Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 20)
Я рэзка закінуў галаву ды праглынуў усё разам, прыблізна як мікстуру. Гарэлка пацякла ўніз па целе, як мача струменіцца празь сьнег; мужыкі заўсьміхаліся. Я нават не закашляўся, а толькі адчуў у жываце пякучы агонь, і мне дзіка захацелася ванітаваць, але я сябе нічым ня выдаў. У бацькі быў незадаволены выгляд, але нічога ўжо ня зробіш, а ягоныя браты заявілі, што хлопец, пэўна, усё ж зь імі адной крыві. Пасьля яны пачалі хваліцца неверагоднай устойлівасьцю свайго роду да алькаголю, грунтоўна падмацоўваючы гэтае цьверджаньне маляўнічымі гісторыямі ды эпізодамі. Вычарпаўшы пасьля працяглых дыскусій тэму, яны перайшлі да абмеркаваньня небывалай трываласьці нашага роду ў лазьні й прывялі ня менш грунтоўныя доказы. Аднаго з мужыкоў адразу ж паслалі растапіць лазьню, і ўсе, дзівячыся самі сабе, пачалі абмяркоўваць, чаму такая простая думка прыйшла да іх толькі цяпер. Пасьля гэтага размова пайшла аб проста неверагодным таленце нашага роду да цяжкае фізычнае працы, слава пра які шырылася па абодва бакі мяжы, і ў доказ таго, што гэта не пустыя выхваляньні, сваякі пачалі прыводзіць найбольш прыстойныя з тых гісторый, якія хадзілі пра нас у народзе.
Сваякі з боку маладой пачалі выяўляць прыкметы лёгкай незадаволенасьці. Найперш двое бамбізаў, якім ужо даўно карцела ўвязацца ў размову. Урэшце самы красамоўны зь іх раскрыў сваю глотку ўпершыню за гэты вечар зь іншай мэты, як паесьці. Пасьля чаго зьдзівіў усіх сваім зьедлівым камэнтарам наконт сваякоў, якія шмат вылузваюцца й дазваляюць сабе пры людзях несьці ўсякую лухту. Бацька з братамі праігнаравалі гэты выпад і паглыбіліся ў гісторыю пра аднаго іхняга продка, які цягнуў на карку мех мукі на паўцэнтнэра, а яшчэ чыгунную печку й хворую жонку ў дадатак і ніводнага разу за сорак кілямэтраў ня скінуў паклажы, нават калі спыняўся адліць.
Кухаркі прынесьлі цяпер вялізны паднос з гарою розных хатніх ласункаў. На ім былі пшанічныя булачкі, мяккія, як дзявочыя шчочкі, белыя храбусткія цесткі, сакавітыя сьмятаньнікі, хрусткія завітушкі, цукровыя булкі ў яечнай глязуры, румяныя пончыкі, слоеныя пірагі з чароўным начыньнем з касьцяніцаў — і гэта толькі невялікая крыха ўсяго! Пасьля прынесьлі поўныя па самыя берагі міскі з узьбітымі вяршкамі ды разагрэтае марошкавае сочыва, якое захавала смак сонца. Усе загрукаталі, разьбіраючы парцалянавыя кубкі; вугольна-чорную каву разьлівалі з грувасткіх кафэйнікаў, кожны зь якіх мог наталіць смагу вялікага царкоўнага прыходу. Залатыя галовы адмысловага сыру да кавы, ня меншыя за зімовыя шыны, выкочваліся на стол, а за імі й найгалоўнейшы далікатэс усёй гэтай кулінарнай пышнасьці — кавалак вяленай аленіны. Спачатку адразалі лустачку аленіны, налівалі кавы, падмешвалі ў яе сыру ды клалі паміж вуснаў кавалачкі белага цукру. Пасьля дрыготкімі пальцамі асьцярожна пералівалі каву ў сподак і з асалодаю сёрбалі дар Царства Боскага.
Я выпіў кавы, і млосьць прайшла. Усё нібыта праясьнілася. Імглістая хмара зьнікла, і перад вачыма раптам адкрылася ўся прыгажосьць краявіду. Mae вочы нібы ператварыліся ў два гарачыя яйкі, і я заўважыў што бычыныя галовы братоў пачалі раптам разьдзьмувацца да неверагодных памераў Кава мела ўжо іншы смак, счарнела й загусьцела. Мне жудасна хацелася павыхваляцца. Потым мяне разабраў сьмех, і я ніяк ня мог спыніцца, ён узьнікаў дзесьці ўнізе жывата ды рваўся адтуль вонкі. I тут мой позірк упаў на прыгожую фінку, і я падумаў пра яе ўлоньне — зусім мімаволі — і пачаў амаль трызьніць ейнаю прыгажосьцю.
—
Усе зарагаталі, а зь імі я сам, ледзь не зваліўшыся з крэсла. Пасьля, пажаваўшы вяленай аленіны з сырам і расплюхаўшы па стале каву, падумаў, што вось я ўрэшце круты пацан. Маці маладой скардзілася на вераб’ёў за сталом, якія ніяк не хацелі есьці, і ўсё дзівілася таму, як увогуле ў такіх пераборлівых мужыкоў атрымлівалася размнажацца, а такога грэбаваньня турнэдаленскай шчодрасьцю яна ўвогуле ня бачыла з тых часоў, як швэдзкі кароль адмовіўся выпіць чарку ў Воякале. Усе адразу ж узялі дабаўку. На што маці маладой злосна заявіла, што калі госьці й далей будуць так мізэрна есьці, з адной толькі ветлівасьці, тады яны могуць засунуць усе гэтыя булкі ў іншую дзірку бо й ейнае цярпеньне не бязьмежнае. І хоць жываты ва ўсіх ледзь ня лопаліся, а рамяні былі зашпіленыя ўжо на апошнюю дзірачку усе госьці наклалі сабе па новай. А пасьля яшчэ. І яшчэ. Пакуль урэшце не прыйшоў канец. Ніхто з гасьцей ужо больш ня мог зьесьці ні дробкі.
Тады прапанавалі яшчэ каньяку. Большасьць адмовілася, за выняткам некалькіх фінак. Але калі б, зь іншага боку засталася гарэлка, ад яе адмаўляцца б ніхто ня стаў, бо
Нехта раптам аднавіў гутарку, так нядбайна ўсімі закінутую, і браты імгненна далучыліся да яе. Прыгадалі, як аднойчы ў дзеда пасьлізнуўся на ўежджаным шаране конь, і як тады яму давялося цягнуць на сабе воз з дровамі, куды ён яшчэ ўклаў і стрыножанага каня. А яшчэ як іхні стрыечны брат, калі меў гадоў восем, здужаў адцягнуць лодку ўверх па плыні за дзевяноста кілямэтраў, ад Матарэнкі да Кенгісу. Нагадалі пра тое, як бабчына цётка пайшла ў ягады і, напаткаўшы там мядзьведзя, забіла яго сякераю ды завалакла дамоў мяса, загарнуўшы яго ў шкуру. Пасьля пра братоў-блізьнятаў, якіх мусілі прывязваць па начох да ложка ў арцельнай хаце, каб тыя ў адзіночку не павысякалі дашчэнту ўвесь лес паблізу Аарэаваары. А таксама пра стрыечнага брата, якога ўсе лічылі прыдуркаватым і таму нанялі за палову мужыцкай аплаты плытагонам, і як ён першаю ж ноччу са сваёй уласнай ініцыятывы прачысьціў стомэтровы затор каля Торынэну. Бо так ужо павялося ў нашым родзе, што ўсе ў нас як адзін дужыя, трывалыя, упартыя, цярплівыя ды, галоўнае, сьціплыя працаўнікі — іншых такіх ва ўсім фінскім асяродзьдзі не адшукаеш. За што браты гучна чокнуліся ды аддаліся ўспамінам пра тое, як карчавалі агромністыя валуны, асушвалі бязьмежныя балоты, як вытрымлівалі найцяжэйшыя выпрабаваньні на цягавітасьць у войску, як аднымі рукамі цягнулі заглухлы грузавік трыццаць кілямэтраў паміж Пісыньемі ды Рыстымэлаю, як у рэкордны тэрмін скошвалі неабсяжныя лугі, як нашыя сваякі ўдзельнічалі ў бязьлітасных бойках і выходзілі зь іх пераможцамі, як адным ударам кулака забівалі ў стол пяціцалевы цьвік, як абганялі на лыжах паўднёвы цягнік, і пра ўсе астатнія непераўзыдзеныя подзьвігі, якія толькі можна было зьдзейсьніць пры дапамозе сякеры, матыкі, плуга, пілы, рыдлёўкі, бараны ды вілаў.
Усе зноў паднялі чарку. Ня менш праславіліся й жанчыны нашага роду за свой талент даіць кароваў, зьбіваць масла, ткаць палотны, зьбіраць ягады, пячы хлеб і грэбці сена — што таксама прывяло да ўсталяваньня непераможных рэкордаў сярод мясцовых жанчын. Ні ў якім іншым родзе, акрамя нашага, нельга было знайсьці больш працавітых і ўпартых баб. Мужыкі хваліліся яшчэ й тым, што выбіралі сабе ў жонкі менавіта фінак — гнуткіх, як вярбовыя пруты, трывалых, як паўночныя алені, ды прыгожых, як бярозкі каля блакітных азёраў, а яшчэ ў іх былі здаравенныя дупы, якія зь лёгкасьцю ды ахвотаю нараджалі ім дзяцей-здаравякоў.
Сваякі з боку маладой сядзелі між тым моўчкі, на фінскі манер, і, слухаючы ўсю гэтую балбатню, пачыналі пакрысе раздражняцца. Урэшце самы мажны й лысы зь іх, Ісма, падняўся ды заявіў, што столькі глупства па-фінску ў гэтай мясцовасьці яму не даводзілася чуць з часоў экстрэмісцкага руху ў Лапуа. Тады мой бацька заўважыў у нетыповай для сябе зьедлівай манеры, што ўсё сказанае тут было агульнапрызнаным фактам і што, калі хто са сваякоў зайздросьціць або адчувае сваю недасканаласьць, ён першы гатовы выказаць ім свае шкадаваньні.
Ісма працадзіў скрозь зубы, што ніхто ў сьвеце ня здольны скасіць за раніцу некалькі гектараў травы, назьбіраць за тры гадзіны некалькі соцень літраў марошкі, ніводная істота з крыві й плоці ня можа забіць здаравеннага лася адным ударам кулака, а пасьля зьдзерці зь яго шкуру ды разабраць тушу вечкам ад табакеркі. Дзядзька Эйнары, старэйшы з братоў, з хмурым выглядам заўважыў, што забіць лася — гэта яшчэ нішто ў параўнаньні з усімі іншымі бяспрыкладнымі подзьвігамі, якія наш род зьдзейсьніў кулакамі, і ня ў меншай ступені гэта датычыць вясельляў і найперш розных там выскачак, якія зашмат разяўляюць ляпу ды абвінавачваюць прыстойных людзей у ілжы. Ён бы шмат чаго мог яшчэ дадаць — так у яго разьвязаўся язык, калі б ня жонка, якая закрыла яму рот далоньню. Тут Ісма выклаў на стол сваю руку. Агромністую, як тэлеграфны слуп. Ён заўважыў, што бойкі — досыць рызыкоўны й ненадзейны сродак памерацца сілаю, а вось барацьба на руках хутка й безапэляцыйна пакажа, хто мацнейшы.