Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 9)
Старая адрына захавалася, але зь цягам часу яе перабудавалі ў сховішча й гараж. Заняткі толькі скончылася, і я праводзіў Ніілу дамоў. Мы на дзень памяняліся роварамі. Нііла ўзяў мой, наварочаны, зь мяккім седалам і вывернутым стырном. А я каціўся на ягоным «рэксе». «Рэкс — лёгкі як кекс!» — крычалі звычайна малыя нягоднікі-трэцякляснікі ўсьлед Ніілу. Як толькі мы прыехалі, Нііла зацягнуў мяне ў адрыну.
Па крутых, вырубленых сякераю сходах, адпаліраваных за стагодзьдзе нагамі, мы прабраліся зь Ніілам на гарышча. Тут панавала паўцемра — вечаровае сонца ледзь прабівалася скрозь малое зашклёнае акенца. Наўкола валяліся халусьце ды сапсаваная мэбля, іржавая каса, эмаляваныя вёдры, скруткі палавікоў, прапахлыя цьвільлю. Мы спыніліся каля бакавой сьцяны. Перад намі ўздымалася гіганцкая этажэрка, застаўленая кніжкамі ў рудых зацёртых пераплётах. Павучаньні, часасловы, жыціі сьвятых як па-швэдзку, так і па-фінску — кніжкі грувасьціліся адна на адной. Столькі кніжак, сабраных у адным месцы, я бачыў хіба што ў нашай школьнай бібліятэцы! У гэтым было нешта ненатуральнае, амаль агіднае. Кніг было зашмат. Хто здужае некалі іх прачытаць? І навошта яны былі тут, схаваныя ад усіх у адрыне, нібыта несьлі на сабе нейкі сорам?
Нііла расчыніў свой ранец і выняў адтуль чытанку «Пра Лі ды Лю». Мы мусілі прачытаць урывак, Нііла нядбайна прагартаў яго сваімі нязграбнымі хлапчуковымі пальцамі. Засяроджана пачаў выціскаць зь сябе гук за гукам, зь неймавернаю цяжкасьцю складаючы іх у словы. Пасьля яму надакучыла, і ён з трэскам загарнуў кніжку. І раптам — я нават ня сьцяміў, як гэта адбылося, — з усёй моцы шпурнуў яе са сходаў. Прызямліўшыся на грубыя масьніцы, кніжка разьляцелася на часткі.
Я зь недаверам паглядзеў на Ніілу. Ён усьміхнуўся, на шчоках зьявіліся пунсовыя плямы, а доўгія іклы рабілі яго падобным да ліса. І тут ён выхапіў з гіганцкай этажэркі катэхізіс, даволі малую кніжку ў мяккім пераплёце. Гэта выклік — ён шпурнуў уніз і яе. Тонкія шаўковыя аркушы зашамацелі ў паветры, як лісьце, яшчэ да падзеньня. Наўздагон ім паляцела пара зборнікаў, грувасткія рудыя камякі, якія з трэскам чмякнуліся вобзем, згубіўшы свае вокладкі.
Нііла паглядзеў на мяне з шалёным агеньчыкам уваччу. Адчуваючы, як сэрца моцна калоціцца ў грудзях, я таксама схапіўся за кніжку. Шпурнуў яе — і ўбачыў, як некалькі аркушаў выпырхнулі зь яе, не пасьпела кніжка дзеўбануцца аб іржавую барану. Вось пацеха! Мы так разышліся, што пачалі хапаць кніжкі без разбору разахвочваючы адзін аднаго: рабілі закручаныя кідкі, шалёныя футбольныя пасы, ажно гуло па кутах, і душыліся са сьмеху спустошваючы кніжныя паліцы.
Зьнячэўку зьявіўся Ісак. Шырачэзны ў плячах, як барэц, нямы й змрочны. Ніводнага слова, толькі грубыя мясістыя пальцы, якія ўзбуджана дрыжэлі, расшпільваючы рамень. Гнеўным жэстам ён паказаў мне на дзьверы. Я рынуўся ўніз, як баязьлівы пацук. А Нііла застаўся. Калі за мною прычыніліся дзьверы, я пачуў, як Ісак пачаў лупцаваць.
На імгненьне я падымаю вочы ад дзёньніка, які пачаў весьці ў Нэпале. Электравік падыходзіць да Сундбюбэргу. Ранішнія гадзіны пік, пах змакрэлага адзеньня. У мяне ў партфэлі, у скураной папцы, ляжыць дваццаць пяць правераных вучнёўскіх сшыткаў. Лютаўская золь, а праз чатыры месяцы ў Паяле кірмаш. Мімаходзь гляджу ў акно. Высока над чыгункаю ляціць чарада качак, з узрушаным гагатаньнем наварочваючы кола за колам.
Мае думкі вяртаюцца назад у Турнэдален. Разьдзел пяты.
РАЗЬДЗЕЛ 5
Кожны дзень, калі ў Вязальнай школе заканчваўся апошні ўрок, натоўп шаснаццаці-сямнаццацігадовых дзяўчат праходзіў паўз наш дом. Файныя дзеўкі! Былі шасьцідзясятыя — тоны макіяжу, накладныя вейкі, ультракароткія спадніцы ды вузкія цыратовыя боты. У нас зь Ніілам зьявілася звычка забірацца на сьнежную гурбу перад маім домам і назіраць адтуль за дзяўчатамі. Яны групкамі праходзілі паўз нас, нешта абмяркоўваючы, без капелюшоў нават у самае лютае надвор’е, каб не сапсаваць фрызуры. Дымілі як паравозы, пакідаючы за сабою моташна салодкую сумесь паху парфумы ды попельніцы — гэты пах мяне й сёньня заводзіць. Часам яны віталіся з намі. Мы дужа бянтэжыліся й рабілі выгляд, што занятыя пабудоваю сьнежнай крэпасьці. У сем гадоў у нас ужо фактычна меўся пэўны інтарэс. Назваць яго юрлівасьцю, вядома, нельга — гэта была, хутчэй, нясьцерпная пяшчота. Я з асалодаю прылашчыўся б да іх, пацалаваў. Прытуліўся б да іх, як кацянё.
Як бы там ні было, мы пачалі закідваць іх сьнежкамі. Пэўна, каб даказаць ім, што мы мужыкі. І як ні дзіўна, гэта спрацавала. Здаравенныя шаснаццацігадовыя валькірыі пужліва разьбягаліся, як статак аленяў, з румзаньнем і лямантам, абараняючыся касмэтычкамі, як шчытамі. Яны проста шалелі. А мы нават не ўтрамбоўвалі сьнежкі ды кідалі іх сьвечкаю, таму рэдка траплялі ў дзяўчат — мяккія сьнежныя камякі нясьпешна прызямляліся, як махнатыя белыя рукавіцы. Але гэтага ставала, каб зрабіць на іх уражаньне. З намі лічыліся!
Так працягвалася некалькі дзён. Адразу пасьля заняткаў мы, як звычайна, падрыхтавалі добры боезапас. З такою камандаю, як у нас, мы пачуваліся сапраўднымі вітульскімі ваяводамі, такімі бравымі вэтэранамі, што атрымалі баявое заданьне на варожым кантынэнце. У нас ажно жываты зводзіла ад нецярпеньня. Гэтыя баі набліжалі нас да тых салодкіх імгненьняў пра якія мы пакуль маглі толькі здагадвацца. З кожнаю новаю бітваю вырасталі нашыя пеўневыя грабеньчыкі.
І вось паказаліся дзяўчаты. Некалькі групак, на невялікай адлегласьці адна ад адной, па пяць-дзесяць у кожнай. Мы прытаіліся за вялікім сьнежным завалам, падпускаючы іх бліжэй. У нас усё было прадумана. Мы звычайна прапускалі першую групку, а пасьля залуплялі ім сьнегам у сьпіну, у той час як астатнія дзяўчаты рэзка тармазілі перад намі. Паніка й перапалох! І вядома, захапленьне нашым мужчынскім учынкам.
Сядзім схаваныя ды чакаем. Усё бліжэй чуем дзявочыя галасы, іх пракураны кашаль і хіхіканьне. Як па камандзе ўскокваем. У кожнага ў правай руцэ па сьнежцы. Дзяўчаты віскочуць, і мы, як два гнеўныя вікінгі, кідаемся за імі. І толькі мы зьбіраемся запусьціць ім у сьпіны свае сьнежкі, як заўважаем, што адна зь дзяўчат не пабегла. Стаіць за колькі мэтраў ад нас. Доўгія сьветлыя валасы, размаляваныя вочы. Пільна глядзіць на нас.
— Яшчэ адна сьнежка, і я заб’ю вас, — прашыпела яна. — Надаю кухталёў — хадзіць ня зможаце. Адлупцую так, што родная маці не пазнае...
Мы нерашуча апусьцілі сьнежкі. А дзяўчына яшчэ раз пагрозьліва на нас паглядзела й пайшла даганяць сябровак.
Мы зь Ніілам так і стаялі. Апусьціўшы вочы. А ў душы прыхавалася пачуцьцё нейкага гіганцкага жахлівага непаразуменьня.
Дзяцінства паяльскіх хлапчукоў не магло абысьціся без удзелу ў байцовых групоўках. Менавіта празь іх мясцовыя дзецюкі высьвятлялі паміж сабою адносіны. Уцягваліся ў групоўку малыя пяці-шасьці гадоў, а выходзілі зь яе, маючы чатырнаццаць-пятнаццаць.
Гэтыя групоўкі ўзьнікалі прыблізна так. Двое малых пабіліся. Андэрс надаваў кухталёў Нісэ, і Нісэ разроўся. Ня буду паглыбляцца ў прычыну сваркі, спрадвечную варожасьць або міжродавыя звады. Адзін хлопец усяго толькі надаваў другому, і абодва пайшлі дамоў. Вось тут і пачынаецца ланцуг.
Пабіты хлопец, то бок Нісэ, адразу ж расказвае пра бойку свайму старэйшаму на два гады брату. Той ходзіць па раёне ды глядзіць пільным вокам, а напаткаўшы Андэрса, дае яму ў адплату кухталёў. Андэрс з плачам бяжыць дамоў ужо да свайго, на чатыры гады старэйшага брата. Той ходзіць па раёне ды глядзіць пільным вокам. А напаткаўшы або Нісэ, або ягонага брата, дае ім як сьлед кухталёў ды яшчэ грозіць ім наўздагон. (Пасьпяваеце сачыць?) Пацярпелы Нісэ коратка перадае сутнасьць канфлікту свайму на пяць гадоў старэйшаму стрыечнаму брату, і той дае кухталёў самому Андэрсу, ягонаму брату ды яшчэ іхнім сябрукам-целаахоўнікам, якія суправаджаюць іх па раёне. На шэсьць гадоў старэйшыя браты абодвух сябрукоў Андэрса ходзяць па раёне ды глядзяць пільным вокам. Нісэ коратка перадае сутнасьць канфлікту сваім астатнім братам, кузэнам ды іншыя родзічам, расказвае, хто каму надаваў і ў якім парадку — тое самае адбываецца й ў лягеры Андэрса. Перабольшаньні з мэтаю прапаганды дапушчальныя. Робяцца энэргічныя спробы прыцягнуць на свой бок васямнаццацігадовых стрыечных братоў і нават бацькоў, але тыя заяўляюць, што ім гэтыя разборкі малечы да аднаго месца.
І так усё ішло. У найвялікшыя групоўкі ўцягваліся таксама аднаклясьнікі, суседзі ды ўсе магчымыя сябрукі, асабліва калі завадатаі жылі ў розных раёнах. Тады Вітулаянкя білася з Паскаянкяю, Страндвэген ішоў на Тэхас, і вайна разгаралася.
Працягвацца такія бойкі маглі ад некалькіх дзён да некалькіх месяцаў. Але звычайна яны доўжыліся пару тыдняў і разьвіваліся па вышэй апісаным сцэнары.
Сьпярша, такім чынам, ішоў этап тумакоў: раздаваліся аплявухі, малыя румзалі. Пасьля наступаў этап пагрозаў: старэйшыя хлопцы хадзілі па раёне ды глядзелі пільным вокам, а малыя затойваліся. Калі большым трапляўся хто з малечы, мала тым не здавалася. Менавіта гэты этап пужаў мяне больш за ўсё — гэты адвечны страх на шляху са школы да адноснай бясьпекі дома. Усё завяршалася этапам раззбраеньня, калі ніхто ўжо больш ня мог або не жадаў памятаць усе гэтыя мудрагелістыя расклады й адгалінаваньні, і справу аддавалі забыцьцю.