реклама
Бургер менюБургер меню

Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 18)

18

Русьсі-Юсьсі сядзеў за сталом. На ім быў зашмальцаваны фартух, калісьці белага колеру, а на галаве — нядбайна завязаная рудаватая хустка, з-пад якой выбіваліся ільсьняныя сівыя кудлы даўжынёю да пляча. У кухні стаяў устойлівы старэчы пах — кіслы задушлівы смурод, сумесь падгарэлага малака ды тухлага мяса. Там быў таксама пах, які можна сустрэць ва ўсіх хатах у Турнэдалене: ледзь чутны прыпах, які ідзе зь землянога склепу ды ад тканых дарожак, — прыпах вільгаці й заплесьнелай воўны. Калі ўжо пах галечы пражывіў хату наскрозь, яго ўжо ня зьнішчыць ніякімі рамонтамі.

No nykkös tet tuletta. Hy, вось вы й прыйшлі.

Ён паказаў на накрыты стол, на якім іх ужо чакалі два кубкі з гарачаю каваю. Ён нейкім чынам адчуў, што мы да яго едзем. Насьцярожана паглядаючы спадылба, мы пачалі ўцягваць у сябе каву, якая мела нейкі дзіўны прысмак кіслай калодзежнай вады.

Падпарадкаваўшыся грубаму загаду Нііла, запінаючыся, расказаў сваю гісторыю па-фінску. Усё, пачынаючы ад бабулінай сьмерці тры гады таму й заканчваючы яе вусьцішным вяртаньнем і падступнымі спробамі задушыць Ніілу ў ложку. Русьсі-Юсьсі задуменна чухаў шчаціньне сваім кашчавым указальным пальцам. Адрослы пазногаць быў ахайна заточаны пілкаю. Па баках засталіся рэшткі чырвонага ляку.

Калі мы змоўклі, стары неяк дзіўна на нас паглядзеў. Ягоны позірк акамянеў, вочы зрабіліся шклянымі й нерухомымі. Твар зморшчыўся, нібы завязаны ў вузел. А пасярод маршчынаў пачалі пашырацца зрэнкі, якія раптам зазьзялі, як чорныя адтуліны дубальтоўкі. Левая рука пачала дрыжаць, а мезенец закруціўся ва ўсе бакі, нібы флюгер, пакуль не застыў, адтапыраны ўбок. Пакрысе ягоны твар зьмякчэў і зрабіўся фіялетавым ад уздутых на скуры венаў. Мы не асьмельваліся нават варухнуцца.

— Ёсьць адзін сродак, — сказаў па-фінску спакойны й надзіва прыгожы голас.

Старэчага бражджаньня больш ня было. Замест яго мы пачулі дзівосна цёплы й мяккі альт. І раптам мы ўбачылі жанчыну. Яна была там увесь час, толькі хавалася пад вонкавай абалонкаю. Цяпер яна нібы схілілася наперад за цёмным люстэркам, націснула на паверхню й разгладзіла знутры зморшчыны старога. Перад намі была прыгажуня. Прывабныя жаночыя вусны, высокі й роўны лоб, бровы дугою, пранізьлівы й такі маркотны погляд.

— Ёсьць адзін сродак, — паўтарыла жанчына й на імгненьне змоўкла, павярнуўшыся крыху. — Старая карга мусіць сысьці пад зямлю... Вядзьмарка згіне, калі ў яе адрэзаць чэлес...

Яна замаўчала. Усё яе доўгае цела здрыганулася — так ападае са старой яліны сьнег. З вуснаў прарвалася прыглушанае шыпеньне, і мы адхіснуліся, адчуўшы на сабе смуроднае дыханьне. Паступова да нас вяртаўся Русьсі-Юсьсі. Ён падаваўся стомленым, яго біла дрыготка, ён абхапіў сябе рукамі.

— Пераначуйце ў мяне, — сказаў ён умольным голасам, і мы ўбачылі чалавека, які невыносна пакутуе ад самоты.

Мы адмовіліся так ветліва, наколькі маглі.

— Вы застаняцеся, каб вас!.. — патрабаваў ён, усё больш раздражняючыся, і ягоныя кусьцістыя бровы сышліся ў адзін непралазны зарасьнік.

Мы падзякавалі й дапілі каву, пасьля падзякавалі яшчэ раз і яшчэ, паступова падбіраючыся сьпінаю да дзьвярэй. Русьсі-Юсьсі падняўся зь месца ды пайшоў за намі. На вільготных вуснах зьявілася прыязная ўсьмешка, рукі пацягнуліся да нас, каб абняць. Мы тузанулі дзьверы ды рынуліся да мапэда. Ускараскаліся на яго, ахопленыя непадробным жахам. Не заводзіцца! Як Нііла ні націскаў на пэдаль — нічога. Рухавік быў мёртвы. Я паспрабаваў падштурхнуць. Русьсі-Юсьсі спускаўся з ганку ў жаночых тэпцях, ягоны погляд умольваў нас.

— Пачакайце... Толькі памацайце крыху...

Раптам я адчуў на сваім карку ягоныя вострыя пазногці. Яны ўпіліся ў мяне, нібы кіпцюры, і папаўзьлі па сьпіне.

— Hiiri tulee... Ідзе пацук...

Уніз на ягадзіцы. Я рэзка павярнуўся. Ягоны рот быў ужо нада мною, вялікі й вільготны, як мяшок, твар залівала сьліна — я патану. Так мокра, залішне мокра...

Ён павольна лашчыў мяне, не адрываючы ад мяне погляду. Ён мусіць заўважыць. Ён мусіць убачыць, што я не хачу!

Я пачаў вырывацца. Ён прыціснуў мяне яшчэ шчыльней. А рука ўсё блукала й блукала.

Пасьля ўсё прарвалася вонкі. Маскі больш не было. Паліліся сьлёзы, заліваючы твар. Ён не хаваў іх, проста стаяў, выстаўляючы на паказ свой боль, і чакаў, каб я яго выратаваў. Але мяне там не было. Ён перагнуўся папалам, разьвярнуўся ды паплёўся назад у хату.

У тое самае імгненьне завёўся рухавік. Асьцерагаючыся пагоні, мы ўмомант перасеклі двор і памчаліся да прасёлкавай дарогі. Лес ахінуў нас супакаяльным змрокам, высока ўверсе ў вечаровым сонцы паблісквалі верхавіны дрэваў. Я з усяе моцы ўхапіўся за бакавіны прычэпа, каб мяне ня выкінула на хуткасьці. Адчуваў як спадае напружаньне, як ад грудзяў адыходзяць пакрысе курчы.

— Свабода! — закрычаў я, заглушаючы шум рухавіка. Нііла збавіў хуткасьць. У роце па-ранейшаму заставаўся смак старога ды ягонай ёлкай кавы, і я сплюнуў у друз, што пралятаў паўз нас. Мапэд пакрысе запавольваўся, і мы кацілі ўсё павольней і павольней, пакуль урэшце не спыніліся зусім. Рухавік заглух, і зрабілася ціха. Я паглядзеў запытальна на Ніілу. З адсутным выразам на твары ён глядзеў у бок бліжэйшага павароту.

— Гарыць, — сказаў ён.

Я нічога не зразумеў. Нііла заварушыў сківіцамі, нібы нешта жаваў, і я пачуў, як заскрыгаталі ягоныя зубы.

— Нам канец, — канстатаваў ён, ледзь варочаючы языком. Зьлез зь седала ды ціхенька пайшоў на дыбачках. Уніз у канаву, хістаючыся на ўсе бакі.

— Стой! — закрычаў я ды кінуўся быў наўздагон. Толькі тут я заўважыў, што ледзь магу ступіць на зямлю. Яна апусьцілася сантымэтраў на дзесяць, і я ўсё ня мог дацягнуцца да яе нагамі. Не было за што схапіцца пры хадзе, таму я мусіў няўпэўненымі крокамі сьлізгаць над зямлёю нібы на лыжах. Нііла быў ужо далёка ў лесе. Я ўхіляўся ад галінаў, але ўсё ж наскочыў на карлікавую бярозу, якая ледзь не зьбіла мяне з ног.

— Нііла, пачакай!

Ён стаяў, вырачыўшыся на сваю левую руку, нібы на нейкае чужое, варожае стварэньне, якое прысмакталася да ягонага цела.

— Чырвань, — сказаў ён.

Цяпер і я гэта ўбачыў. З-пад ягоных пальцаў прабіваліся языкі чырвонага полымя. Нііла тузануў рукою — ад яе аддзяліліся шматкі скуры ды падпалілі вопратку. Я пачаў спалохана аглядацца. Залішне позна. Увесь лес быў агорнуты полымем. Нас абкружыў моцны, але зусім бязгучны лясны пажар. Нііла меў рацыю: нам канец. Але было ўсё ж так прыгожа! Так чароўна прыгожа! Забыўшыся на страх, я пачаў плакаць ад замілаваньня, захацеў прытуліцца да якога-небудзь дрэва ды абдымаць яго, пакуль нас не праглыне агонь. Колеры згушчаліся й шырыліся. Зь верхавін дрэваў на нас сыпаўся яскравы дождж — сонечна-жоўты, залаціста-чырвоны, крывава-барвяны, фіялетавы. Я яшчэ вышэй узьняўся над зямлёю ды мусіў ухапіцца за Ніілу, каб зусім не зьляцець. Галава падавалася лягчэйшаю за рэшту цела ды цягнула мяне ўверх, як балёнік. Полымя ўсё разгаралася ды ўжо абступіла нас з усіх бакоў. А мы стаялі там, як дзьве счарнелыя трубы, і чакалі, калі прыйдзе боль.

У гэты момант Нііла выцягнуў нож. Маленькі бліскучы нож, плоскі, як рыбка. Правёў пазногцем па лязе. Я падняў вочы, і сэрца маё схаладнела ад жаху, люты мароз скаваў усе мае суставы, хоць агонь лізаў маю скуру. Я быў нібы лядзяк у чане зь мясным булёнам, а на паверхню ўсплывалі бурбалкі.

Перад намі стаяла старая карга. Ніілава бабка. Злавесна хіхікаючы, яна наблізіла да нас свой бяззубы рот — ссушаная здань у пахавальным саване — і распасьцерла рукі, нібы хочучы абняць. Жоўтыя пальцы-абцугі цягнуліся па горла. Нііла зрабіў выпад, але яна перахапіла ягоную руку з хуткасьцю гадзюкі, моцна ўчапілася ў яе й павольна заламала назад. Яна ўвесь час рагатала, а з рота капала сьліна, шыпячы, як каўбасны тлушч у полымі. У роспачы Нііла замахнуўся вольнаю рукою ды ўчапіўся старой у валасы. З усёй моцы ён ірвануў сівы густы пук. Бабка завыла ды ўпілася кіпцюрамі Ніілу ў горла. Адчула, як шалёна пульсуе ягоная кроў — малая перапужаная птушка, — і націснула яшчэ мацней.

Яна нібы пруса ціснула: раз — і толькі мокрае месца застанецца. Нііла закруціў ужо бабчыны валасы ў абаранку. Я паспрабаваў быў расьціснуць ейныя пальцы, але клюшні старой ланцугамі ўпіліся ў горла. Нііла хапаў ротам паветра, бязгучна крычаў, вочы наліліся крывёю. Тады ён адчайна рвануў валасы ўбок. Хрась! Пук валасоў адарваўся, нібы клок пустазельля, і паляцеў разам з рэшткамі гнілой скуры. Зь дзікім ровам яна выпусьціла горла ды кінулася шукаць свае валасы. Нііла злаўчыўся ды сарваў зь яе балахон. Пад ім нічога не было. Дзьве маршчыністыя нагі старой кабеты, а паміж імі чарнеў куст валосься. А ў сярэдзіне гэтага куста сядзела нешта брыдкае. Чэлес. Ён быў жывы. Выгінаўся нібы зьмей. Накідваўся на Ніілу ды пляваўся. Нііла схапіў яго за гузаватую галоўку моцна сьціснуў і адным ударам адсек чэлес каля самага кораня.

У тое ж імгненьне старая разявіла рот. Праз вогненнае мора пранёсься шалёны ўраган, і зямля раскрылася пад нагамі старой. І пачвара пачала зьнікаць у моху нібы хто ўцягваў яе зьнізу за ногі. Па пояс, па грудзі, яшчэ ніжэй, па горла. Але жудасны лямант старой змоўк не раней, чым зямля цалкам схавала ейны аблыселы чэрап.

Нііла застыў з крывавым чэлесам у руцэ. Я з агідаю дакрануўся да яго чорных пругкіх прожылак. Абцінак быў яшчэ жывы й рабіў спробы вызваліцца. Але Нііла не адпускаў.