реклама
Бургер менюБургер меню

Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 34)

18

Юган, які быў цяпер за гаспадара дому, ніяк ня мог зразумець, што адбывалася. Ісак не жадаў займацца выхаваньнем гэтых ашалелых дзяцей і казаў, што такое адбываецца з кожным чалавекам, чые спадчынныя заганы не знайшлі ўтаймаваньня. Увесь дом нібы пакрыўся плесьняю ды расколінамі. Праз шчыліны ў падлозе з дому выцякала ўсё вясельле й радасьць, якія пасьля пакрысе скісалі. Як ні дзіўна, усім не ставала біцьця. Біцьця, а за ім прабачэньня.

Урэшце Юган прыйшоў да маці ды сказаў:

— Шукай сабе працу!

Маці адразу спалатнела ды запытала сына, чаму ён жадае ейнае сьмерці — яна ж такая разьбітая ды хваравітая.

— Шукай сабе працу! — паўтарыў Юган.

Яна адмовілася, сказаўшы, што ён выстаўляе яе на сьмех: каму патрэбная неадукаваная баба?

— Будзеш прыбіральніцаю, — адказаў сын, — нянькаю, сядзелкаю.

Не адказаўшы, маці павалілася на канапу ды пачала задыхацца й хрыпець у астматычным прыпадку. Малыя на падлозе перасталі гуляцца, Ісак прыціх у гушкалцы. Маці курчылася й задыхалася. Нііла пабег быў да тэлефона, каб выклікаць «хуткую дапамогу», але Юган спыніў яго. Моўчкі прынёс зь лядоўні пакунак малака. Падышоў да маці ды выліў малако ёй на галаву. Яно палілося па твары, пабегла па грудзях, спадніцы, па яе мясістых нагах. Тлустае ды густое. Толькі ледзяное.

Маці, забыўшыся на свой нядаўні прыступ, задрыгалася, як немаўля, і рэзка ўскочыла на ногі. І першы раз у жыцьці заляпіла Югану звонкую, размашыстую аплявуху.

— Шукай сабе працу! — трэці раз паўтарыў Юган.

Маці адчула, як у далоні запульсаваў гнеў, яна ўсё яшчэ адчувала рух таго ўдару — ад рукі праз плячо да цягліцаў сьпіны. Яна ў зьдзіўленьні пачала паводзіць целам і, чырванеючы, азірнулася вакол сябе. Боль некуды зьнік.

РАЗЬДЗЕЛ 17

—у якім распальваюць сьвяточныя вогнішчы, здабываюць зброю ды прызначаюць узнагароду за галовы двух лясных стралкоў

З узростам я пачаў лепш разумець, чым жыве Паяла. Я ўбачыў, што паселішча падзяляецца на некалькі раёнаў, кожны зь якіх меў сваё неафіцыйнае імя кшталту Наўрысаха, Страндвэген або Цэнтар. Новы раён атрымаў трапнае імя Тэхас, забудову вакол старога калектару за характэрны пах ахрысьцілі Паскаянкяю, Гаўністаю дрыгвою, а квартал, дзе я жыў, называлі, як я ўжо казаў, Вітулаянкя, то бок Похвіна багна.

У кожным раёне былі свае дваровыя банды й свае верхаводы. Зносіны паміж групоўкамі маглі насіць які заўгодна характар: ад духу сяброўства ды супрацы да канкурэнцыі, бразганьня зброяй ды адкрытай вайны. Кволая раўнавага, калі можна так сказаць. Два раёны маглі часам аб’яднацца супраць аднаго. А часам усе маглі біцца супраць усіх.

Наш раён займаў, бадай, першае месца паводле колькасьці дзяцей, таму мы ўсе былі ўцягнутыя ў спрэчкі паміж групоўкамі. Ухіліцца было немагчыма. Мы маглі біцца на прэстыжных хакейных матчах, абараняючы гонар раёну на пасялковай дарозе пад сьвятлом ліхтароў. Хадзіць было найлепш пад самымі ліхтарамі, дзе было найсьвятлей. Сьнежныя камякі былі замест штангаў, а гурбы — замест бартоў, клюшкі пад левую ці правую руку, набытыя ў краме гаспадарчых тавараў або пазычаныя ў старэйшага брата, тэнісны мяч або абшарпаная шайба, ніякіх шчыткоў і ніякіх табе арбітраў толькі дзясятак-паўтара смаркачоў зь непераадольнаю прагаю да перамогі.

Да ліку 2:2 гульня ішла звычайна так сабе. Жорсткі прэсінг, вокамгненныя праходы, спробы гуляць у пас, якія найчасьцей заканчваліся кідком наўздагад — шукай пасьля гэтую чортаву шайбу ў гурбе! Хтосьці называў сабе Уфэ Стэрнэрам, хтосьці — Стысэ або Лільпростам. Або Філам Эспазыта, які прабіў жалезны шчыт на канадзкім тэлебачаньні.

А вось мы бачым першую разьдзьмутую губу. Гэта цэнтравы са сваёй даўжэзнаю клюшкаю, якая на паўмэтра тырчыць за сьпінаю, неспадзявана напаткаў чыюсьці сківіцу. Малочныя зубы вытрымалі, а вось крыві — мора. У выніку драматычнага галасаваньня — выдаленьне.

Адкрыўся, кідок — атрымліваеш штурхель ад суперніка. Ляціш носам у сьнег. Неспартовы сілавы прыём! Падымаесься й даеш штурхель у адказ. Жорсткія спрэчкі. Гол! На жаль, не залічаны — нехта перасунуў штангу. Пратэсты. Сустрэчныя абвінавачаньні. Шайба ляціць у пахвіну. Небарака скуліць ад болю. Штрафны ўдар, яшчэ кідок. Шайба ледзь не трапляе ў пысу. Удар локцем. Штурхель у гурбу. Падножка. Удар у сківіцу.

І вось ужо неўзабаве дзесяць падшыванцаў коўзаюцца ў сумёце, набіваючы раты сьнегам, а адзінокі гулец заганяе ў браму шайбу за шайбаю ды, выгуляўшы зь лікам 100:3, на самоце цягнецца дамоў засьнежанаю зімоваю вуліцаю.

Яшчэ адным заняткам было раскладаньне сьвяточных вогнішчаў. Зьбіраць матэрыял пачыналі адразу пасьля Новага году, калі з дамоў выкідалі ялінкі. Усё паселішча наваднялася раптам малымі, якія цягнулі на сваіх санках касматыя яловыя лапкі. Асноўная гонка ўзбраеньняў ішла паміж Паскаянкяю ды Страндвэгенам: абодва мікрараёны прылягалі да ракі, дзе можна было паліць вогнішчы хоць да нябёсаў. У гэтым і была сутнасьць спаборніцтва — раскласьці найвялікшае вогнішча.

На елкі зазвычай накладалі ўсё, што магло гарэць. Пустыя кардонкі з крамаў, старыя бярвёны, аўтамабільныя апоны, плястмасавыя вёдры, мэблю, малочныя пакеты, зламаныя лыжы, фанэру, боты ды — уявіце — школьныя падручнікі. Увесь час у логава ворага засылаліся шпіёны, якія дакладалі сытуацыю ды параўноўвалі.

Бывала, што кралі нешта з чужых вогнішчаў.

Часам даходзіла й да гвалту, хоць і ня так часта, як на хакейных матчах. Найчасьцей выбіралі тактыку прыхаваных пагрозаў, бралі ўпартасьцю ды хітрасьцю.

Можна было, напрыклад, павялічыць вышыню вогнішча, калі выцягваць яго дагары. У самых экстрэмальных выпадках яны ператвараліся ў вогнішчы-забойцы, якія хісталіся на вятры, як хмарачосы, а пасьля маглі разваліцца ды накрыць сабою пятнаццаць-дваццаць гледачоў. Аднак звычайна някемлівыя дарослыя пасьпявалі перакуліць кучу яшчэ да таго, як яе падпальвалі.

Аднойчы здарылася, што адна хеўра — у поўнай роспачы — употай падпаліла вогнішча канкурэнтаў усяго за пару дзён да сьвяткаваньня Вальборга, Вальпургіевай ночы. Гэта была сапраўдная падстава, і нікому ўжо й не хацелася глядзець на вогнішча пераможцаў.

І вось ты ўрэшце стаіш на сьнезе перад ахопленаю полымем кучаю сьмецьця, запускаеш фаервэркі ды назіраеш, як некалькі месяцаў працы сыходзяць з дымам. Вось яна — узнагарода. Ды яшчэ дзьве ракеты, для набыцьця якіх скідваліся ўсёй бандаю ды прыпасьлі цяпер на дэсэрт, каб запусьціць у зусім ужо цёмнае неба. Яны ўзьняліся ўвышыню дзьвюма палаючымі сьцяблінкамі, якія раскрыліся ў небе яскравымі гронкамі. Прыйшла вясна. Цяпер ужо бясспрэчна.

У старэйшых клясах для круцізны трэба было мець пнэўматычную стрэльбу. Я клянчыў яе ў бацькі некалькі месяцаў, пакуль ён урэшце не набыў — старую ды падрапаную. Яна паліла так, што слуп паветра адкідваў мне чуб, калі я страляў, а куля так і не магла вылецець з рулі. Сытуацыя, аднак, крыху выправілася, калі я абкруціў рулю ізаляцыйнаю стужкаю, а пасьля яшчэ падцягнуў спружыну, але ў сьмяротную зброю мая стрэльба так і не ператварылася. Пасьля школы я звычайна страляў па мішэні, якую вешаў на гаражныя дзьверы. Наладзіць прыцэл так і не ўдалося, таму я мусіў цаляць крыху вышэй і лявей. Бацька таксама аднойчы паспрабаваў, але спахмурнеў, калі ўсё ніяк ня мог патрапіць, і абвінаваціў ва ўсім дальназоркія вочы.

З гэтымі стрэльбамі дваровыя банды зрабіліся яшчэ больш дзікімі ды шумнымі. Орды потных узрушаных хлопцаў зь перапэцканымі каленямі цягаліся па раёне, сікалі — хто далей — ды малявалі на сьценах чэлесы, вучыліся новым лаянкавым выразам і ўвогуле пракудзілі як толькі маглі. Банда — гэта крута! Банда — гэта моц! І калі адна хеўра ўрэшце натыкалася на другою, такую самую ўзброеную ды гарачую, вынік мог быць толькі адзін. Паветраная вайна.

Каб дарослыя не заміналі, ваенныя дзеяньні пераносіліся за раку, у бяскрайнія лясныя масівы. Мне да чорцікаў хацелася ўступіць у войска, толькі я ня ведаў, ці возьмуць. Я толькі перайшоў у сёмую, старшаклясьнікі празвалі мяне «куранём», мапэду ў мяне не было, дый стрэльбай я пахваліцца ня мог. А вось Ніілу пашэнціла: стрыечны брат пазычыў яму сваю гэдээраўскую помпавую вінтоўку страшэннай забойнай сілы. Зь яе Нііла прабіваў ліст ДСП, між тым як мая куля й шчарбіны не пакідала.

Аднойчы пасьля абеду мы вырашылі зрабіць вылазку на фронт. Закінуўшы стрэльбы за сьпіны, мы асядлалі ровары ды паехалі за стары мост. Неўзабаве рэчка й паселішча зьніклі з вачэй, з усіх бакоў нас абступаў густы бор. Мы праехалі лесапілку, збочылі на выбоістую лясную дарогу, а пасьля схавалі ровары ў гушчары зарасьніку. У лесе панавала жудаснае маўчаньне. Дзесьці непадалёк праходзілі баявыя дзеяньні, а лес падаваўся спакойным і ціхамірным. У паветры пахла восеньню. Грыбы распасьцерлі свае вільготныя рудыя капелюшы, аблюбаваныя чарвякамі. Я закінуў у рот некалькі перасьпелых чарніц ды ўцягнуў у сябе вадзяністы сок.

Раптам пачуўся сухі трэск, і з галавы Ніілы зьляцела кепка. Пакуль нябачны стралок ладаваў наноў, я крыкнуў, што мы ня ворагі, мы толькі добраахвотнікі. Тады з дрэва спусьціўся хлопец і зь вінаватым выглядам патлумачыў, што палец нібы сам сасьлізнуў, што зь яго ўзяць — мазгоў няма. Мы пайшлі вузкаю сьцежкаю ды неўзабаве былі ўжо ў лягеры, дзе вакол вогнішча сядзелі зь дзясятак хлопцаў, яны пілі каву ды смакавалі тытунь. Большасьць зь іх былі на год-два старэйшыя за нас, у некаторых былі камуфляжныя курткі й ваенныя шаломы. Яны сплюнулі карычневую кашку ды скептычна зьмералі нас позіркам. Іхні верхавод, які меў мянушку Генэрал, здаравенны бамбіза з Паскаянкя з пушком пад носам, тыцнуў пальцам у бок сасны з шышкамі за дзесяць мэтраў ад нас. Я прыцэліўся, адвёўшы рулю крыху лявей ды вышэй. І зьбіў шышку зь першага стрэлу. Нііла, не пасьпеўшы яшчэ набіць руку на новай вінтоўцы, прамазаў. Другі стрэл — і зноў не. Тое самае з трэцім. Хлопцы пачалі скаліцца ды прапанавалі Ніілу валіць адсюль. Чацьверты стрэл — не пацэліў. Нііла пакрыўся потам. Генэрал ужо быў на канях і крыкнуў, каб Нііла каціўся дамоў да мамкі. Нііла моўчкі заладаваў стрэльбу. Прапампаваў паветра, яшчэ. Усё стаяў і пампаваў, не зважаючы на зьедлівыя сьмяшкі. Пасьля ён стрэліў у бок вогнішча. Пайшоў звон. З прадзіраўленага кацялка двума рудымі струменьчыкамі ў агонь пацякла кава.