реклама
Бургер менюБургер меню

Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 31)

18

Я ўзяў басуху ды паспрабаваў унесьці хоць якую складнасьць у ягоны амаль нулявы рытм, а Нііла з Холгеры запаўнялі паўзы гітарамі. Пра прытрымліваньне танальнасьці ў нас і гаворкі не ішло — да гэтага было яшчэ далёка. Эркі, здавалася, зусім забыў пра нашае існаваньне: перакошаныя вочы, высалаплены язык, разьдзьмутыя шчокі. У яго, такім чынам, зь першага разу атрымалася зрабіць такі самы дэбільны выраз твару, які бывае ва ўсіх прафэсійных бубначоў падчас ігры, хоць астатні час яны выглядаюць як нармальныя людзі.

Без папярэджаньня, у самы разгар сола Холгеры, Эркі нечакана кінуў палачкі ды пачаў расшпільваць рамень. Мы зьбянтэжана змоўклі. Эркі сказаў, што рок-музыка — самая ачмурэнная штука з тых, што ён спрабаваў у жыцьці, уключаючы п’яныя гулянкі ды ананізм. З асалодаю ад сэксу ён, праўда, параўнаць ня можа, бо сам не спрабаваў, але ён усё ж думае, што гэта поўная бздура — бо ўжо залішне рэклямуюць гэтае траханьне.

Я папрасіў яго сыграць яшчэ раз, толькі цяпер ужо з зададзенаю частатою. Эркі крыху павагаўся, але сыграў усё ж зноў. У выніку атрымалася яшчэ горш — нібы ў пекле спрацавала сыгналізацыя. Ад бубнаў на ўсе бакі паляцелі шчэпкі, на скураным пакрыцьці зьявіліся яміны, вінты на штатывах разбоўталіся, а самі штатывы разваліліся на часткі. Я глянуў на Ніілу. Той пакруціў галавою. Такой нерытмічнай, нечалавечай какафоніі мы й блізка не выконвалі. Холгеры ўжо пасьпеў адключыць гітару ды пачаў складваць яе ў футарал. А за ім ўсьлед і Нііла. Сам жа я пачаў думаць, як нам ветліва адшыць Эркі, каб не пакрыўдзіць яго. Сказаць, што ганаровая ўзнагарода была толькі на адзін дзень? Чаму б і не. Ён проста ня так усё зразумеў.

Эркі, аднак, мяне апярэдзіў. Ён падняўся, ды не пасьпеў я й слова сказаць, як ён ужо выйшаў з клясы, кінуўшы нам з напускным спакоем «убачымся».

У наступны момант з-за дзьвярэй данёсься зларадны рогат. Ціхі й трыюмфальны. Празь дзьвярны праём я ўбачыў, як на Эркі наваліўся Уфэ са сваім сябруком Ёўка. Яшчэ некалькі ягоных паплечнікаў стаялі побач. Двое рынуліся да Холгеры ды кінулі яго на падлогу зрабіўшы захват за шыю.

— Ну, што, сысункі! — зласьліва зашыпелі яны.

Я не на жарт перапужаўся. Жывот уцягнуўся, сасуды сьціснуліся, рыхтуючыся прыняць удар. Няма нічога горшага за няведаньне. Калі ты ня можаш ведаць, колькі часу працягнуцца зьдзекі гэтым разам. Колькі сінякоў ты атрымаеш. Як балюча будзе. Ці пасьпее прыйсьці Грэгер.

За дзьвярыма пачуўся крык. Пранізьлівы лямант. Што гэтыя сукі робяць там з Эркі? Каб толькі не нажом!

У гэтую сэкунду мне хацелася памерці. Пасьля я ўбачыў, як яны адпаўзаюць па падлозе. Як Ёўка тупа моргае вачыма, а зь ягонага раздрапанага да мяса брыва ручаём цячэ кроў. Уфэ таксама плаваў у лужыне крыві ды енчучы зьбіраў у ёй аскепкі пярэдніх зубоў.

Паплечнікі адступілі назад, спалатнелыя ад страху. Эркі, пакульгваючы, вярнуўся ў клясу, зь ніжняй губы й падбародка сачылася кроў.

— Больш яны чапляцца ня будуць, — спакойна сказаў ён.

РАЗЬДЗЕЛ 15

— пра тое, як пасьля лазьні язык урэшце вызваліўся з кайданоў, ды пра тыя рэчы, якія абавязаны ведаць кожны малады чалавек

У маёй сям’і цяплілі лазьню кожны суботні вечар — традыцыя, якая, напэўна, прыйшла да нас яшчэ з паганскіх часоў. Апошнім часам, калі ў сястры адрасьлі цыцкі, яна парылася адна, а пасьля яе заходзілі я, маці й бацька. Мы напускалі жару, löylyä і пацелі ды церліся мылам, каб ачысьціцца ад бруду й сала, зьдзіралі старую скуру, дралі вяхоткаю сьпіны ды чырванелі, як разабраныя тушкі зайцоў. Галоўнае правіла ў лазьні — не псаваць паветра. Гэтая мудрасьць таксама перадавалася ў спадчыну з пакаленьня ў пакаленьне, таму лепш ёй не пярэчыць, бо інакш могуць і з лазьні вышпурнуць.

Напрыканцы паддавалі яшчэ больш жару, так што рашчыняліся нават змылкі, і калі ты ўрэшце апалоскваесься крынічнаю вадою, то цела робіцца такім чыстым, што і ўявіць сабе складана.

Аднак гэтым вечарам усё пайшло інакш. Пасьля я зразумеў, што бацька ўсё сплянаваў загадзя — нешта ўвесь час вітала ў паветры. Нэрвовасьць. Мы ўселіся ў прылазьніку, дзе ў куце стаяла пральная машына. Маці пасьпешліва сышла, было відавочна, што яна хацела пакінуць нас адных. У бляшанай печцы ўтульна гарэлі, патрэскваючы, палены. Адно дужа ўпартае яловае палена абсыпала падлогу вугольчыкамі, і бацька тушыў іх мокраю ступнёю. Мы засмажылі па кавалку каўбасы ды з асалодаю пачалі есьці, папаўняючы ў целе запасы солі, якія выйшлі ў лазьні з потам. Бацька расправіўся са сваім півам і пачаў зьмешваць гарэлку зь ліманадам. За ўвесь гэты час ён ня вымавіў ані слова.

У звычайны дзень я сышоў бы, пакінуўшы бацьку самога. Я ведаў, што ён любіць адзіноту: можа гадзінамі сядзець перад печкаю ды глядзець на агонь, тоячы маркотныя думкі ў сваім угорскім сэрцы. Але гэтым разам я адчуваў нешта новае. Гэта была тая інтуіцыйная сувязь, якая ўзьнікае паміж бацькам і сынам, калі яны пасядзяць пэўны час моўчкі. Тады яны ператвараюцца ў двух самцоў, прынюхваюцца да поту адзін аднаго, прыслухоўваюцца да дыханьня. Ты напружваеш цягліцы, а пасьля расслабляесься, і скрозь скуру й кроў да цябе даносіцца прыглушанае бурчаньне страўніка. Ты робісься арганікаю. Агаляесься. Сьціраеш з лоба зморшчыны ад будзённых фразаў.

Бацька кашлянуў, каб прачысьціць горла, але некалькі хвілінаў сядзеў моўчкі. Зноў кашлянуў, нібы разьмінаючы язык. Выпіў. Я падкінуў у агонь новае палена. Паглядзеў на запацелую шклянку з халодным напоем.

— Цяпер, калі ты ўжо дарослы... — пачаў ён урэшце па-фінску.

Я не адказаў. Падумаў, што шчаціньня ў мяне пакуль яшчэ няма, але я пачаў грубіяніць, дый ступні значна павялічыліся, — першыя прыкметы ўзмужненьня.

— Ты, напэўна, часам задумваўся... Задаваўся пытаньнямі...

Я глянуў на бацьку ды са зьдзіўленьнем убачыў, што ў яго ўздрыгваюць жаўлакі.

— Пытаньнямі пра жыцьцё... пра людзей... Цяпер, калі ты ўжо падрос, табе трэба ведаць...

Бацька перапыніўся ды зноў выпіў, увесь час пазьбягаючы глядзець мне ў вочы. Я вырашыў, што ён будзе чытаць мне лекцыю пра сэкс. Прэзэрватывы ды ўсё такое.

— Гэта мусіць застацца паміж намі. Мы можам давяраць адзін аднаму. Як мужчына мужчыну.

І ён першы раз перавёў на мяне позірк і паглядзеў мне ў самыя вочы. Я кіўнуў. Ён зноў перавёў погляд на агонь.

— Мой бацька, а значыцца твой дзед, быў у маладосьці бабнікам. Таму ў мяне ёсьць два зводныя браты, — не разводзячы каніцелі сказаў ён. — Яны майго веку, і ў іх ёсьць свае малыя. Такім чынам, тут у Паяле жывуць пяць тваіх дваюрадных родзічаў пра якіх ты нічога ня ведаў і тры зь іх — дзяўчынкі, ты мусіш іх ведаць, каб пазьбегчы кровазьмяшэньня.

Ён пералічыў іх. Адна зь іх вучылася ў паралельнай клясе ды была даволі сымпатычнаю.

— Цяпер наступнае. У нашым раёне жывуць дзьве сямейкі, якія нарабілі нам шмат зла ў свой час і якіх ты ў далейшым мусіш ненавідзець. Адзін выпадак сягае сваімі каранямі ў 1929 год, у ілжэсьведчаньне на судовым працэсе, а другі — датычыць паплавоў, якія сусед бацькі тваёй прабабкі падманам забраў у нашай сям’і ў 1902 годзе. За абедзьве гэтыя несправядлівасьці ты будзеш помсьціць усімі сродкамі, як толькі падвернецца шанец, пакуль гэтыя паскуднікі не павіняцца й за ўсё не заплацяць, а яшчэ пакуль на каленях не падпаўзуць прасіць прабачэньня.

Бацька зрабіў мне кароткія ўводзіны ў хітраспляценьні нашай варожасьці цягам шматлікіх гадоў. Там былі звароты ў суд і сустрэчныя пазовы, падробленыя даведкі, хабары службовым асобам, а яшчэ рукапрыкладзтва, лісты з пагрозамі, пашкоджаньне маёмасьці, спробы шантажу, а аднойчы быў нават выпадак, калі ў нас выкралі пэрспэктыўнага паляўнічага сабаку ды зрабілі яму прарэзы на вушах, як аленю ў статку. І нішто не магло спыніць жорсткія выхадкі гэтых шаленцаў. А самым жудасным было тое, што нашыя ворагі распускалі пра нас усялякія чуткі ды груба перабольшвалі маштаб тых нешматлікіх процідзеяньняў, на якія мы пайшлі. Таму я мусіў цяпер трымаць вуха востра на танцах ды іншых публічных зборышчах, дзе я самым падступным чынам мог зрабіцца аб'ектам помсты ў якім там цёмным куце або кустах.

Ён назваў мне прозьвішчы гэтых сем’яў, а яшчэ падрабязна пералічыў усе адгалінаваньні, хто з кім ажаніўся, бо ў асобных выпадках яны мелі ўжо новыя прозьвішчы, але кроў у іхніх жылах была такая самая атрутная. Тут мне таксама трапілася знаёмае імя — хударлявага вясковага хлопца зь дзявятай клясы, якому да мяне быццам і справы не было. Бацька патлумачыў, што менавіта так яны сябе й паводзяць — робяць выгляд бяскрыўднай авечкі ды ўсыпляюць тваю пільнасьць, пакуль ты не павернесься да іх сьпінаю. Не адзін наш продак, атрымаўшы нажавыя раненьні ды пераломы, горка пашкадаваў пра сваю даверлівасьць, запэўніў мяне бацька.

Я завучыў усе імёны, а бацька дапытаў мяне пасьля, каб я нічога не забыў і не прабачыў ворагам толькі праз сваю ляноту. Бацька піў і рассылаў праклёны, а я мусіў падтакваць яму ды разам зь ім пырхаць і выношваць падступныя пляны. Ён прапанаваў мне зрабіць кар’еру ў гарадзкой адміністрацыі, бо на такой высокай пасадзе можна такога нарабіць, да таго ж бяскарна, а калі яшчэ з розумам ажаніцца, праз сваіх сватоў можна так пад гэтых клятвапарушальнікаў і хапугаў падкапацца, што жыцьця ім ня будзе ў нашай мясцовасьці.