Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 35)
Хлопцы толькі раты разявілі. Яны не міргаючы глядзелі на Ніілаву стрэльбу. На кававы струмень, які з шыпеньнем выцякаў на гарачыя вуглі. Пасьля адзін з хлопцаў выклікаўся быў расправіцца зь Ніілам, але рэзка перадумаў, бо Нііла пасьпеў ужо заладаваць вінтоўку ды пачаў пампаваць паветра.
— Заўтра прынясу вам новы кацялок, — спакойна сказаў Нііла.
Генэрал сплюнуў у агонь. Урэшце кіўнуў галавою. Нас прынялі ў каманду.
Пасьля мы заселі ў прыбярэжных кустах, усёю бандаю — нямыя й нерухомыя, трымаючы ўвесь час раку пад прыцэлам. Ворагі прыйшлі на дзьвюх лодках, доўгіх і зграбных турнэдаленскіх маторках. Шэсьць хлопцаў у адной, сем — у другой. Усе ўзброеныя ды ўсе, акрамя двух рулявых, цэліліся ва ўзьлесак. Пра засаду яны ня ведалі, але на ўсялякі выпадак былі напагатове. Падбіраліся ўсё бліжэй і бліжэй. Вось збавілі ход, абышлі камяні.
Было толькі адно правіла — не страляць у твар. А вось па азадку або ў сьцягно — колькі заўгодна! Пасьля доўга будзе сьвярбець, ды яшчэ й здаравенныя сінякі застануцца. Мы паглядвалі на Генэрала. Той па-ранейшаму ляжаў нібы мёртвы. А ворагі між тым былі ўжо так блізка, што мы маглі прачытаць рэклямны тэкст на іхніх кепках. Падвесныя маторы заглушылі, лодкі сьлізганулі па вадзе, тыцнуліся ў бераг і спыніліся. Хлопец на карме падняўся, каб ступіць на зямлю.
Генэрал стрэліў. Акурат хлопцу ў сьцягно. Тады мы ўсе грымнулі залпам. З зарасьніку вылецеў сьвінцовы рой восаў і пачаў джаліць ворага. Небаракі галасілі ад жаху й болю. Ну, і далі ж мы ім жару! Яны адстрэльваліся. Амаль ня гледзячы, а пасьля запусьцілі ўрэшце свае маторкі. Залп за залпам. Пякучыя зьмяіныя ўкусы па ўсім целе. Праціўнікі распласталіся на дне, каб схавацца за пляншырам. Лодкі павольна адчальвалі, сыходзячы прэч. А нас разабраў дзікі рогат, і мы, трымаючыся за бакі, пачалі катацца ў моху.
Яны сышлі на бераг за дзьвесьце мэтраў вышэй па рацэ. Некаторыя кульгалі. Мы зарагаталі яшчэ гучней, а пасьля павярнулі ў лес, каб падрыхтавацца да новых атак.
У нас мелася пэўная стратэгія, прынамсі спачатку. А пасьля мы ўжо проста стралялі ды бегалі, а ў спакойныя часіны хаваліся ў багуне. Я стараўся трымацца бліжэй да Ніілы. Ад ягонай агнявой моцы мне рабілася крышачку спакайней. Страляў ён, аднак, горш за падсьлепаватага дзеда і амаль ніколі не цаляў, што, зь іншага боку, было да лепшага. Вось мы ляжалі ды спрабавалі аддыхацца пасьля чарговага марш-кідка, прыкрываючы рот рукою, каб прыглушыць гук. Цікава, дзе нашыя сябры? Углядаесься ў лясны змрок — адтуль чуваць нейкая мітусьня й стрэлы. У другім баку чуліся крыкі, перабежкі.
— Давай туды, — прашаптаў я.
Але Нііла штурхануў мяне ў бок. За некалькі крокаў ад нас стаялі чатыры ворагі, трымаючы нас на мушцы. Яны ўхмыляліся, мы павольна падняліся зь зямлі. Я апусьціў сваю стрэльбу на мох. Нііла ж сваёй ня кінуў.
— Кінь пушку ня тое я табе яйкі адстрэлю! — загадаў самы рослы з хлопцаў.
Нііла спалатнеў ад жаху. Ніжняя сківіца пачала дрыжэць. Я па адным расьціснуў ягоныя пальцы, якія сутаргава ўчапіліся ў прыклад. Тут я пачуў ягоны шэпт:
— Толькі стрэліш і...
— Кладзі вінтоўку на зямлю! — зароў цыбаты зрывістым голасам, нагледзеўшыся амэрыканскіх фільмаў пра копаў.
Я рабалепна кіўнуў. Павольна схіліўся зь Ніілаваю стрэльбаю. І тут нечакана для ўсіх я стрэліў гэтаму хрыпатаму акурат у пахвіну.
Ён узвыў як зьвер. Рухнуў на зямлю. Стрэлы грымелі нам наўздагон, а мы пятлялі як зайцы. Я адчуў пякучы боль у ягадзіцы. Нііла, пасьпеўшы яшчэ схапіць маю стрэльбу ускрыкнуў і схапіўся за плячо. Затое мы на свабодзе, мы выдалі трыюмфальны кліч ды несьліся напралом праз зарасьнікі, не заўважаючы, як гальлё хвошча нас па твары.
Пасьля гэтага выпадку наш аўтарытэт толькі вырас. Хрыпатаму выцягвалі кулю кончыкам фінкі. А за нашыя зь Ніілам галовы прызначылі ўзнагароду — два пачкі цыгарэтаў таму, хто зможа нас злавіць.
Браць палонных было, дарэчы, адною з галоўных забаваў на вайне, хоць, напэўна, і найскладанейшаю. Аднойчы нам зь Ніілам пашэнціла ўзяць аднаго са страндвэгенскіх, калі ён толькі прымасьціўся пад елкаю ды пачаў тужыцца. Чуткі пра Ніілаву помпавую стрэльбу разышліся ўжо па ўсім навакольлі, і Нііла дужа пераканаўча запэўніў хлопца, што калі той не здасца, то яму адстрэляць дупу. Дрыготкі й зьбялелы, небарака нацягнуў на сябе нагавіцы, нават не падцёршыся. Пасьля мы адвялі яго ў наш лягер. Вось было радасьці! Хлопцу закруцілі рукі назад і ягонымі ж уласнымі матузкамі прывязалі да сасны, а пасьля перайшлі да абавязковых катаваньняў. Па завядзёнцы Генэрал круціў складным ножыкам перад носам ахвяры, усяляк пагражаючы ды запалохваючы. І тым, што ягонага сябручка падкароціць, і што ў мурашнік голым задам пасадзіць, — пужаў, адным словам, рознаю лухтою, пра якую чытаў у коміксах. Захныкае палонны — справу, лічы, зрабіў. Далей за гэта звычайна не заходзілі. Бо баяліся, што ім пасьля адпомсьцяць, ды яшчэ больш жорстка, калі яны самі патрапяць у палон.
Аднойчы мы паланілі ваяводу варожага войска. Мы скруцілі яму рукі вяроўкаю, а другі яе канец перакінулі цераз тоўсты сук высока на дрэве. Пасьля нацягнулі вяроўку так, што ён мусіў стаяць на дыбачках, ды так і пакінулі, запіхаўшы яму ў рот уласныя ж прапахлыя потам шкарпэткі. Мы ж думалі, што ён зможа сам неўзабаве вызваліцца. А ён ня змог. Увечары ягоная маці затурбавалася, дзе падзеўся сынок. Зрабіўшы некалькі тэлефанаваньняў, ягоныя сябрукі сьцямілі, што здарылася. Між тым пачало ўжо вечарэць. Зьвязаліся з нашым атрадам, і мы патлумачылі, як знайсьці тое месца, і неўзабаве некалькі хлопцаў выправіліся на пошукі з кішэннымі ліхтарыкамі.
Адшукаць месца было далёка ня проста. Быў змрочны восеньскі вечар — цёмна, хоць вока выкалі. Да таго ж хлопец ня мог крычаць са шкарпэткамі ў роце. Усе дрэвы падаваліся аднолькавымі, сьцежкі зьбягалі з-пад ног, абрысы пэйзажу расплываліся. Вецер узмацніўся, і шолах ды шамаценьне заглушалі ўсе астатнія гукі. А пасьля яшчэ пайшоў дождж.
Верхавода адшукалі гадзіны недзе празь дзьве. Ён абмачыў да таго часу ўсе нагавіцы. Калі вяроўку абрэзалі, хлопец абваліўся, як куль мукі. Калі ў яго з рота выцягнулі кляп, першае, што ён вымавіў была клятва прыкончыць гэных вырадкаў.
На некалькі дзён абвесьцілі часовае перамір’е, каб супакоіліся жарсьці. Потым я сам патрапіў у пастку. Мяне, як антылёпу, аддзялілі ад статку ды пачалі паліць у сьпіну, пакуль я ня кінуў стрэльбы ды не закрычаў, што здаюся. Чорт, як балюча! Усе ногі пакрыюцца барвовымі сінякамі. Але я ўсё ж стрымліваў сьлёзы, а хлопцы пачалі абмяркоўваць, хто атрымае пачак цыгарэтаў. Іхні важак прыціснуў мяне нагою да зямлі ды сказаў, што цяпер я адведаю таго ж, праз што ён сам нядаўна прайшоў. Ухмыляючыся, ён перакінуў вяроўку цераз моцную сасновую галіну. Пасьля сьцягнуў зь мяне шкарпэтку ды памачыўся на яе, пакуль тая наскрозь не прамокла. У мяне перасохла ў горле, ад жаху ўсё закруцілася перад вачыма. Я падрыхтаваўся да катаваньняў. Што б яны яшчэ ні прыдумалі, не зараву! Я вытрымаю, буду трывалым, што б яны ні рабілі! Паспрабуй толькі збаяцца, халера!
У гэты момант воддаль пачуўся нейкі шум. Адзін з вартавых закрычаў, што пачалася атака. Важак на імгненьне завагаўся, гукі бою чуліся між тым усё бліжэй.
— Бяжы! — крыкнуў ён і наставіў на мяне стрэльбу. Ягоныя паплечнікі зрабілі тое самае. Задыхаючыся ад болю, я ірвануў зь месца. Панёсься, кідаючыся з боку ў бок. Кулі барабанілі па маім целе ды пяклі агнём.
— Мазілы, мазілы! — крыкнуў я, ледзь стрымліваючы плач, і спалохана азірнуўся.
У гэты момант стрэліў верхавод. Я ўпаў. Рухнуў ніцма, зваліўшыся на сьпіну ў мох. Паспрабаваўшы расплюшчыць вочы, я зразумеў, што асьлеп.
— Не страляйце! — крыкнуў хтосьці.
Наступ спыніўся. Пачуліся крокі. Чэрап гудзеў як барабан. Боль, цемра. Я абмацаў твар. Гарачы й мокры.
— Чорт! — вылаяўся нехта. — Прынясіце вады!
Вакол мяне сабраўся натоўп — я чуў, як хлопцы гучна дыхаюць, добра прабегшыся па лесе.
— Я асьлеп, — сказаў я, адчуваючы, як ваніты падыходзяць да горла.
— У вока патрапіла, чорт! Крыві — проста мора!
Мне працягнулі мокрую анучу каб я выцер кроў. Я сеў — і кроў пацякла яшчэ шпарчэй. Яшчэ прамачыў анучаю. Асьцярожна пакратаў рукою.
Ахоплены панікаю, я заміргаў, але ўсё было як у тумане. Пацёр мацней. Зрок ужо крыху вяртаўся. Тады я выціснуў анучу і вада заструменілася па твары, прамываючы яго ад крыві. Заміргаў. Заплюшчыў адно вока. Пасьля другое. Якое шчасьце, я магу бачыць! Тут я адчуў, як на пераносьсі расьце гуз.
Куля патрапіла мне акурат паміж вачэй. А асьлеп я ад крыві.
Баі спынілі на канца дня. Нііла сумеў выкалупаць кулю распаленаю шпількаю, а дома я сказаў, што мне ў твар патрапіў камень з-пад грузавіка. Рана неўзабаве зацягнулася, а шнар застаўся.
Пасьля гэтага выпадку я завязаў з паветранымі войнамі.
РАЗЬДЗЕЛ 18
Наш першы публічны выступ адбыўся на ранішнім зборы ў актавай залі паяльскай школы. Стаяў ёдкі лютаўскі дзень. Ранішнія зборы мелі самую ўзьнёслую мэту: сагнаць разам усіх старшаклясьнікаў, каб цягам дваццаці хвілінаў надаць ім маральнасьці, павысіць духоўнасьць і ўмацаваць школьны калектыў. Напэўна, гэтая ідэя дабралася да нас з поўдня Швэцыі, зь якой-небудзь канфэрэнцыі дырэктараў, але зь цягам часу яна пачала больш нагадваць