реклама
Бургер менюБургер меню

Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 29)

18

Нярэдка па вечарах Холгеры сядаў на рассоўную канапу ў сябе ў Кіхланкі й даставаў гітару памерлага бацькі. З-пад ягоных хлапчуковых пальцаў пачыналі вялізнымі матылямі вылятаць акорды. На лёгкіх крылах яны падымаліся над крэсламі й канапамі, падляталі да печкі, на якой булькаў чыгунок з бульбаю, кружыліся над насьценным календаром, ківачом і тканым пано, над газэтнаю выразкаю з партрэтам каралеўскай пары ды выяваю куміра моладзі Гонкена Гольмквіста, прынюхваліся да хлеба й збаноў на стале, імкліва ныралі да начнога гаршчка й веніка, праносіліся каля школьнага ранца й гумавых ботаў, падымаліся зноўку ўверх, да маці ў фатэлі, рабілі кола над ваўняным клубком і сьпіцамі ў жвавых руках, пасьля кідаліся да вазонаў з кветкамі — бягоніі ды цешчынага языка, — падымаліся да акна, мімаходам глядзелі на паплавы, бярозы й пяшчотнае вечаровае сонца, праляталі каля швейнай машынкі, побач з драўлянаю скрыняю радыётрансьлятара, каля адзежнай шафы са скрыўленымі дзьвярыма, а пасьля зноў вярталіся ў гітару у змрочную сьвідравіну, каля выхаду зь якой ужо цясьніліся новыя матылі — у чаканьні падарожжа.

РАЗЬДЗЕЛ 14

— пра дзікую сутычку ў паяльскім калектары ды пра тое, як мы неўспадзеўкі атрымалі бубнача

Не зважаючы на заклікі Лестадыюса ды перасьцярогі Міністэрства аховы здароўя, нягледзячы на шматлікія горкія прыклады сярод сваіх родных і знаёмых, некаторыя з маіх аднаклясьнікаў панадзіліся выпіваць па выходных. Турнэдален належыць да таго гарэлачнага геаграфічнага поясу, які цягнецца праз усю Фінляндыю й заходзіць углыб Расеі, таму галоўнаю справаю нашых старшаклясьнікаў у вольны час было надрацца. У часе перапынкаў гэтыя выпівохі-пачаткоўцы, якія знайшлі ўжо свой шлях выратаваньня, прапаведвалі сябрам «Эвангельле 0,75», а дрэнны прыклад, як вядома, заразны.

У гэты час хлопцы з Каўнісваары пачалі распускаць чуткі пра тое, што яны зь лёгкасьцю перап'юць каго заўгодна ва ўсім Норботэне. Доказы прыводзіліся бясспрэчныя. Летась яны завіталі ў Еліварэ й Кіруну ды перапілі там усіх сваіх субутэльнікаў, нават юнакоў з прасьпіртаваных шахцёрскіх сем’яў, у якіх у родзе былі яшчэ й чыгуначнікі, а калі ўжо гэтыя не ўстаялі, які ўвогуле можа быць сумнеў.

Каўнісваарцы зарваліся ўрэшце канчаткова: казалі, што гатовыя кінуць выклік кожнаму, хто ўсумніцца ў іхняй перавазе. Крыху паразважаўшы, паставіць нахабнікаў на месца вырашылі два браты з Паскаянкі. А яны лічылі сябе ня толькі добрымі знаўцамі выпіўкі, але й майстэрскімі арганізатарамі, таму браты надумалі абвесьціць «запойны» чэмпіянат раёну.

Навіна хутка дайшла да ўсіх моладзевых груповак у акрузе. Правілы былі простыя: юнацкі чэмпіянат, удзельнікі не старэйшыя за дзявятую клясу. Навіна кацілася між тым далей: спаборніцтва абмяркоўвалі ўжо ў аўтобусах, за гульнёю ў покер і нават у спартовых сэкцыях. Прадстаўляць сваю мясцовасьць мог толькі адзін удзельнік, таму сьпярша прайшлі жорсткія адборачныя спаборніцтвы. Неўзабаве, вечарам пятніцы на пачатку кастрычніка, прыйшоў час самога фіналу.

Спаборніцтва мусіла адбыцца ў старым паяльскім калектары. У той час ён стаяў каля абрыву ракі непадалёк бажніцы — чырвоны цагляны будынак, прасякнуты ледзь чутным, але ўсё ж выразным пахам лайна. Таму мясцовая братва аблюбавала калектар для таго, каб гатаваць брагу: скрозь патаемны люк на даху яны прабіраліся на гарышча, у свой зацішны куток. Там біклагі з бражкаю маглі бесьперашкодна прэць днямі, бо дражджавы пах перамешваўся з клаачным водарам.

Я сябраваў з паскаянскімі братамі, таму пагадзіўся дапамагаць ім з рыхтаваньнем пры ўмове, што нам зь Ніілам дазволяць папрысутнічаць на чэмпіянаце. Мы зьнесьлі біклагі ўніз і напоўнілі іх вадою; выраб самой брагі даверылі больш дасьведчаным таварышам. Пякарскія дрожджы й цукар, а ў некаторыя пасудзіны — нават бульба ды разынкі. Закваску пакідалі на пару тыдняў каб тая настаялася ды набралася водару й мацунку. Ачышчэньне самагону было не для братоў з Паскаянкі. Праўда, трое хлопцаў зь іхняга кварталу гналі свой напой пад фірмоваю назваю «ХіЛаГу» (у гонар саміх сябе) і нават з самапальнаю этыкеткаю, але сівухі ў ім было столькі, што валасы старчма станавіліся. Старэйшы брат, які больш кеміў у тэхніцы, таксама паспрабаваў аднойчы выгнаць самагон, употай змайстраваўшы апарат у сваёй рамеснай вучэльні. Агрэгат ён паставіў на пліту ў гаражы, але недастаткова шчыльна прыкруціў трубкі, таму пары этанолу загарэліся ды ўся гэтая чартаўня ўзьляцела ў паветра. У лякарні хлопец патлумачыў, што свае шматлікія апёкі ён атрымаў, калі перакуліў на сябе чыгунок з гарачаю бульбаю, а што да дражджавога паху на адзеньні, дык гэта ад мамчынай закваскі, якую ён на сябе выліў, каб астудзіцца. На памяць пра гэтую гісторыю ён атрымаў мянушку Бохан ды бурыя плямы на безвалосай руцэ.

Пасьля гэтага інцыдэнту браты сышліся на агульным меркаваньні, што гнаць самагон недарэчна: гэта ж поўнае глупства, у якім няма ніякага сэнсу ды якое да таго ж пагаршае смак і разбурае найкаштоўнейшы вітамін В. Сапраўдны мужык мусіць паважаць брагу, толькі пры такой умове можна было ўдзельнічаць у чэмпіянаце.

Мы дачакаліся вечара, калі калектарная апусьцела — працоўныя ня мелі ніякага ўяўленьня пра спаборніцтва.

Пад аховаю начной цемры чарада хлопцаў — каля дзесяці чалавек — пачала спускацца праз слыхавое акно. Усе сабраліся на захламленым гарышчы, патанулым у зьедлівым смуродзе. Удзельнікі селі ў кола на падлозе. Пачалі пільна разглядаць адзін аднаго.

Хлопец з Корпіломбала меў прышчавы лоб, на які мэлянхалічна зьвісаў чорны чуб. Удзельнік зь Юнасуанда ўвесь час хмыліўся, выпінаючы ніжнюю губу, — тыповая рыса для прадстаўнікоў ягонага раёну. У хлопца з Тэрэндэ быў падбародак зь ямкаю ды адвіслы нос бульбінаю. Прэтэндэнт з Муадасломпала, зь цёмнымі авечымі космамі на галаве, увесь час нэрвова сплёўваў. Паялу такім чынам, прадстаўляў Бохан — граміла зь нізкім лобам і блакітнымі, крыху раскосымі вачыма. Акрамя таго, удзельнічала яшчэ пара вясковых хлопцаў. Хлопец зь Ляйньё меў амаль што богабаязны выгляд — бледны, з пужлівымі й вялізнымі, як у лані, вачыма. Торынэнскі хлопец меў агромністыя, як у лесаруба, далоні, якія не вязаліся зь ягонымі непрапарцыйна тонкімі, недаразьвітымі ручкамі, а ягоны вуграваты нос, падавалася, быў увесь аблеплены гнюсам. Выбраньнік Каўнісваары, які лічыўся фаварытам спаборніцтва, быў адным з найлепшых мясцовых лыжнікаў на доўгія дыстанцыі — танкагубы бамбіза, са схіленым наперад торсам; яшчэ калі ён быў чатырнаццацігадовым падлеткам, то здужаў заняць адзінаццатае месца ў абласным забегу ў Шэлефтэа, а ягоныя лёгкія не саступалі ў аб’ёме трактарнаму колу. Падтрымаць удзельнікаў прыйшло з паўтузіна іхніх землякоў, якія мусілі сачыць, каб усё ішло паводле правілаў.

Малодшы брат Бохана, Эркі, з урачыстым выглядам адкаркаваў першую біклагу. Нізкарослы, але моцна зьбіты васьміклясьнік праславіўся як зацяты баец, майстар кулачнага бою. Убачыўшы пеністую брагу, ён адчуў такую смагу, што пачаў патрабаваць, каб яго ўзялі дадатковым удзельнікам. Але яму адмовілі, бо ў Паялы ўжо быў свой удзельнік. Эркі пачаў тады напіраць на тое, што ў яго саамскія карані, пералічыў усіх сваіх продкаў, пакаленьне за пакаленьнем, і з выклікам патрабаваў, каб Бохан пацьвердзіў ягоны радавод. Урэшце сышліся на кампрамісе: Эркі мусіў удзельнічаць як прадстаўнік лясных саамаў з Сатаярві, а ягоныя абавязкі памагатага на турніры пераходзілі да нас зь Ніілам.

Мы адразу ж пачалі разьліваць брагу. Я нахіляў біклагу, а Нііла разносіў кубкі. Усе вокамгненна выпілі ў поўным маўчаньні. Неадкладна выпілі па другой. Бадзёрае бульканьне й хлюпаньне. Кубак нумар тры. Калі апустошылі й яго, спатрэбіўся кароткі перадых, каб адрыгнуць і набіць пад губу сьвежага тытуню. Удзельнікі касавурыліся адзін на аднаго й мармыталі пад нос, што слабейшай брагі яшчэ трэба пашукаць і што ў іхняй мясцовасьці такі напой немаўляты з бутэлечкі смокчуць. Заўзятары ды назіральнікі дамагліся права правесьці дэгустацыю. Я адсёрбнуў глыток — і ў мяне нібы сырая бульбіна ў горле захраснула. Брага нагадвала дражджавы настой для цеста ды была, халера, надта моцнаю.

Тут народ нецярпліва нагадаў мне пра мае абавязкі ў гэтай даліне скрухі, і я прыцягнуў і адкаркаваў наступную біклагу. Дзеля справядлівасьці я стараўся наліваць у кубкі пароўну, а Нііла сачыў за тым, каб усе выпівалі. Настрой пачаў відавочна выпраўляцца. Неўзабаве маўчаньне зьмянілася на жвавае балбатаньне па-турнэдаленску. Больш за ўсіх радаваўся, бадай, Эркі, бо яго дапусьцілі да ўдзелу праз ласкавы дазвол астатніх, і ён кінуўся дзякаваць усім пэрсанальна, паціскаючы кожнаму руку, пакуль Бохан не папрасіў яго заткнуцца ды не парушаць спартовай канцэнтрацыі.

Як звычайна бывае, ап’яненьне прынесла з сабою самыя дзівосныя мэтамарфозы. Хлопец з Компіломбала засьвяціўся ясным сонейкам і пачаў травіць непрыстойныя показкі пра настаўнічак. Юнасуандзец, нахмурыўшы бровы, пачаў скардзіцца на тое, колькі нацыстаў было ў суседніх вёсках ў трыццатыя гады; сьцяміўшы, што гэта быў камень у ягоны агарод, хлопец з Тэрэндэ прыгадаў зьвесткі наконт колькасьці прыдуркаў у Юнасуанда. Хлопец зь Ляйньё, забыўшыся ўмомант на сваю набожнасьць і сарамлівасьць, прапанаваў згуляць партыю ў покер па кроне на кон. Каўнісваарскі ўдзельнік зьедліва пацікавіўся, калі гэта лестадыянцы зь Ляйньё зрабіліся такімі азартнымі. На што муадасломпалец, напусьціўшы на сябе таямнічасьці, пачаў апавядаць, што рэч была ў крыві францускіх каралеўскіх асобаў, якія інкогніта наведвалі нашыя землі ў XVIII стагодзьдзі. Прадстаўнік Торынэну адказаў, што, паводле ягоных зьвестак, Муадасломпала больш славіцца сваімі крывавымі вэндэтамі ды ўсеагульным кровазьмяшэньнем. Бохан зноў раўнуў, каб усе заткнулі свае пашчы, пасьля чаго ўсе пачалі ганіць Pajalan piksipojat зь іхнім навамодным глупствам наконт зьліцьця муніцыпалітэтаў (у адзін, Паяльскі), ад чаго гэтыя надзьмутыя паяльцы пачалі лічыць, быццам яны нешта зь сябе ўяўляюць.