реклама
Бургер менюБургер меню

Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 7)

18

Мае парусінавыя чаравікі бязгучна рухаліся па цэмэнтавай падлозе, як мяккія кашачыя лапкі.

Стоп! Нада мною ўзвышаўся волат. Я спужана адхіснуўся ад чорнай здані ў паўзмроку. Цела здранцьвела.

Але гэта быў не вартаўнік. А толькі стары ацяпляльны кацёл. Высокая й здаравенная браняваная жалязяка. Тоўстая, як базарная цётка, з агромністымі літымі заслонкамі. Я адчыніў самую вялікую. Зазірнуў у халоднае й чорнае, як ноч, чэрава. Ціхенька крыкнуў. Голас зазьвінеў усярэдзіне, удвая мацнейшы за мой. Топка была пустою. Жалезная дзева, з успамінамі пра агонь, што мардаваў калісьці яе нутро.

Я асьцярожна прасунуў галаву ў адтуліну. Памацаў крыху рукою ўздоўж сьценак і наткнуўся на камякі іржы, а можа, гэта быў попел. У топцы пахла жалезам, вокісам і старым гарам. Я крыху павагаўся, набіраючыся мужнасьці. А пасьля вужом шмыгнуў у вузкую адтуліну.

Усярэдзіне. Я стаяў, паўпрысеўшы ў яе круглым чэраве ў позе зародка. Паспрабаваў быў выпрастацца, але цюкнуўся галавою. Моўчкі прычыніў за сабою дзьверцы ды пачаў падцягваць іх да сябе, пакуль ня зьнікла апошняя кволая палоска сонечнага сьвятла.

У самым яе чэраве. Яна выношвае мяне. Абараняе ад небясьпекі, як цяжарная, засланіўшы сваімі куленепрабівальнымі жалезнымі сьценкамі. А я сяджу ўнутры, як яе дзіця. Мне зрабілася жудасна, ажно да мурашоў. Адчуваньне бясьпекі зь дзіўным дамешкам сораму. Нібы я парушыў нейкую забарону. Некаму здрадзіў, можа, сваёй маці. Я заплюшчыў вочы ды скруціўся абаранкам, сьціснуўшы галаву каленямі. Яна была такою халоднаю, а я — такім гарачым і юным, малы цьмяны вугельчык. Прыслухаўшыся, я пачуў яе шэпт. Слабы шолах, які даносіўся ці то зь люхты, ці то з абрэзу трубы, — ласкавыя, заспакаяльныя словы любові.

Раптам пачуўся грукат. У сховішча, цяжка тупаючы нагамі, уварваўся вартаўнік. Ён быў не на жарт разьюшаны ды абяцаў вырабіць пад арэх усіх нягоднікаў. Я затаіў дыханьне, прыслухоўваючыся да ягоных крокаў: як ён усюды гойсае, рухае мэблю, штурхае й кідае халусьце, быццам палюючы на пацукоў. Ён бегаў па ўсім сховішчы й лаяўся: пэўна, хтосьці зь Вязальнай школы мяне засёк і данёс. І «каб вас», і «perkele» — швэдзкія й фінскія праклёны так і сыпаліся зь яго.

Наблізіўшыся акурат да печкі, ён спыніўся й пацягнуў носам паветра. Быццам ён узяў сьлед. Я пачуў скрыгат мэталу й зразумеў, што ён абапёрся на печку. Адзінае, што нас цяпер аддзяляла, — тры сантымэтры чыгуннае скуры.

Сэкунды ператварыліся ў бясконцасьць. Пасьля — новае скрыгатаньне й гук крокаў, што аддаляліся. Зноў грукнулі ўваходныя дзьверы. Я застаўся сядзець. Чакаў у нерухомасьці, а хвіліны ўсё ішлі. Раптам я зноў пачуў гук драўляных чаравікаў. Вартаўнік толькі зрабіў выгляд, што сышоў, каб падвабіць да сябе дзічыну выкарыстоўваючы ўсё падступства дарослага чалавека. Але цяпер ужо ён здаўся й гэтым разам сышоў насамрэч — я чуў, як ягоныя ногі ўсё цішэй шоргалі па друзе, аддаляючыся ад сховішча.

Урэшце я наважыўся зьмяніць паставу цела. Суставы ламала, і я пхнуў засланку. Яна не паддалася. Я пхнуў мацней. Але засланку было не зварушыць. Мяне прабіў ледзяны пот. Страх перарос у паніку: вартаўнік, напэўна, незнарок апусьціў клямку. Мяне замуравалі.

Калі першае здранцьвеньне прайшло, я пачаў крычаць. Рэха ўзмацняла мой голас, я заткнуў пальцамі вушы й выў — яшчэ й яшчэ.

Але ніхто не прыходзіў.

Ахрыплы й зьняможаны, я зусім зьмяк. Я тут загіну? Памру ад смагі, ссохнуся ў сваім саркафагу?

Першыя дні былі проста жахлівыя. Цягліцы балелі, лыткі зводзіла сутаргаю. Сьпіна здранцьвела, бо я быў вымушаны сядзець круком. Я амаль звар’яцеў ад смагі. Выпарэньні майго цела кандэнсаваліся на закуродымленых сьценках, я чуў, як зь іх капае вада, і спрабаваў яе зьлізваць. У вады быў мэталёвы прысмак, і піць хацелася яшчэ больш.

На другі дзень мяне ахапіла стома. На доўгія гадзіны я правальваўся ў паўдрымоту. Пустэча сталася для мяне вызваленьнем. Зьнікала пачуцьцё рэальнасьці, я сьлізгаў у часавай прасторы ў салодкім забыцьці, разумеючы, што паміраю.

Калі я наступным разам прачнуўся, то ўбачыў, што мінуў ужо пэўны час. Зеленаватае дзённае сьвятло, якое працэджвалася скрозь вэнтыляцыйныя адтуліны, пацьмянела. Дні рабіліся карацейшымі. Ноччу было ўжо значна халадней, і неўзабаве зьявілася намаразь. Каб сагрэцца, я скакаў жабкаю, робячы адрывістыя кароткія рухі.

Зіму я амаль ня помню. Я скруціўся ў абаранак і збольшага спаў. Тыднямі я ляжаў у сьпячцы. Калі ўрэшце прыйшло веснавое цяпло, я адчуў, што падрос. Вопратка сьціскала мяне, падавалася малою. Добра павазіўшыся, я вызваліўся ад адзеньня і ўжо голым працягваў сваё чаканьне.

Паступова маё цела ўсё больш запаўняла гэтую абмежаваную прастору. Мінула, пэўна, некалькі гадоў. Ад маіх выпарэньняў сьценкі катла заржавелі, а мае ўжо даўгія валасы пакрыліся лускаю. Я ўжо больш ня мог скакаць, а толькі, як качка, хістаўся з боку ў бок. Калі б засланку й адкрылі, то я ўжо ня змог бы пралезьці праз гэты вузкі праход.

Зь цягам часу жыцьцё зрабілася амаль невыносным. Я ня мог ужо рухацца нават па баках. Мая галава была заціснутая паміж каленямі. Плячам не было куды расьці.

Некалькі тыдняў я думаў, што мне ўжо капут.

Урэшце надышоў усяму канец. Я канчаткова запоўніў сабою прастору. У топцы не ставала ўжо месца нават каб дыхаць, і я сутаргава хапаў паветра ротам. Але я ўсё рос ды рос.

Гэта здарылася ноччу. Ледзь чутнае храбусьценьне. Нібыта трэснула кішэннае люстэрка. Кароткая паўза, а пасьля — працяглы трэск са сьпіны. Калі я націснуў назад, сьценка паддалася. Прагнулася й распалася на безьліч дробных аскепкаў, і я патрапіў у сьвет.

Зусім голы, толькі што народжаны, я поўзаў сярод сьмецьця. Падняўся на непаслухмяных нагах і абапёрся аб паліцу. Са зьдзіўленьнем заўважыў, што сьвет неяк падрабнеў. Не, гэта я быў удвая вышэйшы! На пахвіне зьявіліся валасы. Я зрабіўся дарослым.

Звонку стаяла лютая зімовая ноч. Ня бачна ні душы. Я басанож пацерушыў подбегам на сьнезе цераз паселішча, усё яшчэ голы. На скрыжаваньні паміж гаспадарчаю крамаю ды кіёскам ляжалі чацьвёра падлеткаў — на сярэдзіне шашы. Здавалася, яны спалі. Я схіліўся бліжэй, каб разгледзець іх у вулічным сьвятле.

Адным з маладзёнаў быў я.

Было крыху ніякавата класьціся побач з самім сабою на абледзянелую шашу. Лёд апаліў мне шчаку, пачаў таяць і расьцякацца.

Я чакаў. Зараз яны ўжо прачнуцца.

РАЗЬДЗЕЛ 4

— пра тое, як вясковыя хлопцы пайшлі ў Старую школу, даведаліся пра паўднёвую Швэцыю, а таксама пра тое, як хатняе заданьне можа перавярнуць дагары нагамі ўвесь дом

Хмарнаю жнівеньскаю раніцаю прагучаў школьны званок, і я пайшоў у школу. У першую клясу. З урачыстым настроем увайшоў, маршыруючы, з матуляю ў высокі жоўты драўляны будынак, дзе разьмяшчаліся пачатковыя клясы, у старую школу, якой далі такое вычварнае імя — Старая школа. Нас накіравалі ўверх па рыплівай лесьвіцы ў клясу на верхнім паверсе, мы сьлізгалі па шырокіх зжаўцелых масьніцах, пакрытых тоўстым пластом бліскучага лякеру, і нас пасадзілі паасобку за старажытныя парты з адкіднымі вечкамі, пэналамі й выемкаю для чарніліцы. Паўсюль на партах можна было ўбачыць сьляды нажавых раненьняў, пакінутых шматлікімі пакаленьнямі вучняў. Матулі, адна за адною, сышлі, а мы засталіся. Дваццаць малых з хісткімі малочнымі зубамі ды пальцамі ў бародаўках. Хтосьці зь цяжкасьцю размаўляў, іншыя насілі акуляры, у шмат каго роднаю моваю была фінская, некаторыя гадаваліся пад кухталямі, амаль усе былі зацюканыя, паходзілі з працоўных сем’яў і ўжо з самага пачатку ведалі, што ім тут ня месца.

Нашай настаўніцы было за шэсьцьдзесят, яна насіла акуляры ў круглай стальной аправе, валасы сьцягвала на патыліцы ў пучок, зь якога вытыркаліся шпількі, а нос мела доўгі ды кручкаваты, што надавала ёй падабенства з савою. Нязьменнаю была ваўняная спадніца й блуза, да якой часам далучалася паўрасшпіленая кофта, а на нагах заўсёды былі мяккія чорныя боты, якія больш нагадвалі тапкі. Мякка, але рашуча яна ўзялася за выкананьне сваіх абавязкаў — сфармаваць з гэтых неачэсаных цурбаноў годных грамадзянаў швэдзкае дзяржавы.

Сьпярша мы ўсе мусілі выходзіць да дошкі ды пісаць свае імёны. Хтосьці мог, а хтосьці не. Зыходзячы з вынікаў гэтага навуковага тэсту настаўніца падзяліла нашую клясу на дзьве групы: першую й другую. У першую групу трапілі ўсе, хто справіўся з заданьнем: большасьць дзяўчатак клясы плюс пара хлопчыкаў зь сем’яў службоўцаў. А ў другую групу патрапілі ўсе астатнія, у тым ліку й я зь Ніілам. І хоць нам было толькі сем гадоў, да нас ужо прычапілі дакладны ярлык.

Наперадзе, пад самаю стольлю, віселі Літары. Жудаснае полчышча гаплікоў і палачак — ад адной сьцяны да другой. Гэта зь імі нам трэба будзе змагацца, іх мы будзем, адну за адною, класьці на лапаткі ў сваіх сшытках і прымушаць іх падаваць голас. Нам таксама выдалі асадкі, крэйды ў папяровай абгортцы, чытанку «Пра Лі ды Лю» ды цьвёрдую кардонную скрынку з пліткамі акварэлі, падобнымі да рознакаляровых ляндрынак. І адразу ж да працы. Лавы трэба было абгарнуць папераю, кніжкі таксама, і мы апантана зашоргалі рулёнамі цыраты, якую прынесьлі з дому, і заўзята заляскалі тупымі школьнымі нажніцамі. Напрыканцы мы прыляпілі расклад заняткаў пад вечкам парты. Значэньне ўсіх гэтых клетак было для нас таямніцаю, але расклад мусіў існаваць, бо ён быў часткаю Вялікага Парадку — і канцом дзяцінства. Для нас пачаўся шасьцідзённы тыдзень са школаю з панядзелка да суботы, а для сёмага дня існавала нядзельная школа, для тых, каму было мала.