця жанчын і ў ім, як усюды, процьма. Тэатр гэты, праўда, самы небяснечны. Актрыса тут часцей іграе дзяцей. Тут патрэбны гнуткасць, грацыёзнасць і асабліва — маладосць. Болей чым дзесьці…

— Паслухай, дай мне Прынцэсу. У наступны спектакль. Га?