реклама
Бургер менюБургер меню

Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 72)

18

Ганна адсунула ржавую засаўку веснічак і паднялася на ганак. Паглядзела на вёску, якую толькі што мінула. Вёска цягнулася ўздоўж ракі, і лес, які аддзяляў яе ад чыгуначнага раз'езда, адступаў ад ракі шырокай дугой, вызваліўшы месца для палёў. Затое з другога берага ён падыходзіў да самай вады, нібыта ў лесе ялінам было цесна. Адтуль цягнула халодным ветрам, і было відаць, як ён прабягае Вятлу, тысячай малюсенькіх ног узрываючы люстэрка ракі і разгойдваючы паласу прыбярэжнага чароту. Гул лодачнага матора вырваўся з-за вугла хаты, і лодка, якая сядзела нізка кармой, распілавала хвастом пены букалічныя сляды ветру. У лодцы сядзеў белабароды дзед у дажджавіку і сінім капелюшы. Нібы адчуўшы позірк Ганны, ён аглянуўся, і хоць яго твар з такой адлегласці здаваўся толькі бурай плямаю, Ганне падалося, што стары асуджае яе прысутнасць у пустой хаце, якой наканавана адзінока дажываць свой сіратлівы век.

Пустое жытло заўсёды выглядае сумна. Бочка на ваду каля парога рассохлася, з яе тырчалі пакінутыя некім граблі, каля сабачай будкі з праваленай стрэшкай на саржавелым ланцугу ляжаў гнілы ашыйнік.

Ганна доўга корпалася з замком, і калі ён нарэшце паддаўся, дужка сярдзіта выскачыла з круглага цельца, і дзверы адчыніліся туга, нібыта хтосьці прытрымліваў іх з сярэдзіны. У сенцах панавала нежылая затхласць, сонечны прамень з акенца пад столлю пранізваў застаялае паветра, і ў промні гэтым мітусіліся ўзнятыя пылінкі.

Ганна адчыніла дзверы ў цёплую палавіну. Дзверы былі абабітыя рудою цыратаю, а ўнізе іх адтуліна была застаўлена дошчачкаю, каб кошка магла выйсці, калі ёй уздумаецца. Ганна прыгадала, як сядзела на кукішках, зайздросцячы цётчынай чорнай кошцы, якой дазвалялася гуляць нават ноччу. Успаміны абарваліся, як мелодыя званочка, калі яго хутка прыкрыць далонню. На падаконніку ў малочнай бутэльцы стаяў букет папяровых кветак. З-пад прагнёнай канапы выбегла мыш-палёўка.

Адагнуўшы цвікі, Ганна расчыніла аканіцы, вокны, потым пайшла ў кухню, што была аддзелена ад жылога пакоя перагародкаю, якая крыху не даходзіла да столі, адчыніла акно і там. Ад святла запусценне стала яшчэ больш выразнае. У чорнай пашчы печы Ганна знайшла таз, у кутку пад чорнымі абразамі — анучу.

Нанасіўшы з рэчкі вады — здзічэлыя яблыні ў садзе разрасліся так, што даводзілася прадзірацца цераз галлё, — і вымыўшы падлогу, Ганна паставіла ў бутэльку букет рамонкаў, а папяровыя кветкі занесла да бажніцы. Яна зусім не стамілася — гэтая звычайная праца прынесла прыемнае задавальненне, а свежы пах мокрай падлогі адразу ж выгнаў з хаты саладкаваты пах пылу.

Адну з прывезеных з сабою прасцін Ганна паслала на стол у вялікім пакоі і расклала там кніжкі, паперу і розныя туалетныя прылады.

Цяпер можна схадзіць па малако ў вёску, заадно праведаць дзеда Генадзя і яго жонку Дар'ю.

Ганна адшукала на кухні гладыш, выйшла з хаты, замкнуўшы па гарадской звычцы дзверы, пастаяла каля веснічак і накіравалася не ўніз, да вёскі, а ўверх, да гаю на вяршыні, бо з тою мясцінаю была звязана нейкая жахлівая дзіцячая тайна, забытая за дваццаць гадоў.

Сцяжынка пралягала паміж рэдкіх кустоў, каля якіх ружавелі суніцы, і неўзабаве Ганна апынулася на вяршыні пагорка, у цяні дрэваў, якія разрасліся на старых занядбалых могілках. Шэрыя пліты і каменныя крыжы паўрасталі ў зямлю, пахаваліся ў арэшніку, у выемках між імі буйна цвілі ландышы. Адна з пліт чамусьці стаяла тарчма, і Ганна падумала, што тут быў пахаваны чарадзей, які потым прачнуўся і выкараскаўся адтуль.

Раптам Ганна адчула, што за ёю нехта сочыць. У гаі было вельмі ціха — вецер не рашаўся зазірнуць туды, і спрадвечны могільнікавы страх ахапіў Ганну; не аглядваючыся, яна хутка пайшла наперад…

2

— Ты, ведама, прабач, Ганначка, — сказаў белабароды дзед у дажджавіку і сінім капелюшы, — калі я цябе напалохаў.

— Добры дзень, дзядуля Генадзь, — сказала Ганна. Наўрад ці хто-небудзь яшчэ ў вёсцы мог адразу прызнаць яе.

Яны стаялі каля каменнай царквы з абваленым купалам. Вялікая страказа прысела на край гладыша, які Ганна прыціскала да грудзей, і зазірнула ў яго.

— Па малако сабралася? — спытаўся дзед.

— Да вас.

— Малака дамо. А я па кабылу іду, яна сюды заблудзіла. І чаму гэта ў яе такая цяга да спакою і назіранняў? Клеапатрай яе завуць, гарадская, з іпадрома выбракаваная.

— Цётка Магда вам ліст напісала?

— Яна мне заўсёды піша. Да ўсіх святаў. Я ў Пруднікі ездзіў, вяртаюся, а ты на ганку стаіш. Вырасла, пахарашэла. У аспірантуру, значыцца, збіраешся?

— Цётка і пра гэта напісала?

— А як жа.

Гнядая кабыла Клеапатра стаяла з другога боку царквы, грэлася на сонцы. Яна ветліва ткнулася пысаю Ганне ў выстаўленую далонь. Яе бліскучая скура пахла потам.

— Звярні ўвагу, — сказаў дзед Генадзь, — храм семнаццатага стагоддзя, пабудаваны пры Аляксею Міхайлавічу, а фундамент яшчэ старэйшы. Сюды рэстаўратар з Ленінграда прыязджаў. Васільеў, Цярэнцій Іванавіч, не ведаеш?

— Не.

— Вядучы спецыяліст. Можа, будуць аднаўляць. Ці раскопкі пачнуць. Тут на ўзгорку горад стаяў у сярэднявеччы. Зямля літаральна напоўнена загадкамі і таямніцамі. Ну, Клепа!

Дзед урачыста ўздыхнуў, насунуў на вочы шапку, ляпнуў Клеапатры па шыі, і тая пайшла ўперад. Ганна зразумела, што рэстаўратар Васільеў развярэдзіў дзедаву душу, адкрыў перад ім прывабную далячынь вякоў.

Паперадзе ішла Клепа, потым, жэстыкулюючы, дзед — дажджавік яго калыхаўся, як пакрывала прывіду. Ён гаварыў, не аглядаючыся, часам яго голас прападаў, патанаючы ў кустах, яго доўгі маналог быў пра горкі лёс рэк і лясоў; пра тое, што якісьці купец яшчэ да рэвалюцыі вазіў з пагорка камень у Полацак, абкрадаючы гэтым самым культурную спадчыну; пра тое, што насельніцтва гэтых мясцін мяшанае, бо сюды прыходзілі ваяваць усе, хто хацеў; што кожнай вёсцы патрэбны музей… Тэмы былі разнастайныя і нечаканыя.

Спусціліся з пакатага, дальняга ад ракі боку пагорка і накіраваліся ўздоўж жытнёвага поля, па краях якога цвілі васількі. Дзед апавядаў пра тое, што над Міёрамі два дні вісела лятальная талерка, а на Месяцы магчыма жыццё. Каля ручая дзед азірнуўся.

— Можа, у нас пажывеш? Чаго адной у хаце? Мы з Дар'яй табе і гарачай яды наварым, і пагамонім.

— Я лепш пабуду адна. Дзякуй.

— Я і не спадзяваўся, — сказаў дзед. У хаце дзеда Генадзя прыйшлося затрымацца. Бабка Дар'я запарыла гарбату, паставіла цукеркі, а гаспадар дастаў каробку з-пад абутку і расклаў на стале свой музей, які ён пачаў збіраць пасля сустрэчы з рэстаўратарам Васільевым. Тут была дзедава фотакартка дваццатых гадоў, бляшанка з-пад гарбаты з чарапкамі рознай формы і даўнасці, некалькі паштовак з краявідамі Полацка і курорта Монтэ-Карла, старажытная пацініраваная львіная галава з колцам у носе — пэўна, ручка ад дзвярэй, а таксама крэмневы наканечнік дзіды, бутэлечка з-пад даўнейшых духоў, падкова, якую згубіла Клеапатра, і яшчэ штосьці. Бабка Дар'я паклікала Ганну на кухню пагаманіць пра радню, шапнула:

— Ты не смейся, няхай забаўляецца. А то піць пачне. Бабка Дар'я пражыла з Генадзем паўвека і ўсё баялася, што ён зап'е.

3

Прыцемкі былі напоўнены гукамі, якія ўзнікалі ад цішыні і празрыстасці паветра. Галасы ад калодзежа, жаночы смех, вуркатанне тэлевізара, далёкі гудок грузавіка і нават перастук колаў цягніка ў неймавернай далечыні — усё гэта было патрэбна, каб як мага глыбей усвядоміць бязмежжа неба, бляск адлюстраванага месяца ў рэчцы, маўчанне лесу, плёскат рыбы і камарыны звон.

Ганна падышла да хаты, узнялася на ганак і нетаропка, усміхаючыся з дзедавай балбатні, лёгка адамкнула на гэты раз падатлівыя дзверы. Трымаючы ў руках замок і гладыш з сырадоем, яна ўвайшла ў сенцы, ступіла крок і знянацку спатыкнулася аб нешта цвёрдае і цяжкае. Гладыш грукнуўся аб падлогу, замок выпаў і стукнуў па назе. Ганна крыкнула, абхапіла рукамі шчыкалатку, і тут жа з-за перагародкі, што аддзяляла сенцы ад халоднай святліцы, рэзкі мужчынскі голас спытаўся:

— Ты што, Кін?

З гарышча адгукнуўся другі голас, нізкі:

— Я на гары.

Ганна, забыўшыся пра жахлівы боль, сцішылася. На імгненне ёй у галаву прыйшла думка: яна трапіла ў чужую хату. Але ж з гэтага боку ручая толькі адна хата. І яна хвіліну назад адмыкала яе.

Часта зарыпелі прыступкі вузкай лесвіцы, што вяла на гарышча. Скрыпнулі дзверы ў халодны пакой.

Два ліхтарыкі ўспыхнулі адначасова. Яна зажмурылася.

Калі расплюшчыла вочы, убачыла: у сенцах стаяць двое, а на падлозе пасярод сенцаў — вялікі жоўты чамадан, заляпаны малаком. Малочная лужына расплылася па падлозе, рыжымі караблікамі пагойдваліся чарапкі.

Адзін з іх быў малады, крыху старэйшы за Ганну, элегантны, у сінім гарнітуры, пры гальштуку-мушцы, з кучаравымі чорнымі валасамі, з гусарскімі нахабнымі вачыма. Другі, што злез з гарышча, — старэйшы і мажнейшы. Твар скуласты, карычневы, светлымі агеньчыкамі гарэлі на ім невялікія вочы. Ён быў адзеты ў чорны світэр і пацёртыя джынсы.

Ганна выпрасталася, зморшчыўшыся ад болю, і спыталася:

— Вы праз акно ўлезлі?

Мужчыны трымалі напагатове, як пісталеты, яркія ліхтарыкі.

— Што вы тут робіце? — спытаўся скуласты.

— Я жыву тут. Часова. — І, як бы жадаючы ўразіць іх, Ганна дадала: — Вось бачыце, я і падлогу вымыла.

— Падлогу? — спытаўся скуласты і паглядзеў на лужыну малака.

Ганна была такая сярдзітая, дый нага балела, што забылася пра спалох.