Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 19)
А пасьля ўсё скончылася, пасьля насунулася цемра. Пасьля ўрэшце сьціх пажар.
Мы прачнуліся, скурчаныя ў моху, і адчулі, што зьмерзьлі як сабакі. Нас абкружаў лес, шэры ды ёдкі. Запэцканы нож ляжаў непадалёк, але чэлес зьнік бязь сьледу.
Я кіўнуў увесь калоцячыся ад холаду. Стары чорт падмяшаў нам яго ў каву. У магільным маўчаньні мы рушылі ў адваротны шлях. Некалькі разоў мы мусілі спыняцца, рабілі паходнае вогнішча, марачы ўрэшце апынуцца ў сваіх цёплых ложках.
Мінуў тыдзень, і на нашых лабках зьявілася першае валосьсе.
РАЗЬДЗЕЛ 11
Мой бацька быў з маўклівай пароды. Ён паставіў у жыцьці тры мэты і, выканаўшы ўсе тры, пачаў выпраменьваць нейкую самазадаволенасьць — зь цягам часу яна раздражняла мяне ўсё больш. Па-першае, яму хацелася быць моцным, і праца на лесанарыхтоўцы наліла ягоныя цягліцы сілаю. Па-другое, ён жадаў дасягнуць фінансавай незалежнасьці. І па-трэцяе, ажаніцца. Цяпер, калі ўсё гэта спраўдзілася, надышла мая чарга несьці гэты факел далей, і з кожным новым днём я ўсё мацней адчуваў на сабе ціск. Так ці інакш, дрыньканьне на гітары не асабліва шанавалася маім бацькам. Затое ён мог даць мне самую тупую пілу ды прымусіць пілаваць дровы, каб я разьвіў свае плечы. Часам бацька правяраў, ці не ўхіляюся я, тады ён выцягваў наперад сваё вялізнае падбародзьдзе, падобнае да драўлянага чаравіка, і насоўваў брыль фуражкі, якая ледзь трымалася на ягоным нізкім спусьцістым лобе. Як і шмат хто з турнэдаленцаў, ён меў досыць кволую расьліннасьць на твары, таму шчокі ў яго былі пухлыя й бялёсыя, амаль дзіцячыя, а ў сярэдзіне гэтай дзежкі тырчаў нос. Ён нагадваў радыску, якую пачалі выцягваць і скрывілі, — мне заўсёды хацелася ўчапіцца за яе ды выправіць.
Бацька моўчкі назіраў, як я пілую ды абліваюся потам. Урэшце ён працягваў да мяне сваю пяцярню, вымяраў мае біцэпсы двума пальцамі ды шкадаваў, што я не нарадзіўся дзяўчынкаю.
Сам бацька быў сапраўдны бамбіза, як і васьмёра ягоных братоў: усе яны мелі шырачэзныя плечы ды магутную бычыную шыю, якая вытыркалася сьпераду бугром, і таму браты падаваліся крыху гарбатымі. На жаль, я ня шмат з гэтага атрымаў у спадчыну, інакш я, прынамсі, пазьбег бы зьдзекаў якія дазвалялі сабе нападпітку мае сваякі на сямейных гулянках. Але збольшага мускулы ў мяне ўсё ж былі амаль як бацькавы — вынік цяжкае фізычнае працы з трынаццацігадовага веку. Раней усе пачыналі з працы ў лесе. Узімку да зьнямогі валілі дрэвы, каб выканаць нарад. З надыходам вясны сплаўлялі лес рэчкаю, нарыхтоўвалі сена, вырубалі пад пасевы лес і асушалі балоты, каб атрымаць некалькі кронаў ад дзяржавы, а пасьля, у свой вольны час, кожны з братоў вырубіў сабе па хаціне, уручную пілуючы па начох дошкі. Такое жыцьцё загартавала іх ня горш за сталь з кенгіскіх руднікоў.
Малодшы з маіх дзядзькаў Вільле, доўгі час хадзіў бабылём, і мала хто думаў, што ён ужо калі ажэніцца. Вільле неаднаразова езьдзіў сватацца ў Фінляндыю, але кожны раз вяртаўся без улову, і ўсё ня мог зразумець, што ён рабіў ня так. Пакуль ягоны сусед ня даў яму неяк парады:
— Табе трэба купіць аўто.
Вільле так і зрабіў — ён купіў старэнькае «вольва». Пасьля зноўку выправіўся ў Фінляндыю ды адразу ж там заручыўся — і толькі дзіву даваўся, як ён сам не дадумаўся да такой простай рэчы.
Вясельле гулялі падчас вакацый у самае лета, і бацькоўская хата напоўнілася сваякамі. Мне ўжо было амаль трынаццаць, і я мусіў упершыню сядзець за адным сталом з дарослымі. Сьцяна з маўклівых мужыкоў — плячо ў плячо, як каменны маналіт, а паміж імі, нібы кветкі на скале, іхнія прыгожыя фінскія жонкі. Па старой завядзёнцы ніхто з сваякоў не прамовіў ані слова. Усе чакалі ежы.
Трапэза пачалася з сухіх хлябцоў з ласосем. Кожны госьць пераварочваў хлеб дзірачкамі ўніз, а пасьля ўжо намазваў масла. Мазаць трэба эканомна — так вучылі іх бедныя бацькі. Пасьля ішлі сьвежанарэзаныя лустачкі салодка-салёнага ласося, употай налоўленага сеткаю паблізу Кардысу. Ледзяное піва. Ніводнага лішняга камэнтару. Толькі маладыя, якія сядзелі на чале стала, заклікалі гасьцей браць яшчэ. Сківіцы-жорнавы з храбусьценьнем перамолвалі хлябцы, шырокія сьпіны згорбіліся, бровы насупіліся — усе сканцэнтраваліся на ежы. Кухаркі, нанятыя на сьвята, выцягвалі са склепу стравы й бутэлькі. Маці маладой, якая жыла ў фінскай частцы Колары й добра, такім чынам, ведала ўсе мясцовыя звычаі, заявіла, што ніколі ў жыцьці ня бачыла, каб працоўныя мужыкі елі так мізэрна мала, пасьля чаго ўсе ўзялі па новай порцыі.
Потым на стале зьявіўся чан, у якім дымілася й булькатала мясная зацірка: мяккія кускі аленіны, якія прыемна лашчылі нёба, залацістая рэпа, салодкая духмяная морква ды жоўтыя кубікі бульбы — усё гэта плавала ў сакавітым булёне, які меў смак поту й лясоў; тлушч расплываўся па паверхні, нібы колы ад удару харыюса ў рачной затоцы бязьветранаю ноччу. Тут жа паставілі выварку са сьвежазваранымі мазгавымі косткамі. Канцы костак адпілавалі, а побач паклалі драўляныя палачкі — калупай сабе тлустую кашку знутры; шэрыя мазгавыя трубачкі мелі такі далікатны смак, што ажно раставалі ў роце. Ніхто з мужыкоў не ўсьміхаўся, але яны, відавочна, павесялелі ды з палёгкаю ўздыхнулі, калі ўбачылі знаёмую ды такую смачную ежу, ёй можна было добра набіць пуза ды атрымаць порцыю сілы й бадзёрасьці. На сямейных урачыстасьцях, асабліва на вясельлі, заўсёды знойдзецца які-небудзь надзейны й разумны сваяк, у якога зьявяцца прыдуркаватыя ідэі наконт таго, што належыць і было б пажадана зрабіць: пачне частаваць усіх травою, называючы яе салатай, або рознымі падліўкамі са смакам мыла, або пакладзе залішне відэльцаў каля талеркі ды падасьць на стол напой пад назваю віно, такое кісла-горкае, што вусны зводзіць, і ты гатовы ўсё аддаць за глыток масьлёнкі.
Госьці разам запрацавалі лыжкамі. Гучнае сёрбаньне радавала кухарак да глыбіні душы. Раты напаўняліся салёным булёнам, узгадаванай у лесе дзічынаю, караняплодамі, якія ўвабралі ў сябе сокі роднай зямлі; на стол выплёўваліся храсткі ды жылы, з костак высмоктваліся мазгі, а з падбародзьдзяў гасьцей капаў тлушч. Кухаркі, зьбіваючыся з ног, разносілі талеркі зь ячменнымі булкамі — толькі зь печы, — якія захавалі водар бярозавага дыму; хлеб быў яшчэ такі гарачы, што на ім плавіліся кавалачкі масла, выпякаўся ён з мукі з нарляндзкага ячменю, сасьпелага на ветры, пад сонцам і моцнымі дажджамі, сытны хлеб, ад якога сківіцы ў селяніна застывалі ў незямной асалодзе, вочы закочваліся дагары, а кухаркі толькі ганарліва пераглядаліся паміж сабою ды пасьмейваліся, страсаючы муку са сваіх спрытных рук.
Падышоў час для першай чаркі. Бутэльку нясьпешна ды асьцярожна вынесла старая кухарка, найменш набожная з усіх. Мужыкі перасталі есьці, потым, пакруціўшыся з боку ў бок, выпусьцілі газы і, выцершы з падбародзьдзя рэшткі ежы, праводзілі рэліквію поглядам. Згодна з інструкцыямі бутэльку ўнесьлі закаркаваную, але цяпер, на вачах усіх прысутных, корак пачалі адкручваць — ахоўнае кольца трэснула, і ўсе зразумелі, што іх будуць частаваць сапраўдным фабрычным алькаголем, а не якой-небудзь самагонкаю: было відавочна, што гаспадары не паскупіліся на пачастункі. Бутэлька ўся запацела, госьці з пашанаю маўчалі, і толькі кроплі, як ледзяныя пацеркі, дзылінькалі аб сьценкі шклянак. Заскарузлыя пальцы абхапілі малыя заінелыя чарачкі. Малады адпусьціў братам сваім усе грахі, пасьля чаго ўсе разам адкінуліся назад і заглынулі халодную дзіду глыбока ў глотку. Па шэрагах гасьцей пранёсься ўздых, а самы гаманкі з мужыкоў вымавіў «амэн». Кульгаючы зь цяжкою бутэлькаю, старая наліла гасьцям па другой. Маці маладой абурана зараўла сваім басам, што яе зусім не зьдзіўляе, што ва ўсёй фінскамоўнай акрузе яе дачка не магла парадніцца з больш пераборліваю ў ежы сям'ею, і што, калі хто раней ня ведаў, ежу трэба есьці ротам, пасьля чаго кухаркі ўцягнулі новыя чыгункі з гарачым мясам і мазгавымі косткамі, і ўсе наклалі яшчэ па порцыі.
Мужыкі выпілі па другой, а зь імі й жанчыны. Акрамя тых, хто быў за стырном. Насупраць мяне сядзела страшэнна прыгожая фінка з Колары. У яе былі карыя, амаль арабскія вочы ды чорнае, як крыло крумкача, валосьсе. Яна відавочна была з саамскага роду, а на грудзях у яе блішчэла вялізная срэбная брошка. Яна ўсьміхнулася мне, агаліўшы свае вострыя белыя зубкі, і перадала мне палову сваёй чаркі. Яна ня вымавіла ні слова, а толькі паглядзела на мяне, адкрыта й дзёрзка, амаль пагрозьліва. Усе мужыкі застылі — лыжкі з супам завісьлі ў паветры. Бакавым зрокам я ўбачыў, што бацька хоча мяне спыніць, але я ўжо пасьпеў схапіць чарку. Тонкія пальцы жанчыны матыльком пырхнулі па маёй далоні, і мне зрабілася так хораша, што я ледзь не праліў гарэлку.
І ўрэшце мужыкі загаманілі. Упершыню за ўвесь дзень паміж імі пачалося нешта кшталту размовы. Напэўна, мерзлату ў іхнім роце растапіла гарэлка, і першаю тэмаю для абмеркаваньня было, ці пачне небарака ванітаваць, ці проста падавіцца й выплюне гарэлку на абрус — бо выгляд у яго такі мізэрны й зялёны. Бацька ўжо напалову падняўся, каб пакласьці ўсяму гэтаму канец, не зважаючы на пагрозьлівыя погляды братоў, і я зразумеў, што мне трэба дзеяць як мага хутчэй.