Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 33)
Выпіўшы, Ісак крыху ажываў. Ягоныя шчокі ружавелі, перасохлыя сасуды напаўняліся жывільнаю вільгацьцю, і па ім ізноў беглі плыні. Тады ён мог сьмяяцца, атрымліваць асалоду ад першай чаркі, прагнуць жанчын, харчу й грошай. Адначасова ў ім абуджалася зайздрасьць. Найперш да сыноў, якія штогод рабіліся ўсё мацнейшымі. Больш за ўсё даставалася Югану старэйшаму сыну, які бліжэй за астатніх стаяў да пачатку дарослага жыцьця. Ісак зайздросьціў таму, што ў ягонага сына неўзабаве будуць свае дзяўчаты, маладыя ласкавыя каханкі, што гарэлка ня шкодзіць ягонаму маладому арганізму, што Юган пачне хутка сам зарабляць грошы, на якія будзе жыць і ўпівацца ўсімі зямнымі радасьцямі, у той час як яго, Ісака, будуць жэрці магільныя чэрві. Юган часта зьяўляўся Ісаку ў сьне: падыходзіў да бацькі, разьдзіраў яму рот і пачынаў ціснуць на ягоныя гнілыя зубы, пакуль тыя зусім не разбоўтваліся. Так хлопец праходзіў адзін за адным усе зубы, пакуль не заставалася адна голая дзясна, плоская й крывавая, як зьнявечаная далонь Хрыста.
Полавая сталасьць мацнейшая за сьмерць. Як парастак, які прабіваецца скрозь асфальт, як грудзі, на якіх лопаецца кашуля, як дрыгаценьне крыві, якая перамагла алькаголь. У глыбіні душы Ісак жадаў сьмерці сваім сынам. Але на гэтым жаданьні ляжала табу, і ён замяніў яго лупцаваньнем, бязьлітасным лупцаваньнем, доўгім расьцягнутым катаваньнем. Але сыны, на ягоны жаль, усё расьлі.
Аднойчы раньняю вясною, калі Югану было ўжо шаснаццаць і Ніілу трынаццаць гадоў, бацька загадаў ім ехаць у лес. Пакуль шарон быў яшчэ цьвёрды. Трэба было перацягнуць да дарогі некалькі зьвязак дроваў, якія Ісак загадзя адабраў для топкі ды якія абышліся яму досыць танна. Ісак пазычыў у суседа сьнегаход, на якім імчаў цяпер па бездарожжы, аб'яжджаючы карчы й купіны, а ззаду на санях скакалі сыны, паціраючы далонямі абветраныя шчокі. Было бачна, як яны перагаворваюцца, касавурачыся часам на бацькаву сьпіну, але словаў чуваць не было, бо яны патаналі ў шуме рухавіка.
Дзень выдаўся сонечны. Сьвятло тонкімі прамянямі прасочвалася скрозь сасновыя кроны, паблісквала й пералівалася ў крышталях сьнегу. Бароды лішайнікаў і шмацьцё кары, сарваныя веснавым ветрам, пакрысе ўплаўляліся ў сьнежны шарон. За ноч мароз умацаваў паверхню сьнегу, і цяпер яго можна было рэзаць пальцам і падымаць вялікімі пластамі. А пад імі ляжаў сьняжок, лёгкі, як пудра, і такі рыхлы, што можна было праваліцца ў яго па пояс.
Ісак паддаў нагою засьнежаную зьвязку дроваў, адшукаў рыдлёўку ды загадаў Югану разграбаць сьнег. Ды дадаў, каб пасьпяшаўся, бо інакш да адлігі ня ўправіцца, калі сыны будуць марудзіць — тады ім мала не пакажацца, ён абяцае!
Юган спакойна прыняў рыдлёўку й прымасьціў яе каля дроваў. Пасьля сьцягнуў зь сябе рукавіцы ды жалезным кулаком рашуча стукнуў бацьку ў правае брыво. Ісак пахіснуўся ды зваліўся ніц. Ягоны крык рэхам адгукнуўся ў маўклівым лесе. Юган працягваў наносіць удары — па носе, у сківіцу, па скулах. Нііла, як дамаўляліся, схапіў бацьку за ногі ды пачаў біць яго пад дых. Без усялякіх дубінаў, голымі рукамі з вострымі касьцяшкамі, моцныя хлапчуковыя кулакі дубасілі й дубасілі. Ісак зьвіваўся й роў як кракадзіл. Ягонае цела, праламаўшы тонкі шарон, правалілася ў сьнежную пудру. Ісак дзіка сукаў рукамі, рот быў забіты сьнегам. Пацякла кроў, цягучая й чырвоная, вочы заплылі. А сыны ўсё не спыняліся. Ісак адбіваўся, абараняўся — цяпер ён змагаўся ўжо за сваё жыцьцё. Ён схапіў Ніілу за горла ды націснуў. Юган заламаў бацьку мезенцы, Ісак ускрыкнуў і расьціснуў пальцы. Ён ужо цалкам пагрузіўся ў сьнег і боўтаўся цяпер на дне, як тапелец, у белай пене. Новыя ўдары — яшчэ мацней і мацней, кавалак жалеза пад кавальскім молатам, распаленая дабяла жалязяка, якая з кожным новым ударам усё цьмянее, робіцца цямнейшаю, шэраю ды стылаю.
Урэшце стары бацька перастаў супраціўляцца. Цяжка дыхаючы, хлопцы падняліся й падышлі да краю сьнежнага правалу. Стары застаўся ляжаць на дне свайго сьнежнага берлагу, над ім стаялі сыны — два сылюэты на фоне неба. Схіліўшыся над ямаю, яны глядзелі ўніз і ціха перашэптваліся, як два сьвятары над магілаю. Сьняжынкі раставалі ды зноў замярзалі на зьмярцьвелым твары старога.
— Здаесься? — крыкнуў яму Юган высокім ломкім голасам.
— Ідзіце ў дупу! — прахрыпеў Ісак і харкнуў крывёю.
Тады сыны саскочылі ў яму. І ўсё пачалося нанова. Яны білі свайго старога бацьку так, што па тварах струменіўся пот, расквасілі ягоную прапітую пысу, выбілі астатнюю жыцьцёвую сілу з гэтага карыта, зламалі яго раз і назаўжды.
— Здаесься?
Тут бацька зарыдаў. Ён падвываў і ўсхліпваў на дне сваёй магілы, не асьмельваючыся больш зварухнуцца. Тады сыны выбраліся зь ямы, склалі вогнішча ды натапілі сьнегу ў абкуродымленым кацялку, каб зварыць кавы.
Калі яна закіпела ды выпаў асадак, а на суседніх дрэвах пачалі зьбірацца цікаўныя ронжы, прывабленыя кававым пахам, тады сыны выцягнулі старога бацьку зь ямы ды паклалі яго на аленевую скуру. Усунулі ў акрываўлены рот кавалак цукру ды паднесьлі да вуснаў турку. І пакуль Ісак, жаласна прысёрбваючы, піў каву, Юган прыглушаным голасам казаў яму, што, калі стары яшчэ хоць раз падыме руку на каго з хатніх, яны яго абавязкова заб'юць.
Усе наступныя дні яны чакалі помсты. Замыкалі дзьверы, каб бацька неўспадзеўкі не ўвайшоў у іхні пакой, пакуль яны спалі, яны схавалі затвор ад стрэльбы ды стараліся не пакідаць на вачах нажы. Першыя дні, пакуль бацька не ўставаў з ложка, маці даглядала яго, паіла ражанкаю ды чарнічным кісялём, мяняла плястыры. Яна кідала на сыноў нямыя погляды, але ніколі не пыталася ўголас, бачыла, што тыя пазьбягаюць заходзіць у пакой. Маўчаў і сам Ісак. Утаропіўшыся ў пабеленую столь, ён разглядаў расколіны — сумятню тонкіх чорных ліній, якія перапляталіся, раздвойваліся, а пасьля зьнікалі. Яны разьбягаліся сьцяжынамі ў далёкія нязьведаныя мясьціны. У сваіх пакутах Ісак гадзінамі вандраваў па гэтых сьцежках. Праходзіў хаты, падворкі, знаёміўся з насельніцтвам, запамінаў назвы вёсак. Ішоў за ручаямі, выпрабоўваў рыбацкую ўдачу, прабіраўся лясамі, багатымі на ягады й дзічыну, падымаўся на невысокія горы ды захапляўся пэйзажам. Урэшце Ісак выбраў месца, дзе хацеў бы дажываць свой век, і зрубіў хату з сасновага бярвеньня. І вырашыў жыць там пустэльнікам. У яго былі мяса, рыба й дровы, каб растапіць печ. Зіма была доўгаю, але ён да гэтага прывык, затое лета было асьляпляльна сьветлым. Толькі дзьве рэчы адрозьнівалі ягонае новае жыцьцё ад старога. Па-першае, тут не было камарэчы. Нават на неабсяжных балотах, дзе пад цяжарам ягадаў гнуліся да зямлі залатыя кулачкі марошкі, не сустрэнеш ні камара, ні гнюсу, ні авадня, ні гіза — чароўны лясны край, бяз джалаў і ўкусаў.
А па-другое, там не было грахоў.
Гэтае адкрыцьцё патрэсла Ісака да глыбіні душы. Ён урэшце патрапіў на неба. Як ні шукаў, а зла там не знаходзіў. Прырода давала жыцьцё й забірала яго, зьядала ды сама рабілася ежаю пад бясконцым ціскам голаду й сьмерці. Але гэта было змаганьне безь віны, яно ня несла шкоды. Прырода дыхала вакол Ісака, была ў ім, працякала скрозь яго. Ня трэба больш адчайвацца. Змагацца за жыцьцё, намагаючыся ўсплыць на паверхню. Проста адкрый свае чакры ды жывіся зялёным жыватворным паветрам.
Вось так, неўспадзеўкі, Ісак другі раз у сваім жыцьці сустрэўся з Богам.
З часам Ісак акрыяў і зноў зрабіўся злым — інакш і быць не магло. Але ён больш не заікаўся пра самагубства. І больш не асьмельваўся біць дзяцей, бо ведаў, што сыны выканаюць сваю пагрозу. Замест гэтага зусім нечакана для сабе Ісак убачыў пэўны сэнс у тым, каб быць старым.
Пазьней, калі сыны вырасьлі ды пакінулі бацькоўскі дом, Ісак паспрабаваў быў узяцца за старое ды зьбіць жонку, але ўбачыў, што тая ўжо не была ранейшаю, бо не задумваючыся адказала яму тым самым.
Замест гэтага Ісак суцяшаўся тым, што пачаў ганяць сьмецяра, спрачацца з інспэктарамі на тэхаглядзе, разьмяжоўвацца з суседзямі й дасылаць у розныя інстанцыі скаргі ды патрабаваньні кампэнсаваць страты. Але зь яго атрымаўся ня дужа здольны змагар за справядлівасьць, і нават ягоныя блізкія не асабліва цікавіліся ходам справаў.
Апоўзень закрануў усю сям’ю. Рэльеф мясцовасьці памяняўся й набыў новыя абрысы. Ніілава маці, якая ўсё жыцьцё прысьвяціла вывучэньню абходных манэўраў, неспадзявана атрымала свабоду дзеяньня. Ня ведаючы, чым сябе заняць, яна сышла ў дэпрэсію. Без гаспадара яна пакутавала ад самоты. Дзеці спраўляліся цяпер самі, і ёй ужо ня трэба было быць ані пасярэднікам, ані грушаю для біцьця. Вайна скончылася, і яна ня ведала, як ён жыць далей.
Цяпер, калі ў яе ўрэшце зьявіўся час, каб заняцца сабою, пачалі вылазіць розныя болькі. Нечакана ў доме загучаў яе нерашучы голас, рыпучы й манатонны, як старое рассохлае кола. Толькі яна разявала рот, як зь яго з пранізьлівым сьвістам выляталі нудныя шматкі пылу, яны клаліся кучамі пад ногі, пакуль урэшце не завальвалі цябе па пояс, і ты ўжо ня мог хадзіць. З малодшымі дзецьмі, дочкамі ды меншым сынам, суладзіць было ўжо ня так проста. Яны ўрэшце наважыліся расьці ды ўсё больш аддаляліся ад гэтага затхлага месца. Маці ахінала дзяцей сваім дыханьнем, накрываючы іх з галавою шэраю заслонаю, але дзеці разрывалі яе ды цягнуліся тварам да сонца. Маці зьмяніла тактыку ды пачала вінаваціць дзяцей ва ўсіх сваіх хваробах і пакутах. Яна ўсё нудзела й нудзела, дзень за днём, пакуль дзеці не засталіся аднойчы безабароннымі. Павуцінка за павуцінкаю абляпіла яна іх сеткаю, і яны ўжо амаль не маглі варушыцца. Яны рвалі павуціньне, кусалі яго сваімі малочнымі зубамі. Але вызваліцца не маглі.