Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 17)
У такім выпадку заставалася толькі адно. Мы абодва ведалі, што гэта мусіць здарыцца. Хто-небудзь з нас мусіў урэшце прапанаваць гэта. Першым быў я.
— Нам трэба ісьці да Русьсі-Юсьсі.
Нііла спалатнеў. Заплюшчыў вочы. Схапіўся за шыю, нібыта вісеў у пятлі.
Русьсі-Юсьсі быў адным з апошніх сапраўдных карабейнікаў у Турнэдалене й самым вусьцішным чалавекам у нашай мясцовасьці. Гарбаваты, падобны да крумкача стары, скурчаны як леташняя бульбіна, зь пячоначнымі плямамі на шчоках. Кручкаваты, нібы дзюба, нос, бровы зрасьліся, а вусны былі як у дзяўчыны — чырвоныя, пухлыя й вільготныя. Па характары Русьсі-Юсьсі быў зьедлівы, злапомны ды помсьлівы. З такімі звычайна пазьбягаюць знаёмства.
Паклаўшы кардонную валізу на багажнік, гэтае пудзіла калясіла па акрузе на сваім дамскім ровары. Ён увальваўся ў кухні з помпаю важнага службоўца, высыпаў на стол шнуркі, ланцугі, лясьёны, гузікі, насоўкі, лёзы, шпулькі ды пасткі для пацукоў. Але ў самай глыбіні валізы, у адмысловым аддзяленьні, ляжаў асобны тавар, які й рабіў Русьсі-Юсьсі такім запатрабаваным ды проста доўгачаканым госьцем. Гэта былі слоічкі з рудою глейкаю мазьзю, якая па-турнэдаленску завецца
Юсьсі нарадзіўся ў канцы мінулага стагодзьдзя ў Фінляндыі, якая на той час была расейскаю правінцыяй. Ён быў пазашлюбным сынам дваровай дзеўкі, якая выгадавала яго ў нянавісьці да ўлады й да ўсіх тых памешчыкаў, якія маглі без усялякіх для сябе наступстваў гвалціць сваіх наймітак. Яшчэ хлопцам, у 1918 годзе Юсьсі ўзяў удзел у грамадзянскай вайне на баку чырвоных. Пасьля разгрому ён, як і шмат хто зь ягоных братоў у няшчасьці, зьбег у наваствораны вырай для ўсіх працоўных — Савецкі Саюз. Але неўзабаве пачаў лютаваць Сталін: у кожным замежніку бачылі цяпер шпіёна, таму Юсьсі арыштавалі ды адправілі ў працоўны лягер у Сібіры. Там сабралася шмат фінскіх і турнэдаленскіх братоў-камуністаў, якія спрабавалі ўпэўніць сябе ў тым, што яны сталіся ахвярамі жудаснага непаразуменьня, якое мудры бацька народаў Іосіф у хуткім часе выявіць, і тады іх вокамгненна вызваляць, прынясуць урачыстыя прабачэньні ды ўшануюць іхнія заслугі.
Сярод ягоных сукамэрнікаў быў адзін стары лапар з Кольскага паўвострава. Яшчэ да зьняволеньня ён вельмі змарнеў: на месцы лапарскіх паселішчаў зьявіліся тады калгасы, нічога, вядома, благога пра Сталіна, але ўсё ж майстрам аленегадоўлі ён ня быў. Стары небарака адчуваў, што хутка сканае, а раз спаў на адных нарах зь Юсьсі, то вырашыў зрабіць таго сваім пераемнікам. На сумесі саамскай, фінскай ды расейскай ён дрыготкім шэптам расказваў Юсьсі пра чароўныя сілы й здарэньні. Пра гаеньне язваў ды вяртаньне звар'яцелым розуму, пра статкі аленяў, якія цудам пазьбеглі воўчых зубоў. Там былі словы. І яшчэ былі вочы, якія, нібы два яечкі, луналі ў паветры, а іхні ўладальнік ляжаў між тым, накрыты шкурай аленя. Там была кроў, якая зацякала назад у рану, пакуль на скуры не заставалася толькі белая адмеціна. Карацей кажучы, была магчымасьць выбрацца адсюль.
Доўгімі марознымі начамі стары лапар навучаў Юсьсі, як таму зьбегчы ды такім чынам зьберагчы ў час смуты гэтую старажытную мудрасьць, бо ў будучыні яна, бясспрэчна, спатрэбіцца.
— Як сканаю, — хрыпеў стары, — пакладзі мяне ў сумёт. Пачакай, пакуль не здранцьвею. Думаю, чакаць табе давядзецца ня так доўга, пакуль я цалкам акамянею. Тады ты мусіш адламаць у мяне мезенец зь левай рукі — там я сабраў усю сваю сілу. Выломлівай палец і адразу ж праглынай, пакуль ахоўнікі цябе ня ўбачылі.
Неўзабаве стары памёр, ён быў такі кашчавы, што ягонае цела заскрыгатала, калі Юсьсі яго павалок. Юсьсі зрабіў так, як казаў стары, і засунуў цела ў сібірскую лядоўню. З храбусьценьнем адламаў брудны мезенец, не марудзячы запхнуў яго ў рот і праглынуў. І з таго часу яму ніколі ўжо ня быць ранейшым.
Юсьсі дачакаўся красавіка, калі зіма ўрэшце пачала адступаць. Момант быў самы прыдатны: шарон быў цьвёрды й лёгкапраходны. Пакуль вартаўнікі па старой завядзёнцы аддаваліся сэнтымэнтальным размовам, па-чорнаму п’ючы гарэлку, Юсьсі вырашыў падацца на ўцёкі. Тады ён чароўным чынам ператварыўся ў жанчыну. І вось яна выйшла. Брудная, у лахманах, але такая прыгожая. Яна сьціпла пастукалася ў дзьверы вартоўні. Зачарованыя ейнымі салодкімі словамі, яны накінуліся адзін на аднаго ды біліся, пакуль іхнія кулакі ды твары не патанулі ў крыві. Шлях на волю быў адкрыты. З двума кавалкамі ссохлага хлебу й лязом ад нажа яна пачала сваё доўгае падарожжа ў Фінляндыю.
Наступнай раніцы вартаўнікі зладзілі бязьлітаснае паляваньне на ўцякачку. Але калі салдаты былі насьціглі яе, яна ператварыла іхні пах так, што іх разадралі на шматкі іхнія ж уласныя сабакі. Зь мяса забітых яна зрабіла сабе добры запас правіянту і, надзеўшы іхнія лыжы, менш як за два месяцы дабралася да мяжы, дзе перапаўзла пад калючым дротам на фінскі бок. На ўсялякі выпадак яна таілася, праходзячы цераз усю Фінляндыю, прабіралася скрозь самы гушчар лесу, пакуль не дайшла да ракі Турнээльвэн. А там, на другім яе беразе, яна й спынілася. У швэдзкай частцы Турнэдален.
Толькі цяпер, калі яму ўрэшце нічога не пагражала, Русьсі-Юсьсі вырашыў ператварыцца назад у мужчыну але гэта было ня так проста. Прайшло ўжо зашмат часу. Таму ён і мусіў хадзіць да скону ў спадніцы. Звычайна — у доўгай ваўнянай, але па сьвятах ён пераапранаўся ў прыгажэйшую, чорную. Акрамя таго, ён звычайна пакрываў свае сівыя кудлы хусткаю, а калі займаўся хатняю гаспадаркаю, апранаў яшчэ й даматканы фартух, але нават самы прапалы вясковы грубіян не наважваўся выскаляцца на гэты конт. Замест гэтага ўсе звычайна адводзілі погляд і саступалі Русьсі-Юсьсі дарогу, калі ён з шалёнымі вачыма каціў на сваім ровары, заваліўшыся наперад і дзіка разгойдваючыся з боку ў бок — толькі спадніца разьвівалася. Вядзьмарка з мужыцкім басам, біцэпсы, як у лесаруба, але ўся пранізаная нейкаю жаноцкаю выкрутлівасьцю.
Быў ясны веснавы вечар. Мы высьлізнулі на двор і пасьпяшаліся да Ніілавага дому. За рогам адрыны стаяў трохколавы мапэд старэйшага брата. Нііла адамкнуў яго ды пакаціў па леташняй пажухлай траве ў бок утрамбаванай сьцежкі. Калі мы адышлі так далёка, што нас не пачулі б з дому Нііла завёў рухавік. Мапэд чхнуў сіняватымі выхлапамі. Я ўладкаваўся ў прычэпе. Нііла паставіў першую хуткасьць і няўпэўнена павёў мапэд па грунтоўцы. Пакрысе мы разагналіся ды, бразгочучы й выпускаючы клубы дыму з двухтактавага рухавіка, пратарахцелі цераз усё паселішча.
Мы вырашылі ехаць па старой грунтоўцы па другім баку ракі, бо там было ня так шмат машынаў, на той выпадак, калі дарожная паліцыя выставіць свае патрулі. Расьліны пачалі жывіцца сокамі зямлі — неўзабаве лета залепіць зялёную аплявуху. У моху дагнівала леташняе лісьце, на голых бярозах набухлі пупышкі, а на сонечным баку канавы павылазіў хвошч, выгляд якога надта нагадваў выцягнутыя тарчма мужчынскія чэлесы. Ад талага лёду вада ў рацэ разьлілася ды падавалася сінявата-чорнаю. Мы ехалі ўверх па рацэ, бразгочучы па вузкай грунтоўцы, уздымаліся на стромкія ўзгоркі, а пасьля каціліся ўніз па скалістых схілах, праносіліся паўз бурлівыя ручаі ды зарослыя маладым асотам балотцы. Я паўляжаў у прычэпе, а мае грудзі напаўняліся веснавым сокам і духмянаю жывіцаю. Зь нізінаў пачало цягнуць вечароваю прахалодаю, і я адчуваў, як яна пакрысе забіраецца мне пад кальсоны. Толькі аднойчы на нашым шляху сустрэлася машына: нейкі хлопец вырашыў праверыць свой мадэрнізаваны «амазон» і на рэкорднай хуткасьці прамчаўся па простым адрэзку закінутай дарогі каля Аўт’ябрунскага мосту. Калі ён пайшоў на нас, друз загрукатаў па мапэдзе. Ад нечаканасьці я ўскочыў, а гэты зух нават не адарваў вачэй ад сьпідомэтра, як шалёны пранёсься паўз нас зь Ніілам.
Мы перабраліся цераз рэчку па аўтамабільным мосьце ды працягнулі шлях па больш шырокім, заасфальтаваным шасэ на Кіруну. Паўз нас праплылі паплавы ды чырвоныя дамкі мястэчак Эркхэйкі ды Юханп’еці, а пасьля зноў пайшоў лес. Часам па-за грувасткімі стваламі дрэваў праблісквала люстраною стужкаю рака. Лежучы на сьпіне, яна глядзела ў сьветлае веснавое неба, па якім цягнуліся клінам пералётныя птушкі.
Урэшце мы збочылі на выбоістую лясную дарогу. Мапэд падскокваў і завальваўся ўбок, спускаючыся па спадзістым прыгорку, а лес між тым радзеў і рабіўся ўсё больш празрыстым. Напрыканцы мы выехалі да ракі, на беразе яшчэ ляжалі рэшткі лёду. Далей ішлі бясплодныя лугі, раней адваяваныя ў тундры, але цяпер зарослыя асінкамі й карлікавымі ялінамі. Крыху вышэй на пагорку, на бясьпечнай адлегласьці ад вясеньняга паўнаводзьдзя, стаяў стары зруб. На пашарэлых сьценах чарнелі вачніцы шыбаў. Ля ганку стаяў дамскі ровар.
— Ён дома, — нэрвова прамямліў я й вылез з прычэпу. Азадак пабольваў пасьля працяглага падарожжа. Нііла заглушыў рухавік, і навокал зрабілася адразу ж неверагодна ціха. На слабых нагах мы мінулі двор і падняліся на ганак. У акне заварушыліся фіранкі. Я пастукаў і, хвалюючыся, пацягнуў на сабе рассохлыя дзьверы. Мы ўвайшлі.