реклама
Бургер менюБургер меню

Микаель Ниеми – Папулярная музыка зь Вітулы (страница 16)

18

Усё ж гэта адбывалася яшчэ да пачатку сэксуальнай рэвалюцыі. Разьвітаньне зь дзяцінствам і пачатак полавай сталасьці, калі на зьмену сяброўскім адносінам і статкаваму інстынкту прыходзіць герархія, якая грунтуецца на прывабнасьці. Нязграбныя палахлівыя дзяўчаткі маглі ўмомант ператварыцца ў даўганогіх прыгажунь з высокімі скуламі. А малыя хлапчукі з пухнатым валосьсем і сьмешнымі ямачкамі на шчоках — у насатых бабуінаў з драпежнымі ікламі. Які-небудзь маўклівы хлопец з Эркхэйкі мог зьнячэўку разгаварыцца й разьвіць у сабе небывалы чароўны шарм, а вось якую-небудзь дзяўчынку-рагатушку з Паялы магла, наадварот, апантаць незразумелая дэпрэсія, якая пакрысе ператворыць яе ў чалавека, зь якім ніхто больш ня хоча лічыцца.

Сам я быў з тых дзяцей, чый вонкавы выгляд з часам рабіўся толькі страшнейшым, а вось прыцягальнасьць, наадварот, узмацнялася. А Нііла страчваў ня толькі вонкавую прывабнасьць, але й рабіўся больш невыносным у зносінах, таму музыка засталася ягонай адзінай аддушынай у жыцьці.

Каб дапамагчы, я прапанаваў яму адну простую хітрасьць: пры знаёмстве зь дзяўчатамі думаць пра сьмерць. Надзіва эфэктыўны сродак, які ня раз ў жыцьці выручаў мяне самога. Ну, вось, пражыву я некалькі дзясяткаў нікчэмных гадоў і памру. Маё цела навечна ператворыцца ў тлен. Тое самае здарыцца й зь дзяўчынаю; мы перамяшаемся зь зямлёю ды зьнікнем. Праз тысячу гадоў усё, што мы мелі ў жыцьці, усе нашыя патаемныя мары й самыя жудасныя страхі — усё гэта спарахнее й разьвеецца з попелам. Дык якая мне тады розьніца, адмовіць яна мне ці не? Хай сабе фанабэрыцца ды сьмяецца мне ў твар! Дзякуючы гэтай суровай пазіцыі я дасягнуў небывалых вышыняў на любоўным фронце: наважваўся, напрыклад, заляцацца да небясьпечна прыгожых жанчын, і некаторыя зь іх, дарэчы, адказвалі мне ўзаемнасьцю.

Гэта была бадай што адзіная парада, якой Нііла па-сапраўднаму паслухаўся. І пачаў думаць пра сьмерць часьцей, чымся пра дзяўчат. Карацей кажучы, зрабіўся зусім невыносным. Неўзабаве яму спатрэбіцца мая дапамога, але пакуль мы зь ім пра гэта яшчэ ня ведалі.

РАЗЬДЗЕЛ 10

— пра няпрошанага начнога візытанта, пра рухомы шкілет з дарамі ды пра ратаваньне зь пераплёту

Дзесьці ў маім целе пстрыкнуў выключальнік, і падарожжа пачалося ўсур’ёз. Палавое сталеньне. Гэта было ў другім паўгодзьдзі шостай клясы, нічога асабліва драматычнага не адбывалася, толькі я пачаў зьнячэўку ўсьведамляць, што нешта мяняецца. Не ў арганізьме — вонкава я заставаўся пакуль такім жа, — а ў галаве. Нешта ў ёй адбывалася, нібы хтосьці там пасяліўся. Хтосьці падобны да мяне, але ўсё ж не такі. Я зрабіўся капрызным і не заўсёды мог з гэтым нешта зрабіць. Ды яшчэ нецярплівым, сам ня ведаючы чаму. Зусім нечакана, проста ашаламляльна для мяне самога, я страшэнна зацікавіўся сэксам.

Быў канец апошняй чвэрці шостай клясы. Я ляжаў пасьля заняткаў дома ды гартаў эратычны часопіс. Я купіў яго ўпотай у Люлео, бо мяне там ніхто ня ведаў і не пачаў бы даймаць. Нішто так не напружвае, як шматзначныя погляды, якія кідаюць на цябе ў мясцовай краме саракагадовыя цёткі з хіміяй, якія знаёмыя з тваёй маці ды бацькам і чые дочкі-прыгажуні вучацца ў паралельнай клясе. Купіць парнаграфічны часопіс — прызнацца ў сваёй сэксуальнай заклапочанасьці. І тым самым ты агаляеш сябе перад імі, адчуваеш сваю недасканаласьць і пачынаеш тады чырванець перад касаю ды запінацца.

Нечакана ён зьявіўся ў маім пакоі. Я ўздрыгануўся ды адшпурнуў часопіс, пасьля імгненна падцягнуў да сябе калені, каб не было бачна, што ў мяне стаіць.

— Халера, я думаў, гэта маці!

Нііла не адказаў. Ён, як заўжды, бязгучна прасьлізнуў у пакой і стаяў цяпер нерухома каля сьцяны. Каб не паказваць, што я саромеюся, я вырашыў, што лепшай абаронаю будзе нападзеньне. Не цырымонячыся, я разгарнуў перад ім часопіс на фотцы тыдня. Чорны карункавы станік, эратычны погляд і чырвоныя боты на высокім абцасе.

— Павесь яе дома над ложкам, — холадна сказаў я.

Ад такой неверагоднай думкі Ніілу ажно перасмыкнула. Але ён ніяк ня мог адарваць ад дзяўчыны вачэй. Ён ня выявіў жаданьня ўзяць часопіс у рукі, таму я прагартаў яго перад ім — фотку за фоткаю.

— Глянь, яна прывязала яго. А тут, бачыш, Нііла? Гумовае адзеньне! А вось гэты ліст, напэўна, ад цябе: «Я згубіў цнатлівасьць ў царкоўным летнім лягеры».

Я бачыў, што Нііла ўжо закіпае. Між тым ён сядзеў з халодным безуважлівым выглядам, не страчваючы годнасьці. Галава зьлёгку дрыжала, нібы ён з усёй моцы напружваў цягліцы шыі. Чым больш ён палохаўся, тым менш у мяне заставалася сораму нібы той пераходзіў да Ніілы. Задаволены, я ўсунуў газэціну яму ў рукі.

— Выберы сабе дзеўку, Нііла! З часопісу! Каго б ты хацеў?

І тут ён пачаў задыхацца. Зваліўся на крэсла ды гучна выдыхнуў, пасьля заваліўся наперад, нібы яму што балела, — ня самая дзіўная рэакцыя для турнэдаленскага хлопца, якога прымушаюць выказвацца. Нііла пракашляўся ды праглынуў сьліну, каб язык урэшце стаў у роце на месца.

— Бабуля... — пачаў быў ён, але замаўчаў.

— Ну, што там зь ёй? —паспрабаваў я дапамагчы Ніілу.

— Яна... Яна памерла...

— Так, ведаю. Памерла, і ўжо даўно.

— Але яна вярнулася!

Цяпер, калі корак урэшце выскачыў з ягонага горла, Нііла змог расказаць мне ўсю гісторыю, голас ягоны пры гэтым хрыпеў і зрываўся. Ніілу крыху палягчэла на душы, а вось я не на жарт перапужаўся.

Бабуля пачала зьяўляцца прывідам. Пасьля больш як трохгадовай адсутнасьці на гэтым сьвеце яна вярнулася ў свой дом. І хоць пахавалі яе згодна з усімі лестадыянскімі традыцыямі, спакою яна так і не знайшла.

Першы раз яна зьявілася Ніілу расплывістаю плямаю, накшталт тых сьветлавых кропак, што могуць раптам узьнікнуць у куточку вока. Неўзабаве ён пачаў яшчэ адчуваць лёгкі павеў, быццам нехта на яго дыхае. Зь цягам часу яна прыняла больш выразную форму, набракла ды нават пачала выдаваць гукі. Паступова яна заняла сваё ранейшае месца ў сям’і. Як стары рассохлы човен, яна павольна спускалася на здранцьвелых нагах з гарышча. Ноччу яна панадзілася сядаць за кухонны стол і вячэраць, яна таўкла бульбу з моркваю ў рэшце супу, ператвараючы іх у шэрую кашку, якую пасьля з шумам уцягвала ў сябе. Ад яе ішоў невыносны смурод. Саладкаваты пах бабскага поту, зьмешаны з затхлым водарам замагільнага сьвету.

Дзіўна было толькі, што, акрамя Ніілы, ніхто на яе ўвагі не зьвяртаў. Аднойчы бабка, стоячы пасярод кухні, пачала лавіць мух, а пасьля расьціснула іх сваімі зжаўцелымі пальцамі ды закінула ў чыгунок з запяканкаю, які стаяў на стале. Усе, акрамя Ніілы, працягвалі з апэтытам есьці.

Нііла жыў у пакоі на друтім паверсе разам са старэйшым братам Юганам. Брат з-за хуткага росту моцна стамляўся, таму спаў як забіты. Спаў Юган па-мужыцку — цяжкім, глыбокім сном, з храпам; а вось Нііла, наадварот, спаў вельмі чуйна.

Некалькі дзён таму Нііла спаў і бачыў дужа рэалістычны сон. Дужа рэалістычны, паўтарыў ён, зьлёгку пачырванеўшы, і я здагадаўся, што яму сьнілася. Але вось пасярод салодкіх мараў да Ніілы данёсься сыгнал перасьцярогі, і ён імгненна расплюшчыў вочы.

Амаль ушчыльную над Ніілам схілілася бабка. Ейны твар сказіўся ад шалёнага гневу, з разяўленага бяззубага рота вывяргаліся бязгучныя праклёны, а на Ніілаў твар капала едкая сьліна. Нііла так пранізьліва закрычаў, што Юган на момант перастаў храпці ды перавярнуўся на другі бок. Але здань ужо зьнікла.

Сёньня ноччу ён таксама прачнуўся. Гэтым разам старая ўпілася ў ягоную шыю пазурамі. Халоднымі як жалеза. Яна пачала душыць, але ёй не ставала моцы; ахоплены панікаю, Нііла ўсё ж здужаў вызваліцца. Да самага сьвітанку ён прасядзеў, зачыніўшыся, у прыбіральні, з запаленым сьвятлом і фінкаю для абароны. Нііла пачуў скрыгат у замочнай шчыліне, а пасьля з-пад дзьвярэй пачало прасочвацца сьветлавое воблака, якое, аднак, зьнікла, калі Нііла папырскаў на яго гарачаю вадою.

Нііла адхіліў каўнер кашулі — барвовы рубец ішоў цераз усю шыю, нібы хтосьці зацягваў на ёй вяроўку. Было падобна да адмарожаньня — палоска адмерлай скуры.

Я слухаў Ніілу, і мне рабілася ўсё больш вусьцішна. Калі ён скончыў, я хацеў быў нешта сказаць, суцешыць яго, можа, неяк падбадзёрыць. Але ня змог. Твар у яго быў спустошаны ды безжыцьцёвы, як у старога.

— Проста неверагодна, — прамармытаў я.

Галава Ніілы затрэслася яшчэ больш. Тады ён выцягнуў старую пласьцінку «Бітлз» і перадаў мне. Ягоная спадчына, коратка паведаміў ён, іншых каштоўнасьцяў у яго не было.

Я папрасіў яго замаўчаць, але адчуў, як мяне пачынае ахопліваць непрыемнае пачуцьцё. Па маіх нагах папоўз страх, і я мусіў рэзка падняцца.

— Можаш застацца ў мяне нанач.

— Нанач, — прашаптаў ён, нібы слова страціла ўсякі сэнс.

Я сказаў, што гэта было адзінае выйсьце. Як толькі ўсе заснуць, Нііла мусіў вылезьці з акна, спусьціцца па пажарнай лесьвіцы ды пераначаваць у маім пакоі. А на сьвітанку, калі небясьпека міне, мог вярнуцца да сябе. Калі будзем весьці сябе асьцярожна, бацькам — ні маім, ні ягоным — нічога казаць ня трэба.

Пасьля трэба будзе здабыць рыдлёўкі, разрыць магілу на паяльскіх могілках і пратнуць завостраным сасновым калом сэрца старой вядзьмаркі.

Тэлевізара ў Ніілы не было, таму яму відавочна ставала асноўных агульнаадукацыйных ведаў, і ён наадрэз адмовіўся. Я і сам разумеў, што ня так усё проста, нават цяпер увесну, калі ночы рабіліся ўсё сьвятлейшымі.