реклама
Бургер менюБургер меню

Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 30)

18

Пасьля двух новых кубкаў настрой зрабіўся яшчэ больш непрыязным. Адначасова аргумэнты рабіліся менш доказнымі, а мова страчвала сваю выразнасьць. Адзіны, хто ўсё яшчэ захоўваў весялосьць, хлопец з Корпіломбала, нечакана ўзьняўся са свайго месца. Ён, вядома, дужа выбачаецца, але мусіць пакінуць турнір, бо яму раптам неверагодна закарцела паперыцца, і ён запытаўся, ці няма ў нас тут у Паяле якой цёлкі без забабонаў. Эркі ў падрабязнасьцях апісаў шлях да дому нашай састарэлай матэматычкі ды, хітра ўсьміхаючыся, пажадаў лавеласу ўдачы. Астатнім падумалася, што прыйшоў час разьвязаць бойку, але сьпярша трэба было адліць і як сьлед раззлавацца. Схадзіўшы да ветру, усе нечакана пачалі пакутаваць ад нясьцерпнай смагі, і мы зь Ніілам не марудзячы вярнуліся да сваіх абавязкаў.

Павекі пацяжэлі ды не хацелі падымацца. Язык набрак у роце. Бражныя выпарэньні напоўнілі пакой кіслым балотным смуродам. Юнасуанда й Тэрэндэ абмяняліся вялымі кухталямі, пасьля чаго рухнулі ў абдымкі адзін аднаго ды так і адключыліся. Ад гэтае сцэны муадасломпалец дзіка зарагатаў, а пасьля схапіў пустое вядро ды пачаў ванітаваць. Пасьля чаго голасна заявіў, што патрабуе працягу спаборніцтва, але неўзабаве ён таксама заснуў і галава ягоная бязвольна абмякла на грудзях. Каўнісваарскі хлопец пагардліва фыркнуў — што ўзяць з гэтых пачаткоўцаў.

Яшчэ пара новых заходаў. Удзельнік зь Ляйньё сам ня верыў, што столькі пратрымаўся: усе ягоныя родзічы былі шчырымі вернікамі, а ён сам пачаў піць так нядаўна, што яшчэ не пасьпеў нават прызвычаіцца. Прадстаўнік Торынэну разьлічваў на сваю спадчыннасьць, ён пачаў пералічваць усіх выпівохаў у сям’і ды пасьпеў налічыць ужо з два тузіны, калі раптам заваліўся на бок ды так і застаўся ляжаць.

Нііла выцягнуў яшчэ адну біклагу. Бохан ды каўнісваарац зласьліва пераглянуліся, нібы два змардаваныя баксэры, і сынхронна выпілі. Заставаўся яшчэ хлопец зь Ляйньё ды Эркі, якога не гняло суперніцтва, і ён па-ранейшаму піў дзеля асалоды. Бохан часткова страціў дар мовы ды мог цяпер спараджаць толькі галосныя гукі. У каўнісваарскага хлопца, у сваю чаргу, узьніклі праблемы са зрокам: кубак ён мог убачыць, толькі прымружыўшы адно вока. Ён скарыстаўся, аднак, са сваёй вэрбальнай перавагі над астатнімі ды зацягнуў амаль без запінак, песьню паяльскіх страйкаў. Тады хлопец зь Ляйньё прапанаваў усім камуністам каціцца ў свае ўлюбёныя сібірскія сьнягі, а пасьля пачаў сьцьвярджаць, што Ленін быў у інтымных зносінах са Сталіным і што Маркс, без сумневу, далучыўся б да іх, калі б не пасьпеў памерці. Потым ён яшчэ раз са зьдзіўленьнем адзначыў як кайфова было грашыць і што ён пачаў бы значна раней, калі б ведаў Напрыканцы, шчасьлівы й задаволены, ён ціхенька прытуліўся да сьцяны ды заснуў не памаліўшыся на ноч.

Заўзятары, адчуўшы хуткае заканчэньне, пачалі падбадзёрваць сваіх удзельнікаў. Трое, з Каўнісваары, паходзілі зь сем’яў з традыцыямі дарожных страйкаў ды сталіністамі. Яны памоўчвалі, пакуль былі цьвярозыя, а выпіўшы, загарлапанілі, што камуністычнае п’янства ўзмацняе мяцежны дух і завастрае аргумэнты ды што нідзе больш ня ўбачыш такіх вясёлых папоек, як на сходах «Чырвонай моладзі». Падтрымаць Паялу прыйшлі двое — з Наўрысаха й Паскяянкі; абодва лічылі сябе сацыял-дэмакратамі, таму атмасфэра значна абвастрылася. Калі Бохан і каўнісваарац атрымалі па новым кубку, каўнісваарскія заўзятары пачалі пагражаць супернікам расправаю ў традыцыйным парадку: спачатку ў ход пайшлі смачныя турнэдаленскія параўнаньні, потым — наўпроставы тэкст, пасьля — пагрозьлівыя жэсты ды напрыканцы — задзірлівыя погляды. Некалькі ўзмахаў рэвалюцыйным молатам — і сацыял-фашысты засікаюць крывёю. Паяльцы тады зьедліва пацікавіліся, што гэтыя рэвалюцыянэры зрабілі карыснага для гісторыі нашай мясцовасьці, акрамя ўзарваньня аўтобуса непадалёк Кегнісу ды маханьня рэвальвэрамі ў далёкіх лясных старожках. На што каўнісваарская банда закрычала ў адказ, што такое могуць малоць толькі языкі тых, хто ліжа дупы начальнікаў, і што сёньня дух працоўных такі самы моцны, як і раней. У апошні момант паміж ваяўнічымі групоўкамі падняўся Эркі ды ледзь варочаючы языком, але з хітрынкаю ўваччу заявіў, што хоць яго даўно ўжо й цягне да камунізму, але тусоўкі «арлянят», асабліва з дармавым сокам і тартамі, яму таксама даспадобы, і таму ён пакуль яшчэ канчаткова ня вызначыў сваёй палітычнай прыхільнасьці. Абедзьве хеўры кінуліся яго дубасіць, каб накіраваць на верны шлях, а я між тым зноў напоўніў усе кубкі.

Бохан быў вымушаны сядзець, прытуліўшыся да сьцяны, каб ня ўпасьці. У хлопца з Каўнісваары цяпер дваілася ўваччу нават калі ён прымружваў вока, ды яшчэ павекі трэба было ўвесь час падтрымліваць пальцамі. Абодва прыціхлі. Яны ўжо мінулі мяжу болю, і атрута сеяла цяпер толькі сьмерць і паралюш. Рука каўнісваарца раптам абвісла, вока заплюшчылася. Настала поўная цішыня. Але ў той момант, калі ўсе палічылі справу вырашанаю, хлопец гучна абвесьціў, што калі ягоная армія выйшла з-пад кантролю, яму спатрэбіцца староньняя дапамога. Тады адзін зь ягоных сябрукоў паднёс кубак да ягоных вуснаў і перакуліў у цёмную бездань. Бохан, у сваю чаргу больш не рэагаваў на запытаньні, бо канчаткова аглух, але мову жэстаў ён па-ранейшаму ўспрымаў. Ён змог самастойна падняць кубак, але з глытаньнем было ўжо складаней — ён мусіў ліць паціхеньку і вадкасьць сама, булькочучы, зацякала ў горла. Тады я прапанаваў абвесьціць нічыю. Але каўнісваарскія заўзятары абурана адказалі, што яны не такія баязьліўцы, каб аддаць гэтым паяльскім прахвостам перамогу, якая была ўжо ў кішэні.

Я зноў напоўніў кубкі. Іх апустошылі такім самым чынам. Я пачаў настойваць, не на жарт занепакоены, каб перамогу падзялілі на дваіх, бо абодва прэтэндэнты страцілі прытомнасьць. На што каўнісваарцы, прыпадняўшы павека свайго героя, паказалі, што зрэнкі ня толькі не закаціліся, але й палалі прагаю перамогі. Пасьля зараўлі Бохану ў вуха, ці будзе ён працягваць, і прапанавалі адкрыць рот, калі ён згодны. Бохан разявіў пашчу, і ўдзельнікі выпілі па новай.

Спустошыўшы й гэты кубак, яны перасталі зусім падаваць прыкметы жыцьця. З абодвух бакоў рабіліся спробы вярнуць фаварытаў да прытомнасьці. Бохан абмяк у ненатуральнай позе, а каўнісваарскі прадстаўнік заходзіўся сьлінаю. З маёй ініцыятывы мы паклалі іх бокам, выявіўшы пры гэтым, што абодва пасьпелі абмачыцца.

Між тым Эркі, запінаючыся, патрабаваў дабаўкі. Як і брат, ён амаль страціў дар мовы, але я ўсё ж зразумеў, чаго ён хацеў, і паднёс яму кубак. Эркі выпіў, а пасьля вымавіў па-фінску, але зь нейкім дзіўным замежным акцэнтам, што кубак запойнага чэмпіянату дастаецца лясным саамам з Сатаярві.

Заўзятары з Каўнісваары ды Паялы павярнуліся да мяне. Я, у сваю чаргу, павярнуўся да Ніілы. Ён кіўнуў і пацьвердзіў, што ўсё сыходзіцца. Эркі выпіў на адзін кубак больш за астатніх. Эркі, ледзь варочаючы языком, з ухмылкаю абвесьціў, што ніколі ў жыцьці так не напіваўся. Сацыяліст ён або камуняга — гэта ён вырашыць апасьля, бо цяпер яму трэба, шчыра кажучы, адліць.

Мы зь Ніілам дапамаглі Эркі выбрацца на дах. Зломленыя каўнісваарцы засталіся й пачалі з роспачы выпіваць, абмяркоўваючы нядаўнія выпадкі самагубстваў. Тут Бохан пачаў ванітаваць, і паяльцы, заўважыўшы гэта, прачысьцілі яму рот, каб хлопец не задыхнуўся. Кісла-салодкі прыпах паведаміў пра тое, што ў народу пачалася ўжо срачка. Пераможаны каўнісваарац выглядаў падазрона белым, але ўсе верылі, што моцнае сэрца лыжніка не падвядзе. Астатнія храплі як сьвіньні— хто з расплюшчанымі, хто з заплюшчанымі вачыма — у шчасьлівым няведаньні наконт заўтрашняга дня.

А каля сьцяны калектару прымасьціўся Эркі, размалёўваючы восеньскую ноч дымнымі мазкамі. Я шчыра павіншаваў яго зь перамогаю, і тут мне ў галаву прыйшла адна ідэйка. З урачыстым выглядам я абвесьціў, што ў якасьці пераможцы моладзевага чэмпіянату Эркі чакае прыемны дадатковы прыз, а менавіта — месца бубнача ў самым пэрспэктыўным моладзевым рок-гурце Паялы.

Нііла адкрыў быў рот, але я пасьпеў штурхнуць яго ў бок, і ён прамаўчаў. Эркі адказаў, што бубнавых палачак ён нават і на фота ня бачыў. Але я супакоіў яго тым, што калі ўжо ён можа ўпраўляцца ў такім стане зь пісюном, дык і з бубнаваю палачкай справіцца. Эркі так затросься ад сьмеху, што струмень паляцеў у розныя бакі, — на тым і пагадзіліся.

У наступны панядзелак на абедзенным перапынку адбылося нараджэньне нашага рок-гурта. Мне гэты дзень запомніўся з шэрагу прычынаў. Хоць з нашага чэмпіянату мінула ўжо два дні, Эркі ўсё яшчэ змагаўся з бадуном. Гэта яшчэ нічога ў параўнаньні зь ягоным братам Боханам, які кожны раз, ванітуючы, бажыўся, што завяжа, і ён насамрэч завязаў — на некалькі тыдняў. Хлопец з Каўнісваары змагаўся з наступствамі паводле жорсткай праграмы практыкаваньняў: ён бегаў па гіганцкіх балотах у бацькоўскіх гумавых ботах, набіўшы іх для цяжкасьці камянямі, калоў дровы напераменку то праваю, то леваю рукою, а яшчэ скруціў з ровара седала, каб не адпачываць без патрэбы, і езьдзіў так у паяльскую школу, дыхаючы ўдвая радзей.

Калі Эркі даведаўся, што іграць трэба ажно дзьвюма палачкамі, ён хацеў быў ужо біць адбой — гэта ж удвая больш, чымся дамаўляліся. Напрыканцы ён здаўся ды зь неахвотаю ўсеўся за школьныя бубны, учапіўся за палачкі, быццам гэта былі сякеры, і з усёй моцы пачаў дубасіць па літаўрах. Усё закружылася ў тарнада: штатывы, талеркі ды астатнія прыбамбасы. Эркі замер на хвіліну з адсутным выразам уваччу. Пасьля з упэўненасьцю канстатаваў, што бадун нібы пачаў адпускаць. З энтузіязмам сабраў назад бубны ды паўтарыў спробу, але вынік быў такім самым разгромным. Між тым ад галаўнога болю не засталося амаль што ні сьледу. Казырна! Яшчэ хвілінку пайграць, дык тады, можа, і трэсьці перастане, і ў пот кідаць ня будзе.