Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 69)
— Сабака, сабака!
Малая паказвала пальцам у акенца, і ўсе сапраўды ўбачылі метраў за пяцьдзесят, якраз пасярод дарогі, вялікага сабаку. Нават дужа вялікага сабаку — шэрага, з лабастай галавой, густой сівой поўсцю, тоўстым хвастом. Сабака стаяў, высока ўзняўшы прыгожую галаву, і глядзеў на машыны. І па нерухлівай упэўненай постаці яго адразу адчувалася, што ён гэтых машын не баіцца. Ён нават чакае, каб яны пад'ехалі да яго як мага бліжэй. І ад таго, што ён вось гэтак чакаў, вадзіцель першай машыны адразу ж націснуў на тормаз і нават заглушыў матор. Пасталі, зразумела, і астатнія.
— Што гэта за сабака такі... дурны? — няўпэўнена спытаўся вадзіцель, дзядзька маладога — Мікола. — Стаіць як слуп. Га, Дзіма?
Малады не адказаў нічога, адчыніў дзверцы, вылез з машыны на дарогу, і хутка каля яго апынулася амаль усё вяселле. І амаль ніхто не ведаў, у чым справа, таму галасы гучалі моцна і бязладна, кожны перабіваў суседа, смех і крыкі былі як на кірмашы. І, мусіць, доўга не маглі б маладыя з дзядзькам увесці ў вушы вяселлю пра дзіўнага сабаку, каб не малая, Святланка, тая, што першая ўбачыла яго — незразумелага і вялікага. Пакуль сваякі з гасцямі спрабавалі давесці адзін аднаму і ўсяму свету нешта вельмі важнае, пакуль таўкліся, некаторыя нават спрабавалі пайсці ў скок, бо ўсё ж вырываліся з агульнай гаманы слабенькія гукі музыкі з радыёпрыёмніка, — Святланка адразу пабегла проста да сабакі. І ніхто спачатку не заўважыў гэтага, нават дзядзька з маладымі, бо іх штурхалі, распытвалі, не пакідалі ў спакоі, і малая ўжо ладна адбеглася, калі закрычала Ірына, будучая Дзімава жонка. І тады ўсе ўбачылі, што малая каля сабакі зусім блізенька. Вось тут прыціснула ўсіх да зямлі цішыня, якая раптам аказалася неверагодна цяжкай.
— Святланачка, стой! — звінеў крык маладой, але малая быццам і не чула.
А сабака стаяў зусім нерухліва, і Мікола, дзядзька, ужо ўскочыў у «Жыгулі» і ляснуў дзверцамі, каб газануць і паляцець ратаваць малую, — ды тая, бы ў нечым пераканаўшыся, павярнула назад сама. Яна бегла і нешта крычала, і сабака за ёй не гнаўся, не варушыўся, таму Мікола зноў заглушыў матор і выскачыў з машыны на дарогу. І толькі як малая падбегла да людзей, усе ўрэшце зразумелі, пра што крычала яна:
— Зусім не страшны!.. Харошы! Давайце з сабой яго возьмем!..
— Ды што гэта стаіць ён! — раззлавана закрычаў тады Мікола. — Дубальтоўкі няма, так бы пастаяў ён у мяне!
— Можа, воўк?.. — сказаў нехта з натоўпу, і ўсе ўтаропіліся на таго, што стаяў перад вяселлем на дарозе як прывід.
— І праўду воўк!
— Здаравенны які!..
— Бачыце, не звяліся яшчэ...
А той стаяў.
— От халера! — пашкадаваў малады. — Сапраўды, ружжа няма... Адсюль абавязкова б пацэліў. Стаіць — як мішэнь.
І тут заплакала Святланка:
— Ён харошы, не злы!.. Ён не воўк!
Ніхто з натоўпу не чуў, зусім не зважаў на музыку, што лілася з першых «Жыгулёў» — чыстыя гукі скрыпкі ляцелі над зямлёй, ляцелі ў неба і ў поле, ляцелі да таго, што стаяў на дарозе. Ён слухаў іх, убіраў у сябе, стаяў, Ён глядзеў на людзей.
І вяселле не ведала, што рабіць.
Тады той вялікі, шэры, сівы ажыў, цяжка павярнуўся і пайшоў у лес. Не пабег — пайшоў.
Ён быў апошні. Спачатку, у той амаль забытай, асмужанай лётам часу даўніне, якая была ўжо быццам і не явай, а трызненнем, іх было некалькі. Яны блукалі па вялізнай зямлі, сустракаліся ў лясных гушчарах, у палях і на балотах, сустракаліся каля людскіх паселішчаў — і заставаліся адно пры адным, бо былі аднародцамі. Можа, не аднародцамі — аднолькава народжанымі невядомымі людзям сіламі. Народжанымі незразумелым. Потым іх аказалася трое. Астатнія зніклі незаўважна, не пакінулі пасля сябе ніякага следу, і так павінна было быць.
А цяпер ён застаўся адзін. Дзесяцігоддзі зліліся ў адну нізку, нізку пакутлівых бадзянняў у сутоннях туманных імшараў, зрэдку — па ўскраінах вёсак, дзе вішчалі, скавыталі, забіўшыся ў будкі ці пад ганкі, сабакі, дзе выскоквалі з хат людзі і, калі бачылі яго — вялікага, моцнага, здавалася ім — нахабнага, — стралялі. Ды дзе ім было ведаць, што кулі не бралі яго, як і даўнейшыя стрэлы. Як і смерць у звычным яе выглядзе.
Ён быў апошні.
І ён яшчэ зрэдку сустракаў якое-небудзь вяселле. Сустракаў, бо ведаў, што трэба сустрэць, трэба ўбачыць маладых і пачуць скрыпку. Але ж навошта трэба было сустракаць гаманлівае вяселле, ён даўно забыўся.
І яны сустракаліся, і ў вачах яго здранцвела стаяла цьмяна глыбокая туга стагоддзяў.
...Ён, апошні, павярнуўся і пайшоў у лес.
Гаўрыіл Угараў. Вярнуць адкрыццё
Пераклаў Рычард Саматыя
— Ненавіджу сціпласць, — раптам сказаў наш субяседнік. Сказаў сярдзіта, з болем, яго дабрадушны твар спахмурнеў. — Ненавіджу!
Мы азадачана прыціхлі. Вагон мякка патрэсвала, за вокнамі сінеў змрок, але ніхто не запальваў святло, без яго было неяк утульней, і размова да той хвіліны ішла ціхая, даверлівая, якая часта ўзнікае ў цягніку дальняга накірунку між незнаёмымі пасажырамі. І вось... Не памятаю, што папярэднічала сказанаму, але ж і пажар пачынаецца з іскры.
— Дазвольце... э... Пётр Мікалаевіч, — першы апомніўся мой сусед, сівенькі, бародка клінком дзядок. — Як жа так? Яно, вядома, сціпласць, як і любое іншае пачуццё свае годнасці, калі празмернае, можа і... Але згадзіцеся, сціпласць упрыгожвае чалавека, і як яе можна адмаўляць, ніяк не разумею!
— Можна, — жорстка сказаў Пётр Мікалаевіч. — Можна і патрэбна, калі з-за яе страчаны сродак выратавання тысяч людзей.
— Ды што вы кажаце? — ахнуў стары. — Вы... вы не перабольшваеце?
— Калі б так! На маіх вачах сціпласць аднаго цудоўнага чалавека абярнулася, можна сказаць, у злачынства перад чалавецтвам. Прабачце... Каб вы мяне правільна зразумелі, давядзецца расказаць падрабязна.
— Так, так, адпаведна, у галаве, ведаеце, неяк не ўкладваецца...
— Разумею, гэтаксама калісьці думаў. Памыліўся! Слухайце: перасадка ўнутраных органаў да гэтай пары невырашальная, увогуле, праблема, і ніхто не скажа, калі яна будзе вырашана канчаткова. А яна, між іншым, ужо была — і бліскуча! — вырашана больш дзесяці гадоў назад!
— Не можа быць! — вырвалася ў мяне. Я, біёлаг, не мог стрымаць свайго недаверу.
— Ах, не можа... — нават у прыцемку вочы Пятра Мікалаевіча бліснулі іроніяй. — Удвайне сумна, што гэта гаворыце вы. Не толькі як біёлаг. Вы па нацыянальнасці, здаецца, якут?
— Якут. А што?
— Нічога. Імя Томата Іванавіча Даўгунова вам што-небудзь гаворыць?
— Не...
— А ён мог бы стаць гонарам нашага народа, усяго чалавецтва. Не стаў, з-за сціпласці не стаў. Паслухайце! У чым галоўная, нават адзіная невырашальнасць праблемы перасадкі ўнутраных органаў? У тканкавай несумяшчальнасці. Перасадзіць можна хоць ад бабы-ягі лесуну, справа тэхнікі; арганізм, дурань, не прымае, фактычна трэба зламаць, заглушыць імунную сістэму засцярогі; гэта ўдаецца, але самі ведаеце, якою цаною. Не, не падумайце, я не медык, не фізіёлаг, наогул не вучоны — будаўнік я. Проста... Вось пра што і гаворка.
Ён змоўк на імгненне. Святло ліхтароў нейкага паўстанка прабеглася па яго твары рухам ценяў, нібыта павялічыўшы яго, акрэсліўшы змрочнасць выгляду.
— Печань у мяне забалела гадоў у дваццаць. Але ведаеце, як гэта бывае ў маладосці: каб мяне — ды аніколі! Шмат хто ў юнацтве жыве з адчуваннем асабістага амаль ці не бяссмерця. Гэта значыць абстрактна ўсведамляеш, што і цябе не праміне, але гэта настолькі далёка, што нават непраўдападобна. Адным словам, да доктара я не пайшоў, інстытут скончыў — і пачало мяне па будоўлях насіць! Клопату было шмат, ну пабаліць ды перастане, здаровы ж мужык... Нарэшце дапякло. Так дапякло, што я ўжо быў гатовы маліцца на белы халат. Ну мясцовая бальніца, абследаванні там, лекі, аднак заўважаю я па выразу твараў маіх анёлаў-выратавальнікаў, што, відаць, дарэмныя мае надзеі на сілу маладосці, а заадно і на ўсемагутнасць медыцыны. Папраўкай і не пахне, хоць і прафесара аднекуль запрашалі, і ўвесь іншы арсенал запушчаны ў ход. Карацей, давялося свайго доктара выклікаць на шчырасць. Душэўны быў чалавек і смелы, з тых дактароў-вайскоўцаў, якія прывыклі не хавацца за чужыя спіны, а дзейнічаць рашуча і ў адпаведнасці з абставінамі.
Так... Сказаў ён мне, як на духу акрэсліў перспектыву. Чорт, нават цяпер страшна ўспамінаць! Але шчырасць яго была не без намеру, таму што надзею меў. Так, маўляў, і так: пакоціцца ўсё звычайным шляхам, ну і... Медыцына, як кажуць, бяссільная, раней бы спахапіліся на тваю хваробу — выратавалі б, а цяпер... Але ёсць мосцік, ёсць. Ніхто па ім яшчэ не хадзіў, толькі мост ужо пабудаваны, чакае пэўным чынам смельчака. На жывёлах усе доследы праведзены, поспех стопрацэнтны, цяпер добраахвотнік патрэбен. Рызыкі, варта сказаць, хапае. Праўда, упэўнены, яе крыху менш, чым у Барнарда, таго самага, што першы якраз у тыя гады сэрца перасадзіў. Але гэта, кажуць, мая ўпэўненасць і Томата Іванавіча.
«Гэта што яшчэ за свяціла?» — пытаюся. Грубавата пытаюся, самі разумееце, якія ў мяне думкі. «Не свяціла, — адказвае. — Хірург нашай бальніцы. Толькі справа не ў тым, дзе ён працуе і якія ў яго тытулы, — вялікі Кох, дый не ён адзін, спачатку яшчэ далей ад навукі быў. Сутнасць у тым, якая ў чалавека галава і якія рукі. Томат Іванавіч з якутаў, ажаніўся з расейкай, тут, на яе радзіме, і асеў і аперыруе так, што калі б не яго сціпласць, то даўно быў бы ў Маскве, можа, ужо і прафесарам стаў бы, галава ў яго светлая, такіх пашукаць. А не стаў ён прафесарам, я ўпэўнены, таму, што даследаванні, якімі займаўся, ні ў які навуковы профіль не ўпісваюцца. Недысертабельныя яны». — «Ну а канкрэтней?» — «Канкрэтней. Вас можа выратаваць толькі перасадка печані, чаго, увогуле, нідзе ў свеце не робяць, а калі і робяць, то... (Тут ён мяне наконт імуннай несумяшчальнасці і прасвяціў.) А Томат Іванавіч даўно выношваў ідэю, што пры ўсёй бясконцай разнастайнасці фізіялагічных індывідуальнасцей павінен жа і ў гэтай бясконцасці быць нейкі парадак, адзіны, ці што, закон. Падзяляецца ж на групы кроў! Пакуль гэтага не ведалі, за адной удачай ішлі дзесяткі няўдач. А цяпер усё на сто працэнтаў. Смелы ў Томата Іванавіча ход думкі, але гісторыя навукі яго пацвярджае. Скрозь ёсць заканамернасць груповак: і ў атамах, і ў раслінах, і ў зорках, і ў элементарных часціцах яе з часам знойдуць. Чаму імунная сістэма абавязкова павінна быць выключэннем? Томат Іванавіч вылучыў сем груп ці тыпаў цел і цяпер гатовы ўжо на самыя складаныя аперацыі».