Кир Булычев – Выкраданне чарадзея (страница 64)
Пятру Пятровічу, ды і ўсёй яго сям'і, зайздросцілі. «Пад шчаслівай зоркай ён няйнакш нарадзіўся», — казалі некаторыя. Былі і такія, што розныя пісьмы, ананімкі на яго пісалі, патрабавалі стварыць камісію, разабрацца, хто наогул ён такі, гэты Пятро Пятровіч. Камісіі ствараліся, правяралі ўсё, што можна праверыць. Аднак... Знайсці такое, каб у нечым можна было западозрыць ці абвінаваціць Пятра Пятровіча, ніхто нічога не мог. Наадварот, чалавек жыў сумленна, паводле сваіх заробкаў, нідзе нічога не парушаў. Хоць да ўзнагароды чарговай яго прадстаўляй...
І прадстаўлялі. Праўда, не правяральшчыкі, а ўжо іншыя, хто таксама бываў у Пятра Пятровіча, ведаў яго. І слава Пятра Пятровіча расла ўсё больш і больш. Яго партрэты мільгалі ў газетах і часопісах з розных выпадкаў — то ён прэміі атрымліваў, то яму прысвойваліся чарговыя ганаровыя званні, то друкаваліся яго інтэрв'ю, артыкулы...
З выгляду Пятро Пятровіч таксама мала мяняўся — быў па-спартыўнаму падцягнуты, рухавы — зусім малады. Рэдка хто мог не памыліцца, сказаць, колькі яму год. Звычайна давалі яму на дзесяць — пятнаццаць гадоў менш, чым было на самай справе. Пятро Пятровіч ніколі ні на што не хварэў. Нават калі бывалі эпідэміі грыпу, то яны яго абміналі, абыходзілі. Здаралася, хварэў увесь інстытут, уся акадэмія, горад увесь, а Пятро Пятровіч — хоць бы што.
— Як гэта вам так удаецца? — пыталі ў яго.
— А я... Часначок кожны дзень на ноч ем, жую... — прызнаваўся ён.
Спрабавалі есці, жаваць на ноч «часначок» іншыя. Аднак... Усё адно хварэлі.
— Значыцца, часначок у вас не той, — жартаваў, смяяўся Пятро Пятровіч, калі гаварылі яму, што парада яго не памагае, усё адно не абмінае, хапае грып.
Жыццярадасны, вясёлы, па натуры аптыміст, Пятро Пятровіч любіў пасмяяцца, пажартаваць. Ды і чаму б не! Справы яго ішлі выдатна, усё, што яму хацелася, ён меў, ні ў чым не адчуваў патрэбы. Лад і парадак на працы, лад і парадак у сям'і. Адкрыцці, што зрабіў ён у матэматыцы, надалі яго імені вядомасць і папулярнасць. Іх, гэтыя адкрыцці, заўважылі, ацанілі. Што яшчэ трэба, чаго хацець? Ёсць здароўе, ёсць дзе жыць, ёсць хлеб і да хлеба. Жыві ды радуйся.
І Пятро Пятровіч жыў, радаваўся...
Неяк уночы Пятро Пятровіч прахапіўся ад страшнага, адчайдушнага крыку. Крычаў Славік. І крычаў так, што аж валасы ўсталі дыбка ў Пятра Пятровіча.
Як ляжаў у пасцелі — у піжаме, босы, — так і кінуўся, пабег у пакой да Славіка.
Там, у пакоі, былі ўжо Наташка, Язэп, Ліна. Не запальваючы святла, усе стаялі ля дзіцячай пасцелі, чулі, як крычаў Славік, і, разгубіўшыся, не ведалі, што рабіць.
— То ён у сне, мабыць, крычыць, — сказаў Пятро Пятровіч. — Збудзіце яго!
Наташка схілілася над Славікам, пачала яго тузаць, нешта ласкавае шаптаць, гаварыць — будзіць.
Славік прачнуўся, расплюшчыў вочкі. І... здзівіўся, убачыўшы ля сваёй пасцелі маці, бацьку, бабу, дзеда...
— Што з табою, Славік? — лашчылася шчакою да яго шчакі маці, Наташка.
Славік цяжка дыхаў, калаціўся ад страху, ніяк не мог апамятацца.
— У цябе баліць што-небудзь?
— Не, — круціў галавою Славік.
— Прыснілася што?
— Чорцік... — прашаптаў Славік. — Ён сябе Карчоўнікам назваў... Сказаў, што па дзядулеву душу прыйшоў...
Слухаючы Славіка, ніхто не звярнуў асаблівай увагі на дзеда — Пятра Пятровіча. А той раптам як стаяў, так і асунуўся, рухнуў на падлогу.
— Вады, дайце вады! — закрычала на ўсю кватэру Ліна.
Язэп з усіх ног кінуўся на кухню, прынёс шклянку вады. Але Пятро Пятровіч не раскрываў зубоў, шклянка білася аб іх, трымцела.
— «Хуткую дапамогу», доктара паклічце! — камандавала Ліна.
Язэп пабег да тэлефона, выклікаў «хуткую дапамогу».
«Хуткая дапамога» прыехала надзіва хутка. Можа, здагадаліся, ведалі, хто выклікае. Цэлая брыгада людзей у белых халатах мо з гадзіну важдалася ля Пятра Пятровіча — слухалі біццё сэрца, мералі ціск, лічылі пульс, спрабавалі гаварыць з хворым. Аднак ён не падаваў асаблівых надзей. Хіба што дыхаў, скрыпеў зубамі ды хроп...
Узваліўшы Пятра Пятровіча на насілкі, дактары вынеслі яго з кватэры, пагрузілі ў машыну, павезлі ў бальніцу. З імі, не хочучы пакідаць мужа аднаго, паехала і Ліна...
Змаганне за жыццё Пятра Пятровіча вялося некалькі сутак. Ён то расплюшчваў вочы, быццам прыходзячы ў свядомасць, то зноў пагружаўся ў цемру. Іншы раз махаў рукамі, варушыў губамі, спрабаваў нешта вымавіць, сказаць. Неяк ён нават прашаптаў: «Няхай лепш немец мяне заб'е... А душу... Не прадам, не аддам!..»
Ліна, якая не адыходзіла ад хворага ні на хвіліну, заплакала.
— Ён трызніць... Трэба ж, каб так падзейнічаў на яго Славікаў сон...
Але не, не сон падзейнічаў на Пятра Пятровіча. Падзейнічалі тыя словы, што сказаў Славік пра чорта, Карчоўніка. Успомніў, у адзін міг успомніў, быццам маланка апаліла Пятра Пятровіча, калі пачуў, што саснілася, прыблюзнілася Славіку, — як наяве ўбачыў тыя, залітыя вадою, выгары, дзе некалі, адстаўшы ад вяскоўцаў і маці, хаваўся ад карнікаў, немца, што ішоў, набліжаўся, старадрэвіну і таго чорта — Карчоўніка, што вылез з-пад вываратня, пачаў прасіць прадаць душу... Толькі цяпер, гэты раз, чорт ужо не ўгаворваў яго прадаць душу, а патрабаваў аддаць. Калі ж ён, Пятро Пятровіч, пачаў супраціўляцца, не згаджацца, Карчоўнік, смеючыся, быццам радуючыся, што нарэшце дачакаўся свайго, накінуўся на яго, пачаў зубамі, лапамі раздзіраць грудзі, імкнучыся дастаць сэрца. Ён, Пятро Пятровіч, абараняўся як мог — біў чорта рукамі, спрабаваў схапіць за горла, задушыць. Але чорт быў вёрткі, выкручваўся. І зноў, зноў, счакаўшы некаторы час, накідваўся, нападаў. І гігікаў, смяяўся, кпіў:
— А што ж ты хацеў? Прадаць душу і — не аддаць? Э-э не, брат! Плаці! За ўсё, усё плаці, што я рабіў! І дзякуй, дзякуй скажы — жыў ты, як рэдка хто, усяго хапала, ні ў чым не меў патрэбы... І хочаш, каб гэта было дарма? Не-е, не-е!
Чорт мяняў сваё аблічча, з маленькага, худзенькага, кволенькага рабіўся раптам быццам арангутанг — з амаль метровымі лапішчамі, вострымі зубамі — ікламі, шалёнымі, злымі вачыма. І калі, гырчучы, пырскаючы слінаю, кідаўся, наступаў на Пятра Пятровіча, у чорта падымалася, уставала дыбка на галаве і на хібе шэрсць.
Пятро Пятровіч ніколі не пасаваў перад цяжкасцямі, не здаваўся, не адступаў. Жыццё прывучыла яго да поспехаў, перамог. І адступаць, пасаваць перад нейкім чортам, здацца... Не-е! Ён сціскаў кулакі, напружваў усе свае сілы і кідаўся на свайго ворага, браў загрудкі, трос, калаціў, а то і, злаўчыўшыся, хапаў за шыю, душыў...
Але сілы былі няроўныя. Чорт хутчэй пацяшаўся з Пятра Пятровіча, чым абараняўся. Бо быў ён не толькі вёрткі, мяняў аблічча, але і хітры. Ён то даваў сябе пабіць, то раптам знікаў, дзе і дзяваўся, быццам раствараўся ў паветры, то зноў гігікаў, ашчэрваў зубы-іклы, смяяўся, рагатаў... І Пятро Пятровіч, урэшце, зразумеў, што яму не саўладаць з чортам, што рана ці позна той яго пераможа. І здаўся — закрычаў у адчаі:
— Ну бяры, бяры маю душу, толькі не муч, не муч мяне больш!
І ў тую ж хвіліну адкінуў галаву, заціх...
Пахавалі Пятра Пятровіча Каравая на трэці дзень. А ўжо на чацвёрты згарэла яго дача і разам з ёю — гараж, машына. Не перанёсшы гора, што так нечакана, раптоўна звалілася на сям'ю, злегла ў бальніцу, а потым неўзабаве памерла і Ліна. А там і пайшлі адно за адным іншыя непрыемнасці, няшчасці — выявілася, што адкрыцці, якія рабіў у матэматыцы Пятро Пятровіч, не былі адкрыццямі, іх да яго зрабілі іншыя вучоныя, але пра гэта мала хто ведаў, ды пры жыцці Пятра Пятровіча і баяліся гаварыць. Як вучоны Пятро Пятровіч Каравай быў развенчаны, і слава як лёгка прыйшла да яго, гэтак жа лёгка і пайшла. Наташка трапіла разам з мужам і Славікам у аўтамабільную катастрофу, ды так, што ніхто з іх не астаўся жывы — усе як адзін загінулі... Словам, ад сям'і, якой зайздросцілі, асталіся толькі ўспаміны...
І вінаваты ва ўсім... Было б, вядома, наіўна, нават смешна сцвярджаць, што чорт, хоць, аднак, і яго, рагатага, хвастатага, з рахунку таксама не заўсёды, мусіць, трэба скідваць, а тым больш забываць, што ён ёсць, часта блытаецца пад нагамі, а то і шкодзіць, не дае зрабіць так, як мяркуеш, хочаш...
Барыс Сачанка. Тыя
Чаму раптам захацелася мне расказаць пра гэта? І сама не ведаю. Толькі... Рупіць і рупіць. Адчуванне такое, быццам падганяе хто, пад локаць штурхае, на вуха шэпча: «Ну, не марудзь, пішы...»
І я, не ў змозе супраціўляцца, пішу...
...Тады, у той вечар, я сядзела ў парку пад старымі таполямі ля вадаспада, слухала шум вады, глядзела на зоры, што высыпалі густа, як ніколі, і думала пра тое, што займала ў апошнія дні мяне больш і больш, — пра неапазнаныя лятучыя аб'екты, што з'яўляюцца то тут, то там у небе, пра сляды, што пакінулі ў самых нечаканых месцах на Зямлі іншапланецяне... І не заўважыла, як падышоў да мяне незнаёмы чалавек — прыкладна маіх год, у меру рослы, у меру плячысты, з спакойнымі разумнымі вачыма, мужным хударлявым тварам і сцятымі, вельмі ж валявымі губамі — якраз такі, якія мне падабаюцца, якога быццам стварыла маё ўяўленне, калі я марыла, каго б магла пакахаць і за каго выйсці замуж, — і спытаў, ці можна яму прысесці, таксама паслухаць шум вадаспада. Я, ні слова не кажучы, моўчкі пасунулася на край, дала яму месца.
— Аднак вы смелая, — сказаў незнаёмец. — У такі позні час адна ў парку...