реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 70)

18

«Чаму сем, а, скажам, не семнаццаць?» — пытанне маё прагучала даволі недарэчна, але мне, разумееце, было неяк не да логікі, хацелася высветліць сваю перспектыву.

Доктар развёў рукамі...

«Гэтага і Томат Іванавіч не ведае, хоць і захапляўся прыхаванаю гармоніяй прыроды: вясёлка з сямі колераў, музыка з сямі нотаў, арганізмы дзеляцца на сем груп — ці выпадкова гэта? Але справа не ў лічбе. Томат Іванавіч адшукаў спосаб распазнання «груп сумяшчальнасці». Ён упэўнены, што з завяршэннем яго работы перасадка ўнутраных органаў стане справай такой самай надзейнай, як і пераліванне крыві. І, ведаеце, я яму веру, інакш не прапаноўваў бы вам у яго аперыравацца. Зрэшты, падумайце да раніцы...»

Якая ў мяне была ноч, памаўчу. Раніцай даў згоду. А што заставалася рабіць? Тут хоць нейкая перспектыва, а калі адмовіцца — ніякай, гэта я ўжо і без медыцыны адчуваў.

Пад вечар мой доктар прыйшоў з незнаёмым лекарам. Так, знешне нічога асаблівага: невысокага росту, сярэдніх гадоў, стрыманы, вочы вузкія, карыя, разумныя, трымаецца ціха, словам, з тых інтэлігентаў, якія і кошку на «вы» называюць...

«Хвалюецеся? Няварта, вы для нас як першы касманаўт, пабачыце, усё будзе добра...»

Размаўляў ён мякка, з ледзь прыкметным, даволі прыемным акцэнтам, і была ў яго словах такая ўпэўненасць, што і ў мяне на душы адразу палягчэла. Давер ён выклікаў, не магу сказаць чым, але ў адказ на яго ўсмешку і я таксама ўсміхаўся. Бывае ж такое: сустрэнеш каго-небудзь і з першых яго слоў зразумела — цудоўны чалавек, добры, надзейны. І нават дзіўныя яго потым маніпуляцыі ані не пахіснулі маю веру. Бо што ён зрабіў? Дастаў з партфеля шкляны, шчыльна закаркаваны сасуд, пінцэтам выняў адтуль лапік марлі, пацёр ім маю пятку, паклаў назад і зноў шчыльна заткнуў коркам. Усё! Загаварыў да майго доктара: «Што ж, будзем шукаць...» Той кіўнуў.

Пайшлі абодва. Ну, думаю, гэта толькі пачатак, галоўныя аналізы і абследаванні наперадзе. Ідзе час — аніякіх аналізаў ці яшчэ якіх там прыгатаванняў! Што донара трэба чакаць, гэта я ведаю. Павінна з некім здарыцца няшчасце, каб я новую печань атрымаў, такая ўжо тут агідная ўмова, што толькі нечая пагібель можа мне аказацца выратаваннем. Так... Кажуць, збіраюцца дзеля гэтага малпаў разводзіць, усё ж такі лепш, хоць таксама... Зрэшты, я не пра тое... Ведаю, што трэба чакаць, але дзе ж падрыхтоўка, аналізы і ўсё астатняе? Ды Томат Іванавіч не паказваецца. Няўжо адмовіўся?!

Доктар як мог мяне супакоіў: «Аналізы, кажаце? Яны ўсе ўжо зроблены. Памятаеце, той раз Томат Іванавіч марляй пацёр вам пятку? Больш яму нічога не трэба. Чакайце».

Дзіва! Але ведаеце, ад гэтага дзіва мне, дарэчы, стала лягчэй. Не, што ні кажыце, а ў доктара і абаяльнасць павінна быць, і нейкая таямнічасць, загадкавасць. Крыху ён павінен выглядаць цудатворцам, вось што скажу.

Аднак я не пра тое... Аднойчы раніцай па мяне нарэшце прыйшлі. Адразу ў аперацыйны пакой. Томат Іванавіч кіўнуў мне, як даўняму знаёмаму, зноў праманіпуляваў з марляй, толькі на гэты раз пацёр пад пахамі і на жываце, дзе печань. Выйшаў, але хутка вярнуўся.

— Так, усё адпавядае. Пачынаем.

Зрабілі аперацыю. Ніякага потым заглушэння імунітэту, ніякіх асаблівых лекаў, а печань прыжылася як міленькая. З тае пары вось ужо больш за дзесяць гадоў прайшло — ані-ні, нават думаць пра яе перастаў. Каму-небудзь з вас такі выпадак вядомы?

Хоць пытанне, здавалася, было адрасавана ўсім, на мяне зірнуў Пётр Мікалаевіч.

— Ну, — сказаў я. — Ёсць звесткі, што ва ўсім свеце на сённяшні дзень перасаджана больш за трыццаць тысяч нырак, каля двухсот дваццаці сэрцаў і ста васьмідзесяці печаней. Праўда, пасля перасадкі сэрца — і то, калі ўсё прайшло паспяхова, — чалавек жыве чатыры-пяць гадоў, печані — чатыры, з ныркамі лепш — да дзесяці гадоў дацягваюць.

— І гэта пры ўсіх хітрыках медыцыны перад аперацыяй і, галоўнае, пасля! А ў мяне...

— Але адзінкавы выпадак яшчэ ні пра што не сведчыць. І яго абставіны... як бы вам сказаць...

— Ды кажыце ўжо проста — сумніцельныя! Не-е, шаноўны скептык, усё не так. Я ў Томата Іванавіча быў першы, але не апошні. І ўсе цудоўна сябе адчуваюць ужо больш за дзесяць гадоў! Што вы на гэта скажаце?

— Але калі гэта сапраўды адкрыццё, — я расхваляваўся, — то мы пра яго даўно б ведалі! Аднак нават у медыцынскім асяродку...

— Пачакайце! Я нездарма гаварыў пра сціпласць, як пра злачынства. Слухайце, што было далей. Пакуль я папраўляўся, можна сказаць, пасябраваў з Томатам Іванавічам. Што я на яго як на бога глядзеў, гэта само па сабе, але ведаеце, акрамя фізічнага, так бы сказаць, падабенства ёсць і духоўнае. Мабыць, тут людзі таксама падзяляюцца на групы, напэўна, падзяляюцца. Томат Іванавіч... Цудоўны чалавек. Сказаць, што ён быў разумны, таленавіты, нават геніяльны, значыць нічога не сказаць. Хто такі разумны чалавек, у якім сэнсе разумны? Іншы геній у простых жыццёвых справах такі, выбачайце, дурань, што любы хітрун яго вакол пальца абвядзе; хто не верыць, хай біяграфіі вялікіх больш пачытае. Не, Томат Іванавіч прасцяком не быў. Але сэрца ў яго было неабароненае, ці што. Нібыта само ўвасабленне спакою, а крыху прыгледзішся... Так, мы, яго пацыенты, гэтую ранімасць Томата Іванавіча нутром адчувалі, і нават подлыя па сваёй натуры і тыя імкнуліся яго не крыўдзіць, утойвалі ад яго свае дробязі. Розум і душэўнасць, яны, ведаеце, свецяцца, да іх нават нядобры чалавек цягнецца, яму адагрэцца хочацца. Дабаўце да гэтага сціпласць. Ранімасць стала бядою самога Томата Іванавіча, сціпласць — для навукі, для медыцыны, для ўсіх, каго мог бы выратаваць яго метад...

— Ды ў чым жа метад? — не вытрымаў я. — І пры чым тут сціпласць?

— А што ж, па-вашаму, адкрыццё можна аддзяліць ад асобы вучонага? Ці так? Пра адкрыццё і метад мне, як і іншым, вядома няшмат. Пэўна, Томат Іванавіч адрозніваў роднасць арганізмаў па паху...

— Па паху? — Я нават ахнуў. — Прабачце, але гэта не зусім праўдападобна. Нос — ніякі не інструмент, а сучасныя дэтэктары і аналізатары пахаў, за рэдкім выключэннем, такая недасканалая нікчэмнасць... Увогуле гэта адна з самых цьмяных галін навукі. І распазнаванне імуннай роднасці па паху... Не, гэта фантастыка.

— І-і, малады чалавек! — падаў голас дзядок, які ўвесь час маўчаў. — Я, наадварот, скажу, што фантастыка цяпер і ёсць рэальнасць. Для вас, не буду гаварыць ужо пра банальны тэлевізар, нават касмічныя палёты звычайныя. А я вось у вашых гадах, не кажучы ўжо пра палёты на іншыя планеты, пра кішэнныя радыёпрыёмнікі толькі ў фантастычных раманах чытаў. Вось як! Новае, сапраўды новае, яно і павінна выглядаць неверагодным. Гэтаму і практыка гісторыі вучыць, і Пятру Мікалаевічу я чым далей, тым больш веру, хоць да гэтай пары ніяк не ўцямлю, пры чым тут сціпласць і чаму ён яе лічыць злачынствам?

Я не знайшоў, чым бы мог запярэчыць. Водпаведзь дзядка мяне ўразіла. Самы малады з усіх, я стаў у іх вачах кансерватарам! Праўда... Гэта ж трэба! Спецыяліст называецца... Можа, якраз у гэтым і прычына? У тым, што я — малады спецыяліст, яшчэ назапашанага толкам не засвоіў і трымаюся за яго, як за плот, каб незнарок не паслізнуцца?

— Не, — прамармытаў я. — Дапусціць усё можна. Толькі... Няма інструмента, які ж гэта метад?

— А ў мяне ёсць адна здагадка! — падсунуўся да мяне Пётр Мікалаевіч так, што пад грузам яго мажнога цела ў купэ штосьці зарыпела. — У Томата Іванавіча была сібірская лайка, разумніца такая, без перабольшання, сапраўдны яго сябар. Басыргасам звалі. Між іншым, калі Томат Іванавіч выводзіў сабаку гуляць, відавочна, наперакор нават інструкцыям, браў яго з сабою ў палаты і кожны раз чамусьці завязваў яму нос марляю з ватаю. Мы дык жартавалі: «Басыргас ідзе, дзверы зачынянце, а то нос прастудзіць!» Ці не дзіўна — так берагчы нюх сабакі і ў дадатак парушаць правілы, якіх, трэба сказаць, ва ўсім астатнім Томат Іванавіч прытрымліваўся цвёрда? Аднойчы я спытаўся ў яго пра гэта адкрыта. І ведаеце, што ён адказаў? «Белку і Стрэлку, якіх людзі раней за ўсіх у космас пасылалі, памятаеце? Заслуга Басыргасава большая»...

— Гэта значыць, вы хочаце сказаць, што сабака...

— Вось, вось! Я спецыяльна пачытаў сёе-тое з літаратуры. Насавыя клеткі ў чалавека могуць адрозніваць пяць тысяч пахаў, а ў нямецкай аўчаркі — дзвесце дваццаць пяць тысяч! Розніца... Па паху слядоў сабакі ловяць злачынцаў, вынюхваюць наркотыкі; нават радовішчы адшукваюць. Ці цяжка навучыць сабаку адрозніваць спектр пахаў, які характэрны людзям фізіялагічна аднатыпным? Тады зразумела, чаму Томат Іванавіч так старанна аберагаў Басыргасаў нос, чаму яго вадзіў у палаты, чаму не карыстаўся ніякай асабліваю апаратурай. Ды яшчэ адно становіцца зразумелым. Томат Іванавіч...

Голас Пятра Мікалаевіча асекся. Нарэшце ёндаў сабе рады і загаварыў абрывіста, але спакойна.

— Томат Іванавіч загінуў так. Распараджэнне ў раёне выйшла — ліквідаваць усіх бадзяжных сабак. Можа, і патрэбная пастанова, шмат іх развялося, былі выпадкі шаленства. Але бадзяжных сабак палавіць няпроста. А план, некаму ж справаздачы трэба. І адзін з такіх тыпаў, каму даручылі адлоў, застрэліў Басыргаса, хоць сабака быў з ашыйнікам, дый Томат Іванавіч стаяў паблізу, ён гэтаму тыпу яшчэ і крычаў... Застрэлілі. На вачах у Томата Іванавіча. Інфаркт. Не выратавалі. Пачакайце... Трагедыя яшчэ ў тым, што Томат Іванавіч ні слова пра свае дасягненні не надрукаваў. Вось яна, сціпласць! Іншы на капейку зробіць, а трубіць на ўвесь свет. Ён жа... А, што казаць! «Рана, не пара яшчэ, паспеецца...» Паспелася. Засталіся ўдалыя аперацыі, запісы чарнавыя, ды што з таго? Аперацыі ў сусветнай практыцы не новыя, сам падыход больш чым сумніцельны, трэба яшчэ паглядзець, як што атрымаецца... Запісы і зусім... Аддаленымі вынікамі аперацый, зразумела, ніхто не пацікавіўся; той доктар, што мяне лячыў, таксама ў хуткім часе памёр, начальства ў бальніцы змянілася, так усё і канула. Дзіва што, глуш, перыферыя, хірург без ступені, занятак яго знахарствам аддае... З такой настырнасці нам бы сцены будаваць, трывалейшых не было б! Вось у што сціпласць ператварылася.