Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 28)
Тыя, хто калі іграў, зразумеюць мяне. Спатрэбілася шмат часу, каб нашае дрыньканьне пачало ўрэшце нагадваць музыку.
Грэгер часта заставаўся паслухаць і даваў нам сяброўскія парады. Найбольш нам дапамагаў ягоны неверагодны спакой. Як, напрыклад, тым разам на абедзенным перапынку, калі мы вучыліся пачынаць адначасова. Грэгер раз за разам пачынаў адбіваць такт, але я заўсёды ўступаў на «тры», а Нііла — на «чатыры». А пасьля — наадварот. Напрыканцы, калі мы ўрэшце пачалі адначасова на «чатыры», Грэгер сказаў, што насамрэч трэба пачынаць на «раз». На другі «раз». Той, якога ўголас не вымаўляюць.
— Раз, два, тры, чатыры — (і!).
Нііла буркнуў, што геніем матэматыкі ён ніколі ня быў. У адказ Грэгер выцягнуў скалечаную руку ды папрасіў Ніілу падлічыць абрубкі.
— Чатырох не хапае, так што маўчыце, — міралюбна сказаў Грэгер, — падымаю палец і — паехалі!
Як ні дзіўна, гэта спрацавала. Упершыню мы пачалі як трэба. Нават і сёньня, калі я чую лічэньне, у мяне перад вачыма паўстае зьнявечаная кукса Грэгера.
Мы практыкаваліся ўсю восень. Выкарыстоўвалі кожную вольную хвілінку. Перапынкі, форткі ў занятках, заставаліся пасьля школы. І вось неяк у абедзенны перапынак у нас урэшце атрымалася нешта падобнае да блюзавага акампанэмэнту.
Грэгер паслухаў і пахвальна кіўнуў галавою.
— Так трымаць! — падбадзёрыў ён нас.
Адчыніў дзьверы. У клясу нясьмела ўвайшоў хлапчук: мяккія рысы твару на лоб зьвісае доўгая пасма валасоў. Ён не падымаў на нас вачэй. Толькі адкрыў выцягнуты футарал, які прынёс з сабою. Усярэдзіне футарал быў абабіты чырвоным плюшам. Сваімі доўгімі пальцамі хлапец выцягнуў чырвона-белую электрагітару падключыў яе да аднаго з узмацняльнікаў і наладзіў гучнасьць. Пасьля пад наш акампанэмэнт ён сыграў такое сола, што ў мяне сэрца ледзь ня вырвалася з грудзей, гэта быў лямант, напоўнены скрухаю ды смуткам. Узьняўся такі гуд, што ажно задрыжэлі шыбы. Гук ягонай гітары быў нейкі асаблівы, нязвыклы для нас: яна надрывалася, выла, гула. Як разгублены чалавек. Хлопец пераключыў нешта на скрынцы, прыкручанай да гітары, і яна завыла зь яшчэ большым надрывам. Пасьля ён выканаў сола. Гітара шалела й лютавала, завывала дзікім зьверам — хто мог чакаць такога ад трынаццацігадовага малакасоса! Пальцы ляталі паміж струнамі, мэдыятар узрываўся аглушальнымі каскадамі гукаў, вуха ўжо не пасьпявала за музыкаю — мы слухалі яе сэрцам, целам, усмоктвалі праз скуру. Напрыканцы ён зрабіў нешта, чаго я ніколі раней ня бачыў. Ён скінуў зь сябе гітару ды паднёс яе да дынаміка, і гітара засьпявала сама сабою — заскрыгатала надрыўным шэптам, завыла воўкам і залілася флейтай адначасова!
Хлопец раптам усьміхнуўся. Мяккаю, амаль дзявочаю ўсьмешкаю. Адкінуў назад свой бялявы чубок і выключыў узмацняльнік. У яго былі фінскія, празрыста-блакітныя вочы.
— Джымі Гэндрыкс, — коратка сказаў ён.
Мы расхінулі фіранкі. Зь дзясятак вучняў, згрудзіўшыся плячо да пляча, шчыльна прыціснуліся насамі да акна. Музыка пракацілася па ўсёй школе.
Грэгер летуценна паглядзеў на нас.
— Ну, вось, сябры, гэта пачынае ўжо нешта нагадваць! Пазнаёмцеся з Холгеры.
Я павярнуўся да Ніілы ды з прадчуваньнем нядобрага шапнуў яму:
— Яны ж, халера, зь яго ўсю душу выцягнуць.
— Чаго? — перапытаў Грэгер.
— Не, нічога.
Менавіта ў старэйшых клясах пачыналі цкаваць не на жарт. Паяльская Цэнтральная школа тых часоў была проста жудасным выпрабаваньнем для тых, хто хоць бы чымсьці вылучаўся на фоне астатніх. Пабочнаму назіральніку магло, вядома, паказацца інакш. Спакойнае паселішча, шараговая школа. Каля дзьвюх соцень навучэнцаў. У калідорах — стрыманае маўчаньне, можна нават сказаць пакорлівасьць.
Насамрэч у нас меліся небясьпечныя вучні. Пачаўшы пакрысе буяніць яшчэ ў сярэдніх клясах, цяпер яны расквітнелі напоўніцу. Рэч была, магчыма, у полавым сталеньні. У лішку гармонаў. У трывозе ды адчаі.
Яны з асалодаю ставілі сінякі: заціскалі ахвяру ў цёмны кут і білі цьвёрдым каленам у сьцягно або пад зад. У мяккія часткі. Небарака курчыцца ад болю, адварочваецца, а яны стаяць і шчэраць зубы. Іншым разам схаваюць у руцэ цыравальную іголку, ты ідзеш побач, а яны ўтыкаюць яе табе пад вопратку, глыбока ў скуру. Яшчэ іх забаўляла біць з размаху ў плячо так, што боль не праходзіў пасьля гадзінамі.
Гэтыя каты нутром чулі сваю ахвяру. Яны адразу ж вылучалі белых варонаў, адсартоўвалі адзіночак, летуценьнікаў з чулаю душою, залішне разумных. Адною зь іхніх ахвяраў быў Ганс, маўклівы хлопец, які збольшага кантактаваў зь дзяўчатамі. Перасьледнікі ўсталявалі татальны кантроль над ягоным жыцьцём і запалохалі да такой ступені, што ён больш не наважваўся сам выходзіць у калідор. Ён спрабаваў схавацца за сьпінамі сяброў, трымацца ў самай сярэдзіне статку, як слабая антылёпа. Толькі праз шмат гадоў, калі ён зьехаў у Стакгольм, ён змог адкрыць сваю гомасэксуальнасьць.
Другой ахвяраю быў Мікаэль. Таксама нясьмелы й замкнёны ў сабе хлопец, які ня мог адказаць. Ён быў не такі, як усе, было бачна, што й сам ён так лічыць. Неяк падчас заняткаў, калі настаўнік працы выйшаў з клясы, Мікаэля абкружыла цэлая банда. Пад правадырствам Уфэ, галоўнага садыста клясы, яны прыняліся выпрабоўваць на сваёй ахвяры прыёмы задушэньня. Уфэ павольна сьціскаў прапахлымі тытунём пальцамі кволую шыю — усё мацней і мацней, пакуль небарака не заквакаў жабаю. Аднаклясьнікі стаялі й глядзелі, але ніхто й слова не сказаў. Замест гэтага ўсе назіралі зь відавочнаю зацікаўленасьцю. Вось што, значыцца, адбываецца, калі цябе душаць! Глянь, як у яго вырачыліся вочы! Неўзабаве яшчэ некалькі хлопцаў захацелі паспрабаваць. Ім нават ня трэба было ўтрымліваць сваю ахвяру: хлопца ўжо паралізавала ад жаху. Чорт, ён зараз пачне ванітаваць, лепш яго, пэўна, адпусьціць. Можа, хто-небудзь яшчэ? Давай паспрабуй! Глянь на «батаніка», што, перапужаўся? Рукі сюды, ніжэй, тут не сасьлізгвае. Кх-кх, кх-кххх! І ты давай, ён усё роўна нікому ня вякне! Сьмешна, што за шыя, такая кволая, халера!
Настаўнікі, напэўна, здагадваліся, што адбывалася ў калідорах, але не наважваліся ўмешвацца. Некаторым і самім даставалася. Адну настаўнічку з паўднёвай Швэцыі сыстэматычна даводзілі да гістэрыкі, і яна штораз са сьлязьмі на вачах выскоквала з клясы. Вучні пагардліва хмыліліся ёй у вочы, што б яна ні казала, адмаўляліся выконваць заданьні, хавалі ейныя кніжкі, рабілі непрыстойныя заўвагі, бо яна была ня замужам, падкідвалі ёй у торбу парнаграфічныя здымкі ды шмат яшчэ чаго такога ж кшталту. У гэтую гульню ўцягвалася ўсё больш і больш вучняў, як толькі ім падварочваўся шанец: Зусім звычайныя хлопцы й дзяўчаты. Мае аднаклясьнікі. Заводзіліся з паўабароту, іх ажно расьпірала зь сярэдзіны. Часам паветра распалялася да такой ступені, што ў клясе было цяжка дыхаць.
Як толькі я пачуў сола Холгеры, адразу зразумеў, што хлопца чакаюць непрыемнасьці. Вось такія хлюпікі звычайна й робяцца ахвярамі катаў тыя, хто залішне вылучаецца з натоўпу. Я й раней бачыў яго ў школьных калідорах, але асаблівай увагі не зьвяртаў. Ён быў крыху дзіклівы, аднак даволі ветлівы. Адзін з тых вясковых ціхоняў, якія пераважна трымаліся паасобку зьбіраліся групкамі ў кутах і нешта мармыталі адзін аднаму па-фінску. Яны заўсёды пачуваліся няўтульна ў Паяле, раённым цэнтры. Холгеры расказаў мне пра цяжкасьці, зь якімі ён сутыкаўся ў першыя тыдні кожнага навучальнага году. Усе тры летнія месяцы ён размаўляў па-фінску а тут раптам трэба перабудоўваць мозг на швэдзкую. Першыя два тыдні ён блытаўся ў словах, гарадзіў памылкі, таму самым надзейным было маўчаць.
Холгеры жыў у Кіхланкі, і мы часта стаялі разам на прыпынку чакаючы аўтобус. Мы гаварылі звычайна пра музыку. Я пацікавіўся, адкуль ён умее граць на гітары, а Холгеры адказаў, што гітара была бацькава. Той памёр некалькі гадоў таму, але што дакладна зь ім здарылася, Холгеры не хацеў расказваць. Самымі яскравымі дзіцячымі ўспамінамі было, як ён сядзіць у бацькі на каленях і слухае, як той грае заліхвацкія песьні, як весела выкрыквае словы, ахоплены п’яным запалам, як выцірае сьліну з вусоў, падстрыжаных манікюрнымі нажніцамі, а пасьля частуе сына ляндрынкамі. Калі бацька памёр, гітара засталася вісець на сьцяне. Холгеры зьняў яе аднойчы, перабраў пальцамі струны, і яму падалося, што ён чуе татаў голас, які ляціць аднекуль з глыбіні лясоў, дзе бацька знайшоў урэшце свой спакой.
Маці Холгеры выйшла датэрмінова на пэнсію — здалі нэрвы, — а сын застаўся для яе адзінай уцехай у жыцьці. Таму калі Холгеры захацелася электрагітару ды ўзмацняльнік, маці адразу ўсё набыла, хоць у яе самой грошай не ставала нават на вопратку ды абутак.
Як і я сам, Холгеры гадзінамі сядзеў перад радыё. Ставячы пальцы на сваё разуменьне, ён іграў сольныя партыі ды быў у сваім фантазійным сьвеце сапраўднаю супэрзоркаю, геніяльным выканаўцам, перад якім публіка слупянела ў захапленьні. Гэта стварала ў нашай групе пэўныя праблемы. Ніілу трэба было яшчэ шмат пацець на сваёй гітары, каб навучыцца хутка мяняць акорды. Холгеры быў куды спрытнейшы ў тэхніцы, але, з іншага боку, быў глухі да таго, што рабілі астатнія. Ён пачынаў або залішне рана, або са спазьненьнем, і амаль ніколі ня ўпісваўся ў мэлёдыю. Я спрабаваў быў па-сяброўску паразмаўляць зь ім на гэты конт, але ён або ня слухаў або толькі загадкава ўсьміхаўся. Холгеры быў з тых людзей, каму цяжка быць простымі. Ён нібы карункі выплятаў са сваёй музыкі. Просіш яго ўзяць ноту, а ён табе акорд, падстроісься пад ягоны акорд, а ён табе адразу рыф, прыйшоўся даспадобы рыф, як Холгеры кідае яго й выдае сола або робіць пераход у іншую танальнасьць. За ім немагчыма было ўгнацца. Першы час Нііла адчуваў да Холгеры непрыязь — рэч, вядома, была ў зайздрасьці, — але разам з тым ён разумеў, што бяз гэтага хлопца нам не абысьціся.