18+
реклама
18+
Бургер менюБургер меню

Ольга Ипатова – Перакат (страница 26)

18

Мама прывезла мех бульбы і поўную торбу прысмакаў — гарбузовых семак, маку, кмену… Калі ляснулі дзверкі таксі і я ўбачыла, як дзелавіта выцягвае яна з багажніка мех і сеткі, я зразумела, што гэта ж, пэўна, мне прыйдзецца зараз, узваліўшы груз на плечы, ісці міма бабулек, што, нібыта куры на седале, сядзяць на лаўцы перад домам. Яны будуць страшэнна здзіўленыя; заўсёды ж бачаць мяне, што называецца, пры «парадзе» — на шпільках, якія ўваходзяць у моду, у вязанай спадніцы і аксамітавым пінжачку, пры ўсялякіх там вісюльках і браслетах. Яны так неадабральна праводзяць мяне вачамі, так гучна абгаворваюць чарговую «вісюльку», што цяпер, пэўна, будуць прыемна ўражаны тым, што я, аказваецца, усё ж свая, вясковая… Таму што хаця мама яшчэ маладая і дужая, і крымпленавая сукенка на ёй такая ж, як носяць тут, у сталіцы, тым не менш твар яе такога чырванавата-бурага колеру і валасы, сабраныя ў вузельчык, так выгаралі каля скроняў, а паходка такая размашыстая, што кожнаму ясна: у хату яна заходзіць толькі позна вечарам, калі падаіла карову і насекла дроў. Адразу адчуваецца, што дні свае праводзіць яна ў полі. Болей звыклыя нагам кірзавыя боты, чым новенькія пантофлі хаця і на невысокім, але ўсё ж абцасіку. У гэтых пантофлях яна нейкая як звязаная. Ідзе ззаду, бойка гаворачы пра навіны, і ўсё ж, адчуваю, пазірае на мяне з нейкім здзіўленнем, як на знаёмага чалавека, які ўзяў ды ўразіў нечым новым і нечаканым.

Мама прыехала да мяне на прэм'еру — вялікі дзень, які сцвердзіць яшчэ аднаго рэжысёра, пакажа яго капрызнай багіні — Крытыцы, заваюе мне прыхільнікаў — калі, безумоўна, спектакль не праваліцца. Я веру, што гэтага не здарыцца, бо яго зацвердзілі на мастацкім савеце, а там прысутнічалі і работнікі міністэрства. Але гэтага мала. Павінна сказаць сваё слова і грамадскасць. Асабліва крытыка.

Усім вядома, што калі яе ацэнка адмоўная, то яна, гэтая ацэнка, будзе гадамі вісець пад няўдачнікамі — акцёрамі ці рэжысёрамі, апярэджаючы кожнае іх пачынанне. Але яшчэ горай, калі над табой павісла яе маўчанне. Бо, калі цябе хваляць ці ганяць, гэта ўсё ж азначае, што цябе бачаць. Калі маўчаць — значыць, ты шэрасць, нішто. Чалавек-невідзімка. I ты колькі хочаш можаш гаварыць пра мастацтва і яго вялікую місію — усе, хто маўкліва слухаюць цябе, ведаюць, што пра цябе маўчаць, і добра, калі ў адказ на твае пыхлівыя дэкларацыі цябе па п'янцы не аблаюць бяздарнасцю альбо і горай! У нашым асяроддзі не надта цырымоняцца адзін з адным, таму што словы ўсім надакучылі, як надакучылі. і ўсе геніяльныя прадбачанні і абяцанні. Ад цябе патрабуецца толькі адно — справа.

Сёння я выстаўляю Перад публікай і знаўцамі сваю справу. I хаця спектакль мой — дзіцячы і тэатр наш заўсёды як бы паляпваюць па плячы, сённяшняя прэм'ера для мяне — надта адказная і страшная. Яна — нараджэнне альбо забыццё, таму што ўжо заўтра я буду прынятая ў тэатральнае асяроддзе — альбо мяне не прымуць, буду працягваць працаваць ці буду думаць пра іншую работу. Добра ведаю — і другі, і трэці спектаклі будуць азораны сённяшнім святлом. Таму з самага ранку калоціць мяне ліхаманка, як кажуць, «мандраж» — у гэтым слове ёсць адчуванне ўнутранага скрыгатання і ціхага стогну, падобнага на тое, якім адгукаюцца грэшнікі, што вось-вось пройдуць праз судзілішча…

Мы едзем у тэатр. Хаця да спектакля паўтары гадзіны, многія акцёры ўжо сядзяць у сваіх уборных. Пакуль слабы, лунае ў паветры пах паленых валасоў і падкрухмаленай марлі. Мая Прынцэса, уключыўшы магнітафон, творыць бясконцыя па, грацыёзна адстаўляючы мезенец. Пачвара дайгравае партыю ў шахматы, стрыжаную яго патыліцу адначасова адлюстроўваюць тры амальгамы. Прынц толькі што прыйшоў, скідае з пляча скураную сумку, здароваецца з усімі. Я спыняюся перад расчыненымі дзвярыма, але ён не бачыць мяне, і я хутка праходжу міма. Не, няхай засяроджваецца, няхай уваходзіць у вобраз — высокі, па-хлапечы танклявы Прынц з бялявымі кучаравымі валасамі, якім не патрэбны парык, з усмешлівымі шэрымі вачамі і. бесклапотнай лёгкасцю рухаў! Мы равеснікі, разам вучыліся ў інстытуце, але зараз я, рэжысёр, старэйшая не менш як на дзесятак гадоў і таму разумею, як патрэбны акцёру перад спектаклем сабранасць і спакой.

Заглядаю за кулісы. Вось і прыходзяць першыя гледачы. Заўсёды ёсць дзеці, якія не могуць уцярпець і прыходзяць у тэатр ледзь не за гадзіну. Яны ходзяць па фае, стараюцца зазірнуць за кулісы, нешта выглядзець — магчыма, спадзяюцца ўбачыць «жывога», не загрыміраванага акцёра, чыя фотакартка прыглянулася ім у фае. Зазіраю ў залу. Яна ўся малінавая — крэслы абабіты малінавым плюшам, сцены пад тон. Перад пачаткам дзятва будзе літаральна «кішэць» тут — вёрткая, хуткая дзятва, у якой прагныя, цікаўныя вочы, якія хутка згасаюць, калі нецікава… I тады! У дарослым тэатры стрымае прывычка выседжваць гадзіны, прыстойнасць ці што іншае. У нас — ні намаганні білецёрак, ні гпеў пастаўнікаў — нічога не дапаможа, і ў першым жа антракце яны пасыплюцца ў гардэроб, як сыплецца з прарванага меха дробная бульба…

Калі мяне сюды прыслалі, я моцна гаравала. Хацелася ставіць сур'ёзныя рэчы, не менш чым трагедыі, ставіць Шэкспіра, Ібсэна, Чэхава. А тут — Пудзіла, Кот, Прынцэсы! Напачатку, рыхтуючы дыпломны спектакль, я з жахам глядзела ў залу, уяўляючы, што будзе, калі ім стане сумна на маёй казцы. Ішлі іншыя спектаклі, набліжаўся мой. I тут аднойчы ўбачыла, як крычалі яны на Бабу Ягу, як папярэджвалі чарговую Прынцэсу ад памылкі, як шчыра, да слёз, гаравалі над прыгодамі чарговага Прынца, успрымаючы ўвесь гэты прыдуманы, створаны намі свет, — і тады нешта перавярнулася ўнутры. I, як ніколі, спасцігалася гэтае вечнае імкненне чалавека жыць мастацтвам, якое падобна да крыку, што пасылаем мы наперад, каб услед за ім імкнуцца наверх нашага жыцця да таго, што ляжыць за ім. Адкуль у чалавека гэтае імкненне да вялікай ілюзіі, якое нібы дапамагае яму зжываць усе страсці і імкненні, што не могуць ажыццявіцца? Гэта, відаць, нарадзілася разам з чалавекам. I, шмат чытаючы пра дзяцей, не магла не страсянуцца ад здзіўлення: ды яны, аказваецца, спачатку ўспрымаюць свет па ўзроўні тэорыі Лабачэўскага — прасторава, і толькі пасля мы самі прывучаем іх успрымаць акружаючае, як прывыклі дарослыя, не звязваючы прастору і час. Дзеці малююць, і свет іх такі яркі і прыгожы, якім мы яго таксама ўжо не здольны бачыць… Як, як нам цяпер дастукацца ў тыя дзверы, што ўжо зачыніліся, як вярнуць страчаны рай?! Мужны, наіўны і бясконца глыбокі погляд дзіцяці, якое глядзіць на мяне скрозь залу…

— Багуміла Антонаўна, там з міністэрства! — гукае памочніца.

Адарваная ад сваіх думак, гляджу на яе, не разумеючы, пра што гаворка. Пасля адказваю:

— Дык правядзі іх на месцы!

— ?!

I тады, нібыта канчаткова прачнуўшыся, разумею: толькі мне належыць прымаць важных і патрэбных гасцей, правесці іх на самыя зручныя месцы, адкуль ім будуць найбольш бачныя мае ўдачы — альбо пралікі… Іду, праводжу гасцей на месца, прапускаючы мужчын наперад, бо сёння і тут я для іх не жанчына, а — работнік, і яны, гэтыя ветлівыя, але сёння халаднаватыя і чапурыстыя мужчыны, праходзяць першымі і важна садзяцца ў трэцім радзе, каб адразу ж паглыбіцца ў праграму, хаця ўсё, што там надрукавана, знаёмае для іх амаль гэтак, як і для мяне. А пасля шукаю маму.

Мама, у сваім чырвоным крымпленавым уборы, з закатанымі рукавамі, стаіць у пакойчыку буфетчыцы. З нершага позірку бачу, што наша буфетчыца, бой-баба, якую, кажуць, дзесяць гадоў не можа злавіць за руку ніводзін рэвізор, яўна спасавала перад мамай і ледзь пе адчытваецца перад ёю, як школьніца. Справа ў тым, што сёння пасля прэм'еры тут, унізе, павінна адбыцца нешта накшталт званага вечара, як кажуць, «а-ля фуршэт» (мама, дарэчы, так і не запомпіла гэтае слова, толькі пасмяялася, што народ будзе стаяць і глытаць ежу, маўляў, будуць усё рабіць на хаду, як цюцькі). Але яна затое выразна зразумела, колькі трэба бутэрбродаў і ўсяго, што заказана, на тую суму, якую я змагла наскрэбці са свайго сціплага бюджэту. (Дарэчы, мех з бульбай, як заўсёды, будзе мяне выручаць да палучкі.) I цяпер матуля, імгненна перамножыўшы ўсё ў галаве, выбівае з нашай буфетчыцы Лізаветы ўсё, чаго не хапае. Мама не проста ведае цану кожнай капейкі: яна літаральна адчувае яе жывую сілу, таямнічую здольнасць прыцягваць да сябе другія капейкі, мама — прыроджаны эканаміст, ды яшчэ такі, якому прыйшлося галадаць у цяжкія ваенныя гады, а ў пасляваенныя гарбом сваім збіраць на хату, карову, на нас траіх і ў дадатак яшчэ і на бацьку, які час ад часу вынырваў з загадкавых далячыняў сваіх паўночных адысей і вяртаўся дадому, падобна блуднаму сыну, — без рубля, але з абавязковым кульком цукерак для нас з сястрой і Валодзькі.

Калі я ўспамінаю бацьку, то думаю адначасна і пра іншае. Тады прыходзіць здагадка, што, напэўна, ніхто ў свеце не кідаў так ахвотна і беззваротна родныя мясціны, як беларусы, то адыходзячы на заробкі, то на пошукі цуда, адыходзячы ад бяссілля катаржнай працы і дарэмных намаганняў — і так было стагоддзямі. I гэты даўні дух вандровак і пошукаў цуда асядаў у нашай крыві яшчэ з даўніх часоў — калі слалі на Нямізе «крывавыя снапы», калі прыходзілі да нас век за векам — то крыжакі, то татары, то суседзі — бліжнія і дальнія… Што толку было ўзводзіць, калі тут жа гулі вогнішчы, ці варта было сеяць, калі кожную гадзіну маглі гэта патаптаць, знішчыць? I ўсё-такі, думаецца мне, калі б быў у маім народзе толькі гэты — журбы і адчаю настрой — даўно б рассыпаўся ён пяском і не ўзышлі на нашым полі сённяшнія ўсходы!