Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 71)
Боль, які адчуваўся ў словах Пятра Мікалаевіча, перадаваўся нам. Гаварыць пасля яго было цяжка, нядобра, але я ўсё ж пачаў:
— Выбачайце за мой скепсіс, Пётр Мікалаевіч, вы прымусілі мяне паверыць... Толькі ў адным, здаецца, вы не маеце рацыі. Дарэмна вы Томата Іванавіча вінаваціце. Не ў сціпласці справа, працу ён пашкодзіць баяўся.
— Чым жа гэта? Пабудаваў я дом — я яго і здаць павінен! Зрабіў чалавек адкрыццё — не будзь сціплы — абнародуй, абвясці свет. У тым вось і справа!
— Што вы! Самі ж казалі, што за вылечанымі трэба прасачыць...
— Не бачу розніцы. Дом таксама нельга пакідаць без дагляду, і з ім можа што-небудзь здарыцца. Гэта абавязкаў «здаць — прыняць» не адмяняе, гэта ўжо другая фаза, а тут і першай не было. Не было!
— Але дом жа адпаведна праекту будуецца! А адкрыццё — заўсёды навінка, часта яно штосьці і адмаўляе...
— Ага! Вось і я пра тое самае. Быццам найлепшы спосаб з ім змагацца — гэта маўчаць. Няхай сабе з-за сціпласці.
— Ды не мог жа Томат Іванавіч раней часу гаварыць, не мог! І гэта лепш за ўсе вашыя клятвы пераконвае, што ён быў сапраўдны вучоны. Бо тут што? Вялікі недавер ён тады выклікаў бы, метад жа вельмі... нестандартны. Маглі б пад гарачую руку аперацыі і прыкрыць, вось што ён нарабіў бы дачасным сваім паведамленнем. А людзей ратаваць трэба... Каб гаварыць, Томату Іванавічу неабходна была вялікая статыстыка. І не проста паспяховых аперацый. Патрэбна было іх вынікі прасачыць на працягу пэўнага часу. Вось тады і супраць метаду было б цяжка пярэчыць. Так, шкада... Ці захаваліся хоць запісы Томата Іванавіча?
— На жаль, нічога не ведаю. Неўзабаве накіравалі мяне далёка на будоўлю. А што... Вы каго-небудзь ведаеце, хто зможа, хто паверыць?..
— Не ведаю... Але калі паспрабаваць, калі даць запісы майму ленінградскаму выкладчыку, прафесару Кержанцаву, то можа быць...
— Толькі не ленінградскаму, не маскоўскаму ці там харкаўскаму! — раптам падаў голас чацвёрты папутнік, які дагэтуль маўчаў і якога за самапаглыблены выгляд мы празвалі між сабою «філосафам». — Дзіва будзе, калі вучоны з гараджан паверыць у метад Томата Іванавіча, таму што вы, баюся, выпусцілі з-пад увагі адну вельмі важную акалічнасць.
«Філосаф» высунуўся наперад, і якраз за акном прамілынулі агні і высвецілі яго худы з запалымі вачыма твар.
— Акалічнасць вось якая, — вымавіў ён, нібыта друкуючы кожнае слова. — Існуе пашыраная думка, што творцы ў навуцы ўзаемазамяняльныя. У тым сэнсе ўзаемазамяняльныя, што калі і не было б, скажам, Энштэйна, то тэорыю адноснасці ўсё роўна б стварылі, можа, крыху раней ці пазней, таму што навуковая ісціна аб'ектыўная. Памылка. Не буду прыводзіць прыклад з тэлескопам, які мог быць вынайдзены яшчэ за тры стагоддзі да назіранняў Галілея, не буду тлумачыць і таго, што славутыя доследы самога Галілея з падзеннем цел цалкам маглі ажыццявіць старажытныя грэкі. Усё гэта дэталі. Галоўнае добра выказаў адзін навуковец: «Магчымасць назіраць залежыць ад таго, якой тэорыяй вы карыстаецеся». Пункт погляду даследчыка залежыць, па-першае, ад часу, у якім жыве (грэкі праз шэраг сацыяльна-эканамічных прычын цураліся доследаў, таму заканамерна, што давялося чакаць Галілея). Па-другое, гэты пункт погляду залежыць ад асобы самога даследчыка. Усё? Толькі што расказаная гісторыя пацвярджае, што не, не ўсё. Ваш Томат Іванавіч зрабіў адкрыццё не толькі дзякуючы свайму таленту, але яшчэ і таму, што ён быў якутам.
— Як? — сумеўся я. — Якое гэта мае значэнне?
— Не здагадваецеся? Зрэшты, гэта мог зрабіць неабавязкова якут, з такім поспехам гэта мог ажыццявіць таленавіты мансі, ненец, чукча. Пётра Мікалаевіч, што для вас ёсць сабака?
— Як што? Ну жывёліна, сябар чалавека...
— Вось так ці прыкладна так адказаў бы любы жыхар горада, любы нашчадак спрадвечных земляробаў. Ну а вы, шаноўны, — ён загаварыў да мяне, — што вам, нашчадку многіх пакаленняў паляўнічых, той самы сабака? Увогуле ўсё жывое? Не вам асабіста, а якуту, таму ж Томату Іванавічу, чалавеку пажылому, які, пэўна, цудоўна памятаў іншае, негарадское жыццё? Ну?
— Ага, вось вы пра што... — сказаць, што я здзівіўся, азначала нічога не сказаць. — Паслухайце... няўжо?..
— Я нічога не сцвярджаю дакладна, я толькі прапаную гіпотэзу. Лепшай вопраткі, чым прыдумалі эскімосы, у палярнікаў не было і няма. Пры ўсім размаху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Байдарка... Пералічваць можна доўга. Што, своеасаблівасць народнага таленту — справа толькі мінулага? Не, таварышы, і будучыні таксама. Адзінства і адначасова нацыянальная асаблівасць савецкай культуры. Як часта мы вымаўляем гэтыя словы, не задумваючыся над глыбінёй іх сэнсу, або зводзім усё да своеасаблівасці архітэктуры, рамяства, песень, танцаў і да таго падобнага. Не, усё куды больш складана. Цяпер раскажыце, што такое вам, якуту, прырода, што вам жывёла і ўсё іншае.
— Ну... — я сумеўся. А, было не было! — Наогул, так. Прыроду, жывёл і птушак мы ачалавечвалі, гэта нашае зусім нядаўняе мінулае... Што вы хочаце, прырода — гэта наш дом, дзе праходзіла і цяпер праходзіць большая частка жыцця! Ці любім мы яе? Не тое слова... Яна і мы — гэта ўсё адно... Па нашых нядаўніх уяўленнях, жывёлы радуюцца, гаруюць, думаюць, як чалавек, у іх свае клопаты і пацехі, ёсць і пачуццё справядлівасці. Яны могуць размаўляць з чалавекам, разумець яго настолькі, што, гаворачы, напрыклад, пра мядзведзя, на яго нельга сварыцца — можа пачуць і адпомсціць. Нельга без дай прычыны прычыняць боль жывёлам і птушкам. Дрэвы плачуць, калі ў лес уваходзіць няўмека з сякерай... Наадварот, яны радуюцца, калі бачаць майстра. І гэтак далей. Вядома, цяпер шмат што здаецца наіўным...
— А шмат што ой як не пашкодзіла б пераняць усім у цяперашняй нашай экалагічнай сітуацыі... — уздыхнуў дзядок. — Так, цяпер і гісторыя Томата Іванавіча паўстае зусім іначай.
Я з захапленнем глядзеў на «філосафа», хоць амаль нічога не мог адрозніць у цемры. Гэта ж трэба — скеміў тое, што павінен, абавязаны быў уцяміць я!
— Што ж, — прамовіў той. — Мая гіпотэза, як бачыце, не зусім абсурдная. Гэта каму-небудзь сабака — «інструмент», а ў Томата Іванавіча Басыргас быў ледзь не сааўтарам. Менавіта такі чалавек павінен быў апярэдзіць свой час, пайсці на супрацоўніцтва з жывёлай, адважыцца на такі «ненавуковы» падыход, які, я ўпэўнены, калі-небудзь, калі мы зблізімся з прыродаю (інакш нам не жыць), стане звычайным. Так, Томат Іванавіч трохі іначай глядзеў на свет, чым усе мы. Гэтым ён абавязаны сваім продкам, сваёй культуры, якая ў ім знітавалася з сучаснай, увабраўшы ўсё лепшае з абедзвюх. Перад ім не стаялі тыя псіхалагічныя бар'еры, якія ў гэтай праблеме былі б амаль непазбежныя і цяжкавыканальныя. Але канчатковы вынік, на жаль, сумны. Нехта, вядома, паўторыць адкрыццё Томата Іванавіча, але здзейсніць гэта з большым спазненнем, таму што навука рухаецца інструментальным, у дадзеным выпадку доўгім шляхам. Тысячы і тысячы памруць заўчасна, калі толькі...
— Што? — выдыхнуў Пётр Мікалаевіч, які разам з намі заварожана сачыў за нязвыклым ходам думкі «філосафа».
— Справа паскорыцца, — апусціў руку на маё плячо, — калі па слядах Томата Іванавіча пойдзе ён. Ці хто-небудзь накшталт яго. Знайдзіце, Кэскіл, свайго Басыргаса, вярніце нам страчанае, хворыя не павінны чакаць.
Я здрыгануўся ад нечаканасці. Але тут жа паабяцаў здзейсніць усё. Ці мог я зрабіць іначай? З таго часу на мне ляжыць гэтая адказнасць. Ці падзеліць яе хто-небудзь са мною?
Кір Булычоў. Выкраданне Чарадзея
Пераклаў Рычард Саматыя
1
Хата спадабалася Ганне яшчэ здалёк, калі яна ішла запыленаю сцежкай уздоўж платоў, у зацені каранастых ліпаў, міма пасівелага ад старасці калодзежнага зруба, — ад моцнага парыву ветру ланцуг бразнуў аб пагнёную бакавіцу вядра… куры мітусліва ўступалі дарогу, як бы наракаючы на чалавечае нахабства… певень збочыў па-страявому, захоўваючы мужчынскую годнасць… бабулі, што сядзелі радком на прызбе, аднолькава прывіталіся і доўга глядзелі ўслед… вуліца была шырокая, раз'езджаная грузавікамі дарога вілася пасярод яе, як рэчка па даліне, парослай трыпутнікам і мяккай мурожнай травою.
Хата была яшчэ моцная, пад бляшаным, калісьці чырвоным дахам. Яна стаяла наводшыбе ад вёскі, на тым баку амаль перасохлага ручая.
Ганна спынілася на мастку, што перакінуўся цераз ручай: два бервяны, да іх прыбітыя ўпоперак дошкі. Побач брод — неглыбокая лужына. Дарога перасякала гэтую лужыну і ўпіралася ў расчыненыя насцеж дзверы пустога шэрага хлява з бярвенняў. Ад мосціка пачыналася сцежка, прабягала каля хаты і вілася па зялёным схіле пагора, да пляскатай вяршыні, якая была густа акрыта шапкаю цёмных дрэў.
Цётка Магда растлумачыла дарогу дакладна, дый сама Ганна з кожным крокам пазнавала вёску, дзе пяцігадовай дзяўчынкай дваццаць гадоў таму прабавіла лета. Да яе вярталася забытае адчуванне спакою, адлучнасці, гармоніі жытнёвага поля, лопуху, пышнага воблака над гаем, лязгату ланцуга ў калодзежы і сілуэта каня на зялёным схіле.
Плот пахіліўся, некалькі штыкецін выпала, паўз іх парасла крапіва. Кусты парэчак пад фасадам на тры акны, якія былі ўпрыгожаны некалі блакітнымі ліштвамі і прычыненыя аканіцамі, разрасліся і здзічэлі. Хата была адзінокая, яна сумавала без людзей.